Левы рэйс
Шрифт:
Загадчык аддзела карэспандэнцкай сеткі сказаў Корзуну, што Рамейка павінен быў праверыць ананімнае пісьмо. Корзун, вядома, пацікавіўся: пра што і адкуль яно было? І вось тут узнікла першая закавыка. У рэдакцыі не змаглі назваць ні адраса, ні дакладнага зместу. «Вы што, не рэгіструеце пісьмаў?» — здзівіўся Корзун. «Абавязкова, — адказаў загадчык аддзела, — нават, пасылаючы на рэагаванне, робім копію». — «Але ж, падобна, не заўсёды», — упікнуў Корзун. «Так атрымалася, — напэўна, на тым канцы проваду супрацоўнік рэдакцыі, каб словы гучалі больш пераканаўча, развёў нават рукамі, бо ў размове ўзнікла паўза і пачуліся староннія галасы. Тым не менш удакладніў: — Пошту толькі прынеслі, а Рамейка спяшаўся на самалёт. Сігнал
Сапраўды, прадбачыць, што журналіст загіне, было цяжка. А што прычынай гібелі можа стаць пісьмо — і зусім неверагодна. Гэтага Корзун і зараз не дапускаў. Не той час, каб забівалі карэспандэнтаў. І пры ўсім тым, узнікшы, пісьмо давала повад для яшчэ адной версіі, патрабавала праверкі: а раптам?
Старонняму чалавеку можа здацца, што супрацоўнікі міліцыі свае рабочыя версіі складаюць па натхненню, кіруючыся інтуіцыяй. Мажліва, ёсць і такія выпадкі, асабліва калі, апроч меркаванняў і дапушчэнняў, больш нічога няма. Корзун, аднак, пачынаючы справу, на інтуіцыю не спадзяваўся. Спачатку — факты. А вось пасля ўжо, набраўшы гэтых самых фактаў, можна і клікаць на дапамогу інтуіцыю, каб выбраць найбольш верагодны напрамак у працы. Праўда, здаралася, і тады інтуіцыя падводзіла. Бо яна, як кажуць, дапамагае толькі тым, хто мае вопыт. У Корзуна яго малавата. Значыць, тым больш прыдзірліва мусіць працаваць ён з фактамі. І без плана, які дапаможа распрацоўваць адну ці, можа, некалькі версій, ехаць у Яснагорск — марнатраўства.
Пасля званка ў рэдакцыю Корзун адразу зайшоў да Юркаўца і папрасіў дазволу затрымацца.
— Нарэшце хоць нешта бліснула, — згадзіўся з ім начальнік аддзела. — Памаракуй, як будзеш дзейнічаць. Заўтра даложыш.
Маёр Юркавец мог загадаць больш канкрэтна, напрыклад: зайдзі з раніцы… Але ён стараўся не загружаць сваіх супрацоўнікаў даручэннямі ў нерабочы час, калі пільнай патрэбы не было. Сказаўшы «заўтра», ён даваў Корзуну расцягнуты тэрмін, ведаючы, што чалавек, маючы час, усё роўна будзе думаць над справай, а не маючы — ёсць жа і асабістае жыццё, — падумае на працы. Ды і псіхалагічная разрадка інспектару таксама патрэбна, ён не вылічальная машына, а звычайны чалавек, здольны стамляцца, цікавіцца музыкай, літаратурай, хадзіць на спатканні ці памагаць жонцы.
Сустрэча з Марыяй Апылінскай і асабліва яе яўнае нежаданне пабачыцца з ім пазней выбілі Корзуна на час з прывычнага роўнага настрою. Пасля спектакля ён доўга блукаў па глухіх, як вясковыя, вуліцах, ні аб чым канкрэтна не думаючы, а проста стараючыся забыць на ўсе свае клопаты і няўдачы. Урэшце маладосць сваё ўзяла. Вярнуўшыся, ён хутка заснуў, і каб не гаспадар, напэўна, спаў бы аж да васьмі гадзін. А так прыйшлося ўставаць — не любіў качацца на ложку.
Корзун прынёс гаспадыні вады з калонкі, потым замест зарадкі накалоў дроў. Бадзёры, пасвяжэлы, сеў за пісьмовы стол.
Вакол цішыня, паўзмрок. Маленькая лямпачка з-пад крэмавага абажура высветлівала на стале невялікі яркі кружок. Якраз для ліста паперы. Корзун узяў ручку і задумаўся. Сапраўды, пісьмо надавала яго паездцы нейкую пэўнасць. А калі так, то варта праверыць усё, што магло мець да яго дачыненне. Перш-наперш трэба зайсці ў райком партыі. Карэспандэнты, прыязджаючы ў раён, часцей за ўсё трымаюць сувязь з райкомам. Ну, а калі не з райкомам, то з райвыканкомам, сельгасупраўленнем. Так растлумачылі Корзуну ў Рамейкавай рэдакцыі. Але гэта ўжо дэталі. Значыць, адрас, куды ён накіраваўся, — на прадпрыемства ці ў калгас, табе, інспектар Корзун, падкажуць. Нават калі Рамейка на гэты раз, зыходзячы з сваёй мэты, ні да кога не звяртаўся, а дзейнічаў самастойна. Тут ужо дапамогуць калегі з райаддзела. Мажліва нават, ці ў іх, ці ў камітэце народнага кантролю таксама былі сігналы пра махінацыі, якімі зацікавіўся карэспандэнт. Бывае ж так, што людзі
Корзун запісаў гэтыя свае меркаванні, перачытаў і ўсміхнуўся. Як усё гладка. Можна не ехаць — дастаткова пазваніць, і гатова. А раптам сігналаў не было? І тады, нават даведаўшыся, дзе пабываў журналіст, ты ўсё роўна рызыкуеш застацца з носам. Бо не вядомы ні махінатары, ні хаця б сутнасць махінацый. Не будзеш жа комплексную рэвізію арганізоўваць па прынцыпу: ідзі туды, не ведаю куды, знайдзі таго, не ведаю каго.
Некалі падпалкоўнік Шарай гаварыў Корзуну: чым болей у цябе сумненняў, тым лепей. Калі зыходзіць з гэтага, то план атрымліваецца проста выдатны: бяры і выконвай, а астатняе само прыкладзецца.
Паіранізаваўшы з сябе, Корзун падумаў, што варта пагаварыць з касірамі і білетнымі кантралёрамі на яснагорскай аўтастанцыі. Рамейкаў спадарожнік, як сцвярджаў вадзіцель аўтобуса, быў з мясцовых, мажліва, яны запомнілі яго. Неабходна не толькі знайсці гэтага спадарожніка, а і паспрабаваць высветліць, якая кошка паміж імі прабегла. Але і гэты пункт быў хліпкі, кошка магла шафёру проста паказацца.
Напісаў Корзун нямала, аднак захаплення ад сваіх прыдумак не адчуў. І маёр Юркавец, прачытаўшы план, пасядзеў хвіліну-другую, гладзячы левай пяцярнёй лоб, потым пасунуў лісткі Корзуну.
— Можна выконваць? — яго збянтэжыла, што Юркавец нічога не параіў. Гэта было не ў стылі начальніка аддзела.
— План не догма, — адказаў Юркавец, — чуў такі выраз? — і кіўнуў галавой як развітваючыся.
Корзун выйшаў у роздуме: што ўсё-такі не спадабалася начальніку аддзела?
Гэта ён зразумеў толькі ў Яснагорску.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі сказаў яму:
— Рамейка пабываў у калгасе «Зялёны Бор» і саўгасе «Ляды». Перад паездкай пытаўся, ці добрыя гаспадаркі. Што я мог адказаць? У «Зялёным Бары» раённы семінар жывёлаводаў праводзілі, свінагадоўля там, глядзі, на першае месца ў вобласці пацягне. «Ляды» — слабейшыя, новаму дырэктару бедная спадчына дасталася. Нішто, ён чалавек дзейны, адукаваны — выдужае.
Начальнік упраўлення гаварыў павольна, стараючыся паўней успомніць колішнюю размову з карэспандэнтам.
— І адну гаспадарку, і другую можна паказваць з станоўчага боку. Я так і параіў. Нам хочацца падтрымаць іх, асабліва «Ляды». Добрае слова ў газеце заўсёды акрыляе. Рамейка, аднак, нічога не адказаў на гэта і папрасіў памагчы з транспартам. Якая ў яго была задума, я не ўдакладняў — у кожнага сваё начальства. Прапанаваў быў, як звычайна, праважатага, спецыяліста. Адмовіўся, сказаў, што заданне простае, не варта адрываць людзей…
— Падобна, у яго быў сігнал пра нейкія махінацыі,— Корзун быў здзіўлены, што Рамейка не падзяліўся з ім, чаго прыехаў.
— Вось як! — начальнік упраўлення нахмурыўся. — Напэўна, пабаяўся, каб мы не апярэдзілі, не падмаскіравалі. Ёсць яшчэ, на жаль, такія журналісты. Быццам мы не адну справу робім.
Увогуле, гэта так, справа сапраўды агульная. Але Корзун ведаў і другое: правілы валодаюць прыкрай здольнасцю мець выключэнні. Інакш, напэўна, і міліцыя не была б патрэбная. У даным жа выпадку гутарка магла ісці пра гонар мундзіра. Раптам пісьмо замахвалася на славутую ў раёне гаспадарку? Такія рэчы далёка не ўсе ўспрымаюць са здавальненнем. А магло быць і другое — Рамейка не вельмі давяраў ананімцы. Гэта Корзун таксама разумеў. У яго самога ад пісьма, падпісанага: «група калгаснікаў» ці чым-небудзь падобным, міжволі ўскіпала злосць. Бо якіх толькі памыяў часцей за ўсё не выліваў такі добразычлівец пад выглядам праўды. Аднак, на жаль, здаралася, што і ананімка не была хлуснёй. Ведаў гэта Корзун, ведаў, напэўна, і Рамейка, таму і ўзяўся правяраць сігнал. І да пары да часу рашыў не паказваць яго нікому.