Левы рэйс
Шрифт:
— Аўтобус хутка?
— Зараз, — яна пакорпалася ў сумачцы, шукаючы білет. — Дзе ж ен? Ага, вось… Яшчэ з гадзіну маю.
— Шкада, што не ў адным кірунку едзем. А то і ў Даманах памог бы.
— Там будуць чакаць, — Марыя з сумненнем паглядзела на пузатыя сумкі, што красаваліся побач са сталом. — Падарункаў дзяўчатам набрала. Як яны там без мяне?
Марыя сказала гэта задуменна, і Корзуну раптам убачылася тая самая загадчыца фермы — простая, заклапочаная, працавітая. А на сэрцы палягчэла. Падумалася, што, урэшце, памадай карыстацца яна навучыцца, справа, відаць, не ў гэтым. Бо ў галоўным — у адносінах да працы — Марыя засталася ранейшай. Ён разумеў, што
— Крануліся?
Па дарозе дзяўчына толькі адзін раз успомніла пра Абабурку. Калі Корзун спытаў, ці застанецца яна цяпер, атрымаўшы дыплом, на сваёй ферме.
— Старшыня прапаноўваў пайсці заатэхнікам-селекцыянерам, — адказала Марыя. — Пасада важная, жывёла ў калгасе ледзь не напалову беспародная. А Міхаіл Карпавіч не раіць.
— Чаму так?
— Яго зразумееш? Баламут! — Апошняе слова дзяўчына прамовіла сярдзіта.
— Проста жартаўнік, — Корзуну падумалася, што яна не можа дараваць Абабурку, які не прыйшоў на выпускны вечар.
— Гэта праўда, — нечакана спакойна пагадзілася дзяўчына. — Выдумшчык. Каб не Фёдар Сяргеевіч, ён бы немаведама што выкінуў бы. Дзіўны ён нейкі.
— Хто?
— Ды гэты дзядзька. Сядзіць, маўчыць, а часам як зыркне на Міхаіла, той і аціхне.
— Стары…
— Усё роўна непрыемны. Ён і пра вас сказаў Міхаілу: што гэта опер да нас прычапіўся? — Марыя страсянула галавой. — Ды ну яго. Не цяжка?
Сумкі былі напакаваны, як для сябе. Але Корзуну яны падаліся пушынкамі. Ён пазнаваў дзяўчыну і не пазнаваў. Аказваецца, яна ўмела назіраць, ацэньваць людзей, і Абабурка ёй не затлуміў галавы…
Яны прыйшлі на станцыю. Корзунаў аўтобус адпраўляўся раней, і цяпер Алесь шкадаваў, навошта загадзя набываў білет. Ён паставіў сумкі ля пасадачнай пляцоўкі, адкуль адыходзіў даманаўскі аўтобус, і ў гэты момант дыспетчар праз радыёдынамік аб'явіла:
«Грамадзяне пасажыры, на пятай платформе пачынаецца пасадка на Лясное».
— От, нягоднік, — пагразіў Корзун пальцам рэпрадуктару, што вісеў на слупе над іх галовамі,— і пагаварыць не дае. Адна надзея, што вы паступіце ў аспірантуру.
— Чаму? — здзівілася Марыя.
— Прыедзеце на сесію, і мы зноў сустрэнемся… Ля тэатра…
— А я культпаход арганізую! — засмяялася дзяўчына. — Усёй фермай прыедзем.
— То я не буду знаць калі,— Корзун сказаў гэта сур'ёзна.
Марыя на імгненне задумалася, потым хітра бліснула вачамі:
— Мы з сабой участковага Савачкіна возьмем. Спадзяюся, вы захочаце з ім пабачыцца?..
XIV
За тыя тры гадзіны, пакуль Корзун ехаў у аўтобусе, дзень паяснеў, пасвятлеў. І хаця сонца яшчэ грэла слаба — белы снег па-ранейшаму іскрыўся на цёмнай шашы, — бледна-блакітнае з залацінкай неба ўжо радасна абяцала, што вясна недзе блізка, на падыходзе.
Вуліцы Ляснога адразу ажылі — пабольшала людзей, запаволіўся іх крок. Вірлівы натоўп заўсёды вабіў Корзуна. Напэўна, таму, што сярод людзей, нават занятых нечым сваім, ён не адчуваў так востра сваёй адзіноты. Пазіраючы на вясёлыя, узбуджаныя твары прахожых, на хвіліну-другую забываў уласныя нягоды. Яму і зараз захацелася прайсціся, не спяшаючыся, па гэтым раптам пацяснелым шырокім тратуары, пастаяць дзе-небудзь на рагу, ловячы дзявочы смех, кароценькія рэплікі, выпадковыя словы, і зусім не думаць пра нагоду, якая трэці раз за апошнія дні прыводзіць яго сюды. Але не выпадала: чакаў, папярэджаны тэлефонным званком, пракурор Пратасеня.
Шчыра
У пракурораў кабінет Корзун зайшоў, хаваючы насцярожанасць. Жадаў шчырасці, узаемнасці і баяўся непрыязнасці.
Пратасеня быў невясёлы. Корзуна сустрэў, стоячы пасярод пакоя. Напэўна, чакаючы, не адзін раз памераў, колькі крокаў ад дзвярэй да процілеглай сценкі. Павітаўся стрымана.
— Заходзь, заходзь, — пачакаў, пакуль Корзун распранецца, і павёў яго да мяккага глыбокага крэсла з падлакотнікамі, сеў сам насупраць. — Размова ў нас не кароткая. — Гаварыў ён такім тонам, што Корзун не разумеў, ці то будзе ў іх нарада, ці вывалачка яму аднаму за настырнасць. Бо гэта праз яго, Корзуна, у справе, якая, здавалася, завяршаецца, раптам узнік лішні Абабурка і цяпер можа пабурыць так моцна закляпаную канструкцыю.
На ўсякі выпадак, шкадуючы сімпатычнага яму чалавека, Корзун сказаў, чырванеючы, аднак:
— Даруйце, Аркадзь Міхайлавіч…
— Ты пра што? — ускінуў галаву Пратасеня. — Не крыві душой, так мне старому дурню і трэба, заслужыў!
У Корзуна адлягло на сэрцы.
— Вучыся хаваць пачуцці,— усміхнуўся пракурор, — спатрэбіцца. — Зноў усміхнуўся: — Добра, што хоць такую параду магу даць…
— То я ж не на допыце, Аркадзь Міхайлавіч, — Корзуну не спадабалася парада. Успомнілася свая універсітэцкая практыка. Тады папаў ён у райаддзел, у якім усе супрацоўнікі — ад начальніка да юнага інспектара — хадзілі строгія, з застылымі тварамі і халоднымі цяжкімі позіркамі. Корзуну здавалася, што нават і на яго, практыканта, паглядалі як на патэнцыяльнага крымінальніка. Напэўна, на ўсё жыццё далася ў знакі яму першая практыка, пасля якой ледзь не расчараваўся ў выбранай прафесіі. Таму зараз, успомніўшы тую практыку, загарачыўся і дадаў: — Але і на допыт неабавязкова надзяваць маску.
— Гэта у вас, маладых, цяпер псіхалогія, абыходлівасць, душэўныя кантакты з падследным, — Пратасеня быў сцішаны, сумны. — А ў наш час мы ведалі адно: не ў лялькі гуляем. — Ён памаўчаў, паўздыхаў, пакруціўся ў крэсле, нібы хацеў яшчэ глыбей уціснуцца. — Не думай, не лекцыю чытаю і не спавядаюся, просячы адпушчэння грахоў. Проста засмуціў ты мяне, прымусіў адчуць старасць. Вось і бурчу, як дзед. — Ён пацёр пальцамі патыліцу. — Ну, давай вернемся ў сягонняшні дзень. Аднак адразу расставім кропкі над «і». З Абабуркам, прызнаю, прашляпіў. Хаця, як бачыш, твой Абабурка калі і вінаваты ў смерці Рамейкі, то толькі таму, што спазніўся на сустрэчу. Што датычыць непасрэдна гібелі карэспандэнта, то тут я стаю на сваім. Пакуль не давядзеш адваротнае. Прымаеш такую зыходную пазіцыю?