Лясная гісторыя
Шрифт:
Дзе яна была, слава былая, былая ўсемагутнасць ласінага племя?
І мы слухалі і спачувалі яму, але што мы маглі зрабіць. Тады ў Багушэўскіх лясах, як амаль паўсюль на Беларусі, лютавалі браканьеры.
– Цягні, хлопцы, сячы, хлопцы, страляй, хлопцы. Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар.
І пад гэты акампанемент падалі дрэвы, якія маглі б радаваць вока праўнукам, як радавалі – прадзедам, перасыхалі слабенькія лясныя крынічкі і маладым ялінкам абпальвала слабыя, дзіцячыя рукі сонечнае святло. Яны гінулі за бацькамі. І пад гэты акампанемент браканьер
Даўно знік у нашых лясах добры бабровы народ, рэдкім стаў гарнастай, мядзведзі залезлі ў сваю апошнюю цытадэль – лясы ў вярхоўях Бярозы. Хутка і там іх здрадніцкі выдалі ў рукі ворагу. І стрэлы гучэлі і гучэлі. І за кожную жывую шкурку звярынага дзіцяці некалькі пакамечаных рублёў пераходзіла з адных брудных рук у другія. Наш народ не насіў гэтых футраў. Іх падпольна, таемнай і подлай дарогай нажывы прадавалі тым, хто запускаў руку ў дзяржаўную кішэнь.
Божа, як мы ненавідзелі іх, гэтых сыраядцаў! Мы былі цвёрда ўпэўнены, што за гэта, як за чалавеказабойства, павінна быць адзіная кара – кара смерцю. У другіх краінах ёсць акіяны, ёсць высокія горы, ёсць уцёсы, якія робяць душу жыхароў гордай, вольналюбівай і прыгожай. А ў нас ёсць толькі раўніны і лясы, сябры нашы ў бядоце і радасці. Што будзе краіна наша, што будзе душа наша без лясоў, а значыцца, і без высакароднага, прыгожага, безабароннага, вышэйшым сумленнем жыцця адданага ў нашы рукі звяр’я?
Сябры мае, у той вечар мы яшчэ раз атрымалі горкі доказ таго, што прагнасць нічога не шкадуе. Крычаў лось, скардзіўся на самоту пад вялізным месяцам. І раптам цішыню прарэзаў далёкі-далёкі стрэл. І адразу стала цішыня, такая цішыня, як быццам памёрла нешта вельмі важлівае на зямлі.
Памёрла сумленне.
Мы ведалі ўжо на другі дзень, хто забіў старога лася. Гэта, вядома ж, быў той самы Пашка Ермалюга, што неяк выхваляўся забойствам дваццаці ласёў.
Гэта быў дрэнны чалавек, гнілы чалавечак, як кожны браканьер. Кожны, напэўна, згадзіцца са мною, што браканьер абавязкова здрадзіць на фронце, прадасць сяброў-партызан, будзе гандляваць уласнай жонкай – для яго няма святога.
Але Пашка нават і сярод браканьераў вызначаўся нейкай сапраўды нялюдскай жорсткасцю. Ён забіваў цельных коз, гэтага дастаткова.
Аднойчы я сам бачыў, як ён прынёс у торбе ваўчыны вывыдак і выкінуў ваўчанят на траву. Справа ёсць справа, мы не бабы. Кожны мужчына разумее, што ёсць толькі два ворагі навек і да смерці: воўк і рысь. І кожны мужчына заб’е ваўка, нават яшчэ сляпога і слабага.
Але адвечны гонар мужчыны ў тым, каб забіваць нават ваўкоў без лішніх пакут. Яны ворагі, але без злоснага намеру. Проста так загадала маці-прырода. Таму – забі, але не здзекуйся. Ты – чалавек.
А Пашка ўзяў у хаце чайнік і метадычна, павольна абварыў задок кожнаму ваўчаняці струменем крутога кіпятку. Ваўчаняты папісквалі, не ведаючы, скуль узялася такая бяда.
У гэтую хвіліну я вельмі шкадаваў, што ў нас мала ваўкоў і што
Пашка жыў на ўскраіне сяла з маці, якая толькі што не вылізвала яго ўласным языком. Яму было дваццаць шэсць, больш як усім нам. Ён добра зарабляў, але хата была занядбаная, і сам ён большую частку дня хадзіў ледзь не ў лахманах. Затое на гулянкі апранаўся так, як ніхто ў вёсцы. Са школы выгналі за празмернае захапленне паляўнічымі справамі, дзякуючы чаму сядзеў чатыры гады ў пятым класе. Не вытрымала сэрца нават у самых заядлых паборнікаў усеагульнага навучання. І тут пачалася адысея Ермалюгі.
Ён быў добрым паляўнічым, у гэтым яму не адмаўлялі нават мы. Але гэтым ён быў і страшны. З д’ябальскай падступнасцю, хітрасцю, розумам ён пачаў праследаваць жыхароў пушчы. Ён страляў, ставіў пасткі, атручваў. Не грэбаваў нічым. Пасля знаёмства з ім я цвёрда пераканаўся, што ўсё ж ёсць людзі дрэнныя ледзь не з пялёнак. Ён рос сярод нас, спяваў тыя самыя песні, вучыўся па тых самых падручніках, што і мы. Напэўна, ён быў усё ж псіхічнахворы чалавек. Хто з нармальных, пачуўшы, што ў наваколлі з’явіўся аднекуль лось, паставіць перад сабою мэту неадменна, адразу ж знішчыць яго? А гэты ставіў.
– Я яго расцягну. Ужо я яго падвешу на прыруб, гадаўца.
І сапраўды, падвешваў і расцягваў і выбіў усіх ласёў.
Ён быў надзіва хітры і так умеў разабраць тушу звера і сплавіць яе нейкім гарадскім знаёмым, што яго проста немагчыма было спаймаць. Ды і хто б стаў лавіць?
Пашка быў гатовы на ўсё, рэдкія нашы палясоўшчыкі баяліся яго. Слабасць аховы, блытаніна з лясамі, распаўсюджанае лясное драпежніцтва рабілі тое, што ён адчуваў сябе каралём.
Дваццаць ласёў! Каб яму дваццаць куль у жывот!
Месяцы за два да гэтых падзей раптам амаль ва ўсіх мужыках вёскі загаварыла сумленне, праўдзівей кажучы, звычайны гаспадарскі інстынкт. Зямля ў нас бедная, ад чыгункі далёка. Паступова дадумаліся, што пры такой лясной гаспадарцы хутка давядзецца замест мяса і рыбы смактаць уласныя лапы. Таму стварылі групу з трох паляўнічых, што павінны былі дапамагаць палясоўшчыкам. Гэта дало пакуль што мала выгады. Частка браканьераў пакінула свае справы, але быў яшчэ Пашка. Ён толькі пасмейваўся:
– Вось добра. Здалі ўсё паляванне мне на водкуп. Ну, я ўжо папрацую. За пяцёх.
І ўсе ведалі, што гэты можа і ў спіну стрэльнуць.
Мы пасля выпадку са старым ласём ненавідзелі Пашку ўсёй душой. Нам здаваўся агідны гэты прыгожанькі твар, паабапал якога, невядома адкуль трапіўшы, сядзелі вушы, самыя дзіўныя вушы, якія мне даводзілася бачыць. Яны былі вялікія, вострыя, амаль без мочак. І ён мог круціць імі, менавіта круціць, а не проста варушыць. Мог круціць адным вухам у адзін бок, а другім – у другі. Калісьці гэта было забаўна, зараз – выклікала агіду. Вушы, як у ваўка.