Людзі й людзі...
Шрифт:
— Пэўне-ж Каліноўскага шаную. Нацыянальны гэрой…
— Кажаце, што шануеце, бо ён нацыянальны гэрой… Ага. І гэта ня гледзячы на тое, што сам, здаецца, быў рыма-каталіком. А ці-ж вам няведама, што ў той час якіх восемдзесят працэнтаў беларускіх сялянаў былі вуніятамі, што Кастусь Каліноўскі называў вуніяцтва "справядлівай верай", а праваслаўе называў "сызмай" і як мог бараніў вуніятаў?
Твар сьвятара пачырванеў. Ён цяпер пазіраў убок, а ня так, як раней, проста ў мае вочы.
— Мне крыху дзіўна, — прадаўжаў я, — слухаць вашыя такія напады на вуніятаў. Ясна, што наш народ шмат калі й шмат кім ды шмат куды заганяўся, у тым ліку, як вы кажаце, і вялікімі ды малымі магнатамі да папы рымскага. Але падумайце, — кажу, — ўладыка, ці гэтыя рэлігійныя гвалты ад вуніятаў пачаліся… Уявіце сабе. Хоць навошта тут
Гутарка на тым і скончылася й нашыя адносіны зьмяніліся. Адно тады поўнасьцю зразумеў я на колькі абмежаваны быў той духоўны пастыр і які неадпаведны чалавек узьлез на чало БАПЦ, калі шмат пазьней даведаўся, што ён ня толькі чытае, але й сам рассылае ведамую таронцкую "памыйніцу", г. зн. "Беларускі Голас", які Сяргей Хмара выдаваў у Тароньце. Падумайце сабе, людцы добрыя: мітрапаліт рассылаў найбольшы сорам, які выдаваўся й пашыраўся між найбольш адсталых палітычна й малапісьменных людзей беларускай эміграцыі!
Магчыма нам, з адлегласьці часу, нехта скажа: чаму-ж вы такога чалавека пусьцілі на такое высокае й адказнае царкоўнае становішча?
Ніхто яго ня пускаў і не падпіхаў, а сам ён напралом лез. Пры адсутнасьці выбару кандыдатаў царкоўнымі ўладамі, бязь дзейных, — хочацца сказаць, зубастых, — ворганаў дысцыпліны, як ты ўтаймуеш нахабнасьць ці нагласьць?
Навет ня ўсім нашым праваслаўным вернікам сяньня ведама, як і што запачаткавала крызіс у БАПЦ дый тое, што мітрапаліт Андрэй падаў усе амэрыканскія й канадыйскія парафіі ў сьвецкія суды таму, што вернікі яму не падпарадкаваліся. Вы сабе адно ўявіце патэнцыял высокага духоўніка, галавы аўтакефальнай царквы, якому не падпарадкаваліся ўсе парафіі ягонае-ж япарафіі!
Але гэта ўжо былі насьледкі ранейшага, якое нарадзілася й прарасло ў галаве Мікалая Войтанкі хутка пасьля сьмерці ягонай маткі Філамены, якая сына стрымлівала. Айцец Аляксандар Яноўскі, што прыехаў зь Беласточчыны й стаўся настаяцелем царквы ў Гайленд Пару, жыў у Мікалая Войтанкі ў хаце. Той браў ад сьвятара па дзесяць даляраў за кватэру ўдзень, каторыя плаціла парафія. За службу ў царкве сьвятар ня меў ніякае ўзнагароды й таму знайшоў сабе працу на хвабрыцы, на начной зьмене. У адлеглую за дзесяць кілямэтраў хвабрыку ня было ніякага даезду. Вось чаму новы сьвятар змушаны быў выбрацца ад Мікалая Войтанкі на кватэру, што была бліжэй працы. Войтанка Мікалай, чалавек злапомны й помсьлівы, пачаў дзеяць. Яму ўдалося "прыгасьціць" у сябе мітрапаліта Андрэя ў 1978 годзе аж… на шэсьць тыдняў, за што парафія Жыровіцкае Божае Маці ў Гайленд Парку заплаціла за кватэру "гасьця" "чалавеку божаму" Мікалаю аж чатырыста дваццаць даляраў, гэта значыць па дзесяць даляраў за кажны дзень. І ня хто іншы, як Мікалай Войтанка, — гэта поўнасьцю правераны факт, — намовіў мітрапаліта Андрэя, каб перавёў айца Аляксандра Яноўскага ў парафію ў Кліўлендзе, а калі той не згадзіўся, — гэтта на помач мітрапаліту прыйшоў ужо ведамы Янка Бруцкі, - выкінуць айца Яноўскага з парафіі й наагул з БАПЦ.
Памятаю, скардзілася мне адна старэйшая Паляшучка: — А Божа мой, ці-ж таму мы ад бальшавіцкай нечысьці ўцякалі, каб тут еты бабнік Бруцкі над намі зьдзекаваўся?
Трапіла на камень каса. Што сталася пазьней, — уключна ізь сьвецкімі судамі, - гэта быў клясычны прыклад самаволі першага ярарха БАПЦ мітрапаліта Андрэя, які, зігнараваўшы правы Сьвятой Праваслаўнай Царквы, уключна із Статутам БАПЦ, які вызначае нутраныя юрыдычныя ходы ў выпадку спорных пытаньняў, пайшоў сьведама на разбурэньне парафіяў свае япархіі толькі таму, каб задаволіць амбіцыі Мікалая Войтанкі, айцоў Янкі Бруцкага й Васіля Кендыша.
Калі-б першы ярарх БАПЦ мітрапаліт Андрэй запраўды дбаў пра Царкву, ды меў крыху клёку
Калі адкінуць усялякую прапагандовую мякіну й зірнуць цьвяроза, дык трэба з усей пэўнасьцю сьцьвердзіць, што чалавек гэты сьведама пайшоў насустрач Хмаравай прапагандзе, Войтанкавай ненасытнай прагавітасьці й Кендышавай ды Бруцкага антыхрысьціянскай хворай амбіцыі. Адвакат Валентын Гарошка, які добра падзарабіў на сьвецкіх судох, ды ягоны брат Расьціслаў, із сваім "Беларускім Часам", што першы пачаў барабаніць пра "літыгацыю ў БАПЦ", мусіць, каб апраўдаць рэдактарава ўяўленае становішча, як вялікага царкоўнага дзеяча, — зыгралі гэтту гнюсную ролю.
Пра архіяпіскапа Мікалая будзе гутарка асобна, але гэтта трэба сказаць, што ён зрабіў правільна, калі задаволіў просьбы парафіяў япархіі мітрапаліта Андрэя і ўзяў іх пад сваю апеку. Калі-б ён гэтага не зрабіў, парафіі тыя перайшлі-б у юрысдыкцыю якой іншай Праваслаўнай Царквы ў Амэрыцы, каб пазбавіцца "апекі" свайго зьдзіцянелага пастыра.
Пра сьмерць мітрапаліта Андрэя я даведаўся позна ў сыботу 21-га травеня, калі затэлефанаваў да аднаго сябры. Памятаю, быў я тады сам у Гутырчыкавай хаце (не, ня зусім сам, бо са мной быў Гутырчыкаў кот і сабака), а Сяргей і ягоная жонка Літвінка гулялі дзесьці на вясельлі, якое наладзіў Мікола Абрамчык для сваей дачкі. І мне сулілі заглянуць на тое вясельле, бо, казалі, "там-жа будзе якая сотня нашых, калі ня больш". Але… Была-б нагода сяго-таго пабачыць, на "Зважай" скубануць. Ды далёкае падарожжа аўтобусам, пасьля аграмадны лівень змучылі па дарозе. А ў гіганьце Ню Ёрку пакуль дабярэшся ў які Бруклін ці Джамэйку, ды назад у Самэрсэт, дух зь цябе вон. Не да вясельля. І памятаю, пачуўшы, што першы ярарх адыйшоў у іншы сьвет тае самае сыботы дзесьці каля першай гадзіны раніцай, значыцца перад першымі петухамі, я падумаў… Але не. Няхай слова мае ў нас вельмі шанаваная й характарам абаяльная спадарыня Орсіха, якая назаўтра, пасьля сьвятое Літургіі ў царкве на Гайленд Парк, сустрэла мяне з такімі славамі:
— Спадар Акула, што-ж вы, Божа мой, што-ж вы нарабілі?
У гэтай жанчыны, што выгадавала выдатную беларускую сям'ю, кпінка па твары бегала.
— Як я, што гэта я нарабіў? — няўцямна, але й вінавата спытаўся я.
— А ці-ж вы ня чулі, што наш мітрапаліт, калі дачуўся, што вы сюды едзеце, дык перапалохаўся вас, ды ўзяў і памёр…
Гэтта быў і нейкі падтэкст, бо пазалетась, калі я паехаў у Лёндан на сьвяткаваньне дзясятых угодкаў бібліятэкі Скарыны, падчас мае прамовы ў перапоўненай людзьмі зале біскуп Часлаў Сіповіч меў разрыў сэрца.
У тую-ж нядзелю, назаўтра пасьля сьмерці першага ярарха БАПЦ, айцец Аляксандар Яноўскі, па загаду архіяпіскапа Мікалая, адслужыў паніхіду. Пасьля яе да мяне падыйшоў добра знаёмы чалавек ды сказаў:
— Спадар Акула, вы чулі зь якім энтузіязмам мы сяньня паніхіду па Андрэю сьпявалі?
Ужо па дарозе назад у Канаду, калі наш аўтобус затрымаўся ў Рачэстэры, непадалёк Бафало, пазваніў я да спадарыні Натальлі Арсеньневай, сказаў пра сьмерць мітрапаліта.
— Пара яму, ужо пара адпачыць, пажыў чалавек… — сказала паэтка.