Шрифт:
Хата на калёсах
Вы не бачылі Міколкавай хаты?
Яна вунь у самым тупіку, дзе канчаюцца станцыённыя лініі, дзе безліч стрэлак, дзе стаяць недалёка прыгожыя семафоры, дзе ў бязмежныя прасторы працягнуліся, пабеглі бліскучыя рэйкі.
Па рэйках тых бягуць цягнікі. Бягуць і днём, і ноччу. І шэраю раніцай. Калі яшчэ сонца не ўзыходзіць. Калі яшчэ Міколка спіць. Калі спяць усе звычайныя людзі, якія ноччу не ў машыністах, не ў кандуктарах, не ў рабочых дэпо, не ў абходчыках пуцявых. А цягнікі бягуць. Зімой і летам, увосень і ўвесну. І чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся
— Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Яго паравоз гудзіць.
— Сам ты паравоз! — дражніць матка Міколку. — Вось спаць не даеш толькі, пасажырскі яшчэ далёка…
Але матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Міколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам і грукатам, пастукваючы на стрэлках, цягнік, як зацішаў ён хаду, а потым і зусім станавіўся на станцыі. Тут зменьваліся паравозы, зменьваліся і машыністы. І заўсёды акуратна, праз якія-небудзь хвілін дзесяць, дахаты з’яўляецца Міколкаў бацька.
— А ты прачнуўся ўжо, кур’ерскі? — гаварыў ён да Міколкі і заўсёды намерваўся ўхапіць яго за нос сваёй чорнай прамазучанай рукой. Міколка хаваўся пад коўдру і, паказваючы адтуль толькі кончык носа, пачынаў чохкаць, як сапраўдны паравоз:
— Чшы… чшы… чшы… чшы-чшы-чшы…
І важна гаварыў потым да бацькі:
— Ага! Не можаш мяне ўзяць… Забуксаваў!
«Забуксаваў» — гэта значыць, што бацька далей не пасунецца ні на крок, ніяк не ўхапіць яму цяпер за Міколкаў нос. Не будзе ж ён бруднымі рукамі за коўдру брацца, павінен ён памыцца як след. І калі бацька зоймецца з умывальнікам, Міколка таропка злазіць з ложка і бяжыць да бацькавай дарожнай скрынкі. Ён спрабуе яе на вагу, а ці ёсць што ў ёй, ці варта ля яе турбавацца.
— Прывёз, татка, што-небудзь? — грозна пытае ён бацьку.
— А што будзе, калі не прывёз? — перапытвае бацька, смяецца.
— Што ж будзе? Нічога не будзе… — гатоў пакрыўдзіцца Міколка.
А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнік, загорнутую ў паперыну шклянку, кавалкі «зайцавага хлеба» — так заве ён дарожныя недаедкі. Дужа ж смачныя гэтыя недаедкі. Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай, толькі пугаўка-нос пабліскваў ад вялікага задавальнення. Есць, і здаецца яму, нібы ён таксама памочнік машыніста, як бацька… Хлеб пахне трохі вугалем, і аддае крыху ад яго і мазутным пахам. Адным словам, не звычайны хлеб, а хлеб, які праехаў на паравозе сотні вёрстаў, падсушыўся, паабіваўся ў скрынцы, прапах. І не дзіва, што як змеле Міколка гарбушку, дык адразу і пайшоў:
— Чшы-чшы-чшы… Чшы-чшы-чшы…
Памчаў паравоз.
Аж падлога дрыжыць ад Міколкавага бегу. Бяда толькі, што не разбяжышся як след: і цесна, і маці ўшчувае:
— Кінь ты дурыкамі займацца — узняўся ні свет ні зара. Яшчэ брата разбудзіш…
Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай
— Вось табе новая цацка!
Міколка гатоў і ў крыўду ўкінуцца: знайшоў бацька цацку! Ды іх, гэтакіх цацак, вунь цэлыя горы каля дэпо!
— А ты прыгледзься вось лепш, тады не будзеш і носа задзіраць…
І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак, нібы выразаў нехта цэлую ветку, і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам.
— Хто маляваў? — пытае Міколка.
— Ніхто… Сама маці-прырода…
— А ты не абманьвай… Яшчэ памочнікам называецца, жарты строіць… — ушчувае Міколка бацьку.
Тады расказвае бацька розныя цікавыя гісторыі пра гэты самы камень. Нібы быў ён тысячы год назад не каменем, а самым звычайным дрэвам, высокім, прыгожым, з гаманлівым лісцем зялёным. І вось найшла навальніца, паваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Іх засыпала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Ляжаць дрэвы пад зямлёй, ляжаць, не гніюць. Год ляжаць, дзесяткі ляжаць, ляжаць сотні і тысячы гадоў. Ляжаць, пакуль не скамянеюць. І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. А часам трапляецца адбітак-адпячатак тагачасных казюрак, жывёлінак. Вось якая гісторыя гэтага малюнка…
Слухае Міколка. Сапраўды ж цікава. Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе. Бацька раскажа і пра мазут, дзе і як яго здабываюць. Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгунныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Багата чаго ведае ён. І нездарма заўсёды здзіўляецца Міколка і кажа ў роздуме:
— Разумны ты, бацька!
Праўда, з гэтым не зусім каб пагаджалася матка. Тая трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас, ды ў які яшчэ голас. Хоць вушы тады затыкай:
— І калі ты ўжо сур’ёзным чалавекам станеш? Другія ж, глядзі, у старшыя машыністы ўжо выбіліся… Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся… А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне… Галава непуцёвая.
На гэта бацька звычайна нічога не адказваў, маўчаў. Альбо важна пытаўся: «Што скажаш яшчэ цікавага?» Альбо запяваў канарэечку:
Канарэй, канарэй-пташачка, Канарээ-е-чка жалабна пяёць.Ну што ты з яго возьмеш тады, з гэтай канарэечкі. Пабурчыць, пабурчыць маці ды сціхамірыцца.
А вагон сапраўды дзіравы. Вагон — хата Міколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымі коламі, са збітымі буферамі. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё. І колькі вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак — жывуць у іх дэпоўцы: токары, слесары, машыністы з качагарамі. І цеснавата ў вагоне. Палову займае бацькаў ложак. Пасярэдзіне невялікая печка. На другой палове месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколкаў старэйшы брат, які ўжо сам зарабляе, ходзіць у змазчыках. Тут жа спіць дзед Астап. Тут жа невялічкі стол, за якім палуднуюць, вячэраюць, на якім маці бялізну качае. Цесна ўсё ж.