Меч князя Вячкі
Шрифт:
Ён на хвіліну змоўк, зірнуў на сваіх памочнікаў — ці разумеюць яго? Разумелі. Слухалі ўважліва. Гэта яшчэ болей натхніла Фердынанда. Узбуджана махаючы рукамі, ён павёў далей сваю гаворку:
— Нам трэба зрабіць меч «Усяслаў». Правільна я называю імя? Дык вось. З той руды, з таго жалеза, якое вы прывезлі аднекуль з балотаў, нельга зрабіць меч «Усяслаў». Можна серп жанчыне скаваць… А меч…
Ваша балотнае жалеза мяккае, слабае. Меч з такога жалеза сагнецца, як саломінка, у першым жа паядынку. За баярскія грыўні на торжышчы ў Полацку я купіў свейскага
Фердынанд з-пад свайго скуранога фартуха раптам выцягнуў пажоўклы, згорнуты ў трубку пергамен.
— Ведаеце, як гартуецца свейскае жалеза? Вось што піша Тэафілус Прэсбрайтэр у сваім трактаце «Схема разнастайных мастацтваў». Тут напісана не вашымі літарамі, я вам буду пераказваць, тлумачыць.
Ён пачаў чытаць, зрэдку адрываючы позірк ад пергамена, каб глянуць на сваіх слухачоў:
— Загартоўка жалеза вядзецца такім жа чынам, як рэжацца шкло і размякчаюцца каменні. Вазьмі трохгадовага чорнага казла і трымай яго пад замком на прывязі трое сутак без корму. На чацвёрты дзень накармі яго папараццю. Пасля таго як ён два дні паесць папараць, змясці яго ў наступную ноч у дзежку з рашэцістым дном. Пад дзежку пастаў сасуд для збору казлінай мачы. Набраўшы за двое альбо трое сутак дастатковую колькасць вадкасці, выпусці казла на волю, а ў гэтай вадкасці гартуй сваё жалеза.
Фердынанд схаваў пергамен, строга глянуў на сваіх памочнікаў.
— Нясіце.
— Каго? Чорнага казла? — здзівіўся Чухома.
— Нясіце сюды амфару з віном, якую я схаваў у кучу вугалю.
Пачалі каваць меч «Усяслаў». Свейскае жалеза і сапраўды было добрае, падатна кавалася, адчувалася ў ім сіла і пругкасць, колер мела шэры з сіняватым адценнем. Чухома аж языком прыцмокваў:
— Мне б у Гарэлую Весь такое.
Фердынанд адразу ж распазнаў у Чухоме самага здольнага і самага ўмелага свайго памочніка. Даваў яму каваць меч, спачатку рэдка, потым часцей.
Меч рабілі доўгі, двухручны, каб дзвюма рукамі мог вой браць яго ў час бою за рукаяць. Лёзы ў клінка з двух бакоў былі вострыя, наточаныя. Крыжавіну і рукаяць абклалі чэрненым срэбрам, і срэбра тое гузавата, няроўна лягло. Не будзе слізгаць рука. Навершша рукаяці ў выглядзе чырвонага яблыка зрабілі, дарагі заморскі камень, што ў паўзмроку вакол сябе праменні рассыпае, усадзілі, утапілі ў гэты яблык. Трохі ніжэй рукаяці на адным баку клінка выяву святога Юрыя выбілі, а з другога боку «Усяслаў» полацкімі літарамі на жалезе напісалі.
Апошні час усё болей Чухома завіхаўся над мячом, і Якаў яму памагаў. Фердынанд жа віно піў, хаваючыся ад баярына. Знікла ў яго ахвота да кавальства, і часцяком казаў ён Чухому:
— Паеду ў Саксонію, вінаробам стану. Праз дзве вясны паеду ў Саксонію. Абрыдла мячы каваць.
Баярын Іван, поўнасцю даверыўшыся Фердынанду, нячаста заходзіў у кузню, дый смурод, гарачыню і дым цяжка трываў. Прыбягалі іншы раз ад баярына хлапчукі надворныя, пыталіся:
— Баярын Іван ведаць жадае: ці хутка
Фердынанд, якога загадзя папярэджвалі, што чакаецца ганец ад баярына, завіхаўся над кавадлам, злавесна прыжмурваў вочы, адказваў:
— А ці хутка дзіця нараджаецца?
Хлапчукі гэтага не ведалі, беглі назад, у баярскія палаты. Але аднойчы сам баярын завітаў у кузню. Быў ён у доўгім, па калена, чырвоным каптане, у руцэ трымаў белую вышываную хустачку — нос ад смуроду затыкаць. Ён асцярожна прыпыніўся на парозе кузні, акідваючы падазроным позіркам Фердынанда, Чухому і Якава. Яны пакланіліся баярыну.
— Прыязджалі мужы-вечнікі з Полацка, — сказаў баярын, — пыталіся наконт мяча.
— Меч гатоў, баярын, — усміхнуўся Фердынанд. — Ляжыць, на халадку астывае, на ранішняй расе. Якаў, прынясі баярыну Івану меч.
Якаў борздзенька выйшаў з кузні, прынёс меч, які перад гэтым паклалі на пясок, на сырую зямлю, каб усю сілу зямную ў сябе ўвабраў. На клінку ззяла раса.
Баярын узяў у рукі цяжкі светлы меч, круціў яго так і гэтак, махнуў ім над галавою, уважліва разглядаў рукаяць і крыжавіну, выяву святога Юрыя, навершша з дарагім заморскім камянём. Здавалася, каб не Фердынанд з памочнікамі, ён паспрабаваў бы, пакаштаваў меч на зуб.
— Добра, — сказаў нарэшце баярын. — Важнецкі меч. Ты, майстар, — звярнуўся ён да Фердынанда, — атрымаеш плату, як мы і дамаўляліся, і акрамя таго — зверх платы. А вы, — пранізаў ён уважлівым позіркам Чухому з Якавам, — вып'еце ў святы дзень вядро мёду. Мне патрэбны людзі па жалезнаму рамяству.
— Дзякуй табе ў ногі, баярын Іван, — пакланіўся Чухома.
— Похвы для мяча ўжо зрабілі ў Полацку, — працягваў баярын. — І яшчэ казалі мужы-вечнікі, каб абавязкова ў рукаяць мяча былі ўкладзены мошчы святой Ефрасінні Полацкай, што ў святой зямлі, у Іерусаліме, памерла.
— Дзе ж мы возьмем гэтыя мошчы? — разгубіўся Фердынанд і паглядзеў на Чухому з Якавам. — Ды каб пакласці іх у рукаяць, трэба выняць адтуль камень.
— Камень трэба выняць, — адразу згадзіўся баярын. — Не заморскімі каменнямі ваююць, а святымі мошчамі. Вынь камень, майстар, і аддай мне яго.
Ён растапырыў пальцы ледзь не перад самым носам у Фердынанда.
— Не адразу, баярын, — адвёў убок ягоную руку Фердынанд. — Цяжка клаўся камень у рукаяць, а даставаць яго будзе яшчэ цяжэй. Два дні нам на гэта.
— Два дні? — зморшчыўся баярын. — Хай будзе па-твойму. Да таго часу і мошчы святой Ефрасінні прывязуць з Кіева, з Пячэрскай лаўры.
Калі баярын пайшоў, Чухома ўсміхнуўся:
— Пашкадаваў камень, стары грыб.
— Сваё дабро трэба шкадаваць, — суха сказаў Фердынанд.
Чухома з Якавам нічога не адказалі яму, толькі пераглянуліся між сабою.
«Як жа ўцячы адсюль? — пакутліва думаў Якаў.— Няўжо ўсё жыццё пройдзе вось у гэтай кузні, паміж гэтых чорных закураных сцен?»
За частаколам баярскай сядзібы заўважыў ён аднойчы парослую ніцым хмызняком пустку. Нейкія самотныя грудкі віднеліся там, нейкія пагорачкі.