Меч князя Вячкі
Шрифт:
З шаўковага мяшэчка Вікберт асцярожна дастаў яшчэ адну гарошынку, праглынуў яе, пачаў чакаць. Праз нейкі час у сэрца павінны былі вярнуцца радасць і бадзёрасць. Яны заўсёды прыходзяць раптоўна, быццам запальваецца ў душы непагасная божая свечка. Вось зараз… Вось зараз…
— Слухайце, нябёсы! — закрычаў ён, ускокваючы на валун, працягваючы ў змрок рукі.— Я — гросмайстар Вікберт!
У гэтыя самыя імгненні Генрых, лежачы ў сваёй палатцы, думаў пра Вікберта. Бог ці д'ябал кіруе ім? У гэтым рыцару адчуваецца сіла, дзікая, неадшліфаваная, разбуральная. Добра, што Вікберт вораг Венна, дужа добра…
Праз тры дні паходу ўбачылі вежы Вендэна. Мечаносцы
Генрых толькі трошкі перадыхнуў з дарогі і адразу ж накіраваўся ў Рыгу. Як ён паспеў даведацца, вялікага магістра Венна не было ў Вендэне — прастудзіўся ў мінулым паходзе і ляжаў, лячыўся ў сваім рыжскім доме.
Надвячоркам разам са сваімі спадарожнікамі пад'ехаў Генрых да Рыгі. Перад самымі гарадскімі варотамі, узняўшы воблака шэрага пылу, яго абагнаў у суправаджэнні двух зброяносцаў Вікберт. Вочы ў рыцара былі сурова прыжмураныя, быццам апякаў, сляпіў іх бязлітасны агонь.
Альберт сустрэў Генрыха, як роднага сына. Абняў, пацалаваў.
— Не з добрай навіной вярнуўся я да цябе, мансіньёр, — пакорліва і журботна схіліў галаву Генрых. — На месцы маёй царквы бялеецца горкі попел. Язычнікі ў сляпым шаленстве спалілі яе.
— Мацуйся, сын мой, — роўным голасам адказаў епіскап. — Мы выб'ем атрутны зуб у д'ябла, выламім яго з вялікай крывёю. Пакуль — адпачывай. І не забывайся пра хроніку Лівоніі.
Зноў Генрых быў у Рызе, жыў у доме епіскапа, амаль цэлыя ночы аддаваў запаветнаму пергамену. Гэта было найвялікшаю асалодаю — сядзець у густой начной цішыні, пісаць і пісаць, забыўшыся пра стому, адчуваючы сваю лучнасць з богам і вечнасцю.
Пасля начной працы храніст спаў амаль да абеду, потым уставаў, маліўся богу і ішоў да кукейноскай князёўны Соф'і, якая разам з манахіняй Эльзай жыла ў невялікім пакойчыку на другім паверсе дома. Тут чакала яго мяккая дзіцячая душа, якую ён з вялікім цярпеннем і стараннем засяваў зярнятамі ісціннай веры. Душа кукейноскай князёўны была тым полем, на якім ён, не шкадуючы сябе, ваяваў з яе бацькам, упартым ворагам рыжскай царквы Вячкам, і спадзяваўся перамагчы ў гэтым паядынку.
Аднойчы, калі Генрых быў у чытальні Альберта і размаўляў з епіскапам, увайшоў нямы Імануіл і знакамі перадаў Альберту нейкую навіну. Яна, было бачна па ўсім, страшэнна ўразіла епіскапа. Не дачакаўшыся, пакуль з чытальні выйдзе слуга, Альберт усхвалявана сказаў Генрыху:
— Вікберт стрымаў слова — толькі што забіў вялікага магістра Венна і свяшчэнніка Іаана. Сякерай адсек ім галовы.
Альберт апусціўся на калені перад распяццем, пачаў маліцца.
— Мансіньёр, дзе зараз рыцар Вікберт? — адчуўшы, як трывожна затрапятала сэрца, спытаўся Генрых. Яму ўспомнілася начная палатка, бледны, перакошаны нянавісцю твар вендэнскага рыцара, калі той успамінаў імя гросмайстара Венна.
— Ён схаваўся ў рыцарскай капэле і праз сваіх людзей просіць у нас дапамогі. Але неўзабаве мечаносцы ўварвуцца ў капэлу, схопяць яго, будуць судзіць і чвартуюць, — адказаў Альберт.
Генрых запытальна паглядзеў на епіскапа.
— Так трэба, сын мой, — вытрымаў ягоны позірк епіскап. — Давай памолімся за душу раба божага Вікберта.
Раздзел пяты
I
Над Кукейносам загаралася вясновая раніца. Той, хто не спаў у гэты час (а не спалі воі-дазорцы на забаролах), бачыў, як паступова
Прачнуўся ў глыбіні лясоў вецер. Ён адразу ж ірвануўся ўвысь, у неба, уздыбіў над зямлёй карычнева-жоўтыя слаістыя хмары, змяшаў іх, збіў у адну кучу. Успыхнула маланка, крэсіва грому чэкнула ў хмарах. Здавалася, вось-вось пральецца адзін з першых вясновых дажджоў, ды ў хмар не хапіла сілы на такую вялікую работу. Толькі некалькі буйных і халодных кропляў сарвалася, зляцела з нябёсаў.
Кропля ўдарыла Халадку, які стаяў на забаролах, па брыве, потым мякка спаўзла на вейку, але ён нават не міргнуў, толькі хітнуў галавою, скінуў кроплю з вейкі. І з яшчэ большай увагаю пачаў углядацца ў тое, што некалькі імгненняў назад насцярожыла яго. Са сваім сцягам Халадок стаяў у трэцяй варце. Апошнім часам князь Вячка толькі яму давяраў такі самы адказны занятак.
Што ж насцярожыла старшага дружынніка? Яму падалося, што ў прагалах між дрэў, якія густа раслі на беразе Дзвіны там, дзе ў яе ўліваецца Кокна, мільганулі нейкія цені. Раніца была яшчэ такая нясмелая, такая цёмная, што ён, пры ягоных вострых вачах, не змог вызначыць, варухнуліся гэта галіны дрэў пад парывам ветру, прабег палахлівы звер ці, можа, прамчаліся ўзброеныя знузнікі ў чорных плашчах.
Халадок, не адрываючы позірку ад світальнага лесу, узняў дзясніцу ў баявой пальчатцы, гэтым рухам падклікаючы да сябе каго-небудзь з дружыннікаў. Падбег светлавалосы Грыкша.
— Што ты бачыш там, дзе над Дзвіною расце крывастволая сасна? — запытаўся ў Грыкшы Халадок.
Дзецкі ўважліва паглядзеў у той бок, аж кончык вільготнага чырвонага языка высунуў з рота, адказаў:
— Нічога. Бачу адзін туман.
— Запалі паходню, — загадаў Халадок. Грыкша, грукаючы ботамі па высланай каменнямі сцежцы, пабег на сваё дазорнае месца, узяў там паходню, выбіў з крэменя іскру, запаліў звітыя ў клубок, аблітыя смалой сухія сасновыя галіны, якія былі насаджаны на доўгі арэхавы кій. Успыхнула яркае полымя, водбліскі ад яго заскакалі на кальчузе ў Халадка, поплеч з якім стаяў, высока трымаючы ў руцэ паходню, Грыкша.
— Мечаносцы! — усклікнуў Грыкша і ад нечаканасці выпусціў з рукі паходню. Яна паляцела з вала, чутно было, як плёхнулася ў роў з вадою. Зноў зрабілася цёмна, яшчэ цямней, чым было. Але ўжо і Халадок заўважыў вялікі атрад конных мечаносцаў, які няспешна выязджаў з лесу, выліваўся на лугавіну, што была якраз насупраць пад'ёмнага моста Кукейноса.
— Рубон! — крыкнуў Халадок і з ляскам выхапіў з похваў меч. І адразу ажыла, затупацела дзесяткамі ног, зазвінела мячамі і коп'ямі світальная імгла. Ярасна забрахалі вартавыя сабакі. Паходні ўспыхнулі наўкол. Грыкша ўдарыў у трывожнае біла.