Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Мёртвым не баліць

Быкаў Васіль

Шрифт:

Дужа пахне маладая ліства таполяў. У завулку на недалёкай будоўлі пыхаюць водблескі электразваркі. Сіне-сцюдзёныя ўсплёскі святла дрыготка трапечуцца ў небе. Аднекуль на плошчу выскоквае машына «хуткай дапамогі» і, імпэтна перасекшы яе асфальтавы прасцяг, знікае на бульвары. Ціхія, стрыманыя адзнакі людскога жыцця поўняць ноч, трэба толькі ўмець заўважаць іх і бачыць.

Аднак пачынае імжыць дождж. Ён з часам гусцее, асфальт патыхае макрэддзю і пылам, мерна сакоча дах на ларку. Мусіць, трэба ісці на вакзал. I я паціху брыду краем плошчы ўздоўж сквера. За жалезнай загараддзю суцэльнае царства ночы, і ў ім прыцішаны лёскат кропель. Зблізку чуцен яшчэ шорхат газетных аркушаў — закаханыя хаваюцца

ад дажджу. Упартае ў сваёй празе да адзіноцтва каханне. Зімой, увесну, улетку. У спёку, ноччу, у дождж — там пары. I гэта — таксама вечна…

На вакзале абвяшчаюць пасадку. У вестыбюлі і па сходнях пачынаюцца сонная таўкатня і гамана. Спяшаюцца цёткі з клункамі. Брыдуць заспаныя дзеці. Звесіўшы з плячэй звязаныя чамаданы, штурхаюцца да выхаду дзядзькі. Год пяці абы-як апранутая дзяўчынка валачэ пузатую напханую шмат чым авоську. Знерваваная маці з клункамі ўсё злосна пакрыквае на яе. Ззаду жанчына на высокіх абцасах і заспаны ў кароткіх штоніках хлопчык. Хлопчык незадаволена трэ вочы, і маці ўлагоджвае яго. У абедзвюх яе руках кардонкі, драўляны аўтамабіль, трохколавы веласіпед і нават два чырвоныя шары. Хлопчык надакучліва ные. А мабыць, равеснік дзяўчынцы. Бравы малады лейтэнант ашчадна вядзе пад руку старэнькую згорбленую бабулю ў плюшавай надзёўцы. Падпалкоўнік у шэрым плашчы валачэ на плячы вялізны ружовы абруч — модны занятак для пастарэлай дзе-небудзь у далёкім лясным гарнізоне жонкі. Мінаючы сустрэчных, я лезу на другі паверх — там цяпер вольныя лаўкі. Някепска было б падрамаць. Да майго цягніка яшчэ шмат часу.

Вольных мясцін, аднак, тут небагата. Ля акна ў самым куце палова незанятай лаўкі, і я з асалодай выцягваю на падлозе ногі. Зрэшты, ногі — не зусім адпаведнае для мяне слова. Спіну падпірае падлакотнік. Не вельмі зручна, але стомленае цела здаволена. Побач клюе носам нейкі хлопец у чорным пінжачку і клятчастай сарочцы. Кепка яго ўжо на паркеце. Хлопцава галава ўсё ніжэй, ніжэй гнецца да калень, і калі, здаецца, дакранецца да іх, хлопец прахопліваецца. Спалоханымі вачыма няўцямна кідае са два позіркі і зноў пачынае драмаць.

Невядома, ці выжыў у гэтай вайне Сахно? Хоць такія людзі, не вельмі пераборлівыя ў сродках, жывучыя. I калі здарылася, што ён застаўся жывы, я ўпэўнены: ён зноў той жа. Усё жыццё ён удасканальваўся ў адным рамястве — прымусе… I на іншае проста няздольны. Я ведаю, сустрэча з ім мне таксама не прынесла б радасці. Ён з пароды Гарбацюкоў, і дзесяць гадоў для іх перавыхавання завельмі малы тэрмін.

Трэба было мець незвычайную па тым часе здольнасць пранікаць у людскія характары, каб западозрыць у Сахно патэнцыяльнага здрадніка. Я, у кожным разе, такім нават не мог яго і сасніць. Здавалася, гэта жалезны ў сваіх пераконаннях фанатык, бязлітасны не толькі да іншых, а і да сябе ў імя той справы, якой ён служыў. Праўда, я і раней лічыў гэтага чалавека нягоднікам, але з прычыны іменна гэтай яго бязлітаснай няўхільнасці, якая мяжуе з жорсткасцю, гіпертрафіраванай службісцкай уедлівасцю. Зрэшты, у той час гэтыя якасці не прынята было лічыць заганнымі.

А на справе, ён заўсёды меў падвойнае дно. Ён не набыў яго ў той адвячорак у трубе або пасля пад уплывам якіх-небудзь асаблівых абставін. Цяпер я разумею: ён такім быў праз усё жыццё. Ён зусім не быў крэменем, якім стараўся здавацца, таму што быў беспрынцыповы і гнуткі. Што ён ні рабіў, ён перш думаў пра сябе — аб сваёй кар’еры і сваёй выгодзе. Астатняе яго не турбавала.

Аднак я ўсё ж прытаміўся. Вочы неўпрыцям заплюшчваюцца, прыцішаная гамана нібы мацнее і нібы засяроджваецца ў галаве. Сну няма, але цела ў нейкім тлумным змярцвенні. Апаноўвае абсалютная нерухомасць. Толькі думкі, вобразы, абрыўкі невыразных фраз рояцца ў галаве.

За вялікім акном

насупраць шуміць імпэтны майскі дождж. Нібы зачараваная яго няўрымслівым шумам, узіраецца ў спатнелую шыбу жанчына. Няйначай — з вёскі. Блішчастыя гумавыя боты. Простая спадніца. Цёмны паношаны жакет. На галаве старанна павязана чорная хусцінка ў чырвоныя кветкі. Невясёлы, засяроджаны на чымсьці ўнутраным, яе твар з сеткай зморшчын на лбе выглядае немаладым і стомленым. Мусіць, яна мне равесніца або трохі маладзейшая і, мабыць, адзінокая. Я не ведаю чаму, але нешта няўлоўнае выдае ў ёй шматгадовую горыч жыцця. Зрэшты, адкуль быць шчасцю? Дзе тыя равеснікі і трохі старэйшыя, з кім прамільгнула кароткая яе маладосць? Цяпер бы ім таксама было год па сорак, калі б праклятая вайна не адмерала многім па дваццаць. Вечна маладыя і нежанатыя, маўкліва спяць яны ў тысячах братніх магіл на шырокім прасторы ад Волгі да Эльбы. I вечная самота тлее ў змарнелых на працы і ў клопатах, дачасна састарэлых вачах іхніх былых сябровак.

Так, можа, недзе і Юркава Ліда. Памятаю, з якой нецярплівасцю ў вучылішчы выхопліваў ён з рук днявальнага яе пісьмы, размаляваныя каляровымі алоўкамі. Колькі ў іх было пяшчоты і адданасці! Гэта было яркае і кароткае каханне, якому я зайздросціў і аб якім марыў усю маладосць. Дзе яна цяпер, яго Лідка?

Жанчына ля акна папраўляе на галаве хустку, захінае жакетку. Ля ног у яе невялічкі руды чамаданчык. Адкуль і куды яна едзе? Які лёс кіруе яе, відаць, невясёлым жыццём? Што яе адасоблівае ад людзей у гэтай зале і кліча ў самотную адзіноту бяссоннае ночы?

Не, я не хачу бачыць Юркаву Ліду такой спрацаванай на мужчынскай рабоце, дачасна змарнелай у адзіноце, з абыякавасцю ў вачах. Я не хачу гэта сабе ўявіць. Адмаўляюся зразумець. I не ў стане пазбыцца ў думках верагоднасці яе менавіта такога лёсу.

Эх, Юрка, Юрка! Ты — самы вялікі мой боль у жыцці. Ты — незагойная мая рана. Іншыя ўсе ўжо даўно пазагойваліся, а ты муляеш, крываточыш і баліш, мабыць, таму, што ты — рана ў сэрцы. Сумленне маё падрэзана тваёй пагібеллю, ад якой я не магу ачуняць дваццаць гадоў.

Так, я вінаваты таксама. Вінаваты перад табой і перад тваёй маці, за якую ты найбольш непакоіўся пры жыцці. Я не забыўся на яе адрас. Але што я мог напісаць ёй? Каюся, я доўга вагаўся і недзе гады праз два пасля вайны паслаў ёй паштоўку з паведамленнем, што ты без вестак прапаў пад Кіраваградам. Гэта была маленькая хітрасць, якая мне памагла зрабіць выбар, каб зрабіць як найлепш. Я ведаў тваю маці з яе пісьмаў да цябе, кожнае з якіх было на чатырох лістах пад нумарамі. Я не забыўся, як непакоілася яна пра цябе, пра тваё жыццё. Але я памятаю таксама, што яна ніколі не прасіла цябе, як іншыя, што б там ні стала зберагчы жыццё. Яна заклікала цябе, калі прыйдзе апошні той час, не забыцца, што ты савецкі афіцэр і камсамолец і зрабіць так, як патрабуе ад цябе твой абавязак. На іншае яна не магла пагадзіцца.

I неўзабаве я атрымаў ад яе адказ. Невялікі ліст, некалькі скупых слоў святой мацярынскай хлусні. Не без гонару пісала яна, што ты па-геройску загінуў у няроўным баі.

Ці мог я пасля гэтага паведаміць ёй усю праўду аб тваёй пагібелі?

Што ж, я вінюся перад табой і каюся. Але мы разумнеем з гадамі, а ваяваць нам давялося зялёнымі хлопцамі. Цяпер бы я не зрабіў так. Я б пастараўся не аддаліцца ад цябе, як гэта здарылася ў той дамоўцы на кіраваградскім пераездзе. Цяпер я разумею, што ў адносінах да цябе, параненага, паставіўся амаль па-здрадніцку. Трэба было мне не адыходзіць ад цябе да канца. Мабыць, я раней зразумеў бы тваю роспач, і яна б не абарвалася тым недарэчным стрэлам, на які падбухторыў цябе Сахно. Але тады я быў не цяперашні і на некалькі гадзін сапраўды занядбаў цябе, адзінокага ў сваёй знямогласці.

Поделиться:
Популярные книги

Лучший из худших-2

Дашко Дмитрий Николаевич
2. Лучший из худших
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Лучший из худших-2

Сами мы не местные

Жукова Юлия Борисовна
2. Замуж с осложнениями
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
9.35
рейтинг книги
Сами мы не местные

Полное собрание сочинений. Том 24

Л.Н. Толстой
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Полное собрание сочинений. Том 24

Тройняшки не по плану. Идеальный генофонд

Лесневская Вероника
Роковые подмены
Любовные романы:
современные любовные романы
6.80
рейтинг книги
Тройняшки не по плану. Идеальный генофонд

70 Рублей

Кожевников Павел
1. 70 Рублей
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
постапокалипсис
6.00
рейтинг книги
70 Рублей

Стратегия обмана. Трилогия

Ванина Антонина
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Стратегия обмана. Трилогия

Игра со Зверем

Алексина Алёна
Фантастика:
фэнтези
6.25
рейтинг книги
Игра со Зверем

Жена на пробу, или Хозяйка проклятого замка

Васина Илана
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Жена на пробу, или Хозяйка проклятого замка

Отражения (Трилогия)

Иванова Вероника Евгеньевна
32. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
8.90
рейтинг книги
Отражения (Трилогия)

Газлайтер. Том 5

Володин Григорий
5. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 5

Наследие Маозари 4

Панежин Евгений
4. Наследие Маозари
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Наследие Маозари 4

Недотрога для темного дракона

Панфилова Алина
Фантастика:
юмористическое фэнтези
фэнтези
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Недотрога для темного дракона

Идеальный мир для Лекаря 12

Сапфир Олег
12. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 12

Любовь по инструкции

Zzika Nata
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.85
рейтинг книги
Любовь по инструкции