Мяшчане ў густой пары
Шрифт:
Першым пачаў дзядзя Стафанковiч.
– Ну, браткi, i папалi, - шаптаў ён скоранька, пырскаючы слiнаю з рота i задыхаючыся ад пары i нервовасцi, - вось папалi, дык папалi, як м'яла ў кiсель. Гэта ж ведаеце, хто? Гэта ж, пэўна, камiсар якi-небудзь. Нават я прыпамiнаю, як хавалi нябожчыка, вечны пакой, Авар'яна Тофiлевiча, дык перад самаю працэсiяй быў ён, дарогу ўпоперак з тоўстым партфелем перайшоў. Здаецца, гэта ён быў, так мне ясна памятаецца. А мы тут развялi палiтычныя гаворкi, не расчомаўшы, хто ў нас пад бокам
– Што гэта вы гаворыце, - зашаптаў, засердзiўшыся, Макей Фiлатавiч, што гэта я павiнен адказваць за чужыя грахi?!. Ды я, калi вы хочаце, маўчаў увесь час, гэта вы першыя пачалi ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Ды я не пагляджу, што ў вас тры дамы, я магу за знявагу свае асобы зрабiць што хочаце!..
– Не лiшне злуйце, - ускiпеў дзядзя Стафанковiч, - вы павiнны памятаць, што я гаварыў пра палiтыку ўмеючы, вежлiва i далiкатна; i за маю палiтыку ка мне прычапiцца нiхто не мог. А вы ў нейкае Свяшчэннае пiсанне зразу ўперлiся, як чорт у грэблю, рады, што чыстапсалмiе на памяць можаце чытаць. Да я хоць чыстапсалмiя на памяць не ведаю, але перад вамi ўручаю, што не падгаджу. А вы дарэмне злуеце...
Дзядок, у якога ўласны ўнук "пiнаер", пачуўшы шэпты на палатках, зразумеў усё i сам палез наверх.
– I то, браткi, лiхое, - перабiў ён дзядзю Стафанковiча, - мыецца, лiха яму, i як бы нiчога не чуе i не бачыць, а сам усё слухае ды на вус матае.
– Так, храновае дзела выйшла, - грымучым шэптам адчаканiў Разнюхайлiн.
– Але так нiчога не паможа, а трэба павярнуць палiтыку ў другi бок.
Макей Фiлатавiч Валакiткiн раптоўна адсунуўся ў куток, пастукаў пальцам па лбу i сказаў:
– Трэба адно к яму падлашчыцца; памыць яго трэба.
– Ваш язык гаворыць мудрасць, - радасным басам грунуў на ўсю лазню Разнюхайлiн. I ўсе трое злезлi з палатак.
– Вы, пане Стафанковiч, не лiшне лезьце наперад, бо зноў бяды наробiце, - сказаў важна Валакiткiн.
– Я пачну справу, а вы пасля ўжо гуртам.
Худы i высокi чалавек, нi аб чым не дагадваючыся, мылiў голаў, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагi цяклi ў яго з галавы па спiне.
Валакiткiн, расплыўшыся ў шырокую ўхмылку, цiхенька падышоў к яму i стаў на пальчыках. Той нiчога не запрыкмецiў.
– Кхэ-кхэ, - уважлiва кашлянуў Валакiткiн, каб звярнуць на сябе ўвагу.
Чалавек падняў вочы i зноў апусцiў.
– Мыла ў вас, таварыш, рагамi па спiне пайшло. Гэта добра - усю гразь аб'есць.
– На тое яно i мыла, каб ад гразi баранiцца.
– Справядлiва сказалi, таварыш... Кхэ-кхэ... кхэ... кхэ... Вось лiха на яго, чалавечыя рукi кароткiя - усякае месца на сваiм целе можаш памыць, а спiны вось
– Я i сам памыю.
– Вам нявыгадна, дайце я. Давайце рагожку... Просценька вы мыецеся рагожкаю... Прастата - гэта дабрачыннасць. Давайце, таварыш, адну рагожку.
Валакiткiн упiлiўся ў рагожку i стаў цягнуць к сабе. Чалавек не паддаваўся. I тут жа падаспела дапамога Валакiткiну: справа падскочыў Разнюхайлiн, злева дзядзя Стафанковiч. А дзядок не знаходзiў месца, дзе б уляпiцца, i бегаў, як апараны, вакол.
– Што вы маеце да мяне?!.
– Нiчога, таварыш, давайце рагожку.
– Ды вось мая рагожка, - вылепетаў дзядок.
– Станавiцеся, таварыш, ракам або прыпiрайцеся рукамi на лаўку i падстаўляйце спiну.
– Ды я не хачу, я сам, я не прашу вас!
– Скромнасць таксама, як i прастата, дабрачыннасць. Падстаўляйце спiну.
Яны сiлаю павярнулi чалавека к сабе спiнаю i пачалi мыць. Абкацiлi вадою, абмылiлi нанава i пачалi шараваць. Дзядзя Стафанковiч вадзiў па спiне рагожаю, Макей Фiлатавiч намыльваў, дзядок палiваў вадою, а Разнюхайлiн камандаваў:
– Так, так, пабольш мыла кладзi на шыю, вось тут шмарганi, нiжэй, нiжэй; а ты вадою пад лапаткi боўтнi, ды толькi не бяры кiпню, каб не апарыць таварыша!..
– Гвалт, людзi, ратуйце, пусцеце, браткi, што я зрабiў вам... А-я-яй!.. Да я на вас заяву падам!!!
Усе ўчатырох адскочылi ад чалавека, а той, зарадаваўшыся вызваленню, кiнуўся раптам за дзверы i пачаў адзявацца.
– Што яму за лiха, ды ён папраўдзе як бы баiцца нас, - пацiснуў плячыма дзядзя Стафанковiч.
– Нiчога не баiцца, а палiтыку вядзе, - грунуў басам Разнюхайлiн. Iдзiце хто паглядзiце, хто ён такi: ваенны цi штацкi?!
Дзядзя выйшаў за дзверы.
Чалавек, адзеты ўжо ў старыя салдацкiя палатаныя порткi, паспешна нацягваў на левую нагу парваны бот, увесь запэцканы гразёю i гноем.
Дзядзя, атарапеўшы, шмыгануў назад.
– Браткi ж мае, гэта ж абарванец нейкi!
– Ну?!!
– Яй-права!
Усе выскачылi за дзверы.
– Да вы хто такi?
– запытаў Разнюхайлiн.
– Я тут служу.
– Па штацкай цi па ваеннай?
– Па штацкай.
– А кiм служыце?
– У заезджым доме Гiрша Дрэйзiна на Нямiзе, дворнiкам - гной, значыць, падчышчаю пасля коней.
– Фу ты, чорт!
Чалавек паспешна схвацiў пад паху шапку i жакетку i баязлiва выскачыў за дзверы.
Забыўшы абмыць з сябе распараную гразь i мыла, усе ўчатырох сталi адзявацца.
Не гледзячы адзiн на аднаго, моўчкi, па аднаму, сталi выходзiць.
I як, выходзячы, дзядзя Стафанковiч вiнавата глянуў на Разнюхайлiна, той апусцiў вочы i прабарматаў:
– Так, ядры яго дагары, маржовае дзела выйшла.
1924