Пасля Жыццё
Шрифт:
Рацыя папісквала ўжо і міргала вочкам індыкатара, а Люся, пакручваючы рэгулятар настройкі, прывычнай скарагаворкай сыпала:
– Мята, Мята, я Ландыш. Як чутна? Даю настройку, даю настройку: адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць. Дзесяць, дзевяць, восем, сем, шэсць, пяць, чатыры, тры, два, адзін. Як чутна, я Ландыш, прыём.
– Таварыш капітан, прывёў, - ціха, каб не перашкодзіць радыстцы, сказаў пасыльны. Камбат павярнуўся на голас, тугія рамяні на яго паўшубку ціха рыпнулі і, пад ногі Жаркову слабаю плямкай бліснуў ліхтарык.
– Хто гэта?
–
– Лейтэнант Патапенка забіты.
Настала кароткая паўза, камбат выключыў ліхтарык, капітан Сахно вылаяўся, не зважаючы на радыстку, і сігануў да рацыі. За грудком над вёскай зноў запалілася ракета, і на небасхіле задрыжэлі хвалі святла. На кароткі час яе мільготкае далёкае святло паблукала на заклапочаных тварах людзей, цьмяным блікам адбілася ў новай блішчастай касцы Сахно і знікла за пагоркам.
– Так, Жаркоў, - памаўчаўшы, сказаў Васілевіч.
– Колькі ў вас асталося?
– Шэсць чалавек, таварыш капітан. Адзін паранены. У нагу. Адпраўляць трэба. І кулямёт адзін толькі. Другі яшчэ ўранку бомбай разбіла.
– Так… - няпэўна прамовіў камбат, услухоўваючыся таксама і ў Люсін голас ля рацыі.
– Я Ландыш, я Ландыш, - хуценька гаварыла ў трубку Люся.
– Будзе гаварыць дваццаць другі, паклічце дваццатага, паклічце дваццатага. Я Ландыш, прыём.
Камбат, пакінуўшы Жаркова, торапка ссунуўся на дно варонкі, паспешна пераняў з Люсіных рук трубку і пачакаў. Жаркоў прысеў побач з салдатам і глядзеў на начальства, адчуваючы, што неўзабаве будзе штось важнае.
– Таварыш дваццаты, таварыш дваццаты… Дакладвае дваццаць другі Ландыша. Спроба не ўдалася. У Патапенкі вялікія страты. Сам Патапенка забіты. Лукін і Шчасны адышлі. Сустрэў арганізаванае супраціўленне. Прашу сродкаў узмацнення. Сам падавіць не магу. Як зразумелі? Прыём.
Трубка шчоўкнула, камбат слухаў, усе ў яміне застылі ў змроку і не адрывалі поглядаў ад святлявага акенца ў рацыі. У цьмяных водблісках гэтага святла было відаць, як зацяўся, нахмурыўся паголены камбатаў твар, цвёрды яго падбародак туга ўпёрся ў касматы каўнер паўшубка. Трубка шархацела далёкім голасам камандзіра палка, і на ёй нервова пацёпваў мезены палец камбата.
– Таварыш дваццаты, я не магу… Не маю чым. У Патапенкі пяцёра… У астатніх таксама. На ўскраіне аб’екта буйнакаліберны кулямёт, пяхота. За вёскай мінамётная батарэя. У мяне па дзесяць агуркоў на ствол. Прашу дапамогі, прашу дапамогі. Прыём.
У варонцы насцярожыліся. І Люся, і Сахно, і салдат з Жарковым здагадаліся, што становішча батальёна не аблегчыцца. Відаць, камандзір палка меў нейкае сваё меркаванне, упарціўся і не хацеў зважаць на довады камандзіра батальёна.
Урэшце капітан Васілевіч адарваў трубку ад вуха, чамусьці паглядзеў на яе, яшчэ торкнуў да скроні і размашыста ляпнуў аб скрынку рацыі.
– Што ён сказаў?
– запытаў Сахно, шорхаючы сваёй плашч-палаткай, накінутай на шынель. Камбат узняў заклапочаны твар.
– Загадаў паўтарыць атаку і ўзяць Ручайкі.
Стала вельмі ціха, Сахно, быццам не верачы, цяжка і нерухома паўзіраўся ў камбата, пасля ўстаў і заварушыўся пад плашч-палаткай.
– Чорт бы іх там саміх пабраў, - выпаліў
– Самі б сунуліся.
Камбат з хвіліну нешта абдумваў, укленчыўшы на адно калена ля рацыі. Люся падкручвала рэгулятар настройкі і трымала рацыю на прыёме. У начной цемрадзі за ельнікам пыхнула раз і другі мільготкае палахлівае зарыва. «Ках, ках», - даляцелі стрэлы і ўгары цераз балацявіну зноў завізжэлі міны. «Трах! Трах!» - ірванула неўзабаве ў хмызняковай цемры, але ў варонцы адзін толькі ардынарац азірнуўся на выбухі.
– Пяць чалавек, кажаш, Жаркоў?
– перапытаў капітан і паглядзеў знізу ўгару на сяржанта.
– Ну, - ваўкавата выдавіў з сябе Жаркоў.
– Ну вось… Каго імі атакуеш, пяццю чалавекамі?
– невядома ў каго запытаўся камбат.
– Вось што… - надумаў ён урэшце нейкае рашэнне.
– Дам вам чалавек дзесяць сувязістаў, абознікаў - што ёсць. Акапацца на вышыні і чакаць. Глядзі, каб у фланг не зайшлі, бо тады ўсяму батальёну ліха будзе.
– Зразумела, - адказаў Жаркоў і ўстаў. У гэты час Люся загаманіла ў трубку і перадала яе капітану.
– Слухае дваццаць другі… Дваццаць другі слухае, прыём, - сказаў Васілевіч і шчоўкнуў пераключальнікам прыёму. З паўхвіліны ён слухаў, а пасля запальчыва і крыўдліва загаманіў:
– Таварыш дваццаты! Не магу! Чым жа я выканаю задачу? Без падрыхтоўкі не магу! Дайце час! Прыём.
Ён трохі паслухаў, а пасля з нейкай зацятай рашучасцю выпаліў у трубку:
– Зразумеў, зразумеў вас: адхілены ад камандавання. Перадаю трубку дваццаць трэцяму.
Сахно буркнуў нешта ад здзіўлення, скрывіў вусны, але хуценька перахапіў трубку і далажыў, што слухае. У варонцы замерлі, насцярожыліся. Люся прыўстала на каленях і, ссунуўшы пад самую шапку тоненькія светлыя броўкі, упілася позіркам у квадратны твар намесніка камандзіра батальёна. Сахно тым часам дастаў з палявой сумкі карту, аднае рукой няспрытна разгарнуў яе і паўзіраўся ў аднае месца, трымаючы яе пад цьмяным святлом рацыі. Камбат устаў у рост і, відавочна нервуючыся, палез у кішэню за куравам.
Размова ў Сахно неўзабаве скончылася. Замкамбат далажыў, што зразумеў, кінуў: «Ёсць! Ёсць, таварыш дваццаты, ёсць» - і таксама ўстаў у варонцы, шоргаючы плашч-палаткай.
– Дакамандаваліся, - плюнуў убок камбат.
– А ты што думаеш?
– Што ж падумаеш, калі загадана. Трэба атакаваць, - змрочна сказаў Сахно, зашпільваючы пад палаткай сумку.
– Вайна не фунт ізюму.
– Цябе прызначыў?
– Так, - ваўкавата, без ранейшай шчырасці адказаў Сахно і гучным, сваім заўсягдашнім камандзірскім тонам аб’явіў у цемру:
– Падрыхтавацца да атакі. Ты, сяржант з шостай роты… як тваё прозвішча?
– Сяржант Жаркоў, - падказаў кулямётчык.
– Жаркоў? Камандую батальёнам я. Слухай задачу. Атрымаеш сувязістаў, яшчэ сапёраў дам, колькі будзе, ездавых, і атакуеш гэтыя праклятыя Ручайкі. Цераз балота. Чацвёртая і пятая роты - ад лесу. Сігнал атакі - чырвоная ракета. Гатоўнасць праз гадзіну. Зразумеў?
– Зразумеў, таварыш капітан.
– Шагам марш, - уладарна распарадзіўся новы камбат.
– Цярэшкін, камандзіраў чацвёртай і пятай рот ка мне. Мінамётчыка таксама. Жыва!