Пасмяротная гісторыя аднага цецерука
Шрифт:
Прайшоўшы палову дарогі, ён сеў у котлішчы, дзе было цяплей і таму высыпаў россып ранніх смарчкоў, падобных на сушаныя грушы з узвару, і з'еў лусту хлеба з мяккім салёным агурком. Жаваў ён цяжка, як замораны конь: жаўлакі рухаліся па няголеных шчоках.
Думкі былі невясёлымі:
"Адспяваў ты сваю песню, братка. За што прыгажосць такую?.. I ты спяваў, і ты ганарыста чуфыкаў. А зараз…"
Але думаць пра гэта было непрыемна, і ён пакінуў.
…Дзве хаткі ў лесе ён пабачыў, калі ўжо добра абадняла. Задворкамі ён падышоў да густых бэзаў і пачуў голас жонкі, што перакідвалася праз плот словамі з адзіным суседам, аб'ездчыкам Сідарам Ворчыкам, былым зухам-кучаравічам і згубай дзявочых сардэц, а зараз бацькам
— Балабайка ён, — прыгожым тэнарам казаў Ворчык, — толькі што струнаў няма. Калі з яго віно выціснуць — застанецца не чалавек, а непрыемна пахнучы маляс. А ў нас з вамі, суседка, "сонца на закаце і ўрэмя на ўтраце". Таму нам трэба рупіць пра спакойства душэўнае.
— А ўжо ж вядома, не такі ён, як наш Паўлюк, — з уздыхам сказала жонка, і Гаўрыла зморшчыўся, бо не любіў размоў пра сына, — наш чалавек сумленны, хоць і сябра Цесляку ў дзяцінстве. Ён у нас вялікі чалавек, кандыдатам завецца. Самы таленавіты знаўца кніжак. Усе яго любяць, — ён і да міністраў, напэўна, заходзіць. Вось хоць бы… грошай мы ў яго і не прасілі, а ён часам дашле якую сотню. Піша, даслаў бы і больш, але ў яго "расходы на прадставіцельства". Во! Нам, вядома, не так і патрэбныя тыя грошы, не ў горадзе жывем. У нас на мой дзень, на Катарыну, п'юць простую гарэлку, а тое, грэшным чынам, і самагонкі для сябе наварым у такі дзень. Я і напісала, каб пра нас вельмі і не думаў: пражывем. Ён паслухаўся, пачцівы ён. Толькі рэдка прыязджае. Цябе яшчэ не было тут, як ён з жонкай прыязджаў. Такая распрыгажунечка, акуратненькая, толькі худаватая, быццам есці няма чаго. I сціплая, не мянтуха языком. Каб гэта каго-кольвек абгаворваць, дык не. Паўлючок казаў, што вельмі яна яму на жыццёвай дарозе дапамагае. Ды, відаць, не спадабалася ёй тут. Нетры, а яна жанчына маладая, вясёлая.
У хаце Катарына сказала мужу:
— Ты Цесляку скажы, каб ён ішоў да д'ябла. Непатрэбныя нам яго грошы. Хай з кізяку сабе хату лепіць, зладзюга такі.
Гаўрыла прыпомніў чамусьці цецерука і, хоць збіраўся — упершыню ў жыцці — паклапатаць у лясніцтве, каб прадалі бярвенняў сынаваму сябру, сказаў:
— Ды я і то адпушчу яму лесу хіба на труну толькі. А грошай здабудзем неяк.
Пасля снедання ён запрог служэбнага каня, апрануў вышываную кашулю, чорныя, старанна зацыраваныя порткі, на ногі нацягнуў замест ануч парцяныя шкарпэткі. Старанна выгаліў твар, паглядаючы на Катарыну, якая здавалася вельмі маладой у белай, вольнай ля плячэй, сарочцы і шырокай, у чатыры палы, клятчастай спадніцы.
Пасля глядзеў, як яна дастала свой залаты, сэрцайкам, вясельны яшчэ медальён з трыма блакітнымі каменьчыкамі і як адразу папрыгажэла яе амаль маладая, вельмі загарэлая шыя.
Яны паехалі ў мястэчка і там, на базе, прадалі набітых цецерукоў. Даклаўшы трохі грошай, Войтаў купіў шрот, порах і капсулі, пахадзіў з жонкаю па рынку і пасля, падумаўшы, купіў у краме чацвярцінку гарэлкі. Рукі яго былі чырвоныя, з пухлымі суглобамі, і бутэлька схавалася ў далоні адразу, быццам і не было.
Яны выпілі яе на возе пад хатняе сала. Катарына падпіла, астачай асенняй прыгажосці заззяў яе паружавелы твар. Конь борздзенька тупаў дахаты, плылі паабапал дарогі дрэвы, таксама трошкі на падпітку. I жонка раптам, — даўно гэтага не было, — прыхілілася да пляча Гаўрылы і завяла нечакана прыгожым голасам тую песню, якую спявала на першае іхняе Купалле, калі Гаўрыла спаймаў яе:
Купалінка, купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
А дзе ж твая дочка?
I Гаўрыла з гонарам, як заўсёды, падумаў: "Во яна ў мяне якая".
ІІ
Гаўрусёў
Сябры не бачыліся два гады і таму, даўшы насільшчыкам магчымасць цягнуць рэчы ў купэ, пачалі проста на платформе ціскаць і абдымаць адзін аднаго.
— Братка ты мой, колькі вады сплыло!.. Ну дай жа я гляну на цябе. Пасталеў, раздаўся.
— Ды і ў цябе, дарагі, кандыдацкія грудзі выраслі.
— Янка ты, Янка, макітра ты чарапяная… Куды едзеш?
— У Маскву.
— Бацюхны, і я таксама… I вагон адзін… Во, братка ты мой, свет цесны.
Павел Гаўрылавіч надта ўзрадаваўся сустрэчы. Яны вельмі сябравалі калісь, ведалі адзін аднаго, і таму ім не было прычыны саромецца сябра. Можна было шчыра паразмаўляць.
Кожны чалавек часам хоча гэтага, як ён ні звыкай да вечнай стрыманасці і асцярожнасці ў словах і ўчынках. А Войтаў ужо два гады не адводзіў душу з блізкім чалавекам.
Таму ягоны валявы, трохі азызлы твар выяўляў самае жывое замілаванне. А Калібераў таксама смяяўся жывымі вочкамі і вохкаў, як квахтуха.
Ён проста быў добразычлівы да людзей.
Войтаў памятаў яго яшчэ ў тыя часы, калі імя сябра было, мякка выражаючыся, дзіўным: Мардары. З такога імя кпілі, але Калібераў не звяртаў увагі і толькі пасмейваўся. Таму хутка кпіць пакінулі, а там і імя ў пашпарце змянілася на нейтральнае — Іван. Другі скандал атрымаўся з прозвішчам. Калі драматург Макаёнак напісаў сваю вядомую камедыю — з Івана зноў пачалі смяяцца. I тут ужо даць рады было нельга. Іван збіраўся быў напісаць на драматурга ананімны ліст, але потым раздумаў і суцешыўся тым, што не ўсе ж Каліберавы на свеце свінні і мярзотнікі. Ёсць сярод іх і прыстойныя людзі.
Яны так захапіліся сустрэчай, што прывёў іх да прытомнасці толькі голас правадніка:
— Грамадзяне, сядайце. Цягнік зараз рушыць.
Таму яны перанеслі далейшыя паляпванні па плячы ў тамбур купэйнага мяккага. Тут Войтаў даў правадніку пятнаццаць рублёў, і хутка сябры апынуліся ўдвух у купэ.
Ужо былі закінуты ў багажнік чамаданы, ужо чалавек у форме ўключыў вентыляцыю і атрымаў загад наконт бялізны, ужо цягнік імчаў з бліскавічнай хуткасцю сціплымі палямі і пералескамі, якія пачалі ўбірацца ў малады зялёны вэлюм, а сябры ўсё яшчэ сядзелі поруч і трымаліся за рукі, як закаханыя.
Пукатае шкло ліхтара адбівала часам праменні сонца, варушыліся на вокнах бязважкія фіранкі, цела мякка адпачывала ў прытульнасці канапак. Было бесклапотна і лёгка на душы, як заўсёды ў дарозе.
— Ну як ты, Іван, маешся?
— Ды нічога, братка. Ты ж ведаеш, напэўна, што я кандыдацкую абараніў. Дзякуй Богу, тады яшчэ друкаваць раздзелаў з яе не трэба было… Хату сваю дабудаваў.
— Ты там, братка, наваяваў нешта ў інстытуце.
Калібераў пасуравеў, ля вочак сабраліся дробненькія зморшчынкі.
— А што з імі было рабіць, з салапякамі. Шчанюкі такія, ледзь у навуку залезлі, а ўжо ніякіх аўтарытэтаў для іх няма. Ты ведаеш, я добразычлівы чалавек, але тут не мог. За навуку сэрца баліць, за навуку… Ну вось і дабіўся, выкінулі іх…
Прасцецкі, грубаваты яго твар скрывіўся, ён махнуў рукою і агледзеў сябра.
Павел сядзеў перад ім, цвёрда сціскаючы нязмяты, сухі муштук папяросы. Шэры пушысты гарнітур сядзеў на ім з няўлоўным "кашэ", змятай зручнасцю, якой дасягнуць цяжэй, чым адпрасаванасці і дубаватай элегантнасці. Цвёрды каўнер белай кашулі шчыльна аблягаў вельмі тоўстую мускулістую шыю і падкрэсліваў свой нечапаны колер шэравата-блакітным гальштукам. Вышэй быў цвёрды рот, прамы, трошкі задзёрты нос і халодныя блакітныя вочы. У рысах карэктная выхаваная стрыманасць. Агульнае ўражанне інтэлігентнасці псаваў трошкі нізкаваты лоб і нездаровая азызласць белых шчок.