Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Сярод самай начы ён, здаецца, заснуў, але праспаў зусім мала. Прачнуўся і ляжаў так, слухаючы лесавы шум. Таемныя гукі лесу даўно яго не трывожылі, нічога ён не баяўся ні ў лесе, ні ў горадзе. І нават тут, у зоне, здаеца, нішто яго не магло напалохаць. Салдат за плячыма роўна і глыбока дыхаў, ад яго мкнула добрае, густое цяпло, яно заспакойвала. Усё ж куды лепш за адзіноту было ўдвох, нават з дэзэрцірам, можа нават забойцам. Але з маладзейшым. Усё ж старому патрэбны малады побач. Са старым часам цікава, але не заўжды прыемна — малады ж абнадзейвае, быццам малодзіць нават. Нават такога застарэлага бамжа, як ён.
Зрэшты, бамж не заўсёды быў бамж, некалі меў уласнае імя й нават пагоны на плячах, — як служыў у войску намесьнікам камандзіра па тэхнічнай частцы. Апошнія пяць гадоў ягонай службы міналі ў далёкім прыпалярным гарнізоне, дзе ён мацаваў ракетны шчыт радзімы і жыў разам з жонкай, загадчыцай афіцэрскай сталовай, і маленькім сынком Дзяніскам.
Прыпалярны ракетны гарнізон па сутнасьці мала чым адрозьніваўся ад колішняга Гулагу; там далёка ня кожны мог
Нампатэх тады і ў сьне ня бачыў сваю хуткую будучыню, быў, як усе, — у меру піў і ня надта цьвяліў начальства. Зусім не цьвяліць было нельга, таго б не зразумелі ні сябры-таварышы, ні падначаленыя, ні нават начальнікі. А галоўнае, не было такой магчымасьці, абставіны вымагалі. Даванаццаць і болей гадзін у боксах каля настылай на марозе тэхнікі, з даўно памарожанымі рукамі, на сьцюжы й скразьняках, у няспынных сутычках з начальствам — сваім штатным, штабным і правяраючым, — усё тое як мае быць выматвала сілы й нэрвы. Адзіным паратункам ад таго было выпіць, расслабіцца, абнавіць нэрвовыя сілы, каб заўтра зноў марнаваць іх у тых самых боксах і тых самых сутычках.
Так цягнулася шэраг гадоў; мабыць, дацягнулася б і да жаданай зьмены, калі б аднойчы ў разгар палярнай начы ў гарнізон не прыляцеў новы камандуючы ракетных войскаў. Генэрал толькі што быў прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем палітбюро, якое падпісаў сам Леанід Ільліч, і меў жалезную рашучасьць навесьці бальшавіцкі парадак у самым стратэгічным родзе войска. Зрабіўшы двухдзённы разгон у падразьдзяленьнях, зьняўшы з пасадаў двух камандзіраў і трох іх намесьнікаў, генэрал выправіўся на ня дужа далёкі (за 250 кілямэтраў) аэрадром стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Натуральна, як самы вялікі ракетны начальнік, ён ня мог езьдзіць на нейкім вайсковым «Уазе», а прывез з сабой у самалёце адмысловы ўрадавы «Зім», які яго й падвёў. А заадно спляжыў і без таго ня дужа бліскучую кар’еру дывізійнага нампатэха.
Зрэшты, даўно тое было, за шмат гадоў усё было перадумана, і ён даўно ня меў крыўды на тагачаснага генэрала, што, як ён чуў, дажываў свой век на падмаскоўнай дачы. Разумеў, вінаваты быў сам, ня трэба было так паводзіць сябе, належала б асьцерагчыся. Але й як асьцеражэсься, калі самы блізкі табе чалавек — жонка толькі й пільнавала, каб дзе падлавіць яго, падставіць начальству, бачачы ў тым сваё помсьлівае жаночае задавальненьне. Таго разу пасьля генэральскага разбору ў клюбе, як камандуючы ўжо выехаў за прахадную, і ў палку з палёгкай уздыхнулі, ён зь сябруком у акумулятарнай спажылі бутэльку 95-градуснага, і нампатэх заваліўся спаць. Мінулай начы спаў усяго тры гадзіны пасьля шалёнага перадпаверачнага аўралу ў аўтапарку і цяпер спаў, як забіты. І раптам жонка штурхае яго ў плячо — прыбег дзяжурны. Дзяжурны перадае загад камандзіра паехаць на 27-ы кілямэтар, дзе ў камандуючага сапсаваўся «Зім». Дзяжурныя ўжо езьдзілі, ня могуць зразумець, у чым справа — рухавік не заводзіцца. Што было рабіць соннаму, нецьвярозаму нампатэху? Абклаў матам жонку (нашто сказала, дзе сьпіць) і надзеў паўшубак. Машыну ён даволі хутка наладзіў (у той забракаваў ланцуг высокага напружаньня), і яна завялася. Але пакуль ён корпаўся пад капотам, напрактыкаванае вока камандуючага, мусіць, нешта ў ім згледзела, ён папытаўся прозьвішча нампатэха і кінуў ад’ютанту — запішы. Нампатэх падумаў: ну, будзе падзяка ў загадзе, і сьціпла парадаваўся. Загад сапраўды неўзабаве прыйшоў з вынікамі высокай праверкі, і там пасьля шмат чаго іншага аб’яўлялася аб звальненьні ў запас неадпавядаючых службе афіцэраў. Сярод іншых было і ягонае прозьвішча. І гэта за два гады да выслугі на пэнсію, зь неладамі ў сям’і, у прыпалярным гарнізоне, дзе немагчыма было знайсьці ні кватэры, ні працы.
А тут і зусім разьюшылася жонка, якая не трывала яго ў пагонах, дзе ўжо было ёй мірыцца зь беспрацоўным. Паўгода яна дамагалася разводу, а разьвёўшыся, тут жа запісалася з даўгавязым, бы жардзіна, прапаршчыкам, нядаўнім сваім улюбёнцам. Ды яшчэ наскардзілася ў палітаддзел на маральнае разлажэньне нядаўняга мужа. У часе чарговых разборак на партбюро ён, не стрываўшы, кінуў на стол свой партбілет і ў той жа вечар добра напіўся. Пасьля, як ня стала грошай, кудысьці паехаў з выпадковым субутэльнікам, у нейкім паўночным гарадку ўладкаваўся інжынэрам мясцовага аўтапарку, дзе праз паўгода яго зьнізілі да брыгадзіра мэханікаў. Затым некалькі месяцаў рабіў шараговым шафёрам, пакуль ДАІ не адабрала правы. Мабыць, самая пара было адумацца, зрабіць нейкія высновы з свае кар’еры наадварот, але адумацца нампатэху не выпадала. Найперш не было часу. Жыў безь сям’і, вадзіўся з процьмай сяброў-субутэльнікаў, выдатных, на яго думку, мальцаў. Нехта зь іх прысватаў яго да таксама неблагой кабеціны (немаладой, праўда), якая рабіла ў гастраноме. Як ён цяпер разумеў, то была цярплівая жанчына і хацела яму толькі добрага. Яна нікому на яго
Пасьля былі й яшчэ жанчыны, добрыя і злыя, некаторыя спрабавалі перарабіць яго, адвучыць ад згубнае жарсьці. Былі яшчэ два ЛТП, адзін ганебны прысуд «да хіміі». І ўсё марна, без жаданага выніку. Былы нампатэх ня мог перамагчы ў сабе прагнага шэранькага пацучка, пацучок пасьлядоўна перамагаў нампатэха. Апошні пакутаваў, лаяў сябе за няўдачы й зрывы, але працягваў піць, спыніцца ён ужо ня меў сілы. Галоўнае — ня мог выскачыць з пэўнага кола сяброў. Кожны дзень ён быў на ўзводзе — за свае, заробленыя, ці на халяву, у доўг. Выпіць было куды лягчэй, чым прыдбаць паесьці, і ён часьцяком швэндаўся па вуліцах галодны, нэрвова напяты ад незадаволенага жаданьня ўсё таго ж — выпіць. Толькі апынуўшыся ў зоне, на абсалютнай адзіноце, неяк суняўся, можа, тут паспрыяла прырода, а можа, страх набрацца радыяцыі, хто ведае. Магчыма таксама, што справа ў прымітыўным ладзе жыцьця, дзе не было месца выпіўцы. Сапраўды, ніхто яго тут не падахвочваў, ня тузаў і не забараняў, тут ён круглы дзень пачуваўся свабодным, залежным толькі ад уласнае волі. А свабода, смак якой ён добра спазнаў у бамжоўстве, бы наркотык, цягнула яго да яшчэ большай свабоды. Здаецца, ужо тут яна стала абсалютнай, і ён акрыяў. Калі б толькі пра гэтую атамную зону ня спраўдзілася рознае страхоцьце — наконт радыяцыі, аблучэньня, радыёнуклідаў ды іх наступстваў. Але, думаў ён, хіба небясьпечная толькі зона? Хіба не хварэюць і не паміраюць воддаль ад яе — ад раку, сэрца, ад СНІДу нарэшце. І якая розьніца, ад чаго памерці, калі прыйдзе той час. Ён сам сто разоў мог загнуцца, але ягоны час, мабыць, яшчэ не настаў. А як настане, ён шкадаваць ня будзе. Бо такое было жыцьцё.
Раньняй вясной міліцыянты выкурылі іх з пустой закінутай дачы, дзе ён зь яшчэ адным небаракам перабылі зіму. Ды яшчэ навесілі на іх рабаўніцтва маёмасьці, якой яны й ня бачылі, бо дачу абрабавалі да іх. Менавіта тады ён рашыў — у зону! Мабыць, іншага месца на зямлі для яго не засталося. Прынамсі, падумалася, што ў зоне яго шукаць ня будуць, і ён пражыве там у спакоі, колькі дасьць Бог. Зноў жа ягоны напарнік, былы інструктар райкаму, сказаў, што ў зоне або адразу адкінеш капыты, або загартуесься, як сталь. Напарнік ведаў, бо ён сам паходзіў з раёну, які апынуўся ў зоне. Праўда, разам ехаць былы інструктар не захацеў, меў нейкія прычыны. Ён жа важкіх прычынаў ня меў і паехаў, як некалі ехалі на цаліну ці на БАМ. Губляць яму не было чаго, грошай ён ня меў, чым харчавацца ў зоне, інструктар яму не сказаў. Але ў яго прапацелай шапцы зь летняй пары тырчэў іржавы рыбны кручок, які яго й выручыў. Ужо ён бярог яго, той кручочак… Увогуле ля ракі ўлетку жыць было можна, ніхто яго тут не трывожыў, за два месяцы ён не спаткаў ніводнага чалавека. Беглы з часьці салдат быў першы, хто тут зь ім павітаўся, і ён быў хлопцу рады. Усё ж, мабыць, чалавек не павінен жыць у адзіноце, нават воўк адзін не жыве.
Вось каб толькі лепш пачувацца…
Дагэтуль у яго не было падставаў наракаць на здароўе, пачуваўся няблага нават на поўначы. Праўда, тады ён піў. А тут як вып’еш — раптам натрапіў ён на выразную думку, ад якой апошнім часам неяк зусім адвык. Во ў чым прычына, а ня ў той радыяцыі…
Раніцай, як толькі пачало шарэць, побач заварочаўся салдат, і бамж зразумеў, што той прачынаецца. Сам ён ляжаў моўчкі, ня маючы ахвоты ўставаць і нават размоваю парушаць ранішнюю цішыню лесу. Не расплюшчваючы вачэй, слухаў, як салдат падняўся, трохі пасядзеў, надзеў у рукавы бушлат.
— Пайду. Па агонь, — сказаў урэшце хлопец.
Бамж памаўчаў крыху. Тое рашэньне салдата не сказаць, каб было для яго нечаканкай, але не адазвалася й радасьцю. Дужа трывожліва было на душы ў бамжа, і ён спакваля папытаўся:
— І куды пойдзеш?
— А там хутар. За рэчкай.
— За зонай?
— За зонай.
Салдат пераабуўся, устаў, зрабіў сваю справу паблізу. Але ня йшоў. І бамж, набраўшы болей паветра ў балючыя грудзі, сказаў:
— Ты гэта… Можа, ня варта і вяртацца? Сюды…