Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Канечне, трапіў не адзін, цяпер яны ўдвох. Але бамжу што — бамж ужо стары, сваё, мабыць, аджыў, папіў гарэлкі ды й жанчын пазнаў… А салдат нават не пасьпеў каго пакахаць, толькі прымерваўся да нясьмелага юнацкага каханьня. У школе з восьмае клясы падабалася яму адно чорненькая весялушка Сімакова Тоня. Аднойчы напісаў ёй запіску, што кахае і хоча сустрэцца; да пачатку заняткаў паклаў ў тоньчыну парту. Усе перапынкі ні жывы, ні мёртвы сачыў за яе тварам, на якім, аднак, не было нічога, апроч звычайнай ейнай сьмяшлівасьці. Тады, падпільнаваўшы, як яна вярталася
Надвячоркам, як яны, трохі спатоліўшы голад, сядзелі на беразе, бамж папытаўся:
— Слухай, а чаго ты драпануў з войска?
— Было чаго, — ціха адказаў салдат.
— Што, мусіць, камандзіры дапяклі?
— Дапяклі…
Ён не хацеў нікому расказваць пра сваю бяду і сваю ганьбу, ён не хацеў нават пра тое думаць, — гідзіўся. Бамж, мабыць, адчуўшы нешта ў ягоным настроі, ня стаў дапытвацца. Ён ужо ўлазіў у свае ўспаміны.
— Знаеш, а я во хацеў служыць. Я ж па тэхнічнай часьці афіцэр, тэхніку любіў. Цікавая справа — тэхніка.
— А якая? — зь цікавасьцю запытаўся салдат, прыпамятаўшы свой агрэгат сувязі, зь якім яны нямала напакутаваліся на манэўрах.
— Аўтамабільная.
— Ну аўтамабільная, можа, і нічога. Калі не псуецца.
— Псавацца ўсё можа. Трэба рамантаваць. Але каб рамантаваць, трэба талент мець.
— Талент?
— А ты ня ведаў? Думаеш, талент толькі сьпявачкам ды пісьменьнікам трэба? І мэханікам таксама. Я, знаеш, меў.
— І што ж вы рамантавалі?
— За дваццаць гадоў усё перабраў — «Газы», «Уазы», «Мазы»…
— І каторыя лепшыя? — бяз жаднай, аднак, цікавасьці пытаўся салдат.
— Калі па шчырасьці — усё гаўно.
— Чаму так?
— Бо ня ўмеюць рабіць. Або ня хочуць. Хіба такая павінна быць армейская аўтатэхніка?
— А якая?
— А хоць бы, як у амэрыканскай арміі. Мы ж на курсах яе вывучалі. Дык наша ад іхнай — як зямля ад неба. А ўсё чаму? Бо перадраць па-людзку ня ўмеюць. Абавязкова спаскудзяць, спрасьцяць і пагоршаць. Як тыя «Жыгулі». Перадралі ў італьянцаў і пагоршылі. А затым пачалі ўдасканальваць, гэта значыць — пагаршаць. Ну і давялі да ручкі. Аўтамабіль патрабуе дакладнасьці, яго напільнікам не ўдасканаліш.
— Аднак жа езьдзяць…
— Езьдзяць, бо які ж выбар? «Масквіч» яшчэ горшы. А «Запарожац» — гэты цуд тэхнічнай нядбайнасьці…
— Ну а грузавыя? Гэтыя, што руду возяць. У паверх вышынёй…
— Ня толькі руду возяць, яны яшчэ й нашыя ракетавозы. Гаўно таксама. Намучыўся я зь імі пад завязку. На поўначы… Яны добрыя толькі як у боксах стаяць. Вялізныя, колы памалёваны, бампэры выраўненыя, поўны ажур. А вы папытайце іхных мэханікаў… Хаця што пытацца — і яны ня скажуць, яны ж падпіску давалі. Таму — абы роўна, чыста і прыгожа. Як і запраўка коек. Вас жа, напэўна, здорава вучылі койкі запраўляць?
— Ага,
— Во гэта галоўнае. Як і заўжды. І яшчэ страявая. І палітзаняткі — абедня з нампалітам.
— Цяпер ужо бывае, што і з папом.
— Ну, пацеха! — ёрзаў у доле бамж. — Кажаш, з папом нават? Ну дажылася непераможная армія. Добра, што я ў ёй не служу. Адслужыў сваё. Не, увогуле я любіў тэхніку. Калі дзе якая няспраўнасьць, начальства нэрвуецца, крыкі, мат… А мне цікава: у чым справа? Нейкі стук, а не зразумець, дзе. Стукі — яны хітрая штука, скажу табе, на слых не заўжды возьмеш. Бывае стукае ў адным месцы, а прычына ў іншым. Ці з той электратэхнікай, як наша. Знаеш, і цяпер калі рухавікі сьняцца. А табе што сьніцца — дзеўкі? — раптам запытаўся бамж.
— Мне? А нічога.
— Ну й кепска. Значыць, у цябе глухая псыхіка.
— Аглохла?
— Можа, аглохла, а можа, з такой нарадзіўся, — вырашыў бамж, паварочваючыся на другі бок. — Халера, нешта ў грудзях забалела… Але скажы ты мне, чаго ты ў гэтую зону ўлез? Ці болей не было куды?
— Значыць, не было.
— А што бацькі? Ці ня ведаюць, дзе сын?
— Няма каму ведаць.
— Панятна. Значыць, сірата. Угадаў?
— Ну.
— А што ў хвасьце? Палітыка, бытавуха?
Што ў яго ў хвасьце — палітыка ці бытавуха, салдат ня ведаў, у гэткіх тонкасьцях сучаснай юрыспрудэнцыі ён ня быў дасьведчаны, з пракурорам не сустракаўся.
— Аднаго гада пырануў, — адказаў ён ціхманым голасам.
— Да сьмерці?
Да сьмерці ці не, таксама ня ведаў. Тады здавалася — так, цяпер пачаў сумнявацца. Можа стацца, што й не да сьмерці, што Дробышаў выжыў, і ўжо яго не прысудзілі б да вышкі. Але што ж тады атрымліваецца? Што ён дарма зьбег з палка ды па дурноце сваёй ускочыў у гэтую зону? Тое было б жахліва. Праўда, бамж, дзякуй яму, болей ня стаў лезьці ў душу, распытваць падрабязнасьці. Падобна, трохі паспачуваў яму і на правах старэйшага пусьціўся ў павучаньні.
— Знаеш, у эвангельлі сказана: не забі. Думаеш, чаму сказана — што, ворага шкада? Цябе, дурня, шкада. Таго, хто забівае. Куля яна ж забівае двух — аднаго прама, а другога рыкашэтам, пагадзя. Во ў чым загвоздка. Я ўжо нагледзеўся. Вунь у Менску аднаму жонка ізьмяніла. Гарачы быў, малады, ну і ўкокаў яе. Дарэчы, разам зь яе палюбоўнікам. І ўсё так тонка зрабіў, што не раскрылі: маўляў, пайшлі й зьніклі, я скуль ведаю? І што ж, думаеш, яму стала лягчэй? Высах, схуднеў, рак падключыўся. У кладоўцы павесіўся мужык. Без суда і сьледзтва.
— Ну вядома, — сказаў салдат. — «Праступленьне і наказаньне» Дастаеўскага…
— Дастаеўскі што! Дастаеўскаму таго й ня сьнілася, што ў нас робіцца. Сын бацьку забівае. Бацька дачку малалетнюю гвалціць. А ты — Дастаеўскі…
— Дык што ж тады гэтым злыдням? Рабі, што хочаш? Яны ж усё могуць.
— Яны могуць, ага. Але іхным спосабам супраць іх нельга. Нельга, нельга. Нізашто нельга!
— А якім жа тады спосабам?
— А супраць іх спосабаў няма, — глыбакадумна зазначыў бамж.