Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Во, болей няма! — сказала Сцепаніда, аддаючы яму вядро.

Немец моўчкі ўзяў і, валюхаючы, панёс да кухні. Да Сцепаніды неяк бокам падступіў Пятрок, азірнуўшыся, ціха зазначыў:

— Але ж… Мабыць, замала. Каб іх…

— Хопіць! — рашуча сказала яна і шлёпнула карову па азадку, скіроўваючы яе ў хлеў.

І ў той час ад кухні раздаўся такі злы вокліч, што яна здрыганулася:

— Хальт! Ком!..

Гэта ўсё той фельдфебель, ён аж счырванеўся ад нейкага абурэння і, пакуль Сцепаніда пацяміла, чаго ад яе хацелі, з вядром у руках прыкаціўся ледзьве не ўпрытык да яе. Нешта хуценька і злосна гамонячы, ён тыцкаў у яе вядром, яна слухала і ўжо разумела, што малака было мала.

— А дзе я вам вазьму болей? Усё.

— Аллес?

Кругленькі

фельдфебель яшчэ нешта пралямантаваў да яе, пасля порсценька павярнуўся да кухні, знайшоў там кагосьці позіркам і тузануў галавой — ком! Усё той жа Карла, па-ранейшаму нетаропка і валюхаста, прытупаў да фельдфебеля, узяў вядро, нерашуча падышоў да каровы, якая ўстрывожанымі вачыма няўцямна пазірала наўкола. Калі ён наблізіўся да яе задніх ног, яна пераступіла і стала да яго бокам. Карла змушаны быў зноў абыходзіць, і фельдфебель крыкліва вызверыўся на Петрака — той спалохана ўхапіў Бабоўку за рогі.

Сцепаніда ўжо разумела, што зараз будзе, і плюнула на падворак. Ёй было страшнавата ад таго, што яе падман, мусіць, зараз адкрыюць, і разам стала агідна: салдат браўся даіць, а яе дурань Пятрок змушаны быў яму памагаць. Бедная Бабоўка, што яны зараз зробяць з ёй, вочы б яе не глядзелі на тое. Але так, яны ўжо даілі — раскарачаны Карла гнуўся пад карову, зазіраючы на каровіна вымя, у вядры ўжо зацуркала з сісек, Бабоўка перабірала нагамі, ненастойліва памкнулася вывернуць рогі, ды, мусіць, Пятрок трымаў моцна. Сцепаніда ўся напялася ад маўклівае злосці, стаяла зводдаль і не ўзнімала позірку з долу. Але яна ўсё бачыла і нема слала праклёны гэтым чужынцам, а найбольш гэтаму рыжаму фельдфебелю, які напяўся і сачыў за ўсім, што рабілася ля каровы. Нарэшце праз якіх хвілін пяць яна зірнула ў вядро і сцялася яшчэ болей: тое поўнілася ўжо да берагоў. Ах ты, дурная Бабоўка, нашто ты аддаеш ім! Але мусіш аддаць, Бабоўка таксама баялася, баяўся Пятрок, падкурчаныя ногі якога ў суконных, залапленых на каленях штанах дробненька падрыгвалі, калі ён з натугай утрымліваў карову! Сцепаніда таксама баялася — ведала, дабром гэта не скончыцца.

— Генуг! — раптам скамандаваў фельдфебель — вядро было поўнае. Карла выпрастаўся і асцярожна, каб не разліць, паставіў малако перад начальствам. Фельдфебель з лютасцю ў скіраваным на яе позірку тужэй сашчапіў пульхныя пашчэнкі.

— Ком!

Яна ўжо ведала, што азначае гэтае слова, і памалу падышла да яго, спынілася за два крокі, не могучы адарваць позірку ад вядра, у якім зверху ціхенька гойдалася малочная пена. Яна чакала крыку, пагроз, але рыжы фельдфебель не крычаў, ён толькі пасунуў наперад да спражкі сваю кабуру.

— Паночку! — раптам чужым тонкім голасам закрычаў Пятрок і каленямі бухнуўся на непрасохлы пасля дажджу дол. — Паночку, не трэба!

Тут толькі яна зразумела, што немец хоча дастаць свой рэвальвер, і сэрца яе непрыемна скаланулася ў грудзях. Але яна не скранулася з месца, яна толькі сачыла, як ён нешта няўмела поркаецца там з рэвальверам, не можа яго адшпіліць, ці што. Пятрок і яшчэ заекатаў, пасунуўшыся бліжэй на каленях, з пакамечанай шапкай у руках, сівы, няголены і няшчасны. Яна ж стаяла, як адзервянеўшы, нібы непадуладная смерці, хоць і гатовая да яе кожную секунду. Але замест рэвальвера немец урэшце адшпіліў нейкі белы даўгаваты ланцужок, і, перш чым яна паспела што зразумець, пякельны боль аперазаў яе плячо і шыю. Яна ўскінула руку, тады дужа апякло пальцы на руцэ, ляснула па спіне, добра, што на плячах была ватоўка, праз яе было не так ужо і балюча. Фельдфебель нешта злосна крычаў і яшчэ некалькі разоў выцяў яе, але найбольш балелі пальцы пасля другога ўдару, спіне ж было амаль не балюча. Тым болей яна знайшла, як захінацца ад яго ўдараў — не пальцамі, а болей локцем, і ён, лупнуўшы з усяе сілы яшчэ разы два, мусіць, зразумеў, што надта яе не проймеш. Тады ён апусціў ланцуг і крычаў, ад натужнае злосці чырванеючы белабровым тварам, але яна, бы глухая, не слухала яго крыку і не хацела разумець

яго. Краёчкам увагі яна адчула, як там, ля палаткі і ля кухні, нешта кпліва ржалі два ці тры немцы — мусіць, тое, што вытваралі з ёй, здавалася ім надта смешным, мусіць, для іх гэта было вясёлай забавай. Што ж, гагачыце, праклятыя, забаўляйцеся, падумала яна, біце няшчасную жанчыну, якую няма каму абараніць. Але ведайце: у гэтай жанчыны ўсё ж ёсць сын-салдат, ён вам папомніць. Хай не цяпер — прыйдзе час, паквітаецца за матчыны боль і знявагу. І ты ўстань, Пётра, нягожа поўзаць перад імі на каленях. Хай! Пабілі яе, як якую прыблуду, на сваім жа двары, пад смех і гогат, але яна сцерпіць. Цярпі і ты.

Пякучым болем гарэлі шыя пад вухам і пальцы на левай руцэ, калі яна марудным крокам, прыдушаная невыказнаю крыўдай, пайшла на дрывотню, каб засланіцца ад іх нахабных вачэй, а можа, і заплакаць. Але каб яны не бачылі. Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы. Шкада, у яе даўно не было слёз, быў толькі гнеў, прыдушаны і ледзьве падуладны ёй, ад якога найперш ёй самой было дужа нясцерпна. Ну але хай, суцяшала яна сябе, хай! Яшчэ пабачым. Можа ж, не застрэляць да вечара, яшчэ пажывём трохі…

8

Усю ноч да золаку Пятрок курчыўся на сваіх мулкіх дзежках пад кажушком, стараўся заснуць. Спярша ўсё слухаў, што рабілася на падворку, дзе хоць і сцямнела, але не было спакою: чулася незнаёмая гамана, вокрыкі, смех — чамусь дапазна там не было ўгамонку. У сенцах раз за разам грукалі дзверы, там усё бегалі ў хату і з хаты, бразгалі посудам, мусіць, частаваліся камандзіры. Спакваля, аднак, усё сціхла, немцы паснулі, але Петрака ўсё роўна не брала на сон; гаротна і неадчэпна думалася: што ж гэта будзе? Гэта ж паслаў Бог кару на дваіх старых — за што толькі? Пятрок хацеў запытаць аб тым жонку, але на ягоны здаўлены шэпт яна не азвалася, а гукаць да яе мацней ён не адважыўся: ён ужо быў навучаны і баяўся нават у сваёй хаце. Цяпер дык, мусіць, самы раз і было баяцца.

На золаку ён усё ж задрамаў, здалося, зусім трошкі, і ўбачыў дурны сон пра пацука. Пад жорнамі ў істопцы здаўна была шырокая пацукова нара, з якой цяпер высоўвалася нейкае дзікае стварэнне з клыкастаю, нібы ў дзіка, зяпай, Пятрок шпурляў у яго венікам, затым пароў туды даўгім кійком, ды марна: пацук хаваўся, каб затым вылезці зноў і пагрозліва зяваць сваёй клыкастаю зяпай, не то пагражаючы, не то пацяшаючыся з людзей. Урэшце Пятрок ухапіў ля парога паржаўлены стары калун і шпурлянуў ім па нары ў куце, але, мусіць, зачапіў жорны, і тыя з грукатам грымнуліся ў куце, дзе стаялі, толькі закурэў пыл у істопцы.

Пятрок тут жа прачнуўся, адразу цвяроза зразумеўшы, што грымнула дзесь наяве і побач. У істопцы было віднавата, займаўся ранак, на шархоткай земляной падлозе пасярод істопкі відаць былі ягоныя апоркі, жорны стаялі сабе на месцы ў куце, а Сцепаніды на тапчане пад акенцам чамусь не было, ляжаў толькі ўмяты яе сеннічок. Пятрок, як быў босы, сігануў да акенца з замурзаным, у павуцінні шкельцам, праз якое, аднак, убачыў падворак з кухняй і там злоснага кухара, які стаяў з узнятаю ў руках вінтоўкаю. Якраз у той час ён ляснуў затворам, выкінуў на траву гільзу і пайшоў кудысь у варотцы. Вінтоўку жоўтаю раменнай почапкай павесіў на тын ля кухні.

Спалохаўшыся ад думкі, ці не там Сцепаніда, Пятрок, босы, толькі накінуўшы на плечы кажушок, выскачыў на ганак: поруч з палаткі высунуўся немец, неапрануты, у помачах паверх сіняе майкі, але ў суконнай пілотцы на галаве, ён нешта крыкнуў кухару, ды той не адказаў за тынам. Зрэшты, праз момант усё стала зразумела, калі той паявіўся ў варотцах. У ягонай паднятай на паказ руцэ павісла распластаная варона, з яе разяўленай дзюбы капала кроў, і яна яшчэ слаба варушыла чорным, абвіслым крылом.

Пятрок кінуў позірк на хлеў — вароты былі ўжо расчынены, значыць, Сцепаніда пагнала ўжо Бабоўку. Гэта дало Петраку спакою — чорт яе бяры, тую варону, было не прылятаць, не каркаць — накаркалася на сваю галаву.

Поделиться:
Популярные книги

Отмороженный 8.0

Гарцевич Евгений Александрович
8. Отмороженный
Фантастика:
постапокалипсис
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 8.0

Наследник пепла. Книга I

Дубов Дмитрий
1. Пламя и месть
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Наследник пепла. Книга I

Отмороженный

Гарцевич Евгений Александрович
1. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный

Инкарнатор

Прокофьев Роман Юрьевич
1. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.30
рейтинг книги
Инкарнатор

Слабость Виктории Бергман (сборник)

Сунд Эрик Аксл
Лучший скандинавский триллер
Детективы:
триллеры
прочие детективы
6.25
рейтинг книги
Слабость Виктории Бергман (сборник)

Хозяйка заброшенного поместья

Шнейдер Наталья
1. Хозяйка
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка заброшенного поместья

Золотой ворон

Сакавич Нора
5. Все ради игры
Фантастика:
зарубежная фантастика
5.00
рейтинг книги
Золотой ворон

На границе империй. Том 10. Часть 5

INDIGO
23. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 5

Адвокат Империи 2

Карелин Сергей Витальевич
2. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 2

Два мира. Том 1

Lutea
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
мистика
5.00
рейтинг книги
Два мира. Том 1

Черный дембель. Часть 3

Федин Андрей Анатольевич
3. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 3

Крепость над бездной

Лисина Александра
4. Гибрид
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Крепость над бездной

Флеш Рояль

Тоцка Тала
Детективы:
триллеры
7.11
рейтинг книги
Флеш Рояль

Шесть тайных свиданий мисс Недотроги

Суббота Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
7.75
рейтинг книги
Шесть тайных свиданий мисс Недотроги