Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
Усё ж яна, здаецца, трохі задрамала і падхапілася ад нейкага неўсвядомленага нутранога штуршка, услухалася. Пад жорнамі ціхенька драпаў пацук, ды сіпата, з прысвістам, дыхаў на дзежках Пятрок. Яна села на ўслоне, спусціла ногі на дол. Цяпер ужо нічога не было ў яе жаданнях, апроч упартае прагі цішыні, каб зрабіць тое, што яна ўжо не магла не зрабіць. Быццам не па сваёй волі, а па нечым жалезным прымусе яна ступіла да дзвярэй істопкі, ціхутка, як толькі можна было, павярнула закрутку і прыадчыніла старыя, сточаныя шашалем дзверы. Добра, яны не скрыпнулі, толькі прашэрхалі трохі, і яна пакінула іх так, не зачыненымі. Затым яна на дыбачках наблізілася да расчыненых дзвярэй з сянец, у якія трохі задзімаў вецер, услухалася. У хаце хтось сонна хроп — не дужа каб моцна, а так, супакоена-роўна, і гэта яе абнадзеіла. Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце,
Яна дужа баялася, можа, так, як не баялася ніколі ў жыцці, асабліва калі выйшла з дрывотні і на дрыготкіх нагах, аж хістаючыся, дабегла да тыну. Ёй не трэба было аглядацца ў цемры, яна пэўна ведала, дзе было тое месца, і цяпер адразу намацала рукой вінтоўку, ухапіла яе за тонкую рулю. Вінтоўка аказалася цяжэйшаю, чым яна думала, як бы, боўтнуўшы, яна не падняла ўсіх на ногі. Гэта трохі збянтэжыла Сцепаніду, але перайначыць намер яна ўжо не мела сілы, — на дыбачках яна падскочылі да калодзежа і апусціла ў зруб вінтоўку. Перад тым як назусім выпусціць яе з рукі, кінула позірк на хату і пакатую гарбіну палаткі, але тая сонна спакайнела ўначы, ніхто з яе не паказваўся, і яна разняла пальцы.
Сцепаніда ўжо адскочыла ад калодзежа, калі ў ягонай глыбі глуха і нутрана боўтнула, здалося, жахліва-грымотна боўтнула, але яна хуценька падбегла да істопкі і пад яе сцяной прашмыгнула ў сенцы. Тут ажно спалохалася, намацаўшы зачыненыя дзверы ў істопку, але ўспомніла, што яны часам зачыняліся самі, і цяпер дрыготкімі рукамі расчыніла іх за драўляную ручку.
Перш чым зачыніцца з істопкі, хвіліну памарудзіла, — не, усё скрозь было ціха, здаецца, удалося. «Што цяпер будзе заўтра?» — нібы ў гарачцы калоцячыся ўсім целам, думала яна і, можа, толькі цяпер спалохалася як мае быць. Жах апанаваў яе з такой лютасцю, што яна дробна засакатала зубамі і, пэўна, тым абудзіла Петрака.
— Што, сцюдзёна? На во мой кажух, накрыйся… — прабурчэў ён спрасоння і зноў сіпата, мерна задыхаў.
Сцепаніда ж не заснула да ранку.
10
Немцы падняліся раненька, яшчэ давідна, Пятрок пачуў іхнія крокі ля істопкі, кашаль, прыціхлыя хрыплаватыя галасы на падворку. Бразгнула вядро ў калодзежы — пачалі цягаць ваду, мусіць, для кухні. Пэўна, учарашняе свята скончылася, сёння, мяркуючы па ўсім, яны меліся брацца за справу.
Пятрок ляжаў на ледзьве прыкрытых транцём мулкіх накрыўках дзежак, напяўшы на галаву кажушок, слухаў знадворныя гукі і думаў: якія яны ўсё ж не такія, як нашы людзі, гэтыя немцы, — усё ў іх па-свойму, інакш. Нават учора ўвечары, як наладзілі сабе частаванне, свяцілі электрычнасцю, елі з талерак і пілі з маленькіх белых чарачак шнапс, развесяліліся, гаманілі, але амаль так, як звычайна, п’яных не было ніводнага. Афіцэр і гэты фельдфебель частаваліся ў хаце асобна, куды ім насілі мяса ў талерках, накрытых хустачкамі, і таксама елі-выпівалі сцішана, без гаманы, а галоўнае, не даўжэй, чым пры звычайнай вячэры. Мусіць, мінула гадзіна, не болей, і на прыступкі выйшаў фельдфебель, нешта скамандаваў, і на падворку адразу як вымела — усе зашыліся спаць у палатку. «Дысцыплінка, аднак, вашай матары, — падумаў Пятрок з ціхаю зайздрасцю. — Слова начальніка — у іх як закон, усе ядуць, робяць і моляцца па камандзе. Не дзіва, што перамагаюць».
Але вось з’елі і Бабоўку. Пятрок трохі і злаваў ад думкі, што, можа, трэба было не рыпацца, аддаць ім тое малако, хай бы жралі сабе, калі такія аматары на малочнае, нашто было хітраваць? Праз гэтыя Сцепанідзіны хітрыкі, мабыць, і засталіся цяпер без каровы. Але ўпэўненасці ў тым не было, Пятрок разумеў, што магло здарыцца так, што ўсё роўна адабралі б карову, — не цяпер, дык пасля, ад’язджаючы. Вядома, лепей было б схаваць. Толькі як схаваеш
У істопку данёсся знадворку прыемны, саладкаваты, быццам нават знаёмы пах, і Пятрок не адразу ўцяміў, што гэта запахла кавай. Ну пэўна ж, ён чуў яшчэ з той вайны, што германцы зранку найперш п’юць каву, а не які-небудзь квас або чай, як, напрыклад, расейцы. Пятрок ніколі не спытваў гэтага пітва і думаў, што, мабыць, яно дужа смачнае. Але што марыць пра каву, тут во солі засталося жменькі са тры, як без солі будзеш есці гэтую бульбу! Не палезе ў горла. Бяда, дый годзе!
Знадворку патроху віднела, але сонца не было відаць, чутно толькі — у страсе шастаў напорысты вецер, здаецца, на ўчарашнім дні і скончылася добрае надвор’е. З ночы ў старой, з гнілаватымі сценамі істопцы было халаднавата. Пятрок і так і гэтак туліўся пад кажушком, але ўсё роўна азяб і думаў, што трэба ўставаць. Адным вокам скоса ён зірнуў на сеннічок пад акенцам — Сцепаніда, бы нежывая, ляжала скурчаная пад ватоўкаю, і ён падумаў: перажывае Бабоўку. Ведама ж, якое бабе жыццё без каровы? Без каровы жанчыне нельга.
Толькі ён надумаўся ўставаць, як дзверы ў істопку моцна тузануліся з сянец і на парозе з’явіўся немец — той самы злы кухар у перакручанай упоперак галавы пілотцы, за ім ішоў малады ў акулярах. Пятрок хуценька сеў на дзежках, мацаючы рукавы кажушка, а кухар, нічога не кажучы, бліснуў ручным ліхтарыкам і замітусіў ім па істопцы, высвечваючы па чарзе пыльныя камяні жорнаў, паліцу, вялікую кадзь у куце; падскочыў да парожніх засекаў, пачаў расчыняць вечкі, зазірнуў ва ўсе тры. Два былі парожнія зусім, а ў трэці яны насыпалі з торбу ячменю — на крупы. Затым, гаркнуўшы: «Вэк!» — ён падскочыў да Петрака, той босы зляцеў на сцюдзёную падлогу, а немец паскідаў прэч усе яго апраткі, накрыўкі з дзежак, зазірнуў у кожную. Невядома, якога чорта шукаючы, сагнуўся пад жорны, абматляў белаю плямкай з ліхтарыка сцены, куткі, нават столь і, не сказаўшы ні слова, выскачыў у сенцы.
Пятрок надзеў у рукавы кажушок, зачыніў за ім дзверы і павярнуўся да жонкі, якая з абыякавым выглядам сядзела на сваім сеннічку.
— Што гэта ён?
Сцепаніда цепнула плячыма і моўчкі ахінулася хусткай, нетаропка надзела ватоўку. Здавалася, яна была абыякавая да з’яўлення немца, адны толькі вочы сведчылі, што яна пільна прыслухоўвалася да таго, што адбывалася на падворку. Пятрок, нічога не цямячы, зазірнуў у акенца — немцы там штось узбуджана, нават нібы напалохана гаманілі, пастаўшы ля кухні, некаторыя чамусь швэндаліся ля хлява, па дрывотні. Чаго яны там шукалі?
— Быццам нешта згубілі, — сказаў ён жонцы.
Але не паспела тая адказаць, як усе ад кухні рушылі да сяней, густа затупалі ботамі і ўжо не адзін, а трое адразу ўваліліся ў істопку, і пайшло… Са злым, рашучым выразам на тварах яны пачалі пераварочваць дагары нагамі ўсе дзежкі, кубелкі, скідаць з цвікоў транты; разграблі нагамі кучу бульбы ў сенцах, з грукатам адкінулі прэч вечка куфра і ўмомант перавярнулі там усё. Пятрок сцяўся ля шула, ён маўчаў, бо ў яго не пыталіся нічога. Ён пазіраў толькі, як даўгалыгі немец зласліва варочае ўсё ў істопцы: кашы, адсоўвае кадзь з канаплёй, рассоўвае спрэс чыгуны. Падскочыўшы да Сцепаніды, каленам перамацаў яе сеннічок на ўслоне. У акенца Пятрок бачыў, як некалькі салдат узлезлі на снапы ў паветцы і таксама пароліся там, ботамі таўкучы яго хлебны запас, скідваючы некаторыя снапы на зямлю ў вароты.
— Што, паны, шукаеце? — як мага ласкавей запытаўся Пятрок.
Даўгалыгі, змераўшы яго ледзяным позіркам, нешта незразумела прагергетаў, злоснае ці пагрозлівае, і Пятрок не пытаўся болей. Урэшце, пакінуўшы разгромны вэрхал у сенцах і ў істопцы, немцы вымеліся на падворак і там усё яшчэ хадзілі па завуголлі, зазіралі на прызбы, за тын у крапіву і нават на аброслую мохам страху істопкі.
— Здурнелі, ці што? — зусім ужо недаўменна сказаў Пятрок.
Мусіць, трэба было рабіць нейкі парадак, але ён раптам учуў знадворку знаёмы гук струны і злякнуўся: яны апаролі ягоную скрыпку. «Ах ты, горачка яшчэ», — падумаў Пятрок, гатовы заплакаць ад такой прыкрасці. Але што тут было рабіць? Калі ўзялі, дык, пэўна, пазабавяцца ды, можа, аддадуць. А калі не аддадуць, дык паб’юць, паламаюць? Не надта, аднак, разважаючы, ён памкнуўся ў сенцы якраз у той час, як з хаты адчыніліся дзверы і з іх, угнуўшы галаву ў высокай фуражцы, вылез афіцэр і за ім выкаціўся кругленькі фельдфебель. У сенцах яны сутыкнуліся, і Пятрок блытана ад хвалявання загаманіў: