Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
— Падмочаны? Ну да. Зляжаўся, як гліна. Эх ты, галава калматая, купаў ты яго, ці што?
— Чаму купаў? У яме ляжаў — дык вільгаці набраўся.
Брытвін штось пашукаў наўкола вачмі.
— А ну дай шынель!
Міця паслухмяна збегаў да вогнішча па шынелак, і Брытвін шырокім рухам распластаў яго на траве.
— Высыпай!
Даніла вываліў усе з меха — на шынялі аказалася ладная куча жоўтае, з камякамі мукі, ад якой курэла рудым смярдзючым пылам. Усе чацвёра абступілі яе, Сцёпка таксама памацаў некалькі сыраватых
— Ладна. Сушыць трэба! — падабрэла рашыў Брытвін. — Дзмітры, сядай на каня і дуй па малако. Дарога дзе?
— Якая дарога? — не зразумеў хлопец.
— Дарога, па якой возіш. Дзе, далёка адсюль?
— Не дужа каб. Можна выехаць. Па кусціках.
— Давай! — прыспешыў Брытвін. — Мы чакаем. А тады дамовімся.
— Добра.
— Толькі глядзі: каб ніхто ні-ні!
— Ну.
— Ні адна душа каб не сніла, не бачыла. А не — дык…
— Знаю. Што я — не разумею? — гатовы быў пакрыўдзіцца Міця.
Невялічкі і рухавы, ён павалок за сабой на ўзгорак коніка, які, цяжка хакаючы, каторы ўжо раз адолеў круты касагор. Кусты хутка схавалі іх, недзе там пачулася ціхае «тпру», потым тупат капытоў па сцежцы.
Брытвін павярнуўся да Сцёпкі.
— Давай па галлё! Паболей. Сушыць будзем.
— Як сушыць? — заморгаў вачмі Даніла. — Ля агню?
— На агні! — адрэзаў Брытвін.
Даніла зусім знерухомеў.
— А гэта самае… не ўзарвецца?
— Не бойся. А ўзарвецца — не вялікая бяда. Ці жытухі шкада?
Замест адказу Даніла валюхаста пераступіў з нагі на нагу і пасунуў наперад сваю процігазную сумку. Там нешта грувасцілася, камякамі выпіраючы ў бакі, напяты раменьчык быў зашпілены на апошнюю дзірачку. Адшпіліўшы яго, Даніла дастаў ладны акрайчык хлеба.
— А, гэта маладзец. Здагадлівы.
— I во яшчэ — задаволена буркнуў Даніла, варухнуўшы сумкай, з-пад вечка якой тырчала рыльца бутэлькі з самадзельнай папяровай затычкай.
— Атлічна! Толькі пасля. Не цяпер. Давай болей галля! Усе па галлё! — бадзёра камандаваў Брытвін.
Сцёпка, глытнуўшы сліну, раптам на ўсю глыбіню адчуў свой пусты жывот і з неахвотай адарваў позірк ад Данілавай сумкі, якую той асцярожна паклаў ля шыняля.
Аўтамат ён, пэўна, не збіраўся аддаваць і нават не знімаў яго з-за спіны. Сцёпку гэта пачало не падабацца, і ён ступіў да Данілы.
— Аўтамат давай!
Даніла павярнуўся, зірнуў на хлопца, потым, бы шукаючы падтрымкі, — на Брытвіна.
— Ну, што глядзіш! Здымай, кажу!
— Ладна, аддай, — прымірэнча сказаў Брытвін. Нехаця Даніла сцягнуў аўтамат цераз галаву, сапхнуўшы на траву шапку.
Яны палезлі на ўзровак, бо паблізу ўжо ўсё было падабрана за ноч, ламачча трэба было шукаць далей. Даніла ў акуратнай ватоўцы і ботах зрабіўся зусім не падобны на сябе ранейшага, у сялянскім адзенні і ў лапцях. Набыўшы нейкі не ўласцівы яму зухаваты, вайсковы выгляд, ён нібы памаладзеў, хоць па-ранейшаму не траціў
Яны вылезлі з рова. Сцёпка трохі пакрыўджана маўчаў, Даніла, мусіць, адчуўшы тое, адсопся і запытаў:
— Міну тэй хлопец павязе?
— А я адкуль знаю?
— Брытвін не казаў?
— Мне не казаў,— буркнуў Сцяпан, не маючы ахвоты гаварыць з гэтым чалавекам.
Даніла дабрадушна згадзіўся:
— Гэты не скажа. Але я бачу…
«Бачыш, ну, і ладна», — падумаў Сцёпка, забіраючы ўбок ад яго. Яны разышліся па парасніку. За ноч трава ў доле трохі падсохла, лес таксама зрабіўся сушэйшы і болей прыветны, хоць сцюдзёныя кроплі не-не ды апякалі за каўняром скуру. Месцамі тут раслі елкі з бярозамі, і скрозь раскашаваў абмыты дажджом алешнік, у якім дзе-нідзе зелянелі густаватыя купкі ядлоўцу. Сушняку тут хапала. Сцёпка хутка назбіраў бярэма, прыхапіў за камель ссечаную сухую яліну, павалок за сабой.
Тым часам у рове на сярэдзіне прагаліны ваўсю ўжо гарэла новае вогнішча, у якое Брытвін кідаў прынесены Данілам сушняк. Даніла ж яловымі лапкамі, як памялом, размятаў затухлае начное вуголле.
— Давай сюды! — прыпыніў хлопца Брытвін. — Бяры і падкладвай, каб зямля грэлася. Будзем аманіт смажыць.
Падкладваючы ў агонь, Сцёпка з прыцішанаю асцярогай пазіраў, як яны там, на выгаралай чорнай плешыне, разаслалі распоратую ўдоўж тарбіну і ссыпалі на яе раскрышаныя жаўтлявыя камякі аманіту. Неўзабаве ад гэтых камякоў пацягнула парай і нейкім удушлівым, рэзкім смуродам. Даніла жмурыў вочы, а пасля, кінуўшы ўсё, пачаў аберуч церці іх. Брытвін грубавата падбадзёрваў зводдаль:
— Нічога, нічога! Жывы будзем! Хіба вошы падохнуць.
— А хай яго! Як усё роўна цыбуля!
Наўсцяж па рове папоўз удушлівы серны смурод; добра, што ранішні ветрык гнаў яго, як і дым, нізам, па ручаі; на адным краі прагаліны можна было трываць. Цяпер справа была за часам. Пазіраючы, як сохне на гарачым подзе іхняя ўзрыўчатка, Брытвін з Данілам селі ўбаку, і Даніла ўзяўся за сумку.
— Ты, ідзі сюды! — паклікаў Брытвін.
Сцёпка рабіў выгляд, што заняты вогнішчам, і яшчэ паклаў туды дзве галіны, хоць зноў пакутна глынуў сліну. Брытвін зласнавата гукнуў:
— Ну што — прасіць трэба?
Знарок нетаропка, бы нехаця, ён падышоў і атрымаў з Данілавых рук цвёрды ражок акрайца.
— I давай палі. Гэты астыне — на той перакладзём. А то скора Дзмітры прыедзе, — гаманіў Брытвін.
Сцёпка вярнуўся да вогнішча і незаўважна праглынуў усё — хлеб быў такі смачны, што, здавалася, з’еў бы ўвесь акраец. Падкладваючы ў агонь галлё, ён неўпрыцям кідаў позіркі на іх двух. Аманіт у грудцы на мяху, здаецца, памалу сох, быццам і смярдзеў ужо меней. Раз-поразу Даніла памешваў яго палкай, Брытвін, пазіраючы за ім, гаманіў:
Хозяин Теней 3
3. Безбожник
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
рейтинг книги
Гоплит Системы
5. Пехотинец Системы
Фантастика:
фэнтези
рпг
фантастика: прочее
рейтинг книги
Приватная жизнь профессора механики
Проза:
современная проза
рейтинг книги
