Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Даніла на момант, мабыць, збянтэжыўся ад гэтага амаль начальніцкага вокрыку і няўцямна павярнуў голаў да невыразнае ў змроку постаці былога ротнага. Неяк так атрымлівалася, што той цяпер браў над імі двума старшынство, хоць аб гэтым яшчэ і не было ніякай гаворкі.

— Падвода, кажу, трэба. Не можам жа мы тут сядзець, пакуль паліцаі налезуць. Вёска далёка?

Даніла агледзеў змрочныя лясныя схілы, нібы там можна было што ўбачыць.

— Валатоўка тут недалёка, бытта. I хутары. Хутары, мабыць, бліжэй.

— Дзе, у які бок?

Даніла няпэўна тыцнуў рукой у цемру.

— Ось бытта туды, як па рове. Трошкі можа лявей.

— Так! —

прыкінуў Брытвін. — Ты, як фамілія? Сцёпка не адразу і зразумеў, што гэта звяртаюцца да яго, але Даніла ахвотна падказаў:

— Тоўкач яго.

— Ану, Тоўкач, марш за падводай. Інакш твой Маслакоў у пяць хвілін дуба дасць. Паняў?

Сцёпка хуценька ўстаў, адчуваючы, што гэта праўда. Тое, што яго пасылалі немаведама куды, у ноч, цяпер не крыўдзіла, хоць спярша ён і адчуў маленькае недаўменне: чаму не Данілу, які тут ведаў усе хады-выхады. Але, бадай, Даніла патрэбны быў ля параненага, зноў жа — ён столькі валок яго цераз лес. Падабраўшы з долу аўтамат, Сцяпан устаў і палез у мокрае кустоўе.

З вецця лілося, ён аж асцерагаўся яго чапаць, хоць і без таго даўно ўжо намок. На схіле ў мокрай траве было слізка, хлопец некалькі разоў упаў і ўрэшце сышоў ніжэй, да ручая. Тут, аднак, было не лягчэй. Ён доўга прабіраўся праз мокрыя травяныя зараснікі, абышоў прагаліну, заваленую сухім ламаччам. У дашчэнту змакрэлых ягоных ботах надакучліва чвякала, ануча збілася на пяту і муляла, жорсткія калівы папараці рэзалі голыя пальцы. Але ён, не спыняючыся, таропка прадзіраўся ў кустоўі і толькі думаў, каб не заблудзіць, не прыпазніцца, знайсці падводу, якую чорт ведае дзе і шукаць. Найперш трэба было знайсці вёску. Праўда, ён не першы раз ужо хадзіў па начы і трохі ўмеў арыентавацца, у асноўным па формах рэльефу: адкладваў у памяці ўвесь шлях — дзе ўніз, дзе ўгору, дзе касагор або балацявінка. I ўсе павароты таксама.

Праз нейкі час лясное кустоўе абапал асела ніжэй, угары шырэй разлеглася шараватая святлявасць неба, на якім у двух-трох мясцінах слаба бліснула некалькі зорак, — роў аставаўся ззаду. З ім неўзабаве скончыліся і зараснікі, хлопец апынуўся на лужку, а ўзяўшы правей, вылез па касагоры на ўзгорак. Ісці стала лягчэй, мокрыя боты роўна шорхалі ў рослай густаватай азіміне, наперадзе высіліся нейкія бялявыя купкі — здавалася, людзі. Але людзей тут не магло быць, то цвілі грушы-дзічкі. I тым не менш Сцёпка міжвольна браў стараной, далей ад іх — страх не страх, а нейкая інстынктыўная засцярожлівасць прымушала яго паводзіць сябе тут надзвычай чуйна. Праўда, ён зусім не ведаў, куды ісці, і часам лавіў сябе на тым, што паварочвае то ўправа, то ўлева, — самае горшае без дарогі. Так можна круціць да ранку і нават зноў выйсці да рова.

Але вось шорхат азіміны пад нагамі сціх, і ён апынуўся на чымсь голым і цвёрдым, не адразу зразумеўшы, што гэта дарога. Тады ён паглядзеў у адзін яе канец, у другі — дарога пралегла якраз упоперак ягонаму кірунку, а ў які бок было лепш павярнуць, ён не ведаў. Прайшоў дзесятак крокаў улева, падумаў і вярнуўся ўправа, увесь час напружана ўзіраючыся ў прыцьмелую далячынь, у якой была няпэўнасць і нешта загадкава-страхавітае.

Дарогай ён ішоў, мабыць, доўга, думаючы, што нарэшце павінна ж яна прывесці ў вёску. Трапіць на вясковую вуліцу ў яго не было намеру — там варта, мужыкі і паліцаі; хто ведае, як паставяцца яны да незнаёмага начнога прыблуды. Лепш зайсці з гарода ў які двор. Праўда, цяпер у яго аўтамат — новенькі, з лакіраванай ложай ППШ, з якім можна пастаяць за сябе, — гэта

не вінтоўка ўзору 1891 года. Але ўсё ж лепш асцярожна. Неасцярога ім надта дорага абышлася сёння.

Наперадзе, аднак, зноў, здаецца, чакаў яго лес — нагрувашчаная чарната няроўнай паласой зусім затуліла і без таго азмрочаны краявід. Сцёпка прыцішыў крок, аўтамат перасунуў на плячы пад паху, гатовы кожную секунду рвануць кароценькую ручку затвора. Але ён яшчэ не дайшоў да гэтае чарады дрэў, як учуў збоч нібыта знаёмы, хоць адразу і не зразуметы ім глухі стук аб зямлю. Хлопец стаў, і тады, выразней пачуўшы ўдары, здагадаўся, што гэта забівалі кол. Так, мусіць, кол, ды яшчэ калі камянём — некалькі цяжкаватых тугіх удараў аддалося ў зямлі. Сцёпка падумаў, што б гэта магло значыць, і пасля, абнадзеены, нясмела яшчэ ўзрадаваўся.

Ён збег з дарогі і паціху, ледзь не крадком, падыбаў на гэты стук, які, аднак, тут жа сціх. Тады Сцёпка прысеў, знізу угору агледзеў святлявы край неба — паблізу нічога падазронага не было відаць. Мякка, амаль нячутна ступаючы па пожні, ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і зноў, прыгнуўшыся, агледзеўся. Зноў нічога навокал не было відаць, толькі зводдаль шырока чарнела куп’ё лазняку, між якога тырчалі ўгору рэдкія дрэўцы алешын. Тым часам трава ў доле пабольшала, стала мякчэй, пад ботамі мокра зачвякала — мусіць, пачыналася забалаць. Ён ужо хацеў быў павярнуць у абход, як зусім побач — так блізка, што ён ажно скалануўся, знянацку ўбачыўшы, — быў конь. Пачуўшы хлопца, конь трывожліва махнуў галавой і сціх, а Сцёпка прыпыніўся, прысеў, зірнуў сюды-туды, але блізка, здаецца, нікога не было. Асцярожліва, каб не спудзіць жывёліну, ён пайшоў да каня.

Конь па-ранейшаму ціха стаяў з цікаўнай страхавітасцю, завярнуўшы галаву ў яго бок і, відаць па ўсім, недаўменна чакаў яго набліжэння. «Кось-кось», — ласкавым шэптам паклікаў Сцёпка і выцяг руку, нібы ў ёй было што смачнае. Потым гэтаю ж рукой ён намацаў у доле вяроўку і кароценькі калок, убіты ў пожню, які тут жа, натужыўшыся, выдзер. Цяпер трэба было, не спудзіўшы каня, узлезці на яго.

Сцёпка закінуў за спіну аўтамат і, перабіраючы ў руках вяроўку, памалу пацягнуў за аброць. Конь выцяг морду, але не пайшоў. Тады Сцёпка сам пайшоў да яго, трымаючыся за вяроўку, але яшчэ не дайшоў, як конь раптам коратка і пужліва заржаў.

Сцёпка другі раз скалануўся і вылаяўся, злосна тузануў за аброць. Ён падышоў ужо ўпрытык і рукой ухапіўся за мокры цвёрды хрыбет, ды конь крутануўся задам, не даючыся. «Ах ты, падла!» — сцішана вырвалася ў хлопца злосна-роспачнае, як праклён. Не выпускаючы вяроўкі, ён ўжо болей рашуча аберуч ухапіўся за хрыбеціну, але скочыць зноў не паспеў — конь матлянуўся ўбок.

I тады ззаду ён пачуў глухаватыя, як удары ў зямлю, штуршкі нечых крокаў.

— Хто гэта? — пачулася страхавіта-пагрозлівае. — Што ты робіш?

Сцёпка адскочыў ад каня, але вяроўкі не выпусціў, толькі правай рукой за ствол саўгануў з-за спіны аўтамат. Тут жа ён зразумеў, што аўтамата можна было не чапаць, — да яго бег нехта адзін: невялічкі, у расхрыстанай адзежыне чалавек, босы, як гэта ён адразу пазнаў у змроку па тонкіх, з падкасанымі штанамі нагах. Не адказваючы, Сцёпка счакаў, пакуль той, запаволіўшы бег, нерашуча падыходзіў да яго.

— Куды вы бераце? Гэта мой конь.

Па голасе Сцёпка канчаткова ўпэўніўся, што гэта падлетак, і зноў адчуў сябе амаль спакойным і ўпэўненым. Ён падумаў, што зблізку выгляд яго і асабліва зброя дадуць хлопцу ўсё зразумець без роспытаў.

Поделиться:
Популярные книги

Черный Маг Императора 13

Герда Александр
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 13

Пророк, огонь и роза. Ищущие

Вансайрес
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Пророк, огонь и роза. Ищущие

i f36931a51be2993b

Admin
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
i f36931a51be2993b

Доктор 4

Афанасьев Семён
4. Доктор
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Доктор 4

Адвокат Империи 7

Карелин Сергей Витальевич
7. Адвокат империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Адвокат Империи 7

Неправильный солдат Забабашкин

Арх Максим
1. Неправильный солдат Забабашкин
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Неправильный солдат Забабашкин

Кодекс Охотника. Книга VII

Винокуров Юрий
7. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.75
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VII

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Пулман Филип
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Жена неверного ректора Полицейской академии

Удалова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
4.25
рейтинг книги
Жена неверного ректора Полицейской академии

Законы Рода. Том 11

Андрей Мельник
11. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 11

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Новый Рал 3

Северный Лис
3. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.88
рейтинг книги
Новый Рал 3