Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
— Ну а ты што? Асобнага запрашэння чакаеш? Півавараў?
Півавараў слаба паварушыўся і не ўстаў.
— Што гэта з вамі? — запытаўся лейтэнант.
— Я не магу, — з дзіўнай у іх становішчы адкрытасцю сказаў баец.
— Як гэта — не магу?
— Не магу. Пакіньце мяне…
— Вось гэта нумар! — здзівіўся Іваноўскі. — Ты што, жартуеш?
— Дурыць ён, а не жартуе! — зазлаваў Лукашоў і прыкрыкнуў: — Ану, устаць!
Тонкі слабасільны Півавараў, мабыць, не разлічваў на такую дарогу і ўжо дайшоў да мяжы ў сваіх і без таго не дужа вялікіх магчымасцях. Наўрад ці ад яго можна было чаго дабіцца, але і пакідаць яго пад
— Ану, уставайце! — строга скамандаваў Іваноўскі. — Сяржант Лукашоў, падніміце байца!
Ён не мог болей нічога, апроч як ва ўсёй строгасці выкарыстаць сваю ўладу — толькі яна магла тут падзейнічаць. Лейтэнант, вядома, разумеў усю бессардэчнасць свайго далёка не таварыскага патрабавання, разумеў, што гэты ўвогуле паслухмяны і старанны баец заслугоўваў лепшага з ім абыходжання. Але цяпер Іваноўскі перакрэсліў у сабе ўсякую сяброўскую сардэчнасць, пакінуўшы адну толькі халодную камандзірскую патрабавальнасць.
Лукашову, відаць, не трэба было загадваць двойчы, ён ступіў да байца і вырваў са снегу палку.
— Чуў? Устаць!
Півавараў расслаблена заварушыўся, пачаў уставаць, нібы аб чымсь разважаючы і ледзьве перамагаючы ў сабе знямогу. I Лукашоў ускіпеў:
— Канчай прыдурвацца! Устаць!
Дужым рыўком за каўнер сяржант паспрабаваў паставіць байца на ногі, але Півавараў толькі заваліўся на спіну, ускінуўшы нагу з лыжай. Лукашоў ірвануў яшчэ — баец шэрым бяссільным комам скурчыўся ў паднятай ім снежнай віхуры.
Не адолеўшы ў сабе дзіўнага, не ў лад з ягоным жаданнем пачуцця, лейтэнант рэзка перакінуў на разварот здаровую з лыжай нагу.
— Адставіць, Лукашоў!
— Што там адставіць! Нянькацца з ім… бач, прыкідваецца!
— Так, ціха! Ён не прыкідваецца. Півавараў, ану… Пару глыткоў.
Ён зняў з дзягі пляшку, усю дарогу ашчаджаную ім на пасля, на заўтрашні дзень, які, мяркуючы па ўсім, прыйдзецца праседзець у снезе, ды на дарогу назад, якая, зусім магчыма, будзе цяжэй, чым гэта. Нават напэўна будзе. Прынамсі, іх цяпер не праследавалі, іх проста яшчэ не бачылі, ноч і завея надзейна хавалі іх след. А што будзе заўтра? Можа, так здарыцца, што заўтра яны будуць з зайздрасцю ўспамінаць гэтую ўвогуле ціхую ноч. Але як бы там ні было сёння, а калі яны не дойдуць да месца, дык проста не атрымаюць магчымасці на гэта іх заўтра.
Півавараў некалькі разоў глытнуў з пляшкі, пасядзеў яшчэ, нібыта ў роздуме, і аслабела, хістка падняўся.
— Во і добра. Давай сюды вінтоўку. Давай, давай! А рэчмяшок возьме Лукашоў. Вазьміце, сяржант, у яго рэчмяшок. Зусім мала асталося. Самая дробязь. Затое давідна зашыемся ў ельнік, разведаем, выгледзім і вечарам такі тарарам зробім! На ўсю Смаленшчыну. Толькі б Хакімава дацягнуць. Як ён там, дыхае?
— Дыхае, таварыш лейтэнант, — сказаў Краснакуцкі, беручыся за сваю раменную лямку— А можа 6, пакінуць, га, таварыш лейтэнант? Закапалі б у стажок…
— Не! — цвёрда сказаў Іваноўскі. — Не выйдзе. А раптам немцы? Тады што? Нам жыць, а яму прападаць? Што тады генерал скажа? Памятаеце, ён нам наказваў: трымайцеся адзін за аднаго, болей вам не будзе за каго трымацца.
— Яно-то так, — уздыхнуў Краснакуцкі. — Ды каб недарма цягнулі…
Гэта праўда, падумаў Іваноўскі, магчыма, і дарма. Зусім можа быць, што іх намаганні ў адносінах да Хакімава акажуцца марнымі. Хутчэй за ўсё так і будзе. Столькі часу баец у непрытомнасці, ды яшчэ гэтая калатнеча, сцюжа, — закачанее,
Навучаны горкім уласным вопытам, лейтэнант выдатна разумеў, якая гэта бяда — паранены ў групе. I справа тут не толькі ў страце яшчэ аднаго патрэбнага байца. Гэта раненне нязносным фізічным грузам клалася на ўсіх і ставіла пад пагрозу выкананне баявой задачы. Цяпер яны, безумоўна, спозняцца, не здолеюць у цемры перайсці шашу, застануцца ў снезе на полі, дзе на іх проста могуць наткнуцца немцы. Але як ні перажываў Іваноўскі ад усведамлення такой бязрадаснай перспектывы, ён не мог дапусціць і думкі, каб пакінуць параненага. Абавязак камандзіра і чалавека ўладарна дыктаваў яму, што лёс гэтага небаракі, пакуль ён жывы, не можа быць выдзелены з іх агульнага лёсу. Кожны з іх павінен зрабіць для яго ўсё, што зрабіў бы для самога сябе. Гэтае правіла было законам для разведчыкаў Волаха, такім яно застанецца і ў групе Іваноўскага.
Як і ўсе ў групе, яе камандзір амаль выбіўся з сілы за гэтую надзвычай цяжкую ноч. З натугай пераадольваючы не моцны, але несціханы боль, ён ледзьве варушыў параненай нагой. Тым не менш, утаіўшы ад астатніх сваё раненне, ён заставаўся ў вачах байцоў роўны з усімі ў сваіх фізічных магчымасцях, і гэта без скідкі накладвала на яго роўныя з іншымі абавязкі. З нейкага часу ён пачаў адчуваць у сабе некаторую няёмкасць за тое, што, вымушаючы іншых на звышчалавечыя намаганні, сам ішоў улегцы, узяўшы ў якасці дадатковай нагрузкі толькі вінтоўку Піваварава. Ён не мог многага, але абавязак таварыскасці патрабаваў сумленна падзяліць з астатнімі ўсе іх дарожныя нагрузкі.
Яны абышлі хвойны ўзлесак і зноў рухаліся ўздоўж рэчышча, якое здавалася Іваноўскаму адносна бяспечным участкам шляху. На карце тут значыліся толькі лугі, хмызнякі і балоты, вёсак паблізу не было, і сустрэча з немцамі меркавалася найменш верагоднай. Дзве перамеценыя снегам дарогі яны перайшлі ўдала, нікога на іх не сустрэўшы. Цяпер заставалася апошняя — вялікая і, вядома, па-тылавому ажыўленая шаша, перайсці якую можна толькі ўначы. Але да шашы было яшчэ кіламетраў пяць — сем, і лейтэнант, хістаючыся ад знямогі, пачакаў Краснакуцкага.
— Ну як?
— Ды во, хутка выцягнуся. Далі б глыкнуць, ці што?
Лейтэнант даў яму пляшку, той зрабіў некалькі зацяжных глыткоў.
— Ну, лепш?
— Нібыта. Хутка зашабашым?
— Хутка, хутка. Давайце памалу. Удвох пацягнем.
— Ну якое ўдвох! Толькі тузацца будзем. Ужо сам як-небудзь… Быццам буран сціхае?
Лейтэнант азірнуўся і, на здзіўленне сваё, убачыў, што завея сапраўды амаль сціхла. Чорнае неба прыўзнялося, аддзялілася ад зямлі, унізе ляжала надзіва спакойнае белае поле, нібыта прыпухлае ад сакавітай начной белізны. Па баках зноў паявілася шэрая блытаніна хмызняку з рэдкімі плямамі маладых елачак. Мабыць, набліжаўся ранак. Ацяжэлай рукой лейтэнант дастаў з кішэні гадзіннік — было чвэрць на сёмую.