Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Ахметаў, лежачы побач, толькі соп, злосна раздзімаючы тонкія ноздры, і паглядваў на сержанта. «Ну, а што далей?» — пытаў гэты яго позірк, і Лемяшэнка ведаў, што і іншыя таксама пазіралі на яго, чакалі яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.
— А Бабіч дзе?
Іх было чацвера з сержантам — злева Натужны, справа Ахметаў з Тарасавым, а Бабіч так і не выбег з двара. Сержант хацеў загадаць каму паглядзець, што здарылася з тым мешкаватым байцом, але ў той час злева між дрэў замільгалі постаці аўтаматчыкаў іхняга ўзвода — яны сыпанулі аднекуль даволі густа і згодна ўдарылі з аўтаматаў па плошчы. Лемяшэнка не падумаў нават, а болей адчуў, што час падавацца
«Хутчэй, хутчэй», — у такт зморанаму сэрцу стукала ў галаве думка. Не даць апамятацца, наскочыць, разагнаць, бо, калі немцы паспеюць агледзецца і ўбачаць, што аўтаматчыкаў не шмат, тады будзе бяда, тады яны тут завязнуць…
Яшчэ прабегшы некалькі паспешлівых крокаў, ён упаў на старанна падгрэбены, прапахлы прэласцю дол; вязы ўжо засталіся ззаду, побач сціпла жаўцелі першыя веснавыя кветкі. Парк скончыўся, далей за зялёнай драцяною сеткай раскінулася блішчастая ад сонца плошча, вымашчаная дробнымі квадратамі шызай брусчаткі. У канцы плошчы ля кірхі мітусіліся прыгнутыя постаці немцаў у касках.
«Дзе ж гэты Бабіч?» — чамусьці ўсё назаляла думка, хоць з’явіўся цяпер большы клопат: трэба было неяк атакаваць кірху цераз плошчу, а гэтая справа здавалася яму нялёгкай.
Аўтаматчыкі, не дужа зладжана страляючы, выбягалі з-за дрэў і залягалі пад агарожай. Далей бегчы не было як, і сержанта дужа занепакоіла, як выбрацца з гэтага аблытанага дротам парку. Урэшце яго быццам нешта асвятліла знутры — ён выхапіў з кішэні гранату і павярнуўся, каб крыкнуць іншым. Але што крычаць у гэтым грукаце! Адзінай магчымай камандай тут быў уласны прыклад, надзейны камандзірскі загад: рабі, як я. Лемяшэнка вырваў з запала чаку і шпурнуў гранату пад сетку агарожы.
Дзірка атрымалася невялікая і няроўная. Разадраўшы на плячы гімнасцёрку, сержант праціснуўся праз сетку, азірнуўся — следам, прыгнуўшыся, бег Ахметаў, ускакваў з кулямётам Натужны; побач грымнулі яшчэ разрывы гранат. Тады ён, ужо не азіраючыся болей, што было сілы рынуўся наперад, ляскаючы гумовымі падэшвамі па слізкай брусчатцы плошчы.
І раптам здарылася нешта незразумелае. Плошча хіснулася, збочыла, адным краем кінулася некуды ўгору і балюча выцяла яго ў бок і скроню. Ён пачуў, як коратка і звонка бразнулі аб цвёрдыя камяні яго медалі, блізка, ля самага твару, пырснулі і застылі ў пыле кроплі нечай крыві. Пасля ён павярнуўся на бок, усім целам балюча адчуваючы непадатлівую мулкасць камення, аднекуль, з сіняга неба, зірнулі ў твар спалоханыя вочы Ахметава, але зараз жа зніклі. Яшчэ нейкі час праз грукат страляніны ён чуў побач сцятае дыханне, гулкае тупаценне ног, а пасля ўсё гэта сплыло далей, да кірхі, дзе, не сціхаючы, грукаталі стрэлы.
«Дзе Бабіч?» — зноў скаланула яго забытая думка і кароткі забыты клопат за лёс узвода прымусіў напяцца і паварушыцца. «Што ж гэта такое?» — свідравала пачуцці нямое запытанне. «Забіты, забіты», — казаў нехта ў ім ягонымі думкамі, і невядома было, ці гэта пра Бабіча, ці пра яго самога. Ён разумеў, што з ім сталася нешта благое, але болю не адчуваў, толькі знямога скавала цела ды туман засціў вочы, не даваў бачыць, ці ўдалася атака, ці выскачыў з парку ўзвод…
Пасля кароткага правалу ў свядомасці ён зноў адчуў сябе і ўбачыў неба, якое чамусьці ляжала ўнізе, бы адбівалася ў якім агромністым возеры, а зверху на самую яго спіну
Ён паварушыўся, спрабуючы ўбачыць дзе каго жывога — плошча і неба загойдаліся, а калі астаяліся, ён назнаў кірху, нядаўна атакаваную без яго. Цяпер там не было чуваць ужо стрэлаў, але з варот яе чамусьці выбягалі аўтаматчыкі і беглі за вугал. Закінуўшы голаў, сержант углядаўся, спрабуючы ўбачыць там Натужнага ці Ахметава, але іх не было, затое наперадзе ўсіх ля рога ён пазнаў свайго навічка Тарасава. Прыгнуўшыся, гэты маладзенькі баец спрытна сігаў да рога, спыніўся, зухавата замахаў некаму «сюды, сюды!» і знік — маленькі і кволы побач з высачэзным гмахам кірхі.
За ім пабеглі байцы, і на плошчы не засталося нікога. Тады сержант напаследак уздыхнуў і неяк адразу і назаўсёды сціх.
Да перамогі пайшлі другія…
Сляды на зямлі
Галя прачнулася з прыкрым адчуваннем заўчасна патрывожанага сну.
Аднекуль знадворку ў ранішнюю цішыню пакоя ўрываліся магутныя, як выбухі, удары. Бух-бух-бух! — мерна і гулка разлягалася за акном, і ад гэтых стукаў у пакоі пад расчыненай форткай уздрыгвалі дробныя лісткі герані. Было яшчэ рана, сонца, узнімаючыся з-за дахаў, асвяціла толькі верхнія вокны трохпавярховай школы, што стаяла цераз дарогу. Ніжэй на яе беленай сцяне ляжаў знаёмы цень ад іх двухпавярховага драўлянага доміка — тры коміны, тэлевізійная антэна і магутная верхавіна суседскага вяза.
Дзяўчына звычайна спала позна, ужо тыдзень яна была адна ў гэтай гарадской кватэры і на ўласны густ ладзіла ўсе свае справы. Бацькі не ўзялі яе з сабой на прыгарадную дачу, бо яна мела пераэкзаменоўку па музыцы і таму, як казала маці, была прывязана да фартэпіяна.
— Бух-бух-бух! — усё неслася знадворку, і Галя, струхнуўшы рэшткі сну, зацікаўленая, падскочыла да акна. За цюлевай занавескай ляжаў завулак — неўпарадкаваны гарадскі закутак, бы канавамі, парэзаны з вясны засохлымі каляінамі самазвалаў. Улетку тут панаваў пыл, а ўвосень — гразь; пасля таго як закончылася будаўніцтва школы, машыны ўжо не хадзілі, а пешаходы ў дажджлівыя дні пераадольвалі гразкія мясціны, трымаючыся за шчыкеціны агарожы.
Цяпер тут рабілася нешта новае.
У нізінцы наўкос ад Галінага акна, на месцы самай упартай лужыны, якая высыхала толькі ў сярэдзіне лета і куды жыхары скідвалі рознае смецце, банкі, бутэлькі, бітую цэглу, — у гэтым запаведніку хлапчуковых гульняў цяпер з’явіліся новыя людзі. Прыладжаны на камянях, бы перакуленая задымленая прызма, стаяў там вялізны асфальтавы кацёл, пад якім незнаёмы чалавек распальваў агонь, а другі — нейкі голы да пояса хлопец — шырока расставіўшы ногі, лупіў шлягаю ў закураны жалезны бок.
Галя адчыніла акно і незадаволена паморшчылася заспаным кірпатым тварам, — калі ён так будзе бухаць доўга, дык, відаць, і сёння не дужа дарвешся да музыкі. А папрактыкавацца як след было неабходна — заставаліся апошнія два дні, усе ж астатнія патрачаны на волі, якая выдараецца рэдка і заўжды так вабіць шаснаццацігадовую дзяўчыну, не надзеленую вялікімі абавязкамі.
Чароўная свежасць першых гадзін ранку лілася ў вокны рэшткамі застаялай начной прахалоды, роснай духмянасцю кветак з гародчыку, светлай вольнасцю шырокага пагоднага неба. Расхінуўшы гардзіны, Галя яшчэ раз агледзела завулак — над катлом, развяваючы наўкола гаркоту, ужо курыўся шызы дымок, а рабочы адышоў у бок і выціраў рукавом твар. Гэта быў стары сухенькі чалавек з пільнымі вузенькімі вачыма і маленькай галавою, накрытай захапанаю кепкай-аладкай. Якіх паўхвіліны ён думаў аб чымсьці, зазірнуў у кацёл і сказаў маладому;