Пякучая таямніца
Шрифт:
– Так, ты клікала на дапамогу, там, у калідоры, учора ноччу, калі ён цябе схапіў. Ты крыкнула. «Пакіньце, пакіньце мяне!» І так гучна, што я пачуў гэта ў сябе ў пакоі.
– Ты маніш, я не была ніколі з баронам тут, у калідоры. Ён мяне праводзіў толькі да лесвіцы...
У Эдгара сэрца замерла ад гэтай бессаромнай хлусні. Шырока адкрытымі, ашклянелымі вачамі глядзеў ён на маці.
– Ты...
– сказаў ён зрывістым голасам, - не была... у калідоры? І ён... ён не схапіў цябе? Не трымаў сілаю?
Яна засмяялася сухім, халодным смехам.
– Табе прыснілася.
Гэта было ўжо занадта для Эдгара. Праўда, ён ведаў цяпер, што дарослыя хлусяць, што яны спрытна ўжываюць дробязнае ашуканства, празрысты падман і хітрыя двухсэнсоўнасці, але гэтае нахабнае, абыякавае адпіранне з вока на вока прыводзіла яго ў шаленства.
– А гуз на лбе мне таксама прысніўся?
–
Яна была вельмі бледная і напружвала апошнія сілы, каб захаваць самавалоданне.
Але ў Эдгара быццам штосьці абарвалася, згасла апошняя іскра веры. Да яго ніяк не даходзіла, што можна вось так проста растаптаць нагамі праўду, нібы запаленую сярнічку. Сэрца сціснула нечым халодным, і словы вырваліся з'едлівыя, злосныя, здзеклівыя:
– Вось як? Усё гэта мне прыснілася? Усё, што было ў калідоры, і гэты гуз? І што вы ўчора гулялі ў месячным святле і што ён хацеў павесці цябе па цёмнай сцяжынцы - і гэта таксама прыснілася? Ты думаеш, мяне можна замкнуць у пакоі, як маленькага? Не, я не такі дурны, як вы думаеце. Я ведаю, што ведаю.
Ён дзёрзка глядзеў ёй у вочы; бачыць перад сабою гэтак блізка твар свайго сына, перакрыўлены нянавісцю, было звыш яе сілы. Ужо не валодаючы сабою, яна крыкнула:
– Марш! Пішы зараз жа! Або...
– Або што?..
– з выклікам спытаўся ён.
– Або я адлупцую цябе, як маленькае дзіця!
Эдгар, насмешліва ўсміхаючыся, зрабіў крок ёй насустрач. І тут жа адчуў, што яго ўдарылі па твары. Эдгар ускрыкнуў. І, як тапелец, які сутаргава б'е рукамі, ён, нічога не ўсведамляючы, акрамя глухога шуму ў вушах і чырвоных кругоў перад вачыма, кінуўся на яе з кулакамі. Ён адчуў, што б'е ў нешта мяккае, вось цяпер у яе твар, пачуў крык...
Гэты крык вярнуў яму прытомнасць. Ён раптам убачыў самога сябе і зразумеў усю жахлівасць свайго ўчынку: ён біў маму! Страх авалодаў ім, і сорам, і жах, нястрымнае жаданне ўцячы, знікнуць, праваліцца скрозь зямлю, куды-небудзь збегчы, толькі б не сустракацца з ёю позіркам. Ён кінуўся да дзвярэй, прамчаўся па лесвіцы, выскачыў на вуліцу - куды-небудзь прэч, прэч адсюль, як быццам за ім гналася цэлая зграя сабак.
Першы ўрок
Ён спыніўся толькі на значнай адлегласці на дарозе ўнізе. Ён мусіў ухапіцца за дрэва, так моцна дрыжалі калені ад стаху і хвалявання, так хрыпла вырывалася дыханне з навярэджаных грудзей. Жах ад зробленага, які неадступна імчаўся за ім, цяпер трымаў яго за горла, калаціў як у ліхаманцы. Што рабіць? Куды ўцякаць? Ужо тут пасярод гэтага ляска, недалёка ад гатэля, усяго за якіх пятнаццаць хвілін хады ад яго, яго ахапіла пачуццё адзіноты. Усё здавалася інакшым - варожым і непрыязным, з таго часу як ён застаўся адзін і яму ніхто не мог дапамагчы. Дрэвы, якія яшчэ ўчора па-братняму шумелі навокал, цяпер тоўпіліся змрочна і злавесна. А тое, што чакае яго, будзе куды болей страшным і незразумелым. Галава кружылася ў хлопчыка ад думкі, што ён адзін у вялізным, невядомым свеце. Не, гэтага яму яшчэ не вытрываць аднаму. Але да каго яму ўцякаць? Таты ён баяўся; той быў запальчывы, недаступны і адразу ж адправіць яго назад. Але назад ён не хоча, лепей кінуцца ў чужы свет, небяспечны і невядомы: яму здавалася, што ён ніколі болей не адважыцца паглядзець у мамін твар, па якім ударыў кулаком.
Тады ён успомніў бабулю, добрую, мілую старэнькую, якая песціла яго з дзяцінства і заўсёды заступалася, калі яму пагражала кара ці незаслужаная крыўда. Ён знойдзе прытулак у Бадэне, пакуль не міне першы выбух гневу, адтуль напіша ліст бацькам і папросіць прабачэння. За гэтую чвэрць гадзіны ён ужо адчуў сябе настолькі ўніжаным, - ад адной думкі, што ён, бездапаможны хлопчык, застаўся адзін на ўсім свеце, - што ён пракляў сваю гордасць, якую выклікаў у яго маною чужы чалавек. Ён хацеў зноў стаць дзіцём, такім, якім быў раней, паслухмяным, цярплівым, без прэтэнзій, усю недарэчнасць якіх ён цяпер разумеў.
Але як дабрацца да Бадэна? Як адолець такую вялікую адлегласць? Ён паспешліва дастаў маленькі скураны партманет, які заўсёды насіў з сабою. Дзякуй богу, там яшчэ паблісквае новенькі залаты ў дваццаць крон, які яму падарылі да дня нараджэння. Ён усё не мог ніяк адважыцца патраціць яго, ледзь не кожны дзень правяраў, ці ляжыць ён на месцы, з асалодаю разглядваў яго, адчуваючы сябе багачом, і з удзячнаю ласкаю старанна цёр яго насоўкаю, пакуль манета не пачынала блішчаць, як маленькае сонца. «Але ці хопіць гэтых грошай?» - раптам спалохана спытаў ён сябе.
Рэйкі блішчалі на сонцы і беглі ўдалячынь. Вакзал быў пусты, бязлюдны. Эдгар нясмела падышоў да касы і шэптам, каб ніхто не пачуў, спытаўся, колькі каштуе білет да Бадэна. Здзіўлены твар выглянуў з цёмнага акенца, пара вачэй усміхнулася з-за акуляраў сарамліваму хлопчыку.
– Поўны білет?
– Ага, - пралепятаў Эдгар без усякай гордасці, заміраючы ад страху, што поўны білет будзе каштаваць занадта многа.
– Шэсць крон.
– Калі ласка.
З уздыхам аблягчэння ён прасунуў у акенца сваю любімую бліскучую манету. Са стукам упалі манеткі здачы, і Эдгар зноў адчуў сябе неймаверна багатым: у руках карычневы кавалачак кардону - залог волі, у кішэні ціхенька пабразгвае срэбра.
З раскладу ён даведаўся, што цягнік павінен прыйсці праз дваццаць хвілін. Эдгар забраўся ў куточак. На пероне стаяла некалькі чалавек, рассеяна паглядваючы па баках. Але Эдгару здавалася, што ўсе глядзяць на яго і здзіўляюцца, што такі маленькі хлопчык едзе цягніком адзін, як быццам яго злачынства і ўцёкі былі напісаны ў яго на лбе. Ён уздыхнуў вольна, калі, нарэшце, пачуўся свісток паравоза і цягнік падляцеў да станцыі, цягнік, які павінен быў павезці яго ў свет. Толькі калі ён садзіўся ў вагон, ён заўважыў, што ў яго білет трэцяга класа. Дагэтуль ён ездзіў заўсёды ў першым і зноў адчуў, што тут нешта новае, што ёсць адрозненні, якіх ён не заўважаў. І суседзі ў яго аказаліся не такія, як заўсёды. Напроці сядзела некалькі італійцаў-рабочых, з жалезнякамі і шуфлямі ў жорсткіх руках; яны перагаворваліся хрыплымі галасамі, і вочы ў іх былі сумныя і стомленыя. Мусіць, яны добра змучыліся на дарожных работах; некаторыя прыхінуліся да цвёрдай і бруднай сценкі і моцна спалі з адкрытым ротам, нягледзячы на стук колаў. Яны працавалі, каб зарабіць грошай, думаў Эдгар, але ён не меў ніякага ўяўлення, колькі яны маглі зарабіць; ён толькі адчуваў, што грошы ёсць не заўсёды і што іх неяк трэба здабываць. Упершыню ён зразумеў, што ўспрымаў дабрабыт, да якога прывык, як нешта належнае, тады як злева і справа ад яго жыцця зеўрала цёмная бездань, куды ён ніколі не заглядваў. Упершыню ён усвядоміў, што на свеце шмат розных прафесій і прызванняў, што яго з усіх бакоў абступалі таямніцы, а ён ні разу, хоць яны і былі паблізу, не паспрабаваў наблізіцца да іх. Гэтая гадзіна самастойнага жыцця шмат чаму навучыла Эдгара, шмат чаго ён пабачыў з цеснага купэ з вокнамі ў адкрыты прастор. І ў яго душы праз цьмяны страх пачало прабівацца калі не шчасце, дык здзіўленне разнастайнасцю жыцця. Ён уцёк, як баязлівец, са страху - усведамленне гэтага не пакідала яго ні на хвіліну, - але ўпершыню ў жыцці ён дзейнічаў самастойна, даведаўся аб частачцы рэальнага свету, міма якога дагэтуль праходзіў безуважна. Упершыню ў жыцці, магчыма, ён сам стаў для бацькоў такою ж таямніцаю, якою для яго была рэчаіснасць. Другімі вачамі глядзеў ён цяпер у акно. Яму здавалася, што ён упершыню бачыць сапраўднае жыццё, нібы ўпала заслона з усіх з'яў і раскрылася іх сапраўдная сутнасць. Дамы праляталі міма, быццам іх несла ветрам, і ён думаў пра людзей, якія жылі ў іх - багатыя яны ці бедныя, шчаслівыя ці няшчасныя, ці гэтаксама, як і ён, жадаюць ведаць усё, і ці ёсць у іх дзеці, якія дагэтуль, як і ён, таксама толькі гулялі ў жыццё. Пуцявыя абходчыкі стаялі ўздоўж чыгуначнага пуці з паднятымі флажкамі, і ўпершыню яны не здаваліся яму, як дагэтуль, проста лялькамі, нежывымі цацкамі, пастаўленымі тут выпадкова-абыякава; ён пачаў разумець, што ў гэтым іх лёс, іх барацьба з жыццём. Усё хутчэй каціліся колы, па звілістай дарозе цягнік плаўна спускаўся ў даліну, усё ніжэй рабіліся горы, усё далей адыходзілі назад. А вось і раўніна. Эдгар яшчэ раз азірнуўся - горы ўжо толькі ледзь-ледзь цямнелі ўдалечыні, далёкія і недасягальныя, і яму здалося, што там, дзе яны павольна раставалі ў імглістым небе, засталося яго дзяцінства.