Радкі і жыццё
Шрифт:
Кранула ў Звонака:
Стаю адзін, як слуп на скрыжаванні,
Скрозь белы сон лаўлю нясмелы гук
I множу слодыч радасных спатканняў
На гаркату няпрошаных разлук.
Не можа быць канца жыццю і свету, і не можа быць канца трывогам, радасцям, клопатам — абы толькі заставалася вастрыня і свежасць кожнага імгнення і кожнай справы, абы не ішло наўскос тое, чаму я абавязаны як, самастойная асоба. Аднаму не здраджваць — даўняму свайму прынцыпу: лепей меньш ды лепш.
5.І.
Раман
«Ныне отложите вы та вся гнев, ярость, злобу, хуление, срамословие от уст ваших».
12.І.
Брыдота ў форме амаль непрыстойнай.
Дзіўна. Нягоднік, ілгун, назола, злодзей і г. д. — за тое, што выдаткуеш душу, што неабыякавы сэрцам. Табе, калі трэба, усё залічыцца ў мінус. Логіка здрадлівых і зманлівых жанчын, якія ўсё, што трэба сказаць на сябе, пераносяць на іншых. Брыдка. Ці канчаткова?
13.І.
Трынаццатае, а ніякіх няўдач. Нават пэўная палёгка — здадзены нумар, які рыхтаваўся нялёгка... Мне кепска, патрэбна новая галава, новы рэжым, новыя веды, думкі і кнігі.
Неабходна вольна і думна сустрэцца з сонцам, ціхай прыродай, снежнай свежасцю і вынесці іх на аркуш паперы ненатужна, лёгка, як роздум пра жыццё, пра паэзію.
Ніколі не было ў мяне акрыленай любові, што давала радасць, пяшчоту і гармонію. Заўсёды была цяга, якой пярэчыў розум. I нічога не абяцалася добрага, а толькі благое.
У свеце дабро і зло пераплятаюцца. Хочацца шчымліва любіць усё прыгожае — прыгожае чысцінёй, сонечнасцю, цнатлівай сціпласцю і высокім гонарам.
Дзеці коўзаюцца з горак. Чаму заўсёды з дзяцінства было са мною адчуванне цяжкасці і небяспекі?
На небе няма сонца. У душы таксама чорна. Але суцяшэнне вось якое: колькі на свеце людзей, якім горш, чым табе. I наколькі горш.
31.І.
У адносінах з жанчынамі трэба быць сумленным і высакародным, але трэба яшчэ мець свядомую сумленнасць.
2.ІІ.
Што мне так хочацца сабраць у сабе ўсю чалавечую тугу І пакуту? Чаму так верадліва, чаму душа цягнецца да ўсяго балючага, што ёсць у кнігах? Быццам хоча яшчэ большага аб’ёму і большай варыянтнасці. I думкі аб недарэчнасці пакут. I прыгаворванні: «Но надо жить».
Мы кепска разумеем і ўяўляем працу літаратурнага крытыка, не здагадваемся пра яго жыццёвы, эмацыянальны тонус. Ап. Грыгор’еў пісаў артыкулы, замучаны няўдалым каханнем. Рассадзін заўсёды піша так, быццам трымае ў руках ісціны, быццам ні ад чога не пакутуе. На самай справе — чым жыў, напрыклад, Бярозкін, калі пісаў пра Панчанку, Цётку, Багдановіча?
6.ІІ.
Брату 21. ён не паяўляецца, і гэта трывожыць маму. Тамара Мікалаеўна Дудко ідзе на пенсію, і трэба сёння быць. Гэта — цудоўная жанчына, надзвычайнай сумленнасці і чуласці чалавек, якому наканавана было ісці дароган
Я ўсе гэтыя дні, многія дні — ад 14 студзеня — пытаўся ва ўсіх, у чым сэнс жыцця, хоць ніхто і не мог даць адказу. I вось у «ЛГ». Жарт: робат пытае ў робата, у чым жа сэнс жыцця.
11.IV.
Многа — два месяцы — прапушчана. Тым часам адбыў месяц за свой кошт у Пухавічах і на Свіцязі. На Свіцязі цяжка захварэў і поўзаў амаль на карачках.
Адна асоба зацята і многа гаворыць, што любіць мяне, а я — без радасці і шчасця.
Стаў загадчыкам аддзела ў «Немане» (з 1 красав.), прыняты ў Саюз (9-га, у пятніцу). Перайначаны артыкул у «Литер, газете» — пакрыўджаная Лось. Надпіс Rараткевіча на кнізе.
Было ўвесь час нешта і добрае, і благое. На банкеце ў «Журавінцы» было ўсякае.
Самае іранічнае: у бяздарнасці дапякалі адзін аднаго найбольш «роўныя» таленты. Чаму? Чаго? Што кіруе людзьмі? Я думаў пра многіх з іх: дзе ваша грамадская і чалавечая скіраванасць? А былі людзі, за якіх балела душа.
18.IV.
...Я іду з «Немана». У заяве: «Сердечное спасибо Вам и всем добрым людям «Немана» — работа в Вашем коллективе была полезной и интересной для меня...»
30.IV.
Ліст Лойку: «...я рады, што няма ў Вас ні ценю пыхі і чыннасці, што Вы жывеце гэтак душэўна шырока і ў простай штодзённасці, і ў літаратуры, адмаўляецеся ад крыжавых пуцінаў, спакус нялюдскіх і трывог».
30.V.
Зноў «ЛіМ», аддзел літаратуры: Гіль, Стральцоў і я. Прывыкаю.
Май з апальным сонцам, гарачынёю. Кніга пакуль адкладаецца. У імя чаго? Ды вось жа: суботня-нядзельныя выезды ў Прылукі, на мора. Сёмкава — нязнаны раней прыгожы куток з ціхай рачулкай, лугам, які робіць шчымлівымі ўспаміны пра дзяцінства, спакойнай вечнасцю прыроды. Тут у дзіцячым доме рос Толя Псікаў, ён сюды і падахвоціў. Натыкнуўся на стральцоўскі верш:
Няхай у гордай паняверцы
Сабе мы кажам: трын-трава
Зусім не тое тчэцца ў сэрцы,
Чым часам трызніць галава.
За два тыдні «ЛіМа» напісаў 2 заметкі, утрос выдавецкія справы.
У Будапешце ва ўзросце 86 гадоў памёр Дзьердзь Лукач. Ад паўдня — у Сёмкава, у цеплыню, зеляніну, рэчку, ціхі і шумны тлум жывой прыроды. Яшчэ ў дарозе — цёмныя хмары, густая навальнічная цемната, потым — ледзь не шквал вады, што біла, секла, мяла, несла ўрачыстасць, чысціню, свежасць усім травам, дрэвам, кветкам і самой зямлі.
Босы. Цеплыня пад нагамі ад слізкай сагрэтай зямлі, прыемны халадок змакрэлай травы. Гулкія грамы, рэзкія сполахі, вясёлы шабаш птушак і жаб. Змакрэлы дзівак шмель капашыўся ў кветках.