Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:

А цяпер мусім растлумачыць чытачу, якім чынам завітаў бліскучы малады чалавек у бедную крамку на ўскраіне горада. Мікалай Шпадаровіч быў паэтам. Прызнацца, ён з радасцю аддаў бы і месца ў прэстыжным універсітэце, і бацькоўскую шчодрую грашовую дапамогу, і будучае месца доктара за адно імгненне рамантычнай славы Франсуа Віёна, Фрыдрыха Шылера ці Адама Міцкевіча… Пра тое, што існуе нейкая літаратура на мясцовай гаворцы, пан Мікалай ведаў і нават аднойчы браў удзел у размове з двума мясцовымі настаўнікамі, якія даводзілі, быццам гэтая гаворка ёсць асобная, старажытная мова, што яе трэба развіваць, што трэба працаваць дзеля адраджэння культуры гэтага народа, так званага беларусінскага. Можа быць, і так, але найбольш пан Мікалай ненавідзеў кляймо свайго правінцыйнага

паходжання, ненавідзеў свой тутэйшы акцэнт, ад якога ўпарта пазбаўляўся, спрабуючы выдаць яго хаця б за польскі. Часам ён ненавідзеў нават уласнага бацьку: за тое, што той паходзіў са звычайнай мужыцкай сям'і, а галоўнае — што гэтага не саромеўся. І што яму было да гэтай зямлі, і яе курганоў, і яе паданняў, і палеглых за яе касіянераў, да яе пяшчотных і сумных песень, да яе папараць-кветкі і простага і адданага, як лясны ручай, кахання яе дзяцей, калі тэатры, рэстараны, багемныя кабарэ, літаратуразнаўчыя дыспуты і друкарні, дзе выдаваліся пульхныя томікі вершаў з залатымі абрэзамі, былі там, у чужых вялікіх гарадах. І каб трапіць у той Эдэм, зрабіцца там сваім, паважаным, знакамітым, трэба было стрэсці з сябе пыл горада Б* старанна і назаўсёды… І вось пан Мікалай штодзень адпраўляўся за горад, на рамантычныя разваліны замка, і складаў там вершы, успамінаючы Віёна і Шылера, Пушкіна і Лермантава і не ўсведамляючы, што натхненне яму можа даць толькі гэтая, пагарджаная ім, зямля, і ў замка гэтага была свая гісторыя, розная з той гісторыяй, якую вывучаў Мікалай у гімназіі і універсітэце…

Вось па дарозе да замка і зайшоў Мікола Шпадаровіч у краму «Тытунь» па сшытак і аловак…

З некаторага часу Мікалай пачаў заўважаць у пару сваіх вечаровых экзерсісаў, што наводдаль часта круціцца нейкае дзяўчо — то збірае кветкі, то пляце з іх вяночак, то прысядзе і ціхенька запяе тутэйшую песню… Мікалай успрымаў гэтую з'яву, як успрымаў птушак, якія таксама пырхалі вакол яго. Але аднойчы ад асаблівага прыліву паэтычнага пачуцця Мікалай занадта націснуў на аловак… У кішэнях запаснога няма…

— Пану патрэбны аловак? — пачуўся нясмелы голас з-за спіны — як мышаня прапішчала.

Шпадаровіч схапіў працягнуты тонкай дзявочай рукой аловак і прадоўжыў запіс эпахальных радкоў, не заўважыўшы, як дзяўчына-дабрадзейка, збянтэжаная сваім смелым учынкам і невыказна шчаслівая, адразу кінулася бегчы ў недалёкі лясок, каб там расказаць адзінай сваёй сяброўцы, балбатлівай лясной крынічцы, пра першыя, чыстыя, як крынічная вада, пачуцці…

Пан Мікалай нібы літасціва дазволіў дзіўнаватай дзяўчынцы знаходзіцца каля сябе і захапляцца сваёй персонай. Ганулька магла прыбягаць да замка толькі пасля закрыцця крамы і часам, прыбегшы, не заспявала там свайго куміра — і раніцай яе падушка была мокрая ад слёз. Дзяўчына зрабілася забыўлівай і, даводзячы да шаленства бацьку, дапускала памылкі ў разліках.

Шпадаровіч прывык да свайго, як ён умоўна назваў дзяўчыну, «ляснога духа». Часам ён чытаў Ганульцы свае вершы, будучы ўпэўненым у захапленні слухачкі. Што ж, маўклівае, бескарыслівае захапленне прыемна кожнаму, і нават патрэбна. Але сустрэнь заўтра Мікалай Ганульку на вуліцы — ён і не пазнаў бы яе, настолькі мала займала яго яе асоба.

Аднойчы Ганулька не знайшла паэта на развалінах, хоць прыбегла нязвыкла рана. Прачакаўшы да цемнаты, дзяўчына ў трывозе рушыла да дома пана доктара. Дрыжучы ад сораму і страху, схавалася ў кустах бэзу і ўглядалася ў акно, з-за парцьераў якога струменіла цьмянае святло газоўкі. Раптам парцьеры рассунуліся, акно расчынілася, і паказаўся сам пан Мікалай, з ускудлачанымі валасамі, у расшпіленай кашулі. Мікалай раз'ятрана камячыў у далонях нейкую паперыну, пасля размахнуўся і шпурнуў яе з усяе моцы ў кусты, ледзь не трапіўшы ў Ганульку. Потым брудна вылаяўся па-расейску і зачыніў акно.

Ганулька асцярожна выйшла са свайго сховішча, падабрала выкінутую паперу і паспрабавала распрастаць — гэта быў ліст. Прачытаць, што там напісана, дзяўчына не магла, тым болей не магла папрасіць аб гэтым кагосьці. Ганулька разумела толькі, што ў яе куміра здарылася нейкая бяда і ліст мае да гэтага дачыненне…

Што

магла зрабіць бедная Ганулька? Назаўтра, ледзь прычакаўшы, пакуль бацька дазволіць зачыніць краму, дзяўчына надзела самую лепшую сукенку з цёмна-зялёнай ваўнянай тканіны, з бялюткім каўняром-самавязам і такімі ж манжэтамі, зашнуравала высокія чаравікі і, чырванеючы (бо гэта быў грэх), узяла адну з бутэлечак з адэкалонам, прызначаных для продажу, і кранула нетутэйшым водарам за вушамі… Ганулька ясна не ўсведамляла, што будзе рабіць, але мела надзею, што словы захаплення і шкадобы, якія перапаўнялі яе, маглі спатрэбіцца сёння пану Мікалаю.

Мікалай Шпадаровіч вяртаўся дадому са спектакля заезджай тэатральнай трупы. Тэатрык быў варты жалю, трупа была бяздарнай, піва ў буфеце мела прысмак мыла, а зоры свяцілі абуральна ярка. Капялюш пана Мікалая быў крыху ссунуты на левае вуха, адкрываючы бездакорна прычасаны набрыялінены чуб; пад расшпіленым пінжаком паблісквала шэрая парча камізэлькі і шаўковы вузел гальштука, блішчэлі панскія чаравікі і наверша моднай кульбачкі ў выглядзе галавы чорнага пудзеля. З-за кустоў вынырнула тоненькая постаць.

— Пан Мікола… Я толькі хацела сказаць… У пана Міколы такія вершы…

— Ве-ершы? — Шпадаровіч пагрозна наблізіўся да дзяўчыны. — Ты хто такая?

— Пан Мікола чытаў мне вершы… Там, у замку…

— А, «лясны дух»! Ты адкуль тут? Цікуеш за мной? Хто цябе выхоўваў? Хіба прыстойна паненцы чапляцца да незнаёмага мужчыны? Ат, што з іх узяць! «Дзяроўня!» А туды ж, «вершы»… У труне я бачыў тыя вершы з табой разам…

Апошнія словы пан Мікалай гаварыў ужо за зачыненымі варотцамі. Назаўтра ён з'ехаў да месца вучобы і ў горад Б.* не вярнуўся ніколі. Не прыехаў нават на пахаванне бацькі. Казалі, што ён выгадна ажаніўся з дачкой свайго прафесара, кінуў літаратурныя высілкі і трымае сваю клініку, дзе з задавальненнем лечацца багацейкі ад атлусцення, істэрыі ды астэніі.

Ганулька па-ранейшаму гандлявала ў бацькавай краме. І нават калі зрабілася сталай кабетай, маці пяцярых дзяцей, па-ранейшаму перахоўвала таямнічы кавалак паперы, спісаны словамі, што перакрэслілі жыццё і яе, і ейнага бажаства, і да самай сваёй смерці не даведалася сэнсу гэтых слоў.

А калі б змагла, дык прачытала б у запаветным лісце наступнае: «Уважаемый г-н Шподарович! Прочитал Ваши стихи, которые Вы мне прислали, как Вы изволили выразиться, на беспристрастный суд. Не обнаружил в них ни чувств, ни мыслей. Право, можно подумать, что вы живете под стеклянным колпаком в обществе нескольких романтических книжек. От всей души советую — займитесь полезным обществу делом и не тратьте душевный пыл и бумагу на гимназические литературные практикования».

Подпіс неразборлівы.

Сідон і Траяніцы

Падчас Траянскай вайны грэк Сідон перабег да траянцаў і пераканаў іх увесці ў Трою драўлянага каня са схаванымі ў яго чэраве ахейцамі.

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* было трое могілак — праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія.

І калі нехта сумняваўся ў тым, што тутэйшыя жыхары шануюць памяць продкаў, яму варта было прайсціся сярод крыжоў, пафарбаваных бронзавай фарбай, каменных анёлкаў ды каменных дрэў з абсечанымі галінкамі, пачытаць кранальныя надпісы ў вершах… А як урачыста ўспаміналі шаноўных памерлых у касцёле з жоўтай цэглы, драўлянай беленай царкве і аздобленай бурачковай кафляй сінагозе!..

Жыхары горада Б* любілі сваіх памерлых. Яны пілі за іх вечны супакой і куплялі ім штучныя кветкі. Што яшчэ могуць патрабаваць нябожчыкі ад жывых? Калі гэта не ёсць памяць, дык на якую халеру яна трэба, істэрычная слязлівая паненка?..

Пан Бурдэйка з'явіўся ў горадзе Б* спачатку ў выглядзе афішы. З платоў і сцен пазіраў мефістофельскага тыпу мужчына ў дзіўным квадратным капелюшы, з аднаго рога якога звісаў шнурок з кутасом. «Толькі адзін сеанс! — хорам чыталі цікаўныя жыхары горада Б*.— Вялікі медыум Альфонс Бурдэйка з асістэнткай Амандай Дэльмар! Галасы з таго свету! Завеса таямніцы прыадкрываецца!»

Поделиться:
Популярные книги

Фараон

Распопов Дмитрий Викторович
1. Фараон
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Фараон

Законы Рода. Том 9

Андрей Мельник
9. Граф Берестьев
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
дорама
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 9

Гранд империи

Земляной Андрей Борисович
3. Страж
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.60
рейтинг книги
Гранд империи

Кодекс Крови. Книга VIII

Борзых М.
8. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга VIII

Найди меня Шерхан

Тоцка Тала
3. Ямпольские-Демидовы
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.70
рейтинг книги
Найди меня Шерхан

Барон диктует правила

Ренгач Евгений
4. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон диктует правила

Поле боя – Земля

Хаббард Рональд Лафайет
Фантастика:
научная фантастика
7.15
рейтинг книги
Поле боя – Земля

Ученик. Книга третья

Первухин Андрей Евгеньевич
3. Ученик
Фантастика:
фэнтези
7.64
рейтинг книги
Ученик. Книга третья

Бывшие. Война в академии магии

Берг Александра
2. Измены
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Бывшие. Война в академии магии

Кодекс Охотника. Книга X

Винокуров Юрий
10. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
6.25
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга X

Отчий дом. Семейная хроника

Чириков Евгений Николаевич
Проза:
классическая проза
5.00
рейтинг книги
Отчий дом. Семейная хроника

Поющие в терновнике

Маккалоу Колин
Любовные романы:
современные любовные романы
9.56
рейтинг книги
Поющие в терновнике

Академия проклятий. Книги 1 - 7

Звездная Елена
Академия Проклятий
Фантастика:
фэнтези
8.98
рейтинг книги
Академия проклятий. Книги 1 - 7

Третий. Том 4

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 4