Скокі смерці
Шрифт:
Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасьць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасьвецкай выхаванасьцю ды начытанасьцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька — мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую литаратуру і як найвялікшыя рэліквіі зьбірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў… Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганьне беларускага народу з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў,
На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасьцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы трохкутны капялюш васемнаццатага стагоддзя, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з расьлінным узорам — птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны… Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.
— Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры. – Тут калісьці праходзіла дарога… На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі... Бачыш, тут яна мацавалася. І расьпяцьце садралі, барбары… Толькі абрамленьне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазьней!
Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.
— Аднавіць можна! Якая прыгажосьць!
Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя…
Юрась паклаў сваю руку на маю… На небе запаліліся першыя зоры…
— А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!
Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэньня.
— Ганна! Я думала, ты сьціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусьніца! Косы, бач, запляла, а сама…
Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сьляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленьняў вандроўнікаў! Я залілася сьлязьмі ад зьнявагі. І тады Юрась цьвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазьней аказалася, што гэта былі ня проста словы, а план помсты і ўратаваньня майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта зьнерваваная.... Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, ня ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але… нас расьпісалі. Увечары мой нечаканы муж зьявіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэньня, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да сьвісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту…
Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртаньне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі… Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасьля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасьці нявесты. Сваёй маці я нават ня стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вясельле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна… Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу – прасьціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага – і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя сьвечкі... Шчасьлівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуваньне шчасьця. А яшчэ — воля! Незалежнасьць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есьці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.
І не спаслала Неба нам ані каханьня, ані цярплівасьці…
Ды й завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар бавіўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі заставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сьметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесьці будзільнік, які тахкаў, быццам трэсьлі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіньнікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці
Пад канец году былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыякавасьць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя сьпевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў ня трэба…» Яшчэ на ілбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «I love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцьця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію... А па вяртаньні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленьні.
А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.
Як добра, што няма пакупнікоў… Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі ня будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.
— І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала?—голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.
— Ды пакуль нічога…
— Ня дзіўна, — Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касьцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак. – А чаму ня выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.
Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданьне зьнікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..
Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляваньні і дзелавым тонам спытала-сьцьвердзіла:
— Скралі?
— Ня ведаю…
— Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.
Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» щ мяне ўзьнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не зьбіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесьці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрым гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сьценах у сьвеце не існуе.
На адной з гравюраў быў увасоблены тыповы для 15 стагоддзя матыў – з вакна вежы высунуўся шкілет, у адной руцэ яго – каса, у другой – вагі. І маладая вядзьмарка з валасамі, распушчанымі па ветры, ляціць у начным небе, пад поўняй, чый круглы твар падзелены на дзьве паловы – цёмную і сьветлую....
Дарэчы, трэба зьняць гэтую карціну – з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сьніць парыжскія кавярні.
І жыцьцё трэба зьмяніць таксама. Правільна маці гаворыць – нельга жыць у ракавінцы, калі ты ня смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія зьнерухомеюць на імгненьне, дазваляючы кубку разьбіцца, а некаторыя – адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі. Ды яшчэ і з пакою ўцякуць, запэўніваючы сябе, што там ніякага разьбітага кубка на падлозе няма, і ўвогуле сёньня яны гарбаты не пілі.