Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ясна, — выдыхнуў Янук. — Толькі ж зямля наша вялікая, не мог ён пабываць у кожнай вёсцы, на кожным хутары. Жыцця не хопіць.

— Так... жыцця не хопіць... А цяпер ідзіце па суседзях, клічце іх у гумно. І хай грукаюць у вароты нагамі, калі хочуць пачуць песню Жвірбы. А ён сёння будзе іграць для вас лепей нават, чым на спрэчцы з Міракам Гульнікам, дзе той быў — другі. Што там? Дурная спрэчка песняроў. А тут адзінае, перад чым варта схіліцца.

Як паходню кінулі ў бочку з порахам. Выбух быў на ўсё наваколле і да нябёс. Адусюль беглі

дзесяткі людзей. Хто з іх бачыў Жвірбу? Адзінкі. То пляваць на магнацкую пагрозу, абы пачуць.

Першай прыплялася бабка Любаха, якая жыла далей за ўсіх, і прынесла тры сувоі свайго палатна (а ўсяго ў канцы вечара налічылі сорак). Пасля прыцягнуўся бязногі шавец Мар'ян, які таксама жыў не блізка, і прынёс шмат скуры на абутак. Адась Барамбуліна прывёз і зваліў цэлы воз капусты, бульбы, морквы і іншага такога. Бо ён быў гароднік. Алешка з Амосам прыгналі пяць авечак з бараном, а скупеча Андрусь прыгнаў карову, немаладую, але яшчэ цалкам прыдатную. Цыган Гарась прыскакаў на кані, якога тут і кінуў (а што, ён не дужа і разбіраўся, дзе кідае, дзе бярэ).

Расла гара ручнікоў і прахалодных прасцін, хлябоў і мукі і вэнджаных сыроў. Заўзяты браканьер Ясь прывалок дзікоў азадак, а Генусь, пад якога вада не плыве, бочку саланіны і шынку.

А Санчук Паўловіч, патаемна ад жонкі, прынёс у запазусе кавал сала амаль сажань на сажань (меў дзе хаваць на такім пузе). Лайдак Мікола прывалок мех рыбы: і свежай, і салонай, і вэнджанай.

Усё ішло ў хаду. Нехта прыкаціў бочку з півам. Пасля пайшлі другая, трэцяя, дзесятая. Бочкі з салонымі гуркамі і капустай, кашы з яблыкамі.

Астап Цянюка прыпёр аднекуль тры гарцы мёду.

І ўжо варылася бульба і стаялі на падораных посцілках падораныя місы з падораным кіслым малаком і вогнядышнай кашай з баранінай.

І ўжо крычалі наперагон, хвалячыся: «Лес на хату!», «Рала!», «Дзесяціну зямлі!», «Другую».

І, ясна ж, прынеслі і да ўсяго гэтага, так што ежа, пітво і дарункі выжывалі людзей з гумна, калі сівы Алесь Бан-Жвірба ўстаў і прыціснуў скрыпку барадой да пляча. 

Калі тваё ў небяспецы каханне, Гонар, свабода, песня твая, — Скрыпка заплача ў асеннім тумане, Скрыпка надзеі, скрыпка світання, Ветру, шыпшыны і салаўя.

І гэта было запрашэнне да стала, да вясельнай гулянкі, самай сытай, самай вясёлай, самай спявучай, якая калі-небудзь адбывалася між нашых пушчаў, на верасовых нашых пустэчах, над чыстай слязою нашых вод.

А каму Жвірба дзякаваў за дар, той ледзь не скакаў ад шчасця, а з каго ён жартаваў, той ледзь не паміраў са смеху разам з суседзямі. А каму ён спяваў куплет, той ведаў, што яго паўтораць дзеці і ўнукі і прапраўнукі, і нават я, недастойны, буду ганарыцца тым, што мой прашчур слухаў спевы Жвірбавай скрыпкі.

О, як ён граў тады! Як бегаў ягоны

смык! То па першых струнах, то па басах. І ўсё было ў напеве: верас пад ураганам, шум далёкага-далёкага мора і азёрных хваль, плач асенніх хмар і пяшчота неадольнага нічым нашага кахання.

Ляснулі вароты, і з'явіўся пан з прыплечнікамі. А насустрач яму плескануўся гнеў, і любоў, якую бароніць гэты гнеў, і тупат баявых коней, і спеў трубы. Нібы не адна скрыпка ўстала з адпорам, а сусвет.

Пан стаў як мёртвы. Можа, ён і не бачыў ні людзей, ні Жвірбы. Рука адпусціла эфес мяча і кінула на стол залаты.

— Яшчэ, — сказаў магнат і паклаў другі. — Яшчэ.

Шалахцелі вербы, і словы гучалі ў іх, начное срэбра бегла па вадзе, гучала калыханка, агульная для ўсіх, калі яны былі добрыя і чыстыя.

— Яшчэ, — рука бязгучна паклала некалькі манет.

Жніво гучала, і гучаў пакос, гучала лясное «Аэй!», і чуўся ломат мячоў, і звон кайданоў, і хрыпенне ярасці, і трубны кліч перамогі, і радасць міру.

— Яшчэ...

І варушылася бузіна на могілках, дзе спачываюць продкі, і сосны шумелі, і чуўся голас:

«Ты чалавек. Ты такі і слабы і смяротны. Шабельны лепшы ўдар песні найгоршай не варты».

«Засні — гэта лепшае, што ты зробіш... Вось цвіце арабіна... Дай гэтым людзям жыць... Ты дзіця ліхалецця, дзіця адлічаных дзён».

І пан высыпаў усё золата, махнуў рукою ўзброеным і, згорбіўшыся, рушыў вонкі.

А скрыпка спявала. Гэта ўся наша радзіма выплесквалася ў ёй. Душа яе, вечная, як дуб, жылаватая, як карэнні ядлоўцу, гнуткая і нязломная.

...Урэшце ўсе пайшлі, а стол быў завалены золатам, срэбрам і меддзю, а гаспадары былі з многімі падзякамі абцалаваныя гасцямі да апошняга.

— Ну вось, — сказаў Бан. — Хай блаславіць вас родная зямля, дзеці. За вашу бескарыслівасць, за любоў да яе і адзін да аднаго.

Тут Марта і Янук падзяліліся з ім тым, чым не збіраліся ні з кім дзяліцца.

— Ну, я пайшоў, — сказаў сівы і знік у цемры.

— А грошы! Грошы!!!

— Хто гэта тут крычыць пра грошы? — спытаў, уваходзячы, Мірак Гульнік, другі пасля Жвірбы, музыка і спявак. — У каго гэта іх так многа?!

— Гэта не нашы! Гэта — Жвірбовы! — крыкнула Марта. — Ён граў нашаму вяселлю цэлую ноч. І забыў.

Мірак сеў ля агня, паглядзеў на дары, на маладых, падумаў, а пасля пакруціў пальцам каля лоба.

— Ну-н-ну, — сказаў ён. — Цік-кава. Цікава, хто тут з розуму з'ехаў, вы ці я?

— Ты не мог не сустрэць яго. Ён граў нам і наваколлю. Мы ледзь не паміраем ад шчасця, такая гэта была музыка.

— Досыць, ёлупы, — сказаў Мірак. — Я хаця і маладзей за яго, а смяяцца з мяне, пажылога, шчанюкі гэткія, таксама грэх.

— Жвірба! Жвірба! Ён граў!

— Ён нікому не мог граць. Месяц таму назад, пад Браславам, на гары, проста ў яго ўдарыў Пярун! І давеку ўзяў яго з сабою. Мы тады ж пахавалі яго, праўдзівей, тое, што ад яго засталося, на ўзгорку на беразе возера.

123
Поделиться:
Популярные книги

Студент из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
2. Соприкосновение миров
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Студент из прошлого тысячелетия

Рябиновая невеста

Зелинская Ляна
Фантастика:
фэнтези
5.67
рейтинг книги
Рябиновая невеста

Мама из другого мира...

Рыжая Ехидна
1. Королевский приют имени графа Тадеуса Оберона
Фантастика:
фэнтези
7.54
рейтинг книги
Мама из другого мира...

Кодекс Крови. Книга Х

Борзых М.
10. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга Х

Я все еще князь. Книга XXI

Дрейк Сириус
21. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще князь. Книга XXI

По машинам! Танкист из будущего

Корчевский Юрий Григорьевич
1. Я из СМЕРШа
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.36
рейтинг книги
По машинам! Танкист из будущего

Возвышение Меркурия. Книга 5

Кронос Александр
5. Меркурий
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 5

Камень Книга одиннадцатая

Минин Станислав
11. Камень
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Камень Книга одиннадцатая

Кодекс Крови. Книга VIII

Борзых М.
8. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга VIII

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

Полковник Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
6.58
рейтинг книги
Полковник Империи

На границе империй. Том 5

INDIGO
5. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.50
рейтинг книги
На границе империй. Том 5

Часовая башня

Щерба Наталья Васильевна
3. Часодеи
Фантастика:
фэнтези
9.43
рейтинг книги
Часовая башня

Дворянская кровь

Седой Василий
1. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.00
рейтинг книги
Дворянская кровь