Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Містэр Карлтан Майет? — спытаў ён.
Майет здзівіўся. Ён ніколі не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на візітоўку, ён прачытаў: «Містэр Лео Стэйн».
— А, містэр Стэйн.
— Здзівіліся, калі ўбачылі мяне? Спадзяюся, вы не лічыце мяне занадта нетактоўным?
Ён выглядаў вельмі зычлівым і сардэчным. «Зусім як сапраўдны ангелец», — падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос — нос са шнарам, які зрабіўся прамы пасля аперацыі. Варожасць паміж жыдом, які не хаваў сваёй нацыянальнасці, і жыдом, які маскіраваў яе, адразу ж была выказаная
— Я чакаў убачыць свайго агента.
— Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, — уздыхнуў Стэйн, пахітаўшы бялявай галавой.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасіць вас зайсці да місіс Экман. Я вельмі за яе хвалююся.
— Вы хочаце сказаць, што містэр Экман памёр?
— Знік. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмі ўсё гэта дзіўна.
Было холадна. Майет зачыніў акно і, сунуўшы рукі ў кішэні футры, пачаў хадзіць па пакоі туды-сюды: тры крокі ў адзін бок, тры ў другі.
— Нічога дзіўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, — павольна прамовіў ён.
— Некалькі дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмі пакрыўджаны.
— Я ніколі не давяраю жыду, які перайшоў у хрысціянства, — павольна, дакладна падбіраючы кожнае слова, сказаў Майет.
— Аднак жа дазвольце, містэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, — запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.
— Дапускаю, што, магчыма, ён у сваіх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведаміў мне, — сказаў Майет, спыніўшыся пасярод пакоя спінай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.
— О, перамовы, — адбітак Стэйна ў люстры быў не такі абыякавы, як яго голас, — яны ўжо скончаны.
— Ён паведаміў вам, што мы не будзем купляць?
— Але ж ён купіў.
Майет кіўнуў. Ён не здзівіўся. За знікненнем Экмана павінна хавацца шмат чаго.
— На самой справе я вельмі хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, — павольна сказаў Стэйн.
— Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.
— Разумееце, ён быў устрывожаны.
— Чым жа?
— Ну, у яго з'явілася такое пачуццё, нібыта вы яму не давяраеце. І потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць міласэрным.
— Але ж я не хрысціянін, містэр Стэйн. Я не веру, што міласэрнасць — галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, які ён падпісаў?
— Вядома.
Містэр Стэйн выцягнуў з кішэні цвідавага пінжака доўгі канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на ім паперы і пачаў уважліва іх чытаць. Ён не рабіў ніякіх заўваг, твар яго не выказваў нічога. Цяжка было ўявіць, які ён быў шчаслівы, калі вярнуўся да лічбаў, — іх ён разумеў, і яны былі пазбаўленыя ўсякіх
— Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? — спакойна спытаў Стэйн.
— Не, — абыякава адказаў Майет.
Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоціцы, здавалася яму нерэальным. Вельмі хутка ён пра ўсё забудзецца, — гэта ж ніяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.
— Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсці нейкую недакладнасць і скасаваць гэтае пагадненне?
— Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далі яму правы весці перамовы.
— У яго не было паўнамоцтваў падпісваць пагадненне. Не, містэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе ніякай карысці.
Стэйн сеў на канапу і перакрыжаваў ногі. Ад яго цвідавага гарнітура пахла тытунём.
— Я не хачу вам нічога навязваць. Мой дэвіз: ніколі не падводзіць свайго калегу бізнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, містэр Майет, калі б яно было несправядлівае. Але, бачыце, калі ўжо бедалага Экман падпісаў гэты дакумент, фірма Моўлта адмовілася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другі раз яны не вернуцца да гэтай справы.
— Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацікаўлены ў разынках.
— Ну, бачыце, пры такіх абставінах, скажу вам па-сяброўску, містэр Майет: калі вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запаліць?
— Вазьміце цыгару.
— А можна, я запалю люльку?
Ён пачаў набіваць люльку светлым мяккім тытунём.
— Я думаю, што Экман меў за гэта неблагія камісійныя?
— Ах, бедалага Экман! Я і сапраўды хацеў бы, каб вы наведалі місіс Экман. Яна вельмі нервуецца, — ухіліўся ад адказу Стэйн.
— У яе не будзе падстаў хвалявацца, калі яна атрымае добрыя камісійныя.
Стэйн усміхнуўся і запаліў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды — справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесці шмат клопату. Некаторыя лічбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фірмы. Але яму не падабалася цана і тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзіцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў іхнюю фірму.
— Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне і складзем новае.
Стэйн пахітаў галавой:
— Паслухайце, містэр Майет, калі ласка, гэта будзе не зусім справядліва ў адносінах да мяне.
Майет вырашыў, што рабіць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзіцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовіцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравіцца.
— Не думайце пра гэта, містэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другі.