Шрифт:
Кузьма Чорны
Трагедыя майго настаўнiка
Найдрабнейшае калiва травы - незаўважанае цi даўно забытае, - i яно можа калi-небудзь увайсцi раптам у жыццё чалавека, заняць увагу i думкi. I няма тае рамы, у якую можна было б, нават самаму моцнаму з моцных, увагнаць гэтую з'яву з малым калiвам травы. А якую адлегласць трэба вымераць ад травы да чалавека?!
Аб трагедыi аднаго старога чалавека, майго былога настаўнiка чатырох правiлаў арыфметыкi, паведамiў мне яго лiст. Я атрымаў яго ў летнi дзень, пад вечар.
"Прыйшлося мне давесцi да вашага ведама, што я ажанiўся, - пiсаў ён. Жонка мая - вельмi маладая, прыгожая, слаўная i добрая; яна мяне вельмi глядзiць, шкадуе i любiць, хоць мне i пайшоў ужо шэсцьдзесят чацвёрты год. Я яе вельмi люблю, але жыць з ёю мне цяжка, бо дзецi мае, Клаўдзя i Ваця, мне жыць не даюць. Яны мяне i яе выганяюць з хаты i намагаюцца, каб я браў з ёю разлуку. Кажуць, што мне даўно
Лiст гэты тры днi ляжаў у мяне на стале - я стараўся дадумацца, што мне адказаць яму. Нельга было проста сказаць яму, што нiчога я не магу дапамагчы яму ў гэтай справе, - усё роўна не дасць веры.
На чацвёрты дзень прыйшоў ад яго другi лiст, пiсаны больш нервова, як бы ён падыходзiў да апошняга пункта, за якiм няможна ўжо было шукаць збавення.
"Калi здарыцца, што вам мае Ваця або Клаўдзя напiшуць што-небудзь, то будзьце так сардэчна адданы мне, не звяртайце ўвагi на iх захады, а iдзеце поўнасцю насустрач мне. Так гаворыць нам камунiзм, што трэба iсцi насустрач нашаму беднаму класу. Жонка ж мая вельмi бяздольная пры цяперашнiм нашым становiшчы, i мне застаецца толькi адно - клапацiцца, каб не давялося ёй iсцi з торбаю па свеце.
Гэта з ёю здарыцца, калi я з ёю разлучуся; а жыцця ёй i мне ў доме маiм няма i не прадбачыцца. Адзiн мне выхад - пайсцi на службу настаўнiка, што зрабiць можна пры дапамозе добрых маiх прыяцеляў. Так што, мой дарагi, як ужо я вам пiсаў раней, паклапацiцеся. Даведайцеся, можа, мне можна i трэба быць на курсах, i я буду згодны. Чым хутчэй адкажыце мне, бо Ваця i Клаўдзя стараюцца ва ўсiм перашкодзiць мне. Яны процi таго, каб я жыў з сваёю жонкаю, хоць бы i на пасадзе, не ў сваiм доме. Будзьце ласкавы, пагаварыце там з кiм належыць; я гатоў прайсцi курсы, але толькi ў Менску, бо ў сваёй акрузе цяжка мне будзе папасцi на iх, у мяне тут няма дарагiх таварышоў. На рэшце лiста гэтага прашу яшчэ раз паклапацiцца як аб сваiм былым настаўнiку i яшчэ раз папярэджваю вас, што калi будзе ў вас якая-небудзь заява супроць майго паганага становiшча, то адкiньце яе, бо ў iх адна мэта - разбiць маё жыццё з жонкаю, i ад гэтага для мяне здарыцца вельмi непрыемная гiсторыя. Каб мне папасцi на курсы, то тады мая жонка магла б пажыць у сваёй вёсцы, а пасля была б пасада, i ўсё было б добра i спакойна. Мой дарагi, пастарайся мне зрабiць кар'еру жыцця, у iншым выпадку я канчаткова прападу. Так я цяпер нуджуся i так у мяне цяпер горка на сэрцы, што я не магу перажыць i не ведаю, дзе мне дзецца. Ваця ж i Клаўдзя рады, што мне нядобра. Жонка жыве ў суседкi, а я дома нi госць, нi гаспадар. Забралi яны ўсё ў свае рукi. Прывядзiце мяне да спакойнага жыцця, i я буду лiчыць вас да дошкi труны свае маiм ласкавым другам. Добра было б атрымаць ад вас адказ дзён праз 8-10, бо калi пазней, то я не ведаю, што яны са мною зробяць. Пiшыце мне на iмя брата майго Ўладыслава, бо дома яны перахвацяць лiст. Яшчэ раз прашу вас, дарагi мой, не пакiньце без увагi мае просьбы".
"Прывесцi яго да спакою жыцця?!"
I я нiчога не напiсаў яму. Я сам меўся ехаць туды i думаў сам пастарацца як-небудзь пераканаць яго, што нiколi ў канцылярыях камiсарыятаў i iх аддзелаў я не буду такiм аўтарытэтным, каб дапамагаць каму-небудзь заняць пасаду.
Лiсты гэтага старога чалавека наводзiлi на мяне думкi аб усякiх трагедыях чалавечых, аднак адзiн з маiх знаёмых, якому я для практыкi вывучэння ўсяго, што толькi можна вывучаць, пачытаў гэтыя лiсты, сказаў мне, што чалавек гэты - вузкi эгаiст i па-дурному разумее жыццё. Перш за ўсё, для яго няважна шырыня настаўнiцкае
Дзецi гэтага старога хочуць таксама жыць. Можа, гэты сын яго, Ваця, нядаўна ажанiўся цi думае жанiцца, а стары бацька засланiў яму ў хаце свет.
Вось да чаго падобна гэта здарэнне.
Так гаварыў мой знаёмы. Падумаўшы трохi, ён яшчэ сказаў:
– Чалавек гэты навылет працяты хрысцiянскiмi разуменнямi. Ён адмаўляе ўсякую актыўнасць арганiзацыi. Для яго проста па-хрысцiянску камунiзм нейкая вышэйшая, невядома адкуль нараджоная iстота, якая вучыць iсцi i сама iдзе насустрач усiм бедным i бяздольным. Спадзявайся, значыцца, на гатовае. Сядзi рукi склаўшы i ўздыхай, пакуль нехта, навучаны камунiзмам, не прыйдзе i не прынясе збавення. Да гэтага ж трэба дадаць, што ён i хiтранькi, гэты чалавек; думаючы падкупiць вас, ён гаварыў тут пра нейкi для яго далёкi i незразумелы камунiзм.
– Аднак жа ён сам дзейнiчае; сам пачаў нанава жыць, супярэчачы дзецям, - пастараўся апраўдаць я свайго былога настаўнiка.
– Малая яго ў гэтым храбрасць - ён проста эгаiст ды, у дадатак, баязлiвы.
– А што ты хочаш ад яго, старога?
– Ад яго нiчога нiхто не хоча i не вымагае, толькi я падвожу яго пад агульны закон для такiх людзей - хто з iх больш правы: ён цi дзецi. Па-мойму, дзецi павiнны поўнаю жменяй чэрпаць жыццё, а ён - "пастолькi паколькi".
Я выслухаў майго знаёмага, i нядобрае пачуццё засталося ў мяне да яго. З аднаго боку, трагедыя чалавека, з другога - формула. I нядобрае пачуццё гэтае надоўга не пакiнула мяне, бо бачыў я шмат пiсароў, якiя складалi незлiчоныя анкеты абсалютна для ўсiх, самi ж нiколi ў iх не ўпiсвалiся. За вельмi малы час цэлы калейдаскоп iх, гэтых асоб i характараў, сiлком, без майго нават клопату, паказала мне сябе навылет. Адна шаноўная асоба запрасiла была раз мяне на абед. I я пайшоў, радасна чакаючы пачуць паважнае слова.
Аднак паважнага слова я так i не дачакаўся, бо слухаў увесь час усякую гаворку аб закулiсных справах адной вялiкае ўстановы. Пры гэтым лысiна паважнае асобы далiкатна блiшчала, i твар зрабiўся раптам мяккiм i добрым вiдаць было, што асоба папала ў сваю сферу! Другая, не менш паважная асоба, напоўнiлася раз вялiкiм жахам, калi я ў нейкай справе прапанаваў змянiць вельмi цяжкiя i надзвычайна невыгодныя метады адной работы на лепшыя.
Асоба прызнала прапанову вельмi добрай, старыя метады вельмi дрэннымi i новыя вельмi добрымi, аднак, з выглядам чалавека, пад якiм рушыцца свет, заўважыла:
– Вы забываеце, што тыя метады, якiмi цяпер карыстаемся, некалi былi праведзены ў жыццё.
– Дык што?
– Дык тое, што яны ў свой час былi ўхвалены, i, адкiнуўшы iх, мы кампраметуем сябе. Заўсёды памятайце, што пра iх было раздзьмута кадзiла, i няхай сабе яно цяпер непатрэбна, аднак мы павiнны хоць штучна падкладаць у яго вуголле i ладун. Разумееце?!
Я не меў права не разумець.
I я толькi быў рад аднаму: гаворачы аб змене метадаў, асоба мiжвольна пакрыла твар свой страхам, звычайным чалавечым страхам. Такiм чынам, першы раз у жыццi давялося мне ўбачыць у гэтае паважнае асобы чалавечы твар.
Я ўспомнiў пра калейдаскоп асоб... I мне захацелася зараз жа ўбачыць майго былога старога настаўнiка i, пераканаўшы яго ў праўдзiвасцi палажэння, што нiчога дапамагчы яму я не магу, сказаць яму радаснае, ласкавае слова. Я ведаў, што ласкавае слова - гэта саматужнiцтва i што адзiнае ўстанаўленне жыцця - гэта iндустрыя, аднак нiчога з сабою зрабiць не мог. Такая ўжо ў мяне брыдкая натура.
Я не паспеў яшчэ выехаць туды, як раптам зноў лiст прыйшоў да мяне. Лiст не ад яго, а пра яго. Мiж усякiмi iншымi навiнамi мне пiсалi, што пад вечар ён нечага зайшоў дадому. I мiж iм i сынам Вацем адбылася такая гаворка: