У снягах драмае вясна
Шрифт:
Берасневіч хутка ўстаў, апрануўся, праскочыў паўз гаспадара і пайшоў да клуба.
Які чароўны, які нявінны падаў снег! Вербы ля дарогі, пушыстыя сады, саламяныя стрэхі - усё такое белае. I клуб за вішнёвым садам так прыязна міргае акенцамі.
Берасневіч спыніўся ля клуба, каб пакурыць. Цёмная постаць у кажусе і вялікай шапцы высунулася на яго з цемры.
– Дзядзька Нічыпар, вы?
– спытаў Берасневіч.
– А-а, Уладзік. Дай,браце, закурыць, а то ў мазгах цёмна.
Закурылі. Дзве агністыя кропкі то разгараліся, то згасалі.
– Што гэта вы, дзядзька, з пугаю?
– Трэба будзе сёння адпакутаваць, браце. Нічога, гэта для вёскі свята, добрыя артысты, а свята без мучаніка не бывае,
– Хіба яны адсюль у горад?
– Ды не, не ўсе. Іх дванаццаць чалавек. Адзін жартуе ўсё, другі на цымбалах грае, трэці скрыпач, дзве дзяўчыны танцуюць, шосты хлопец чытае апавяданні і вершы надта ўжо смешна, яшчэ дзве - жартаўлівыя і народныя песні спяваюць... ну і яшчэ адна спявачка ёсць. Спявае добра, хоць зусім непрыгожая, худая, як матыль. Якраз яна зараз спявае, можа, яшчэ паспееш. Вось яе сёння і трэба будзе адвезці на станцыю за дваццаць восем кіламетраў. О-о-хо-хо, грахі нашы! Тыя паедуць далей, у Наваселіцу, а гэта дамовілася з старшынёю, справы ў яе. Усё добра, а я матляйся. А спявае яна добра, нават шкода новасельчан, бо не пачуюць... А што, браце, ці хутка вы ўжо "Пінскую шляхту" паставіце?
– Хутка, дзядзька.
– Ну то й добра. Я люблю.
Берасневіч пайшоў у клуб, дзе ў перадпакоі было чыста выбелена. Нават і не заўважыш, што старая хата, толькі што тоўсты слуп падпірае столь. А чатыры гады таму жах было глядзець, чысты свінух.
Народ стаіць і тут, дзверы ў бібліятэку адчыненыя. Колькі яна каштавала здароўя Берасневічу і бібліятэкару, колькі давялося лаяцца, прасіць грошай, ездзіць за кнігамі, разбіраць старыя, зваленыя ў вільготную купу, рамантаваць пакой, рабіць паліцы. Затое зараз хоць у горад! З залы гучэлі воплескі. Берасневіч накіраваўся ў бібліятэку, бо ў перадпакоі было даволі халодна. Не, усё ж гэты будынак не натопіш як трэба. Новы патрэбен, але да яго яшчэ як да неба.
Дзеці скінулі шапкі, заўсміхаліся. Берасневіч адказаў "вечар добры" і ўжо амаль праскочыў у бібліятэку, як раптам стаў і аслупянеў. У зале спяваў жаночы голас. I было ў гэтым голасе нешта ніколі не чуванае і разам з тым знаёмае-знаёмае.
Што гэта? Што? Голас кліча, голас заве. Што гэта і дзе ён? I дзе ён чуў гэты надзвычайны, такі глыбокі і прыгожы голас? Маладосць, страсць, туга! Дзе гэта было? Можа, тады, калі квітнелі каштаны чатыры гады таму? Які ён быў тады малады, закаханы і чысты!
В ясный день желанный Пройдет и наше горе, Мы увидим в дали туманной Дымок вон там, на море. Вот корабль весь белый В порт входит плавно.Маладосць, каханне! Нашто кліча яго гэты, даўно забыты голас? Нашто так трывожыць?
Я не бегу навстречу, О нет, я стану здесь на склоне в сторонке Н долго стою притаившись, Жду милой речи В минуту встречи. Кто идет, кто идет? Судзуки, угадай. Кто зовет, кто зовет: "Баттерфляй! Баттерфляй!" Я ж притаилась, Не говорю ни слова, Обнять его готова.Арыя Батэрфляй, маладосць, радасць, каханне спявалі да яго. Голас!
Как сердце бьется! Не выдержит оно ТакогоБерасневіч кінуўся да залы. Па галерэі бліжэй да сцэны. Няўжо гэта яна? Сэрца яго захлыналася ад радасці, ад бязмежнага шчаслівага болю: мора нарэшце прабіла грэблю крыўды і несправядлівасці і рынула, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Не, ён ніколі, ніколі не забываў яе.
Маладосць... бязмежнае каханне... бессмяротная каханая. Кулачкі каштанаў. "Глядзіце, Уладзік, якія яны даверлівыя..." Гукі "Манфрэда"... "Я б жадала плысці з табою да сіняга мора..." Мудрыя і старыя словы казкі пра вужыную каралеву, вада пад месячным сяйвам. Як ён мог падумаць, як ён мог уявіць на хвіліну, што можа забыць яе! Не, няхай яна не зверне на яго ўвагі, няхай яны не пабачацца, няхай яна ніколі не працягне яму рукі - яна ўсё ж адзіная для яго, і іншай яму не трэба.
У поўцемры сцэны, цьмяна асветленай газоўкамі, стаяла тое, чаго ён не забыў, не мог забыць, стаяла яна.
Ён не заўважаў яе сукні, яе рук. Ён бачыў толькі трошкі пасталелую постаць, вялікія вочы, нейкую вельмі складаную і прыгожую прычоску, яе вусны, яе тыя самыя, дзіцячыя і горкія вусны.
А он меня с тревогой все зовет, все зовет: "Цветок мой ароматный, Малютка дорогая", - Как прежде, называл он меня, лаская.Гэта была тая самая арыя, але таксама і іншая, як і яна была той самай і іншай. Яна спявала зараз з не вядомым раней пачуццём, з вялікай страсцю. Яна перажывала. Яна ведала. I новым быў яе позірк, такі дзіцячы і наіўны раней. Зараз ён быў глыбокім, чыстым, абазнаным.
I гучэла, гучэла арыя:
Верь мне, моя Судзуки, Пройдут и наши мукн. Я знаю.Горкае, светлае, напаўзабытае ахапіла яго душу, слёзы прасіліся з вачэй.
Любая! Любая! Вечна каханая! Цёплы агеньчык! Іскра ўначы! Кліча, кліча твой голас. Я іду, іду. Я ніколі не дайду да цябе, я чужы табе і невядомы, я ніколі не кіну і слова, ты нават не пазнаеш, што я тут. Але я іду.
Калі песня скончылася, Берасневіч хутка выйшаў з клуба і падышоў да дзядзькі Нічыпара.
– Дзядзька, давайце кажух, шапку, пугу. Спіце гэтую ноч спакойна, ідзіце слухаць канцэрт. Толькі нікому не кажыце, што я паеду замест вас. Добра?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Берасневiч, загорнуты ў кажух i падобны да мядзведзя, у валёнках клубнага вартаўнiка, закруцiў амаль увесь твар шарфам, насунуў шапку на вочы. Ён цвёрда вырашыў, яна не пазнае яго. Ён давязе яе да станцыi, праедзе з ёю гэтых тры дзесяткi кiламетраў, пагрэецца ля свайго вечнага агню, а пасля хоць на ўсё жыццё зноў халодная дарога, праца i мары аб ёй, поўнае ўсведамленне таго, што яна - адзiная i што ён яе нiколi не пабачыць.
У сані ён намасціў сена, паклаў кілімок і яшчэ два кажухі. На шчасце, усе сядзелі ў клубе, і ніхто не бачыў яго ў новай ролі.
Яна выйшла, захутала цёплай хусткаю рот. Сказала, гледзячы на неба, якое вызарыла пасля снегападу:
– Ну й мароз!!!
Ён спрытна пасадзіў яе ў сані, зрабіў з вялізных кажухоў цёплае гняздо, паклаў больш сена ў ногі, захінуў яе, пакінуў толькі вочы, а сам, непазнаны, сеў на козлы.
Коні спора ўзялі з месца.
Пабеглі назад вярбовыя прысады, снежныя гурбы, масткі, загубіліся далёка ззаду скупыя вясковыя агні. I пайшла дзіч, пайшлі нетры. Дарога! Дальняя дарога. Ці то агеньчыкі блішчаць у далёкіх хатах, ці то ззяюць далёкія ваўчыныя вочы? Месяц закуўся ў вясёлкавы пярсцёнак. Трохі марозіць, белы і чысты ляжыць снег. Плывуць па гурбах сані, як човен па хвалях.