У тумане
Шрифт:
Увесь час ідучы недалёка ззаду з дзвюма вінтоўкамі на плячах, Войцік з зайздрасцю думаў, які ўсё ж здаравенны мужык гэты Сушчэня. Угнуўся ледзь не да долу, а прэ і прэ, нібы трактар, і нават не спыніцца для адпачынку. Дужы чыгуначнік, нічога не скажаш. Папраўдзе, дык Войцік здаўна недалюбліваў такіх вось здаравякоў, хто б яны ні былі, ён неяк хваравіта адчуваў іхнюю перавагу над сабой, паставіць насуперак якой у яго не было чаго. Хіба што розум, разважнасць, мо нават хітрасць. Ці, як нядаўна казалі, — прынцыповасць. Але прынцыповасць патрэбна была да вайны, у класавай барацьбе, у іх тлумнай складанай службе, а тут навошта? На вайне куды болей патрэбна такая вось дужасць,
Да трэцяй прасекі яны яшчэ не дайшлі, як недзе ўбаку злева нечакана забахалі стрэлы. Не так, каб блізка, але і не далёка. У тумане гукі стрэлаў прагучалі няпэўна, прыглушана, і цяжка было зразумець, якая да іх адлегласць. Сушчэня нядоўга пастаяў з ношаю і вяла апусціўся долу, Войцік таксама ўкленчыў на мох. Абодва ўслухаліся. Бахала мо з дзесятак ці болей вінтовак, туманныя нетры лесу выразна даносілі кароткія без водгулля стрэлы, якія туга аддаваліся ў паветры, бы выбітыя з бутэлькі коркі.
— У Бабічах, ага? — спытаўся Войцік.
— Каб жа ў Бабічах, — услухоўваючыся, сказаў Сушчэня. — То з іншага боку. Ці не на шашы.
— На шашы?
— Ну.
— Дык яшчэ і шаша тут! Куды ж ты завёў?
Войцік ціха пры сабе вылаяўся — ён зусім забыўся, што тут недзе павінна быць і шаша. Пра шашу ён і не падумаў нават.
— А куды ж яшчэ весці! — з ціхаю крыўдай зазначыў Сушчэня. — Вы ж кажаце: у Бабічах немцы?
— Ну немцы.
— Значыць, толькі сюды. Цераз шашу.
Але, мабыць, сапраўды цераз шашу, інакшай дарогі ў пушчу няма. Можа, упершыню Войцік падумаў, што Сушчэня трапіўся яму дарэчы, што без яго ён зноў заблудзіў бы ў гэтым чортавым лесе. А заблудзіўшы, нядоўга налезці на ражон і развітацца з жыццём. Гэты хоць ведае мясцовасць і, можа, яшчэ выведзе да сваіх.
Ось калі б ён быў свой чэсны мужык, а не здраднік!
Але каб быў свой, а не здраднік, дык, пэўна, тут не было б чаго швэндацца і Войціку, і, мусіць бы, Бураў не ляжаў цяпер на воглай імшарыне, задраўшы ўгару падбароддзе. Каб быў не здраднік. Горш, што ён яшчэ і з наганам; думае, мабыць, што Войцік забыўся пра той наган Бурава і не адбярэ яго назад. Але трэба адабраць. Калі, можа, не тут (каб не абвастраць адносін), дык ужо за шашой трэба адабраць. Усё ж здраднік, якіх цяпер, у вайну, развялося нямала — адны імі сталі з ахвотай, з нейкай для сябе карысцю, іншыя па безвыходнасці, праз страх, баючыся за жыццё, за дзяцей і сям'ю. Але тое не мяняе нічога па сутнасці, здраднік ёсць здраднік. Не глядзі, што каторы прыкідваецца смірным і нават гатовы навязаць табе шкадаванне, а затым… А затым — нож у спіну, кулю ў патыліцу. Хто ведае, што ў яго ў галаве, у гэтага Сушчэні, чаму яго там навучылі, у паліцыі. Мабыць, завербавалі, прымусілі ці ўгаварылі і далі заданне. Інакш бы жывога не выпусцілі. Войцік ужо разумее, яго не ашукаеш. Што-колечы пабачыў за жыццё, чаму-нічаму навучыўся.
Яны паляжалі на імшарыне, трохі спачылі, трывога ад страляніны памалу
Калі грукат той крыху заглух удалечы, Войцік, прыгнуўшыся, падбег да Сушчэні.
— Шаша, ага?
— Шаша.
— Што ж рабіць? Пярэйдзем?
Перш чым адказаць, Сушчэня паслухаў. Лес слаба шумеў, як і раней, аўтамабільны грукат пакрысе глухнуў, аддаляючыся ўправа; злева ж лесавы прастор атуляла ціша. Хоць, канешне, у кожную хвіліну там зноў маглі з'явіцца машыны.
— Можа, лепш паначы, як сцямнее, — слаба запярэчыў Сушчэня.
— Ну, столькі чакаць…
— Ага, трэба б счакаць.
Сушчэня застаўся ляжаць — ніцма пад кустом ядлоўцу, усё ўзіраючыся ў падлесак, у бок недалёкай ужо шашы. Яму было ўсё роўна, калі пераходзіць яе, ведаў, нічога добрага па той бок яго не чакае. Як, мабыць, не чакае нідзе. Але ён пачаў ужо прывыкаць да свае новае ролі — правадніка ці нават партызана, і імкнуўся выконваць яе спраўна. Ды каб выканаць спраўна ў ягоным становішчы, трэба было слухацца гэтага партызана Войціка, цяпер як бы яго начальніка. Тое паслушэнства давала яму цьмяную надзею, якая і вяла яго ўвесь дзень па лесе. Зноў жа Войцік, можа, зразумее, што ўсё тое Сушчэня робіць з свае добрай волі, без жаднага прымусу, хай ён памятае, а пры выпадку і засведчыць тое.
Яны праляжалі так, можа, і не надта доўга, на шашы ўсё было ціха, мабыць, не праехала ніводнай машыны. Не чуваць было і страляніны. Вецер угары, мабыць, патроху суняўся, так і не разагнаўшы туман, які ці не стаў нават гусцець на сконе дня, за час іх чакання. Так, туман пагусцеў, Войцік адзначыў гэта па тым, як у шэрай навалачы здаля закурэў падлесак. Доўга ляжаць на воглым доле зрабілася сцюдзёна, дрыжыкі раз-пораз скаланалі цела, і Войцік ціха гукнуў:
— А калі цяпер, га? Па адным?
Сушчэня падняўся, сеў, азірнуўся. Ён не пярэчыў, але і не спяшаўся згадзіцца, ён памеркаваў трохі.
— Трэ паглядзець. Як там, на шашы.
— Ну паглядзі. Толькі нядоўга.
Цяжка ўстаўшы на ногі, Сушчэня валюхаста патупаў у падлесак, а Войцік раптам недарэчна сумеўся: дарма пусціў! На ўсякі выпадак ён з вінтоўкай адбег трохі ўбок і схаваўся за камель тоўстай хвоі. Глянуўшы з-за яе, убачыў, як Сушчэня асцярожна, крадком прабіраецца да шашы, часам яго затуляе беразнячок падлеску, але ён хутка паяўляецца ў іншым месцы. Пасля, аднак, яго зусім затуліў хмызняк, і Войцік расслаблена апусціўся за хвояй.
«Чорт яго ўвогуле ведае, што гэта за чалавек, — падумаў ён. — Быцца як свой? Ці, можа, падладжваецца, каб увесці ў зман?» Канешне, яго трэба дужа асцерагацца ўдзень, а калі яшчэ ўначы? Не, заставацца з ім нанач Войцік не меў намеру, ён адчуваў, што трэба як найхутчэй вызваліцца ад гэтага Сушчэні. Перайсці шашу і стрэльнуць. А то яшчэ стрэльне самога…
Аднак пакуль што кепскага нічога не здарылася, Сушчэня хутка паявіўся з кустоўя, і Войцік адначасна з ім падышоў да распластанага ў доле Бурава.
Черный Маг Императора 13
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
рейтинг книги
Пророк, огонь и роза. Ищущие
Фантастика:
фэнтези
рейтинг книги
i f36931a51be2993b
Старинная литература:
прочая старинная литература
рейтинг книги
