Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

У тумане

Быкаў Васіль

Шрифт:

Падумаўшы і паазіраўшыся, Войцік павярнуў берагам улева да ўзлеску і там, яшчэ агледзеўшы пусты прасцяг восеньскага поля, памалу выйшаў з прыбярэжнага кустоўя. І раптам стаў. Здалёку па дарозе цераз поле марудна, валюхаючыся па калдобінах паўзло з паўтузіна крытых брызентам машын.

Войцік спярша знерухомеў, уцяў галаву ў плечы, пасля сеў на воглы прырэчны ўзмежак, і задам, дужа ўгнуўшыся, падаўся назад, у лес. Там, усё ўгінаючыся, азірнуўся: машыны падышлі бліжэй — вялізныя, зеленаватыя, у плямах, буды, — праз вецер быў чутны глухі вуркат іхніх рухавікоў. Але Войцік не стаў узірацца, ён хутка пашыбаваў над прырэчнай балацявінай у глыб лесу. Мусіць, у тыя Бабічы цяпер ужо не далезці, падумаў ён, там раней за яго будуць немцы. Але што там спатрэбілася немцам? Можа, паедуць далей, толькі куды? Бабічы пад пушчай, казаў Сушчэня, значыць, дарога адтуль ідзе ў пушчу. Але ў пушчы партызаны, іхні атрад імя Суворава, — тады ці не карнікі гэта? Але калі карнікі, дык як жа яму цяпер лезці ў іхнія лапы?

Праз якую гадзіну ён добра ўжо адышоўся ад таго поля з дарогай, вакол стаяў мешаны лес — бярэзнік, кустоўе з хворастам у доле, ісці стала трудней, але яму трапілася нейкая перакапаная кратамі сцяжына, і ён пашыбаваў па ёй. Ён думаў, што гэтая сцежка выведзе яго на якую лесавую дарогу ці, можа, наогул з лесу, аж яна, разы тры завярнуўшы сюды-туды, уперлася ў лесавы ручай, што

вірліва гнаў чорную ваду між падмытага куп'я алешніку. Кладкі тут не было ніякай, дна таксама не было відаць, і, трохі прымерыўшыся, Войцік шугануў у чорную ваду. За якіх пяць крокаў ён адолеў ручай і выкараскаўся з яго тваністага дна. Пасля мусіў пераабувацца, выліваць з чаравікаў ваду, выкручваць анучы. Намуляныя ступні ног страшэнна азяблі, ды і сам ён скалеў, і нарэшце шпарка прыпусціў па сцяжыне, каб хоць сагрэцца. Але на бягу не так угрэўся, як прытаміўся, і пайшоў памалу. Сцяжына вывела яго на нейкую лесавую прагаліну, тут трэба было агледзецца і паслухаць. Здаецца, аднак, скрозь было ціха, абапал сцяной стаяў густаваты хвойнік, а злева на краі прагаліны пад кустоўем ляшчынніку мясціліся два закінутыя буданы з палкамі-рабрынамі ў прадраных баках. Войцік зазірнуў у адзін, там было пуста, у кутку ляжала трохі ўчарнелага сена і бялела некалькі зжаўцелых брудных паперын. Ён пайшоў далей праз ельнік, мінуў астравок бярэзніку і тут заўважыў, што сцежка ў доле знікла, пад нагамі слалася коўдра ззелянелага моху, трапляліся струхлелыя пянькі ў жоўтых зарасніках папараці. Войцік, здаецца, страціў адчуванне напрамку і, куды ішоў, не мог сабе ўявіць. Было падобна на тое, што ён заблудзіў. І тут, як на ліха, пасыпаў дождж — не густы і не надта напорысты, але сцюдзёны і зусім недарэчны. Казыркастая Войцікава кепка і плечы ў паддзёўцы ўжо добра змакрэлі, ногі ж да калень даўно былі мокрыя, і ён стаў пад хвоінай, думаў: што рабіць далей, куды ісці? Тым болей што пачало ўжо брацца на змрок, дзень увачавідкі канчаўся, насоўвалася восеньская ноч. А дзе ён апынуўся і ў якім баку цяпер Бураў з Сушчэнем, ён даўно ўжо не ведаў. Пэўна ж, ён заблудзіўся ў гэтым дурным лесе, згубіў напрамак на Бабічы, ледзьве не налез на карнікаў. Войцік услухаўся ў лесавы шум і ціхенькі лопат дажджу наўкола — стрэлаў ці голасу быццам нідзе не было чуваць. Але лепш бы пачуць стрэлы, каб ведаць, дзе вораг і небяспека, чым так вось кідацца па-заечы ў глухім незнаёмым лесе. А можа, і не трэба кідацца, тым больш напроціў начы, а пайсці назад ды знайсці тую самую сцежку. Усё ж сцежка павінна кудысь вывесці, можа, да якой ціхай вёскі, людзей і жытла?

Разважыўшы так і адчуўшы, што пачынае нерваваць ад сваёй няўдачы, Войцік хуткім крокам пашыбаваў назад да недалёкай прагаліны. Тым часам дождж пасыпаў гусцей, аднекуль з-пад хвой прарываўся настырны нізавы вецер, і не было дзе ад яго захінуцца. На прагаліне Войцік яшчэ зазірнуў у буданы. Адзін з іх, добра абкладзены збоку хваёвымі лапкамі, быў трохі цалейшы, і Войцік, неяк няўлад са сваімі намерамі, прыгнуўся ды сунуўся туды на кукішках. Сапраўды, тут было зацішней, пад бокам угіналася зляжалае, але не надта воглае сена, пад якім гойдаўся тоўста накладзены пласт моху. Адчуўшы раптоўную знямогу ў целе, Войцік бокам прылёг у куточку. Ён не меў намеру тут начаваць — хіба спачыць трошкі, можа, перачакаць дождж. Зноў жа, трэба было абдумаць, куды кіраваць далей. Ці, можа, пачакаць ужо да ранку? Ранкам заўжды лепей пачынаць усякую справу. Раніцай і яшчэ ў першую квадру месяца, на маладзік, як некалі казала маці. Праўда, Войцік даволі скептычна ставіўся да прымхаў і правіл маці, непісьменнай старой жанчыны, якая змалку да старасці жыла на хутары і не ведала нічога, апроч зямлі, працы ды таго, што яна кожнага дня бачыла навокал сябе. І толькі, можа, цяпер, страціўшы яе і сам даволі папакутаваўшы на вайне, Войцік часам вяртаўся ў думках да маці і адчуваў, што ўсё штоколечы яна ведала, мабыць, беручы ад спрадвечнага сялянства вопыту, з назіранняў, жыццёвых высноў, пачуцця. На жаль, яе неадмысловыя веды мала стасаваліся да гэтага трывожнага веку, тут ужо пэўна трэба былі веды іншага складу, іншыя маральныя меркі. Са старымі меркамі ў новы час яўна чакала нявыкрутка…

Ветраны пошум лесу зліваўся з дробным ляскатам дажджу, які добра такі разышоўся на склоне дня. Побач з хвойных галін дробненька капала долу, той бок будана даўно ўжо быў мокры, толькі ў гэтым кутку пад гушчынёй ссохлых хваёвых лапак было пакуль што зацішна і суха. Войцік скурчыўся на баку, заціснуў між ног карабін і заціх, аддаючыся сваім невясёлым думкам. Дужа хацелася есці, але з учарашняга дня ў ягоных кішэнях не было ні скарынкі, апошні кавалак хлеба зжаваў, як ехалі сюды з Буравым. У жываце даўно галодна бурчэла, стома ўсё болей апаноўвала цела. Канешне, увесь дзень сёння за імі хадзілі няўдачы, усё яны рабілі не так, як трэба было, цяпер ён яшчэ і недарэчна заблудзіўся ў гэтым лесе, а недзе ў хвойніку яго марна чакаюць Бураў (калі яшчэ чакае) ды той Сушчэня… Калі ўжо на добры розум, дык па каня трэба было паслаць менавіта Сушчэню, той лепей ведаў, дзе тут якая вёска. Але як было даверыцца гэтаму Сушчэню? Яшчэ прывёў бы паліцаяў, і тыя ўзялі б абодвух, як зайчанят, у хвойніку. Таму пайшоў сам, думаў, так будзе лепш. Ды лепш не атрымалася… Ну але, мабыць, ранкам ён што-небудзь прыдумае. Прыдумаць што здатнае ён умеў змалку, людзі казалі, што быў галавасты. Іншая справа, што Войціку часам не хапала цвёрдасці, мужчынскай упэўненасці, але тут ужо не яго віна — мусіць, такім нарадзіўся. І ён ведаў гэта даўно, зайздросціў іншым, цвёрдым і рашучым, не такім, як сам. Бывала, заўжды з захапленнем пазіраў на некаторых кіраўнікоў у раёне, надзеленых сталёвым характарам і хлёсткай рашучасцю ў адносінах да тлумных, турботных спраў, сваіх падначаленых ды і да простых людзей таксама. Сам так не ўмеў, не валодаў такімі здольнасцямі.

У тыя гады, як яны праводзілі суцэльную калектывізацыю ў раёне, тая сталёвая рашучасць была, можа, самай каштоўнаю якасцю кожнага кіраўніка ці ўпаўнаважанага. І калі Войцік з вялікаю цяжкасцю, цаной недасыпу, стомы, пагроз і абяцанняў, неяк зладзіў за зіму якія чатыры калгасы, дык ягоны начальнік, загадчык райза Хмялеўскі за той час меў на сваім рахунку аж восем. Хмялеўскі мог дамагчыся ўсяго, што хочаш. Ён не рассусольваў, як некаторыя, не ўгаворваў і не бавіў начэй на мляўкіх сялянскіх сходах — ён ставіў пытанне рубам, абрываў нязгодных, проста і нават весела раскулачваў, і тады кожнаму рабілася зразумела: гэты свайго даб'ецца. І ён дабіваўся, бо быў чалавек рашучы і ўпэўнены ў тым, што рабіў. Варта было аднойчы ўбачыць яго ўпэўненыя манеры, мажную паставу, яго крутое асадзістае падбароддзе, каб зразумець, што гэта — кіраўнік вялікіх магчымасцей і пойдзе далёка. Войцік жа быў слабаваты характарам, а з выгляду… Які ўжо выгляд у здыхляка-недаростка ды яшчэ хворага на язву страўніка.

Так, Хмялеўскі аж тры гады быў ягоным начальнікам і ягоным ідэалам кіраўніка, і хто б падумаў, што гэты ідэал так ганебна скончыць аднойчы. Пасля ўжо высветлілася, што знюхаўся з класавым ворагам, на сходах прапагандаваў адно, а рабіў зусім іншае і цішком шкодзіў уладзе.

Праўда, тады Войцік не прыкмячаў за ім нічога асаблівага, але гэта, мусіць, таму, што ягоны загадчык умеў маскіравацца, і пасля, заднім чыслом, Войцік пачаў успамінаць дробныя факты, якія, каб Войцік быў болей праніклівы, маглі б у свой час навесці яго на пэўныя вывады. Ды не навялі, Войцік дакараў сябе найперш за страту палітычнае пільнасці. Хаця тады ён быў падначалены і што ні рабіў, рабіў па загаду Хмялеўскага. А вось пасля арышту загадчыка сітуацыя змянілася ў корані, і наступны грэх Войціка цалкам ужо быў на яго сумленні.

Яшчэ як яны працавалі разам, Войцік з маці кватараваў у старога яўрэя Мозеля якраз цераз дарогу ад дамоўкі Хмялеўскага. Войцікава маці, што жыла пры адзіным нежанатым сыне, сышлася з жонкай Хмялеўскага Кацярынай Іванаўнай, якая тады рабіла на пошце. Будучы жанчынай жаласлівай і лагоднай, маці неяк прывеціла дзвюх дзяўчынак ягонага шэфа — тыя ўлетку цэлы дзень без прыгляду таўкліся ў двары і часам завітвалі на іхні падворак. Па сялянскім звычаі маці частавала іх то блінком, то квартай малака, то яблыкам з саду. Дзяўчаткі вельмі палюбіліся бабцы, якая даўно мела сум па малых і калі-нікалі нават заводзіла пра тое гаворку з сынам. Але калі Войціку было выбраць час ажаніцца? У раёне была процьма спраў болей важных, і да самай вайны ён заставаўся халастым мужчынам, хоць даўно ўжо не адчуваў сябе маладым. Звычайна ўвечары да іх забягала Кацярына Іванаўна, дзякавала маці за дзяўчынак, і Войцік увогуле быў задаволены, што нечым дагадзіў калі не самому загадчыку, дык хоць яго жонцы — што таксама было няблага. Але во пасля арышту Хмялеўскага адносіны гэтых дзвюх сем'яў змяніліся, дзяўчынкі перасталі прыбягаць да бабы Фені, хоць тая часам і хадзіла праведаць суседку насупраць. Войціку гэта не надта падабалася, праўда, да пары ён маўчаў. Не спадабалася яму і тое, як неяк на пачатку зімы маці папрасіла яго пасобіць суседцы дрывамі. («Сядзіць, бедная, у няпаленай хаце, дзеткі хварэюць, дроў у двары ні палкі».) Войціку якраз меліся прывезці тры вазы дроў, дык маці папрасіла, каб некалькі палак скінуць пад плотам Кацярыны Іванаўны. Ім жа і без таго хопіць, палілі яны не штодня. Не спадабалася тая просьба Войціку, але ён змоўчаў, не стаў нічога тлумачыць маці. Ды і што б яна зразумела з усяе складанасці класавай барацьбы, якая разгарнулася ў краіне? Назаўтра, як прывезлі яму тры вазы дроў, ён сказаў возчыку скінуць тры бервяны ля варот Хмялеўскай. Хто б тады мог меркаваць, што праз месяц і гэтая Кацярына Іванаўна апынецца там, дзе ўжо апынуўся яе гаспадар, былы загадчык райза і шкоднік Кузьма Хмялеўскі. А Войцік пасля ледьве апраўдаўся. Чаго тады ён ні нагаварыў на сябе: і што не зарыентаваўся, страціў палітычную пільнасць, праявіў гнілы лібералізм. Мабыць, аднак, адгаварыўся, хоць і атрымаў спагнанне. Горш, што праз той выпадак яго не прызначылі на месца Хмялеўскага — прызначылі Душняка, які ў сельскай гаспадарцы наўрад ці што петрыў, бо быў рабочы з Полацка. Войцік тады вельмі зазлаваў на маці, якая так неўспадзеўкі спляжыла ягоную кар'еру. Трэба было ім шкадаваць гэтых Хмялеўскіх! Іншыя не шкадавалі, не спагадвалі, не памаглі ні разу, хоць тады, як Хмялеўскі ліха кіраваў аддзелам, падлізваліся да яго з усёй сілы. Той выпадак паслужыў Войціку добрым урокам у жыцці, і, можа, перасцярог ад многіх іншых памылак. Хоць канешне, цвёрдасці ў характары ад таго не прыбавілася, але ён імкнуўся яе выхаваць. Бо ўжо быў вучаны. Ягоная ж злосць на маці памалу стала мінацца, а ў вайну дык і знікла зусім, саступіўшы месца вялікаму шкадаванню да яе. Але гэта ўжо зразумела: маці прыняла пакутніцкую смерць за сына, мо нейкім чынам захінула яго.

Здарылася тое мінулаю восенню, як у раёне запанавалі немцы і пачаліся аблавы на камуністаў, камсамольцаў, былы раённы актыў. Партызан паблізу тады не было, туляцца па лесе напроціў зімы мала хто наважыўся, і ратаваліся, як дзе хто ўмеў. Войцік дачуўся, што паліцыя ўрэшце зацікавілася ім і пару разоў урывалася паначы ў апусцелы дом Мозеля. Ды марна: Войціка там, вядома, не было, ён хаваўся ў дальняга родзіча на прылесным хутары за пятнаццаць кіламетраў ад мястэчка. Але маці заставалася дома, за яе Войцік не надта трывожыўся: што паліцаі маглі зрабіць ёй, старой цёмнай бабе, нашто яна ім? Але зрабілі. На трэці раз не застаўшы Войціка дома, яны забралі ягоную маці і сказалі, што калі ён сам добраахвотна не прыйдзе ў паліцыю, дык пакараюць яе. І тады маці перадала праз знаёмую прыбіральшчыцу, што калісьці рабіла ў бальніцы, каб не ішоў. Яна ўжо старая, ёй усё роўна, а ён малады, яму трэба жыць. Пабедаваў тады Войцік, асабліва калі дачуўся, што маці і праўда забілі з вялікаю групаю местачкоўцаў, і гэтаму яго бедаванню, здаецца, не будзе канца. Шкада яму маці, і чым далей, тым больш, ну але што зробіш?

Закалыханы ў будане дажджом і блізкім лесавым шумам, Войцік неўпрыцям заснуў, скурчыўшыся на баку, і неўзабаве сасніў нейкі дзіўны, бязглузды сон. Прысніўся яму яго жоўты скураны партфель, які ён за тры кіло сала некалі прыдбаў у бежанца з Польшчы. Партфель быў цудоўны, з тоўстай свіной скуры, на тры аддзяленні, з двума блішчастымі замкамі-зашчэпкамі, якія хлёстка шчоўкалі, калі іх ціскануць пальцамі. Такога партфеля не меў ніводзін службовец у раёне ды, мабыць, і ва ўсёй вобласці. Войцік дужа шанаваў яго, стараўся не надта набіваць паперамі, насіў толькі на працу ў выканком ды яшчэ браў, калі ехаў у Віцебск са справаздачай або на якую нараду. У вагоне ён заўжды клаў яго пад падушку, але так, каб не дужа прыціскаць галавой, не пашкодзіць акуратныя ражкі, аблямаваныя жоўтымі бляшкамі. Ён дужа баяўся, каб яго не ўкралі, калі адлучаўся ў прыбіральню ранкам. Але тады ўсё абышлося добра, партфель ён збярог да самай вайны і, як у мястэчку паявіліся немцы, схаваў яго на гарышчы за комінам. І вось цяпер ён прысніў той партфель, які быццам ляжаў на дашчаным стале ў штабной зямлянцы, а побач стаяла начальства — камандзір Трушкевіч, начальнік штаба і яшчэ нехта, яны чакалі Войціка і, калі той увайшоў, загадалі расчыніць партфель. Не ведаючы, што там, і дужа баючыся чагось, Войцік дрыготкімі пальцамі націснуў на знаёмыя зашчапкі, падняў скураное вечка партфеля. Ён з неспакоем чакаў убачыць там свае паперы, некаторыя дакументы і даведкі, а з партфеля раптам выкацілася вялікае гусінае яйка, за ім яшчэ два — аказваецца, там было поўна яек і быццам тыя яйкі былі дзесьці ўкрадзеныя і за тое прыйдзецца адказваць Войціку. Войцік напалохаўся і не ведаў, як апраўдацца, а Трушкевіч тым часам ужо схапіўся за сваю абдрыпаную кабуру, мабыць, каб выканаць прысуд. Войцік схамянуўся ад страху і прачнуўся, не адразу пазнаўшы, дзе ён і што з ім здарылася. Нейкі час затым ён перажываў сон, не ў стане вызваліцца адразу ад яго брыдка-страхавітага сэнсу і ўсё суцяшаў сябе, што глупства гэтыя яйкі і ўся гэтая недарэчная сцэна. Не хапала яшчэ яму палохацца сноў.

Спакваля, аднак, ён супакоіўся, сцюжа і скалелае цела напомнілі яму, дзе ён і як сюды трапіў. У будане было яшчэ цёмна, дужа шумеў вецер у лесе, але дождж быццам бы перастаў. Войцік адчуў, што неўзабаве пачнецца брацца на ранак, і ляжаў, думаючы, куды яму падацца тым ранкам, дзе шукаць вёску. Ці лепш вярнуцца да Сушчэні з Буравым? Толькі дзе ён цяпер знойдзе той хвойнік? Ці не напорацца ён тут на немцаў, во тады і спраўдзяцца тыя гусіныя яйкі, сасніць якія, паводле вясковага павер'я, азначала трапіць у бяду.

Поделиться:
Популярные книги

Искушение генерала драконов

Лунёва Мария
2. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Искушение генерала драконов

Баронесса. Эхо забытой цивилизации

Верескова Дарья
1. Проект «Фронтир Вита»
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Баронесса. Эхо забытой цивилизации

Черный Маг Императора 7 (CИ)

Герда Александр
7. Черный маг императора
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 7 (CИ)

Достояние леди

Адлер Элизабет
Любовные романы:
современные любовные романы
7.33
рейтинг книги
Достояние леди

Идеальный мир для Лекаря 3

Сапфир Олег
3. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 3

Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Рамис Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Хозяйка усадьбы, или Графиня поневоле

Полное собрание сочинений. Том 24

Л.Н. Толстой
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Полное собрание сочинений. Том 24

Студиозус

Шмаков Алексей Семенович
3. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Студиозус

Кодекс Крови. Книга Х

Борзых М.
10. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга Х

Сын Тишайшего

Яманов Александр
1. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.20
рейтинг книги
Сын Тишайшего

Совершенный: Призрак

Vector
2. Совершенный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Совершенный: Призрак

Моя (не) на одну ночь. Бесконтрактная любовь

Тоцка Тала
4. Шикарные Аверины
Любовные романы:
современные любовные романы
7.70
рейтинг книги
Моя (не) на одну ночь. Бесконтрактная любовь

Чапаев и пустота

Пелевин Виктор Олегович
Проза:
современная проза
8.39
рейтинг книги
Чапаев и пустота

По осколкам твоего сердца

Джейн Анна
2. Хулиган и новенькая
Любовные романы:
современные любовные романы
5.56
рейтинг книги
По осколкам твоего сердца