Выбраныя творы
Шрифт:
— Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам — па нагах!
— Па іх страляў?
— Ды не. Солі якраз не было…
Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын — паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.
Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п'яна крычаў на ўсялякія
— Толькі і ведаюць, што самагонку добрую гнаць, — спакайней канчае Цімох, сядаючы на лаўцы. — І не зловяць ніводнага, як пад зямлёю ўсё роўна гоняць. А бабы і дзеўкі старыя курыць з дасады пачалі. Культура! Нацягнуцца, браце мой, адна з другою — толькі вочы, як белыя гузікі або як у рыбы ў юшцы. Памочнікі прыйшліся плёхаўцам, работнічкі, трасца іх матары!..
Цімох і сам, як вядома было і раней, таксама не надта перадаваў. Што лянота, любоў да прыволля, а што ўжо і старасць. Яшчэ гадоў праз некалькі яго вызвалілі ад вартавання лесу і лугоў, і стаў ён хатнім, тым больш што сын і дачка, ужо гарадскія, з вясны падкідалі ім з Волечкай унукаў, і дзеду было каго вартаваць.
Усё жывое ён любіў, можна сказаць, згадаўшы Лермантава, «странною любовью». У хаце ў яго адзін час вісела клетка… з трыма пацукамі. Толькі хвасты звісалі паміж пруцікаў. «Чырыкаюць сабе», — казаў Цімох, ледзь не захоплена. А мог і пазабаўляцца, госця пазабаўляць. Здыме клетку з крука, раскруціць вяровачку ў далонях, а тады смяецца, бо яны, тыя чырыкалы, па меры таго як клетка аціхае круціцца, п'яна хістаюцца па ёй.
Аднак пра стрэльбу ён зусім не забываўся. Ваўкоў было ўжо куды менш, чым адразу пасля вайны, але страляць іх трэба было ўсё роўна.
Ад вёскі нашай да лесу найдалей адсунуўся, яшчэ здавён, хутарок Бурака, які таксама ледзь што не спаў з тою вудай ды стрэльбай.
— Прывезлі нам туды, браце мой, здохлага каня, — адзін такі вясёлы быў, зайшоўсё з рогату. Скінулі воддаль за хлявом, ад лесу. Сядзелі мы з тым Бурачком, сядзелі ноч, і другую, і трэцюю — не ідуць, чуюць нас калядныя салаўі. Толькі здалёк заспявае каторы…
— А з якім Бурачком — з Аркадзем?
— Які табе, браце мой, Аркадзь! З бацькам, з Кандратам.
Аркадзя, маладога Бурака, Цімох недалюбліваў. Можа, таму, што той стаў пасля яго лесніком і паплаўнічым, а то, глядзі, і за тое, што з вайны, з Германіі, Аркадзь прынёс не кавадла, а паляўнічую стрэльбу.
— Гэта дык стрэльба, браце мой! — хваліў мне яе аднойчы Цімох. — Завар — чатыры кальцы!
Чацвёртае кальцо да «Заўэра» дадалося тут ад зайздроснага захаплення.
Гады праз тры мы зноў успомнілі пра Бурачкоў трафей. Цімох толькі рукой махнуў.
— Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.
— Як гэта?
— Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае…
Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады
Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.
Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», — праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў…
Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна — на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку — адна, бо першая, Цімохава, магіла.
«Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», — падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі…
«Я галодзен!»
Лгаць не ўмелі і лгуноў не любілі браты Цівунчыкі. Хоць абодва таксама людзі бывалыя.
Жылі яны па-суседску, асобнымі гаспадаркамі.
Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньчжурыі, і жонку сваю называў па-кітайску — «фіма». Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага «фумеяй».
Дзядзька Сцяпан быў не толькі старэйшы, але і бывалейшы. Нават скончыў гарадское вучылішча, на той час — вельмі рэдкая для вёскі вышыня. Нядаўна адзін з маіх добрых знаёмых, вясковы настаўнік-пенсіянер, расчулена ўспамінаючы сваю далёкую маладосць, сказаў ажно так, што «гарадское — ого-го! — гэта больш, як цяпер аспірант». А мне пры гэтым успомнілася, як я рабіў калісьці ўрокі, а дзядзька Сцяпан, які сядзеў у нас, доўга глядзеў на мяне спадылба, а потым буркнуў — спытаўся, зусім нечакана:
— Сямю дзевяць?
Я быў у чацвёртым класе польскай сямігодкі, лічыўся нават выдатнікам, але так разгубіўся ад гэтага раптоўнага пытання, што ляпнуў штосьці не так.
— Д-да, вучоба! — сказаў дзядзька Сцяпан з прыціскам, якім і перакрэсліваў усё, што не па Малініну з Бурэніным.
Гадоў праз трыццаць пасля гэтага, калі ўжо ў мяне было больш за дзесяць кніжак на трох мовах, стары аднойчы пацікавіўся, на лавачцы перад хатай, што ж я ў тым горадзе раблю. Мы былі толькі ўдвух, аднак ён спытаўся зусім па-змоўніцку, ледзь не шэптам: