Выбраныя творы
Шрифт:
Зімою, у палавіне другога класа, мне ішоў дзевяты год, а Шуры дванаццаты. І вось аднойчы, калі мы ўдвух, пасля такой «рэлігіі», ішлі дахаты, ён пачаў:
— Мне дзед казаў, што гэты поп служыў у паліцыі. Не ў польскай, а ў расейскай. І ў свабоду людзі хацелі яго забіць на вуліцы. На кавалкі парвалі б, але ён адмалёкаўся, што маленькія дзеці, што пойдзе на папа. І людзі пашкадавалі яго…
Цётка Марта, дваюрадная сястра нашай мамы, служыла тады ў бацюшкі. Неяк яна прыйшла да нас з Мілтачоў і расказвала, як тыя бацюшкавы колішнія дзеці, цяпер тры брыдкія незамужнія ганаровыя пападзянкі, анічога не хочуць дома рабіць, а п'юць не малако, не чай, а шакалад з маленькіх кубачкаў. Во як жывуць!..
Я маўчаў. Мне згадалася на тыя нашы меркі даўняе — што было пазалетась, калі я яшчэ ў школу не хадзіў. Як бацюшка прыязджаў у Аўсянікі ўлетку і, пасля малення ў капліцы і над магіламі, быў хрэсны ход па полі і па вёсцы. Наша мама, злосная на Рамана, што ён не памагае ёй, сама вынесла на вуліцу стол, заслала яго чыстым настольнікам, палажыла бохан хлеба і дзве свечкі, сабе і мне. Гэтак тады многія павыносілі, амаль перад кожнай хатай стаялі белыя сталы. Хрэсны ход, з вялікім драўляным крыжам, з пратэсамі і песнямі спыніўся і каля нас. Бацюшка ў пазалочанай рызе маліўся, мілтачоўскія дзеўкі, пеўчыя, падпявалі, а мы з мамай стаялі са свечкамі. Мая таксама была вялікая, соладка пахла расплаўленым воскам, і агеньчык то роўна гарэў, то калываўся, калі я махаў свабоднай рукою, хрысціўся. А можа, і ад тых дзявочых «аллилуя, аллилуя, слава тебе, бож-же», бо пеўчыя былі зусім блізка, столькі іх дыхала на агонь. Яшчэ як мы з мамай стаялі каля стала адны, чакаючы, яна мне загадала не толькі крыж пацалаваць, але і бацюшкаву руку. Я, можа, не забыўся б пра гэта і сам, але яна, як дайшло да таго цалавання, штурханула мяне, і я, вядома, паслухаў…
«Мне дзед казаў» — такое для Шуры было неабвержнаю праўдаю. А я адразу не зусім паверыў пра тую бацюшкаву паліцэйскую службу, і, як толькі мы з дзедам Богушам, у той жа вечар, апынуліся ў іхняй хаце толькі ўдвух, я спытаўся, ці праўда гэта.
— Праўда, унучак. Але не паліцэйскім, не спраўнікам ці прыставам, а следавацелям па паліцічаскіх дзялах. Яшчэ ў тую свабоду, што ў пятым годзе была. Ён чалавек вучаны, — удакладніў дзед і, памаўчаўшы трохі, дадаў: — Такі вялікі прыход, колькі вёсак, і Мілтачы на пяць вуліцаў. Што дзень, то і мярцвец, што нядзеля, то і вянец, — чаму тут не будзеш, як ты здароў, унучак, кажаш, піць той шакалад?
Я ніколі яшчэ не цалаваў чужое рукі. Ды такой яшчэ жоўтай, халоднай і валасатай, сціснутай на крыжы…
Не, я такога пра сябе нікому не скажу!
8
З дарослай дзеўкай, работніцай і весялухай, здарыўся прыступ апендыцыту. Завезлі ў Мілтачы, доктар зрабіў аперацыю. Праз тыдзень, калі ўжо хворую прывезлі дахаты, жанаты брат дзяўчыны нёс яе з воза ў хату, як малую. І яна, казалі, не вытрывала тады, яшчэ на руках, пацалавала яго ў шчаку, а ён, казалі, ажно заплакаў. А ўсё-такі яе, тую спраўную і вясёлую Ліду, празвалі потым Рэзаны Жывот.
Недабітая выбухам Маня стала Варонай, Шура — Сцягачом, Глушаком. У каго баляць вочы — Сляпы, трохі сутулішся — Гарбач, накульгваеш — Клышаногі, Кандыба…
Што гэта — натуральны адбор ці проста грубая, бязлітасная цемра?..
Псіхічнахворых усіх называлі дурнымі. Ці буйны ён, ці не, ці проста так сабе шаламок — усё роўна: Дурны.
У нашай вёсцы быў дурны Цупрон. Нястрыжаны, няголены, у лахманах, кіслагубы, што гаворыць — не кожны адразу і разбярэ. Рабіў, як гаварылі, за каня — многа і ўсё найцяжэйшае. Зусім бесталковы, але няшкодны грукач. А дзядзіна, пры якой ён жыў, не толькі вечна лаяла яго, але ж і біла, як жывёліну, чым пападзе. Мужык яе, Цупронаў дзядзька, не біў — у іхняй хаце ўсё яна сама. Суседзі чулі тады, як той нядоля плача, даўно дарослы дзяцюк, а румзае, як малое дзіця, сцішна, ледзь не па-воўчы, падвываючы. Аднойчы дзядзіна так ужо
У мамінай Руце быў іншы дурны — Салавей. Памерла там неяк адна старая. Каму яна маці была, каму бабуля або цётка — пахавалі раднёй, паплакалі, памянулі. А назаўтра нявестка выйшла на досвітку ў сені — ахнула, закрычала і павалілася. Дзверы на двор былі адчынены, каля сцяны, старчаком, абапёртая аб сцяну, стаяла труна без века, а ў ёй — старэнькая нябожчыца… Самлеўшы, нявестка ўжо не пачула, як за іх плотам, у агародзе, хтосьці зарагатаў.
Гэта быў Салавей. Такое з ім час ад часу бывала: адкапае і прынясе. Адлупцаваць яго, адвучыць назаўсёды — нельга, ніхто не адолее; хіба толькі адразу забіць, а хто ж гэта возьме грэх такі на душу? І сёстры ў дурня, і брат, і бацькі старэнькія — во дзе няшчасце ў хаце!..
Босы і летам і зімой, задрыпаны, аброслы, вочы дзікія — у твар такому не зірнеш, ён выходзіў на гасцінец і толькі па каляіне ішоў кудысьці — доўга, гледзячы сабе пад ногі. Сустрэчныя падводы з'язджалі тады набок. У кірмашны дзень дарогу яму даваў увесь бясконцы паток вазоў з мяхамі збожжа, звязанымі цялятамі, парсюкамі, кошыкамі курэй і спалоханымі цёткамі. Дый дзядзькі рады былі, што ціха размінуліся. Хоць Дурны гэты на людзей не кідаўся. Найчасцей ад яго і слова якога не чулі — проста ішоў. А калі і мармытаў сабе пад нос:
Соловей, соловей, пташечка, Канареюшка жалобно поет…Калі праходзілі аўтагонкі, ён на гасцінцы чамусьці не паказаўся, а нашы людзі ўспаміналі яго, нібы чакалі такое нагоды. Загінуў Салавей улетку сорак першага. Пакуль пайсці абозным фургонам, крытым чырванавата-карычневым палатачным палатном, з двума здаравеннымі, кароткахвостымі першаронамі абапал дышля, насустрач Дурному — у яго бясконцай і заўсёды вольнай каляіне — цяпер на ўсход ішло такое незвычайнае ды грукатлівае, што не дало яму дарогі — танкі… Ды гэта толькі праз пятнаццаць год.
Бывалі дні, калі ён з крыкам бегаў па чыстаполіцы, атакаваў у лоб ці акружаў які-небудзь пусты прыгорак, лажыўся з размаху, зноў падхопліваўся, бег… Жанцы ці сейбіты не чапалі яго, і ён нікога не чапаў — ён рабіў сваю справу адзін.
Гэта была яшчэ ўсё вайна. Зноў і зноў яна прачыналася ў ім, калісьці светлым сялянскім падлетку, што з бацькавага мазаля закончыў гарадское вучылішча, а потым, маладзенькі прапаршчык, звар'яцеў у першай штыкавой атацы…
У вёсцы тады будынкі стаялі так: ад вуліцы — хата, сені, камора, хлявы, усё «адным шнурам», пад суцэльнай страхой. Часцей за ўсё пасля хаты кухня і сені былі малыя, дзве бакоўкі, а ў некаторых кухні не было, у хаце і грубка і печ, а сені затое вялікія. Як у Шуравага дзеда.
Аднойчы цёмным, дажджлівым вечарам я зайшоў з двара ў Богушавы сені, зачыніў за сабою дзверы і, пакуль наўздагад, па прывычцы ісці ў чорнай цемры да хатніх дзвярэй, спыніўся і немаведама чаму ўспомніў бабулю, якую Салавей прынёс і ў адкрытай труне паставіў каля сцяны. А тут яшчэ раптам, як з таго свету, пачулася зычнае, ніколі не чутае, гугнява-здушанае «бэ-лэ-лэ!..». Я не самлеў, я толькі рвануўся да дзвярэй у хату… З мяне смяяліся. Бо гэта ж у іхніх сенях быў катух для авечак, пра што я ведаў і сам, і гэта ж авечка забэкала так незвычайна, з сенам у роце.