Выбраныя творы
Шрифт:
— Ас-мі-чы-ны з-пад коўдро! Ку-дзе-ля! Яй-цы! А-ну-чы!..
І наступаў узрыў той самай, што і ў пачатку, сілы, ужо не заклік, а ледзь не адчай у адным шматступенчатым слове: — Баббы-баббы-баббы-о-го-го!..
Не такі мудрагеліста-звонкагалосы быў другі анучнік, Лёкім. Затое ўсё ў яго было спраўнейшае — і конь, і воз, і сам ён, салідны белабароды Саваоф, які ўязджаў у нашу гразь, седзячы не бачком на цапку, а з нагамі на возе, і не галёкаў, як блазен, а важна і глуха ўрываючы бухаў:
— Боб! Боб! Боб!..
З яго ў нас смяяліся: «Уй,
Былі анучнікі і апроч гэтых двух, але ўжо значна менш цікавыя.
І былі яшчэ мяшэчнікі, стары мітуслівы Дзічка і баба Роха. Хадзілі яны кожны сам сабе і толькі не ў завіруху ды не ў такую гразь, як позняй восенню. Дзічка быў смешны. У хаты ён не заходзіў. Ад варот — ледзь не подбегам — да зачыненага акна і гукне ў яго цераз высокую прызбу:
— Шэрсць-есць-га-німа-пайшоў!
Сам і спытаецца, сам сабе і адкажа, рэдка хто яго добра пачуе ды ў хату пакліча.
Другою была баба Роха.
Неяк вясною яна зайшла да нас не адна — мех за ёю нёс незнаёмы дзяцюк.
— Ганно-сястрыцо, здрастуй! — прывіталася, як заўсёды з парога. — Як ты сягоння жывеш, як ты здарова маешся?
Гаварыла баба Роха неяк аж надта па-беларуску, без жыдоўскага акцэнту, густа-гучным і смачным голасам вясковай дабрадушнай цёткі.
Дзяцюк, спусціўшы з пляча няпоўны мех, пакланіўся:
— Здраствуйце вам! Называм сень Тэофіль.
Пяць слоў на дзвюх мовах. І дзіўнае — польскае імя. Па тагачаснай модзе.
На дзецюку былі запыленыя боты-дудкі, галіфэ і суконная куртка, а над губамі ды бровамі — «варшаўская» кепка з доўгім казырком.
— Гэто, Ганно, мой пляменнік, Малчын найменшы, Тэпсік. Ты ж нашу Малку ведаеш: што за Нохімам. Большыя дзеці — нішто сабе, а гэты, сястрыцо, я і пры ім скажу: гультай, паніч. Тэпсік, сядзь тут, на лаве, не тырчы ля парога.
Тэофіль падышоў да лавы, каля стала, за якім я рашаў задачкі, і, паглядзеўшы на мяне, сказаў з таўстагубай усмешкай:
— Гаронца!
— А мы ў цябе, Ганно-сястрыцо, і паабедалі б, — гаварыла тым часам старая, яшчэ ўсё стоячы перад мамай каля печы.
— Ой, Рохачко, мо хібо трохі малака, а то ж капуста ў мяне заскварана.
Мама гаворыць гэта, а сама як быццам усміхаецца.
— Салам? — спыталася Роха, як быццам сама і не ведае, чым гэта заскварваюць.
— Салам, — пацвердзіла мама, таксама як быццам не ведаючы, што госці сала есці не можна, аднак яна есць.
— Каб без сала, сястрыцо, дык гэто горо было б. Яму, можа, дай малака. Тэпсік, капусту будзеш есці? Ці малака табе?
— Буду, — важна адказаў Тэофіль. — А потым пап'ю і млека.
Яны
— Дай, хлопак, якую-небудзь ксёнжку. Расейскую ілі польскую, ушыстко едно.
Наш тоўсты, добра такі растрэсены, аднатомнік Пушкіна, які Раман прывёз з бежанства, ляжаў у шуфлядзе стала. Калі я дастаў яго і палажыў перад госцем, ён мне параіў пайсці пагуляць. Я пайшоў. Каровы выганяць было яшчэ рана, а мне ж карцела паглядзець, як той Тэофіль чытае. Бо я ўжо многа чытаў у Пушкіна, а сёе-тое ведаў і на памяць: само запомнілася, не завучваў. Скажам: «Трусоват был Ваня бедный» або «Горит восток зарею новой». Калі я ўвайшоў у хату — Пушкін ляжаў разгорнуты, а госць драмаў, заслінена адвесіўшы чырвоную губу. Ён падцягнуў яе, прахапіўшыся, паправіўся на лаве і сказаў:
— Да… Такую ксёнжку нада чытаць з бутэлечкай харошага вінца, на мяккай канапе…
Другі раз, тою ж вясной, але тыдняў праз два і ў нядзелю, баба Роха прыйшла таксама не адна, а з такім, як я, хлапчуком. Зноў жа з парога:
— Ганно-сястрыцо, здраствуй! Мало было табе майго пляменніка, дык на яшчэ і ўнука. Куды нянька, туды і лялька. Самому ж вельмі захацелася, як пра твайго яму расказала. Зяма, скажы добры дзень!
Хлопец несарамліва здалёк прывітаўся з усімі, з мамай, Раманам і мною, а тады падышоў да мяне, падаў руку і сказаў на дадатак:
— Здароў!
І я таксама адказаў:
— Здароў!
А баба Роха тым часам тлумачыла маме:
— Мяха яшчэ поўнага не панясе, ды ўсё ж мне трохо весялей. Той кунэлэмул [2] , Тэпсік, не хоча памагчы, пану заўстыдам, неганарова. А гэта майго Хаіма-нябожчыка сынок. Сіротка, як і ваш. Бацьку яго, сама, сястрыцо, ведаеш, германец забіў, каб ён аб вугал галавою біўся, дзе ён ёсць!..
Баба Роха пайшла з таварам па хатах, а мы з Зямам пабылі спачатку ў нас, глядзелі кнігі, потым у садзе, на вуліцы. Да Шуры пайшлі, аднак у іх нікога дома не было. А потым, як Зямава баба вярнулася, селі абедаць — усе разам.
2
Няўдаліца, прыдурак (жыд.).
Але спачатку, толькі мама адсланіла печ, каб даставаць гаршкі, Роха штосьці ёй там зашаптала, і шэпт быў такі, што я і ля стала пачуў:
— Сама ўжо… я такі поп, што бяру і боб… А за яго… Раструбіць па ўсіх Мілтачах…
— Ды не, Рохачко. Сёння пасоля з пеўнем, а потым панцак забелены, — уголас адказала мама.
Было пацешна, калі баба Роха зачэрпала з місы кавалак мяса, а тады ўзяла яго са свае лыжкі пальцамі і палажыла Зяме на лусту.
— І ты, — сказала, — палцамі бяры. Раней бог стварыў палцы, а тады ўжо відэлцы.