Зграя
Шрифт:
Наста засталася жыць у кватэры, якую раней яны здымалі разам – аднапакаёвая хрушчоўка ў Серабранцы. Дзяўчына кінула яго за “абыякавасць” і “адсутнасць планаў на будучыню”. Як потым расшыфравалі гэтыя словы сябры, гэта азначала, што яна хацела замуж. А ён, ёлупень, не здагадаўся.
Пасля расставання яны працягвалі мець зносіны. Тры-чатыры разы на месяц спісваліся ў сацсетках, двойчы сустракаліся ў кавярнях, а аднойчы ў кіно пайшлі. Праўда, той раз скончыўся вялікай сваркай, бо Максім спрабаваў прасіць прабачэння
– Будзем жыць так, як хочаш ты. Хочаш – ажэнімся, хочаш – як раней жыць будзем. Мне ўсё роўна.
– Значыцца, табе ўсё роўна на нашыя адносіны. Абы б жанчына была пад бокам і ежа на стале. Ідзі ты ў дупу!
Пасля яны два тыдні не спісваліся. Максім думаў, што на гэтым іх адносіны канчаткова пахаваны. Але цяперашнія абставіны вымушалі хапацца нават за такі варыянт.
Перад дамафонам Макс зразумеў, што не патэлефанаваў. І калі Насты не будзе дома, прыйдзецца бадзяцца па горадзе. На шчасце, праз два гудкі дзяўчына адказала.
– Слухаю, хто там?
– Наста, гэта я, Максім.
– Што табе трэба?
– Мне вельмі патрэбна твая дапамога. Калі ласка. Абяцаю, буду паводзіць сябе добра.
Маўчанне. Хлопцу падалося, што дзяўчына кінула слухаўку
– Добра, заходзь.
У пад’ездзе Макс адчуў, што вярнуўся дахаты – родны пах, знаёмыя зялёныя выцвілыя сцены, сарваныя паштовыя скрыні. Падняўся на трэці паверх, дзе ў дзвярах чакала Наста – дзяўчына, якую ён кахаў настолькі, што пасварыўся з бацькамі, сябрамі і амаль не кінуў вучобу. Здавалася, што цяпер ад тых пачуццяў нічога не засталося.
Яна стаяла ў хатнім халаце, непрычосаная і без касметыкі. Менавіта такой Наста падабалася Максіму больш за ўсё – сапраўднай і мілай.
– Прывітанне.
– Прывітанне. Нашто прыйшоў?
“Груба, нават не пасміхнулася. І глядзіць на мяне не са злосцю, як падчас сварак, а з абыякавасцю. Няўжо гэта і ёсць канчатак адносін?”
– Наста, мне трэба некалькі дзён пажыць у цябе.
– Што?! Ты з глузду з’ехаў? Не хачу я з табой жыць. Гэта нейкая методыка пікапераў, ці што?
– Калі ласка, мне пагражае небяспека. Ты – маё адзінае выратаванне.
– Дык едзь да маці ў Навінкі.
– У маці ды бацькоў будуць шукаць у першую чаргу.
– Ты думаеш у былых каханак шукаць не будуць?
– Гэтыя не будуць. Напэўна. Прабач, што я так прыпёрся. Мне сапраўды патрэбна дапамога.
– А што ты нарабіў? Забіў каго? Цябе міліцыя шукае?
– Не, не міліцыя. Я не ведаю хто. Бандыты нейкія, а чаму – не ведаю. Глядзі, што зрабілі, – ён рукойзадраў валасы і паказаў свае скроні з чырвонымі плямамі.
– Чым гэта яны?
– Не ведаю. Не памятаю. Але калі зловяць наступным разам будзе горш.
Дзяўчына з хвіліну глядзела на былога каханка.
– Добра. Сёння
– Абяцаю.
– Заходзь.
***
Воўчы сон
Гаўл стаяў на мяжы і чакаў. Згодна з традыцыямі зграі маглі размаўляць толькі так – стоячы на сваёй тэрыторыі. Воўк завываў тройчы, аднак дагэтуль ніхто не прыйшоў. Альбо ўсе ваўкі іншай зграі далёка і не чуюць, альбо не хочуць размаўляць.
“Буду чакаць, колькі трэба. Хто-небудзь павінны прыйсці. Ці каб размаўляць, ці каб забіць. Шляху назад няма, інакш Аўк з Грыкам з радасцю прагоняць мяне са зграі”.
Зграя Алык-Ачын, на мяжы якой сядзеў Гаўл, ніколі не была добрым суседам. За апошнія сорак гадоў яна тройчы ваявала з суседзямі. Аднаго разу і з Суу-Ардун. Але вінаваціць ваўкоў у гэтым нельга. Іх зямля – пустэльня, дзе няма ежы, вады і немагчыма збудаваць добрую ферму. З-за гэтага іншыя зграі не хацелі захопліваць гэту тэрыторую – каму патрэбны камяні ды пыл? Цікава, што апошнія пятнаццаць гадоў Алык-Ачын не ваявалі.
Гаўл завыў яшчэ раз і ў гэты ж момант з лесу выбеглі чатыры вялікіх ваўка – тры маладыя ашчэрылі зубы. Чацвёрты, старэйшы, нізка нахіліўся, рыхтуючыся да скоку. Гаўл падціснуў хвост, але не сышоў з месца. Секунды ператварыліся ў хвіліны, а потым адзін з супернікаў засмяяўся.
– Я вырашыў, што Суу-Ардун пайшлі на нас вайной. А яны нейкага калеку падаслалі. Што табе трэба, воўк? Спадзяюся, ты не па сваім жаданні сюды прыйшоў, а па ўказанні важака. Інакш жывым не сыдзеш.
– Мяне паслаў важак. Я хачу размаўляць з уладаром Алык-Ачын. А лепш выказацца на сходзе зграі.
Старэйшы воўк ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.
– Ты мне падабаешся. Мяне клічуць Акіра. Скажы сваё імя.
– Я – Гаўл.
Гаўл расслабіўся. Па традыцыі, калі воўк гаворыць сваё імя, ён не будзе нападаць.
– Гаўл… Я ведаю цябе. Наша выведка добра працуе. Ты – адзінец.
– Пад гэтай мянушкай мяне ведаюць у зграі.
– І ты хочаш, каб мы паверылі, што Грык накіруе ў якасці пасла такога, як ты?
– Яму не шкада, калі мяне заб’юць.
– Можа і так. І што хоча нам сказаць зграя Суу-Ардун?
– Я буду размаўляць альбо з важаком, альбо на сходзе.
– Калі так, то можаш гаварыць. Я – важак Алык-Ачын. І мне крыўдна, што ў вас гэтага не ведаюць.
– Ты – важак? І прыйшоў на мяжу пад аховай трох ваўкоў? Гэта ж самагубства.
– Ты так лічыш? Павер, нават калі б тут было дваццаць вашых ваўкоў, перамога была б на маім баку. Гавары, не хачу вабіць з табой шмат часу.
– Белыя ваўкі падышлі да межаў нашай тэрыторыі. А праз месяц ці менш яны змятуць нас і прыйдуць да вас.