Жураўліны крык
Шрифт:
I ён, не стаўшы мастаком, усё ж звязаў сваё жыццё з мастацтвам. Падросшы, вучыўся, чытаў, думаў, даследаваў сам і ў дваццаць пяць год абараніў дысертацыю на званне кандыдата мастацтвазнаўства. Бліжэй за ўсіх у гэтую пару яму стаў Іванаў з яго бескарыснай самаадданай душой, згарэўшай у шматгадовых пошуках вышэйшага сэнсу жыцця, з яго фанатычнай прыхільнасцю да мудрасці і праўды. Фішар схіляўся перад яго «Месіяй», любаваўся паветранай тонкасцю яго італьянскіх пейзажаў, але асабліва захапілі яго біблейскія эскізы мастака. Ён знайшоў у іх куды болей, чым спадзяваўся, – Іванава, цудоўнага майстра-графіка, і Іванава-філосафа, нястомнага шукальніка вечнага. Яго «Вірсавія» здавалася Фішару нечуваным гімнам жыццю, зенітам акварэльнага майстэрства – шэдэўрам генія, які стварае,
Мастацтва здаўна і назаўжды зачаравала яго істоту, напоўніла дух неспатольнай прагай цудоўнага. Пасля дысертацыі ён шэраг год даследаваў італьянскае Адраджэнне, напісаў манаграфію пра Мікеланджэла. Бязмерная веліч захапляючага і высокага адкрывалася яму ў кожным з вялікіх дзеячаў мінулага, і ён шкадаваў вельмі, што так хутка ішоў час і так коратка жыццё чалавека. Ён не дужа цікавіўся палітыкай, тым неспакойным, шматтурботным жыццём, што бурліла, плыло, абганяла яго. Вучонага мала краналі планы і падзеі надзённасці – змалку ён адасобіўся ад усяго, што не складала чароўнай прывабы мастацтва. З гэтай, відаць, прычыны ён не разумеў і не дужа цікавіўся братам – інжынерам-канструктарам самалётаў. З юнацтва яшчэ яны ўзаемна аддаліліся, сустракаліся рэдка і па духу былі адзін аднаму чужыя. Апошні раз яны з’ехаліся гады два назад на пахаванне бацькі і тады ж пару дзён правялі разам.
Брат быў зусім не такога, як ён, характару. Энергічны, жвавы, учэпістага, вёрткага розуму, ён ва ўсякай справе адчуваў сябе звыкла і ўсё разумеў з ходу. Тады яны збіраліся ўжо расстацца і ў апошні той вечар паціху ішлі па праспекце. Было парна і душна, з Фантанкі прыемна патыхала прахалодай, адна за адной на яе сярэдзіне выслізнулі з-пад Анічкава моста тры байдаркі. Браты спыніліся ля трэцяй статуі клодтаўскага ўтаймавання і лена пазіралі на згодныя рыўкі грабцоў.
– Вось так і ў нас з немцамі, – працягваў ранейшую раз-мову брат. – Быццам і згода, і дружба, і мір, а на самай справе...
Ён не скончыў, змаўчаў, глядзеў у рачную каламуць, а Барыс, думаючы аб тым, не мог зразумець, што азначала гэтае «на самай справе». Яму здавалася, што брат утрыруе, бо даўняя варожасць з Германіяй уладжана, дагавор заключаны, газеты друкуюць германскую інфармацыю аб вайне на Захадзе, ваўсю развіваецца гандаль. Чаму ж тады гэтае «на самай справе»?
Ён сказаў аб тым брату, а той толькі ўсміхнуўся, зацягнуўшыся папяросай. Пасля, памаўчаўшы, ён растлумачыў:
– Адстаў ты, Барыс, ад часу. Занафталініўся ў старажытнасці. Вядома, твая справа, але ў наш час гэта нават дзіўна. Свет коціцца к вялікай вайне, зразумей, брат.
Ён тады не паверыў, а яна неўзабаве накацілася, гэтая страшная вялікая вайна. Усчалася нечакана, неспадзявана, знянацку – Фішар прыпыніў на 48-й старонцы новую сваю манаграфію і ўжо болей не ўзяўся за яе.
Апынуўшыся ў войску, ён адчуў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх у гэтай гаманлівай, асаблівай, ні на што вядомае яму не падобнай грамадзе разнастайных людзей. Ён ніяк не мог навучыцца хадзіць у нагу, хутка ўскакваць на пад’ёме, няўклюдна пад рогат таварышаў аддаваў чэсць, заняткі па штыкавому бою ўшчэнт знясільвалі яго. Спярша ён горка перажываў, балюча зносіў уціск крыклівых сяржантаў, каяўся за няўвагу да вайсковай справы ў інстытуце і думаў, што ён самы няздольны чалавек на зямлі. Пасля трохі асвойтаўся, трапіў на фронт, іншыя, большыя страхі і клопаты зацямнілі яго кволае інтэлігенцкае самалюбства. Ён быў чалавек удумлівы і разумеў, што гэта пакутна і марудна нараджаўся ў ім той, на каго ён менш за ўсё рыхтаваў сябе, – нараджаўся баец. I яшчэ Фішар з вялікай тугой заўважаў, як усё меней і меней заставалася ў ім ад яго былога – ад мастацтвазнаўцы Фішара. Грубае, страшнае жыццё штодзённа і няспынна сцірала з яго душы вялікае значэнне мастацтва, якое ўсё болей і болей саступала сваё месца інстынктам барацьбы – выходзіла, што тое высокае і нязменнае, чым дыхаў ён трыццаць гадоў, цяпер проста было непатрэбным у гэтым страшным хаосе вайны. I тады прыйшло гэтае таемнае сумненне, у якім ён сёння ўрэшце прызнаўся сабе: ці сапраўды яно – тое адзіна вялікае і
Невядома, колькі мінула часу, чорнае ветранае неба ўсё сыпала ў ноч спорны лапаткі дождж. Фішар зусім скалеў, аж балела нутро ад няспынных сутаргаў, крывіла сківіцы, але нейкае змярцвелае здранцвенне не давала варухнуцца, каб сагрэць сябе. На спіне і плячах баец адчуваў халодную ліпкасць мокрага адзення, па сценах з бруствера плылі струмені гразі, у якой, усё глыбей тонучы, на дне агідна хлюпалі ногі. Фішар падкурчыў іх да самага твару, затульваў калені мокрымі поламі шыняля. Калі ад нясцерпнага холаду асабліва моцна скалыналася цела, ён тады абуджаўся ад свае змярцвеласці і трывожна ўслухоўваўся ў ноч. Наваколле па-ранейшаму поўнілася густым шамаценнем ветру і частым лопатам кропель.
Так пакрысе мінала гэта пакутная, золкая ноч. Пад ранак Фішар прыкархнуў, атупелы ад мардавання на холадзе, нібы праваліўся некуды ў мутнае бяздонне думак – пра сябе, старшыну Карпенку, пра гістарызм Вазары, наватарства Мікеланджэла і пра тое, як страшэнна цяжка зрабіцца здатным байцом.
13
Прычыніўшы за сабой дзверы старожкі, Пшанічны з рашучай выразнасцю адчуў, што ён назаўжды ўжо адарваўся ад гэтых пяцярых людзей, з якімі звёў яго недарэчны вайсковы лёс. З самой гэтай хвіліны, як ён ступіў у мокрую цемру ночы, ён апынуўся адзін, не звязаны ўжо ні з кім ва ўсім белым свеце. Усё яго няладнае мінулае засталося адрэзаным на парозе той цёмнай задымленай старожкі – засталося па сваёй волі пакінутае ім, будучае было недзе на гразкай дарозе.
Нейкі нядоўгі час Пшанічны перасільваў нечаканае хваляванне ў сабе ад таго, што гэтак шчыльна наблізіўся ён да ажыццяўлення даўняй сваёй задумы. Нечакана для яго самога непрыемна заварушылася ўнутры нейкае шкадаванне, нібы нясмелы боязны дакор сабе, і ён, адчуўшы, што гэта міма-волі можа спляжыць выпеставаны ім намер, у думках аблаяў сябе: «Не кісні! Няма па кім».
Ён выправіўся да чыгункі, пераскочыў цераз траншэю, узышоў на невысокі чыгуначны насып і ўгледзеўся ў цемру. Дождж перастаў, патроху слабеў і вецер. Ноч зусім пачарнела, утапіўшы ў восеньскай глухамані ўсё наваколле. Пшанічны ведаў, што хутка пачне світаць, а на світанні, магчыма, з’явяцца на дарозе немцы, і тады будзе позна. Тады ён можа апынуцца між двух агнёў, і таму трэба было спяшацца.
Баец пастаяў, услухаўся, азірнуўся на старожку, з якой даносіўся сцішаны Свістаў гоман, і сказаў сабе: «Давай!» Потым ён паспешлівым крокам злодзея збег са жвіровага насыпу, пераскочыў канаву і, не выбіраючы – па гразі і лужынах, пайшоў дарогаю.
Узышоўшы на гулкі насціл мастка ў нізінцы, Пшанічны яшчэ азірнуўся і зноў адчуў у сабе самотную тугу і з асаблівай сілай – пачатак невядомай свае адзіноты. Гэтае адчуванне міжвольна ахапіла яго так моцна, што ён аж спыніўся, але затым зноў зазлаваў на сябе і, прыпомніўшы злосную заклапочанасць Аўсеева, падбадзёрыўся. Так, ён не памыляецца, ён задумаў правільна ўжо хоць бы таму, што яны там асуджаны на смерць. А ён урэшце памкнецца асядлаць свой лёс, заслужыць, даказаць сваё права на людскае жыццё, жыццё, якога ён варты, нягледзячы ні на якія няўдачы.
З гэтымі запальчывымі думкамі, якія пакрысе запанавалі ў яго галаве, ён шпарка крочыў, распырскваючы чаравікамі лужыны, коўзаючыся ў гразі і асцерагаючыся збочыць у канаву. Тым часам пачало днець, мутным святлом наліўся краявід, патроху заблішчала гразкая макрата дарогі. Пшанічны ўзнімаўся на пагорак з бярозамі, ён ведаў, што тут недзе ў сакрэце павінен быць Фішар, і трохі прыцішыў крок. Фішара ён не баяўся, з гэтым «вучоным»-няўдакам управіцца яму, калі б што здарылася, было б няцяжка, але ўсё ж лепей, каб усё абышлося ціха. Пшанічны зняў з пляча вінтоўку, павярнуў голаў, прыслухоўваючыся, – нідзе нікога не было.