Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Жураўліны крык

Быков Василь

Шрифт:

Так ён паціху мінуў бярозы, што вынікалі на яго шляху, адышоўся далей, зрэдку насцярожана азіраючыся. Усё болей святлела, цьмяная шэрань золаку, вынікаючы невядома адкуль, адслойвала зямлю ад неба, расхінала туманны прастор, паступова адваёўвала ў цемры дарогу, канавы, рэдкія кусты хмызняку.

Парадкам ужо аддаліўшыся ад пераезда і бяроз, Пшанічны адзначыў, што самае страшнае пройдзена. У яго адлягло на сэрцы, з’явілася лёгкасць, некаторая зухаватасць у думках. Ён перакінуў з рукі ў руку вінтоўку і падумаў, што зброя ўжо не спатрэбіцца, а пры сустрэчы з немцамі можа толькі пашкодзіць яму. Не прыпыняючы хады, баец ухапіў яе аберуч за штых, размахнуўся ў паветры і шпурнуў за канаву ў поле. Пачуўшы, як

яна пляснулася аб размяклую зямлю, Пшанічны крыва ўсміхнуўся сваім мардатым няголеным тварам. Цяпер яго ўжо нічога не звязвала з арміяй, з абавязкамі грамадзяніна Савецкай краіны, цяпер ён застаўся адзін між небам і зямлёю. Гэта было незвычайна – адчуваць сябе адзінокім, без найменшай залежнасці ад людзей. Але ён ведаў, што так не пражывеш доўга, каб уратавацца ад смерці і прыдбаць якую-ніякую долю, у яго абставінах найлепшым было здацца немцам – на іх літасць і ўладу.

Ад паспешнай хады Пшанічны разагрэўся, расшпіліў каўнер шыняля і трохі суцішыў крок. Тым часам ранак ужо разагнаў цемру, можна было выбіраць дарогу, і ён, абыходзячы лужыны, ішоў па абочыне. Аднастайнасць хады ўжо зусім суняла яго кароткую ўзрушанасць, Пшанічны захацеў есці і, падумаўшы, што трэба скарыстаць спакой і адзіноту, на хаду развязаў свой мяшок. Тут ён нядобрым словам яшчэ раз памянуў Свіста, які выцягнуў яго сала, але хлебны акраец з цукрам здаўся яму смачным, і Пшанічны, жуючы, паглыбіўся ў свае думкі.

Перш за ўсё цікавіла, як да яго паставяцца немцы. Добра, калі б адразу сустрэўся які інтэлігентны, разумны афіцэр, уцякач паказаў бы яму нямецкі пропуск-лістоўку, некалі знойдзеную ў полі і рупліва прыхаваную на ўсякі выпадак. Пасля ён папрасіў бы адвесці яго ў штаб і там расказаў бы якому начальніку, хто ён і чаму добраахвотна здаўся ў палон. Калі б патрабавалі даць звесткі пра свой полк, ён не таіўся б. Навошта? Усё роўна раней ці пазней полк разаб’юць канчаткова, гэта зусім не залежыць ад таго, пасведчыць аб ім Пшанічны ці не. Калі запатрабуюць яшчэ чаго, ён зробіць усё, бо ўсё гэта будзе для яго і супраць тых, ад каго ён досыць напакутаваўся на сваім вяку. Не можа быць, каб немцы не ацанілі як трэба яго шчырасці і не аддзячылі яму. У лагер яго як добраахвотнага перабежчыка не павінны адправіць, відаць, адпусцяць на волю, а можа, нават паставяць на якую кіраўнічую пасаду ў горадзе ці сельскай мясцовасці. Гэта было заманліва. О, тады Пшанічны паказаў бы свае здольнасці, даказаў бы яго апекунам, што яны не памыліліся ў ім. Ён бы не пашкадаваў ні сябе, ні людзей, гэтых пакорлівых працаўнікоў, якіх немцы за некалькі месяцаў прымусяць скарыцца. Немцам, вядома, патрэбны адданыя людзі, каб кіраваць вялізным абшарам заваяванай Расіі, і Пшанічны, калі добра возьмецца, магчыма, дарасце да якіх чыноў. Скончыцца вайна, і тады няблага было б прыдбаць невялікую ды ладную сядзібу і ў спакоі па-людску зажыць хоць на старасці год.

У сярэдзіне гэтых мараў-разваг блізка наперадзе пачуўся нечы адрывісты голас. Пшанічны насцярожыўся, да болю ў вачах імкнучыся пранікнуць у затуманены прасцяг дарогі, што-кольвечы ўбачыць у ім, і паціху ішоў над канавай. Неўзабаве з туману цьмянымі постацямі выніклі стрэхі хацінак, голае вецце дрэў, пасля плот з забытай анучай на жардзіне. За рогам крайняй хаты, куды паварочвала дарога, чулася прыглушаная туманам прысутнасць людзей, і Пшанічны яшчэ болей устрывожыўся ад думкі – хто там? Яму страшна было зноў напаткаць сваіх, рускіх, якія невядома як аднесліся б да яго, бяззбройнага. Зноў жа – стала боязна і немцаў, Пшанічны на момант упершыню адчуў невыразную прыкрасць ад свае паспешнасці, але ўжо было позна.

З-за рога хаты раптам высунуўся танклявы, падпяразаны, у казыркастай шапцы салдат; упіраючыся нагамі ў зямлю, ён ускаціў на сухое матацыкл і, не выпускаючы з рук руля, паставіў нагу на завадны педаль. Пшанічны не адразу

зразумеў, хто перад ім, і спыніўся ад нечаканага страху. Матацыкл тым часам загыркатаў, і тады немец убачыў разгубленага Пшанічнага. Салдат устрапянуўся, крыкнуў, схапіўся за аўтамат, што боўтаўся на яго грудзях. З-за хаты выбег яшчэ адзін немец у плямістым, як жаба, камбінезоне, і Пшанічны, адчуўшы, як у грудзях яго нешта абарвалася, няспрытна і з нейкай раптоўнай нязладнасцю ў душы ўзняў рукі.

Немцы сталі ля матацыкла, трымаючыся за аўтаматы, а ён, ледзьве перастаўляючы замлелыя ногі, боязна ішоў да іх. Яны не стралялі, толькі гыркнулі злосна і варожа нешта незразумелае, і адзін, той, што заводзіў матацыкл, – белатвары, з абвіслай губой мужчына, – ступіў да яго насустрач. Ён нешта закрычаў па-свойму, Пшанічны не зразумеў і, не апускаючы рук, паспрабаваў вытлумачыць:

– Я – плен, плен. Рус капут...

Ён апусціў адну руку, спрабуючы дастаць з-за пазухі недаравальна забыты ў такую хвіліну пропуск-лістоўку, але немец пагрозліва крыкнуў і тыцнуў яму аўтаматам у грудзі.

Другі, маладзейшы, стаяў зводдаль і, наставіўшы на яго зброю, цікаўна аглядаў перабежчыка сваімі лянівымі вачыма.

Так Пшанічны стаяў з узнятымі рукамі пад скіраванымі на яго аўтаматамі. На гоман з двароў яшчэ выбягалі немцы, падкаціла некалькі матацыклаў з каляскамі, з якіх тырчалі ручныя кулямёты. Той, маладзейшы, салдат і яшчэ адзін падступілі да яго, сцягнулі з плячэй рэчавы мяшок, абмацалі кішэні, бесцырымонна сарвалі з ланцужка ножык. Пшанічнаму не шкада было свайго барахла, яго прыгнятала толькі гэтая беспрычынная злосць у іх рухах і тварах, насцярожаная падазронасць да яго. Ён усё спрабаваў пераканаць то аднаго, то другога, што ён не мае дрэннага намеру і па сваёй волі здаецца ў палон, пры гэтым крыва ўсміхаўся з незатухлым страхам у вузкіх вачах і бубніў:

– Я плен, камарад немец... сам плен, сам...

Ён аглядаў гэты дзесятак салдат з матацыкламі, спрабуючы згадаць дабрэйшага або ўгледзець афіцэра, і яго позірк сустрэўся са змрочным паглядам немца ў фуражцы і шынялі з чорным аксамітным каўняром. Адчуўшы, што ўсё пайшло не так, як ён марыў, і ад таго не могучы ўжо адолець уладарнай тужлівасці, ён кінуўся да гэтага немца-камандзіра.

– Пан афіцэр! Я ж сам, я ж плен, плен... – узмаліўся Пшанічны.

Афіцэр, аднак, не глядзеў на яго, ён нешта казаў салдатам, нацягваючы на жылістую руку рудую скураную пальчатку. Пшанічны тады зусім спалохаўся – ён адчуў упершыню, што сталася нешта непапраўна благое.

Немцы загергеталі між сабой, абыякава пазіраючы на яго, камандзір яшчэ нешта сказаў, і той, з абвіслай губой, што першы ўбачыў яго, тузануў Пшанічнага за рукаў і махнуў уздоўж дарогі. Ён зразумеў, што трэба ісці, і, азіраючыся, пайшоў, думаючы, што немец пойдзе за ім канваірам. Але салдаты засталіся на месцы і, бачачы яго нерашучасць і, відаць, жадаючы падбадзёрыць, замахалі рукамі ўздоўж пустой ранішняй вуліцы. Ён здзівіўся, што яны не хацелі суправаджаць яго, нешта жахлівае і незразумелае ўпілося ў яго душу, у балючай грымасе скрывіўся твар, і ён, раз-пораз азіраючыся, баязліва пайшоў, куды паказвалі яму.

Так ён аддаліўся крокаў на сотню, немцы ўсё стаялі ззаду, адзін матацыкл, гыркнуўшы маторам, зрабіў паўкола і скіраваўся на яго. Ад благога прадчування Пшанічны ўжо траціў уладу над сабой і, не ведаючы, куды і нашто, віхлява крочыў па гразі, скрэмзанай слядамі гумавых колаў. У паваленых варотах абгароджанага парканам двара нечакана паказалася спалоханая кабета ў тоўстай хустцы з пустымі вёдрамі на каромысле. Пшанічны аж пахаладзеў нутром ад нечаканасці гэтай нядобрай у такі момант сустрэчы і ў той жа час здрыгануўся ад кароткага грому кулямётнай чаргі ззаду. Грудзі яго маланкай пранізаў пякельны боль, і ён, падламаўшыся ў каленях, асеў на гразкі дол вуліцы.

Поделиться:
Популярные книги

Два лика Ирэн

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.08
рейтинг книги
Два лика Ирэн

Купи мне маму!

Ильина Настя
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Купи мне маму!

Идеальный мир для Лекаря 6

Сапфир Олег
6. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 6

Газлайтер. Том 9

Володин Григорий
9. История Телепата
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 9

Метаморфозы Катрин

Ром Полина
Фантастика:
фэнтези
8.26
рейтинг книги
Метаморфозы Катрин

Черный маг императора 2

Герда Александр
2. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
6.00
рейтинг книги
Черный маг императора 2

Мастер 2

Чащин Валерий
2. Мастер
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
технофэнтези
4.50
рейтинг книги
Мастер 2

(Бес) Предел

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.75
рейтинг книги
(Бес) Предел

Темный Лекарь 3

Токсик Саша
3. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 3

Неудержимый. Книга XIX

Боярский Андрей
19. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIX

Сирота

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.71
рейтинг книги
Сирота

Её (мой) ребенок

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
6.91
рейтинг книги
Её (мой) ребенок

По машинам! Танкист из будущего

Корчевский Юрий Григорьевич
1. Я из СМЕРШа
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.36
рейтинг книги
По машинам! Танкист из будущего

Жребий некроманта. Надежда рода

Решетов Евгений Валерьевич
1. Жребий некроманта
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
6.50
рейтинг книги
Жребий некроманта. Надежда рода