Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
А вакол лясы з дамамі адпачынку і піянерскімі лагерамі. А побач бяжыць і бяжыць Дзвіна. Тая самая, што абмывае ўзвышша Сафіі.
Вiцебск — месца майстроў
…Пачнем з горада, які мала чым саступае ва ўзросце Полацку і цяпер абласны цэнтр. Віцебск. У 1974 годзе яму стукнула 1000 год.
Мне давялося пабываць на свяце тысячагоддзя. І рэдка мне яшчэ даводзілася бачыць падобную феерыю. Вянкі ля помнікаў, ідуць праз плошчу Леніна тысячы людзей, праязджаюць даўнія воіны і чырвонаармейцы грамадзянскай. Паўсюль танцы і песні, паўсюль карнавал з дзівоснымі жывёламі, з героямі народных казак. А ўвечары на Дзвіне — воднае
Свята мастацтва, свята агню, песні, выдумкі, таленту, свята майстроў, бо Віцебск — месца майстроў. Я ганаруся, што ў маёй "Кнізе працоўнага ўкладу" таксама занесена пару слоў аб працы на карысць горада і тысячагоддзя.
Горад майстроў, горад-гісторыя. Вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху "з вараг у грэкі". Вялікі культурны цэнтр. Нездарма ў ім знойдзена так многа старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў.
Жыхары Віцебска славіліся ўпартай мужнасцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітве на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў у Юр'еве, шмат разоў паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны і страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая "цанінная справа"). Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстра Ігнат, сын Максімаў з Копысі разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны і пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круціцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Ерусалімскага манастыра.
Віцебск і зараз — месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі (высокадакладныя зубаапрацоўчыя, што экспартуюцца ў 11 краін, бясцэнтрава-шліфавальныя высокай і асабліва высокай дакладнасці; заточныя станкі з паўатаматычным цыклам работы), радыёдэталі, электравымяральныя прылады.
На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць, гэта ясна. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка "КІМ", хіба не апранае іх швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі"? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кватэрах і хатах дываны Віцебскага дывановага камбіната?
І ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.
Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Больш чым 90 працэнтаў тэрыторыi былога горада — кучы бiтай цэглы, бетону i скручанай арматуры, попел i хаос. Больш за 100 тысяч жыхароў забiта, астатнiя выселены. I на гэтым страшным выгары сустракаюць наша войска: сто васемнаццаць жыхароў. Здавалася, канец. Нiколi не разабраць гэтага пекла i лепей будавацца на новым месцы.
Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу, як уся Беларусь.
Вiцебск — гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькi палацаў, ратуша XVII ст. (цяпер у ёй добры гiсторыка-краязнаўчы i мастацкi музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга i мясцовага, вiцебскага жывапiсу). Вiцебск — горад старых мастацкiх традыцый. Працавалi тут, у прыватнасцi, Ю. Пэн, М. Дабужынскi, славуты К. Малевiч, не менш славуты цяпер М. Шагал i некалькi год
І.Я. Рэпін, маёнтак якога, Здраўднева, быў непадалёку ад Віцебска.
Горад магілы льва
Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад,
Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г. — з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г. — з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.
На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у "Цярэшка, каторы проскуры заведал", жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго "ідэя", тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзмітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II. Былі тут і шведы і іншая навалач — але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.
Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі. Збраяры, ювеліры, ганчары, цаніннікі, ткачы.
Найбольш славяцца магiлёўскiя прадпрыемства хiмiчнай прамысловасцi. Гэта завод штучнага валакна (вясёлкавы шоўк, штапель, цэлафан i iнш., усяго 14 вiдаў прадукцыi), камбiнат сiнтэтычнага валакна (штапельнае валакно камвольнага, шарсцянога, льнянога i баваўнянага тыпу i г.д.), хiмiчны камбiнат "Зара", завод лiфтаў, завод "Строммашына" (выпускае тэхнiчнае абсталяванне для вытворчасцi шыферу i мяккiх дахавых матэрыялаў, цэглы, машыны для асбеставай прамысловасцi i iнш.), завод электрарухавiкоў, аўтамабiльны завод, што выпускае цягачы, самаходныя скрэперы, самазвальныя аўтапаязды для работ пад зямлёй i аўтасамазвалы павышанай праходнасцi для мясцiн, дзе дарогi кепскiя або iх зусiм няма.
Магілёў заўсёды славіўся і культурай. З XVI ст. тут вёўся летапіс, існавалі школы. І зараз тут выхоўваюць інжынераў, настаўнікаў, тэхнікаў. Тут адзін з найлепшых беларускіх музеяў, шкада, што ў гады вайны менавіта адсюль знік славуты на ўсё славянства ювелірны выраб "Крыж Лазара Богшы" (зроблены быў у Полацку загадам вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), музей народнай творчасці, шмат бібліятэк, шмат паркаў. І рака, і паплавы з ляснымі тэрасамі. Прыдняпроўе, яблычная мая радзіма.