Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Мяркуюць, з вялікай доляй пэўнасці, што чалавек жыў у нас ужо ў сярэдні палеаліт, у эпоху мусцье. У той час ледавік праходзіў па вярхоўях Дняпра, а Беларусь была суцэльнай тундрай, па якой блукалі зарослыя поўсцю насарогі, крочылі маманты, і пячорныя леў і мядзведзь палявалі за дзікімі коньмі. У чалавека (неандэртальца) быў супраць іх востраканечнік з крэменя і агонь, дар лёсу, бо жытла, якое ратуе ад холаду, тады яшчэ будаваць не ўмелі, а прыдатных натуральных пячор у нас на Беларусі няма.
Верхні палеаліт (40 тыс. г. — 10 тыс. г. да н. э.) прынёс аседласць, штучныя жыллёвыя пабудовы і аб'яднанне людзей у вялікія орды. Іначай нельга было, скажам, загнаць маманта ў яр. Поўнасцю вывучаны дзве стаянкі гэтых людзей, абедзве на Гомельшчыне. Знайшлі вуголле, расшчэпленыя крамяні, косці маманта (тут іх
Сярэдні каменны век, мезаліт, гэта перш за ўсё лук і стрэлы. Ранейшыя жывёлы ці вымерлі, ці былі выбіты, ці адступілі за ледавіком. З'явіліся сучасныя: зубр, алень, лось, дзік, буры мядзведзь, бабёр. Каб паляваць на іх, не патрэбна была арда, і яна распалася на дробныя групы, а то і на сем'і. Хто пайшоў за мамантам, які адступаў за тундраю на поўнач, хто застаўся. Менавіта ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была спрэс заселеная. Стаянак таго часу дужа многа.
А пасля быў неаліт. Гэта значыць, жывёлагадоўля і земляробства. І пачынаюць ужо шліфаваць краі сякер, і ўжо на драўляны човен, выдлубаны з бервяна, трэба толькі 10–12 дзён. Расцём, чалавецтва! І замест прымітыўнага абгарэлага "шашлыка" — "суп" у гліняным посудзе. І жывём не як-небудзь, а ва ўтульнай зямлянцы ці нават у надземным жытле.
Але праслаўляць за гэткі прагрэс чалавека, біць у яго гонар у барабаны лёгка на паперы. Увесь гэты шлях мы апісалі на адной старонцы. Продку нашаму на гэты шлях спатрэбілася 25 тысяч год.
Калі весці размову аб прамысловасці, то яна таксама нарадзілася ў той час. І гэта не перабольшанне. Ля Ваўкавыска, пад мястэчкам Рось, ёсць пасёлак Краснасельскі. Год пяцьдзесят назад у мясцовых крэйдавых горах архітэктар і археолаг З. Шміт выявіў і налічыў каля тысячы шахт. Канец неаліта. Значыць, шахтам па здабычы крэменю пяць тысяч год! Касцянымі матыкамі, рагавымі капалкамі капалі ствалы шахт. Знаходзілі жылу — пачыналі дзяўбці штрэк. Вузкі — 0,5–1 м. І паўзлі, працуючы. Часам на 20 м у даўжыню. Задыхаючыся ад дыму, бо святло было ад вогнішчаў. З дня ў дзень, бо гэта быў іх хлеб і той хлеб, які ўсё Панямонне здабывала прыладамі, зробленымі з Краснасельскага крэменю.
Прыйшла бронза, але крэменю не выціснула з ужытку і яна. Ён быў заўжды пад нагамі, а волава і медзі на Беларусі няма. Каменная сякера ў гэты час робіцца больш дасканалая, паліраваная. Вось такая, як зараз перада мной — шэра-белая, гладкая, насаджаная на, вядома, сучасную рукаяць. Як цацка.
Не буду чытаць вам лекцый аб сярэднедняпроўскай, сасніцкай, тшынецкай палескай культуры, культуры шнуравой керамікі. Як і аб культуры наступнага, жалезнага веку, які паставіў плямёны беларускай тэрыторыі ў роўныя правы з іншымі, бо ўжо чаго-чаго, а балотнай руды тут хапала. Значную частку ядраў для Крымскай кампаніі нават у сярэдзіне ХІХ ст. паставіў завод Храптовіча ў Вішневе.
Жалезны век — гэта рала, запрэжаная двума быкамі саха, серп, сякера, а значыць, і лясное, падсечнае земляробства. Гэта жыта, проса, пшаніца, гарох, авёс, віка, а калі так, то і развіццё жывёлагадоўлі.
І, адначасова, гэта накапленне багацця, гэта сутычкі між групамі, радамі, плямёнамі. Бедная роўнасць памірала. Нараджалася царства несправядлівасці. На тысячы і тысячы год. Гэтая чума ўкрыла зямлю восыпкай гарадзішч. Набегі, пажары, войны, свары з-за пашаў.
І потым брат на брата, сват на свата, сын на бацьку… "І род на род і племя паўста". Жалеза перш за ўсё ўжылі як меч, а не як серп. Што ж дзіўнага? Хірасіма таксама была раней за першую атамную электрастанцыю.
Плямёны, культуры, роды зноў аб'ядноўваліся, асімілявалі суседнія, узбуйняліся. Яны цяснілі, змянялі адны адных на будучай беларускай зямлі. Культуры: лужыцкая, паморская, мілаградская. Штрыхаванай керамікі, зарубінецкая, днепрадзвінская. Хто яны былі, гэтыя людзі, — цяжка сказаць. Тут прыходіць на дапамогу такі аддзел навукі аб мове, як гідраніміка, навука аб назвах рэк і азёр. Ясна, што прышэльцы не будуць прыдумваць для ракі сваёй назвы (часцей за ўсё). Яны спытаюць аб ёй у мясцовых плямён і пакінуць іхнюю назву, нават калі яна незразумелая. Таму мы часта і
А тэрыторыя Беларусі да сярэдзіны 1 тыс. н. э. была этнічна дужа аднародная. Тут сядзелі балты, плямёны, блізкія сучасным літоўцам. Яны і пакінулі ў спадчыну нам свае гідранімы, а самі не пайшлі і не былі выбіты, а проста змяшаліся з прышэльцамі. І формы чарапоў ужо ў курганах ХІ — ХІІІ стст. — славянскіх, даўніх — пацвердзілі гэта.
"Не ідзі да паноў на гулянку — косткамі закідаюць". Таму я і не стану гаварыць пра ўсе культуры, што мяняліся тут, пра іхнюю кераміку (хаця, на мой погляд, самая прыгожая — чорная, нібы закураная і адлакіраваная, — кераміка паморская), пра тое, ці продкі славян людзі зарубінецкай культуры і, адсюль, ці не з'яўляецца прарадзімай славян мясцовасці па Верхняму і Сярэдняму Прыдняпроўю (дзе зараз поўдень Віцебскай, Магілёўская, Гомельская і Кіеўская вобласці, Парэчча Прыпяці з яе прытокамі і мясцовасці па Дзясне). "Паны" — археолагі і самі спрачаюцца аж да чубоў, а ўжо чужога закідаюць косткамі, хай сабе і курганнымі. Ад іх таксама баліць.
Ва ўсякім разе, пятнаццаць стагоддзяў назад тут, на нашай зямлі, ужо сядзелі славяне.
Самым раннім славянскім гарадзішчам на тэрыторыі Беларусі лічыцца Хатомель, што пад Столінам (VІ — ХІІ стст.). На Украіне ёсць таксама тагачасныя славянскія пасяленні (на цяперашнюю тэрыторыю РСФСР славяне прыйшлі і аселі на ёй значна пазней). Мне пашчасціла пабываць на Хатомельскім гарадзішчы.
Рэдкія там вёскі, але, як кажуць, меткія. У вёсцы Рубель 1800 двароў — "Гэто ж наш Кітай" (мясцовы жарт). Ад гэтай вёскі я спачатку ехаў машынай, пасля ішоў пешшу праз мокры луг і балота. Летнія аблокі, гарачыня, грузнуць ногі — ясна, што ў часы першых славян тут была непраходная дрыгва. Падплысці можна было толькі Гарынню, а цяпер і яна пайшла адсюль, пакінуўшы ля ўзвышша старыцу. Там, дзе балота і ракі няма, — падвойныя валы і рвы. Тады на валах былі драўляныя клеці, засыпаныя пяском. Цяпер — нічога. Валы параслі хмызамі, на месцы селішча — жыта. Сіне-зялёны лес на гарызонце, ды ямы на месцы раскопаў. Бязлюддзе. Усё аплыло. А якое вірлівае, буянае жыццё кіпела тут калісь…
Ішоў адтуль па кладках і праваліўся. Праз пару кіламетраў мужыкі перасцілаюць мост. Адзін:
— О, цяпер саўсем як нашы людэ па нагах.
— І нашае гразі з сабой крыху ўвязэце, — смяецца баба.
І я смяюся ў адказ. Спрадвечныя тутэйшыя людзі. Нашчадкі тых… І значыць, нішто марна не прапала на зямлі.
І ненавідзелі яны, як мы, і кахалі, і ставілі добрым бацькам каменныя надмагільныя піраміды на берагах возера Бяздоннага. І нам пакінулі сваю справу.
Плямёны тыя пад уплывам старонняй небяспекі ператвараюцца ў той даўні час у племянныя саюзы. Некалькі такіх саюзаў склаліся на тэрыторыі Беларусі: крывічы, дрыгавічы, радзімічы і драўляне (паўночная галіна гэтага племя). Плямёны і сапраўды былі дужа адасобленыя. Палянін лічыў, што драўляне "жывуць, як дзікія звяры", і наадварот. Трэба думаць, што аб'ядноўвала іх агльнасць мовы (з нязначнымі дыялектнымі адхіленнямі, скажам, як цяпер у жыхара Піншчыны і жыхара Полаччыны), агульнасць гандлёвых мясцін і агульнасць асноўных багоў, а напэўна, і агульнасць свяцілішчаў. Ідалаў знаходзяць досыць рэдка. Каменных. А яны пераважна былі драўляныя. Дый знішчылі іх многа. Самы славуты, з-пад Супрасля, быў вывезены. Але і зараз у многіх музеях глядзяць на нас іх каменныя вочы.