Адкуль з'яўляюцца яны...
Шрифт:
— Будзь ты пракляты, нелюдзь! — выдыхнула Ганна. Яна зноўку стаяла перад Яўхімавым селішчам.— Толькі ж не стане па-твойму. Мая душа — мне, дзіцячая — дзецям! Можаш цела апаскудзіць, а душу — ніколі! Чуеш ты, звярына, ніколі!
Крыкнуўшы гэта, Ганна юлой крутнулася на месцы і зноў знікла ў гушчары... Дзе яна падзелася? Ніхто не ведаў і не ведае, акрамя Яўхіма-ведзьмака.
***
Стомленыя Марк і Варка, з поўнымі кошыкамі касцей, падыходзілі да Яўхімавых варотаў, калі яны з неймавернай сілай расчыніліся і адтуль, як куля з дубальтоўкі, выскачыла нейкая жанчына. У цемры цяжка было разгледзець яе твар, але Варка няведама чаму імгненна выцягнула да яе рукі. Ногі дзяўчыны стаялі на месцы, а тулава, ледзь не пераламваючыся, цягнулася ўперад, да невядомай жанчыны. Толькі ж, здаецца, яна не бачыла ні Варку,
— Мамка, матуля мая! — крыкнула Варка на ўсе грудзі. Толькі ж яе голас скруціла ў вязьмо незразумела адкуль наляцелая мацеліца. Жанчыну схавала густая сцяна са снегу. Вецер бязладна грукаў варотамі і, нібы жартаўліва забаўляючыся з хлопцам і дзяўчынай, падпіхваў іх да ганка хаты. Варка ўпіралася, на колькі хапала яе сілы, і ўсё цішэй і цішэй шаптала: «То мая маці, мая матуля. Я адчуваю гэта сэрцам. Навошта пакідаеш мяне? Вярніся, забяры! Я тута, мамка.
— Перастань вярзці лухту,— перапыніў дзяўчыну Марк.— Ты сама гаварыла, што не памятаеш, адкуль з’явілася і хто твае бацькі. А тут раптам ні з таго ні з сяго — маці. Ты нават твару жанчыны не бачыла, дурніца,— неяк ужо больш лагодна буркнуў Марк.— Пайшлі хутчэй у хату, а то мяцеліца зраўняе нас з зямлёю. Сцюдзёна дужа, Варка, пайшлі.
Яўхім сустрэў хлопца з дзяўчынай у сенцах. Стоячы над вялізным гліняным жбанам, ён бязладна ўзмахваў рукамі і выганяў праз дзірку ў столі густыя белыя пасмы, якія нагадвалі тлусты сцюдзень.
— Ляціце, з дарогі збіце. Куды б ні ішла, куды б ні бегла, назад вярніце. I крык яе змучаны, голас прытомлены на вякі вялікія ў грудзях забіце! — Яўхім ракатаў такім голасам і з такім падвываннем, што аж прабірала да касцей, валасы станавіліся на дыбкі.
— Чаго спыніліся?! Дапамагайце мне. Машыце рукамі і паўтарайце пачутыя словы. Не схацела шалёная баба аддаць душу нам, то аддасць яе іншым разам з целам! Не праціўцеся! Гэта ж цяпер і ваш лёс збіраць душы людскія для Уладара цемры. Мо прымусім яе шчэ і вярнуцца. Памагайце, мае наступнікі!
Марк паўтараў кожнае слова і pyx за Яўхімам-гарбуном. А Варка з апушчанымі рукамі стаяла быццам укопаная.
А мая мамка была такая добрая кабеціна, што свет цяперашні не бачыў. I нас гадавала, і ў хаце прыбірала, і татку дапамагала, шчыра гора гаравала. Да ўсяго здатная і ўвішная. Нацярпелася яна мукі ад бацькі нашага. Біў ён яе чым папала: і паленам, і капылом, дзягай і чыгуном — што ў рукі трапляла. Ані слова яна не казала: усё моўчкі ўздыхала ды нас гадавала! — Варка галасіла. Ліла слёзы, як над нябожчыцкай труной.
Ад голасу дзяўчыны супыніўся вядзьмарыць Яўхім, застыў на месцы Марк. Сцішыўся д’яблаў глёк. 3 яго ўжо цягнуліся танюткія, як валасінкі, пасмачкі. Чулася, як захлынаецца на вуліцы і мяцеліца. Пакуль тое ды сёе, зусім змоўк вецер.
— Ты што, нягеглая! — зароў Гарбун і кінуўся на Варку з кулакамі. Але не ўдарыў, толькі затрос імі.— Успомні: ты ж бязродная! Што ўварвалася ў курыную галаву?! Адна-адзінюсенькая ты, як крапівіна пры дарозе. I ён такі ж.— Кіўнуў Яўхім на Марка.— Ніхто не мае на вас правоў. Мае вы, як і я ваш. Зразумелі?!
Яўхім шпарка кінуўся да адной з палічак на сцяне. Не доўга шукаючы, выхапіў адтуль маленькую пляшку і булькнуў нечага з яе ў конаўку з вадою.
— Хлёбайце па чарзе.— Першай саўгануў пітво Варцы. Сербануў некалькі глыткоў і Марк.— Цяпер усё добранька будзе. А то нейкія маткі, бацькі. Цьфу ты. Яны яшчэ не нарадзіліся ў вас, пачакайце крыху.
— Дзядзька Яўхім, а мы аднойчы з мамкай ляцелі на самалёце. Я тады хадзіла ў трэці клас, школа была побач з нашым домам. На моры было так прыгожа, што я нават не хацела дахаты. А яшчэ калі ездзілі ў горад, то любіла катацца на метро. Аднойчы пераблытала...
— Хопіць! — зароў, як ашпараны кіпнем, вядзьмак.— Ніколі не было з табою гэтага. Супакойся, дзяўчынка. Вам з Маркам трэба ўжо спаць. Відаць, дужа стаміліся, поўзаючы па могільніку. Вы ж мая будучыня, мае дзеці! Хто ж вас пашкадуе, калі не я. Спаць, трэба спаць. Заўтра ўсё будзе па-другому, па-новаму.
Пасцяліў Яўхім Варцы на печы, а Марку на прыпеку. Імгненна заснулі яны, разамлелыя ад цяпла.
Вядзьмак жа хадзіў з кута ў кут — уздыхаў, думаў думку, патыліцу шкроб. Не мог ён уцяміць, як дзяўчына ўспомніла тое, што да пэўнага часу і дня ён выгнаў з ейнай галавы, схаваў у недасягальным месцы. А мо і выбар быў зроблены няправільны. Абмыліўся ў чымсьці? Дык, здаецца ж, не. Hi ў царкву ніколі не
Дзіўна, што падмануўся тады я, як гавораць, на льняной кастрыцы. Быў у Максіма на дворышчы вялікі дубовы пень-выварацень. I гэты чалавек кожнае ранне з паўгадзіны скакаў праз яго, памінаючы Бога. Думаў я, што так здзекаваецца ён з людскога Найсвятлейшага... Прывялі Максіма да мяне, стаў на другі дзень абходжваць яго, набліжаць да прыстолу Уладара цемры, ляпіць служку. Толькі ўсе мае чары скочваліся з Максіма, як дажджынкі з саламяных стрэх. 3 усходам сонца ён падымаўся, хапаўся за любую работу, абы толькі далей знаходзіцца ад мяне. I адну сядміцу так працягвалася, і другую агоралі, а на трэцюю і я падняўся следам за ім, калі сонца з-за краёчку лесу толькі макушку вытыркнула. Прыадчыніў ціхенька дзверы сянец і, назіраючы, цікую за ім, што ж зробіць Максім? Глянуў і ўмлеў. Падышоў ён да маёй рэчкі, абмыў твар, рукі і пайшоў па вадзе, як па цвёрдым доле. Нікому гэтага не дадзена, акрамя чысцейшых бязгрэшных людзей. А было Максіму ўжо за сорак. Ляснуліся спадзяванні мае, лопнулі, што той бычыны пузыр. Балюча было, але зразумеў я, што не авалодаць Максімавай душой, не зрабіць з яго служку вечнаму Уладару цемры. Быў ён святлейшы за сонечны дзень. Не хапала ў мяне ніякай сілы цягацца з такім чалавекам. Так і адпусціў яго, вытруціўшы, на колькі мог, памяць пра тыя дні, калі знаходзіўся ён поплеч са мною. От, не ведаю, ці жывы яшчэ светлы Максім. Не! Якое жывы. Было гэта больш стагоддзя таму... Цяпер то я і ўзяўся за маладзёнаў. 3 імі прасцей і лягчэй. А то што ў Варкі пробліск усплыў — дробязь. Час цяпер такі. 3 кожным дзесяцігоддзем непамерна цяжэй рыхтаваць, вывучваць і ў свет пускаць наступнікаў нашай сілы. А ўсё таму, што мала каго трэба і спакушаць. У тым прасторавым часе, у якім цяпер яны жывуць — людзі бездухоўныя звяры. Няма за каго барацьбу весці. Не належаць яны ні Богу, ні д’яблу. Замест душы ў іх жабацінне. Брыдкае і слізгае, як смаркачы. Мадзеем мы з-за людскіх адзінак, за якія яшчэ трэба змагацца.
I ўсё ж з Марка і Варкі нешта атрымаецца. Не будзь я Яўхімам.
ІІадумаўшы так сам сабе, вядзьмак пасунуўся ў камору. Пагрукацеўшы там нечым, выйшаў з двума чыгунамі-вядзернікамі, паставіў іх і няспешна распаліў у печы. Пасля з сянец унёс рэшаты з касцьмі і пачаў накладаць у чыгуны. Драбнейшыя на дно, а доўгія ламаў на калена і прыладкоўваў зверху. Накрыўшы іх, без адзінай кроплі вады ўставіў у зеўра палаючай печы.
Пачын зроблены дзеткамі. Перапарацца, перагараць костачкі, дык і будзе чым абсыпаць Варку і Марка. За дзесяцярых набудуць моц і сілу. От, звычка гаварыць сам з сабою. Старэю, мабыць. Трэба берагчыся гэтага. Я лык, як дзяркач, можа непатрэбнае смецце і залатое слова ў чужыя вушы ўкінуць.
Раптам Яўхім заўважыў пакінуты жанчынай вузельчык. Хуценька развязаў яго і выклаў падарункі на стол. Задаволена гмыкаючы, гарбун разглядаў закаты пярсцёнак, затым адкалупнуў пальцам кавалачак масла,
паспытаў.
— Нядрэнна. Дужа нядрэнна. Будзе чым памянуць яе душачку. След жа суперніцы няхай у вогнішчы гарыць, і цела яе з жыламі і паджылкамі без ушчуку баліць.— Вядзьмак кінуў Таццянін след у печ на жаркае полымя.— Во, здаецца, усё зрабіў. Абсыплю яшчэ хлопца з дзяўчынай сушанай піжмай, каб сілу ніхто іхнюю адабраць не мог, каб не баяліся добрага вока, ды і ў гарадах пазнавалі і адчувалі братоў сваіх. Марка абсыплю не шкадуючы, яму будзе сярод смуродных камяніц і заводаў цяжэй. Раней лепш было: усе служкі Уладара цемры па вёсках ды хутарах жылі, а вось прыйшоў час, і стаў наш брат па гарадах швэндацца, абжывацца там. I ўвесь бязглузды люд рынуўся туды, жыццёвай палёгкі і смакаты шукаючы. Цяпер асноўны здабытак наш там.