Альпійская балада
Шрифт:
Недзе зусім блізка пад імі, здавалася, у глыбінных нетрах зямлі гуў, імкнуў, струменіў шалёны паток, ён цягнуў, вабіў у свае неспазнаныя нетры-глыбіні; у хлопца не стала сілы супраціўляцца яму… Яна забілася рыбінай, заплескатала ў ягоных руках, на шырока расхінутых вуснах нараджаліся і паміралі словы — чужыя, родныя, вельмі зразумелыя словы…
Толькі словы цяпер не мелі значэння.
Зямныя нетры, і горы, і магутныя гімны ўсіх патокаў зямлі затаіліся і згодна благаславілі вялікую таямніцу жыцця…
21
Абудзіўся ён раптам, трывожна-радасным намаганнем волі — схамянуўся ад думкі, што заснуў і даў знікнуць са свайго жыцця чамусьці
Іван прыўзняў галаву, разам усё згледзеў і заўсміхаўся ад таго, што дарма напалохаўся — нічога не знікла, не прапала, нават не прыснілася, як здалося ўпачатку. Упершыню за шмат год ява была шчаслівейшая за самы радасны сон.
Джулія ляжала ніцма, спакойна паклаўшы павернутую набок галаву на выцягнутую ў траве руку, і спала. Дыханне яе, аднак, не было мерным і роўным, як у сонных людзей, — часам яна замірала, нібы прыслухоўвалася да чагось, з перарывам выдыхала, затым ішло некалькі роўных кароценькіх уздыхаў і — стрыманы радасны выдых. Крыху раскрытыя вусны яе ўвесь час варушыліся. Ён падумаў спачатку, што яна шэпча, але слоў не было, вусны, мабыць, толькі адбівалі таямнічыя праявы яе сну, таксама як і шчокі, павекі вачэй, якія і ў сне торгаліся, варушыліся, уздрыгвалі. Але ўсе гэтыя навеяныя сном перажыванні яе былі лагодныя і ціхія, — мусіць, снілася ёй штосьці шчаслівае, і на вуснах час ад часу праступала добрая, сцішаная ўсмешка.
Іван павярнуўся на бок і сеў. Пэўна, яны доўга праваляліся ў гэтым лаўжы, сонца ўжо спаўзло з небасхілу і, мабыць, заходзіла за счарнелым горбам спарыша-вяршыні. Без сонечнага святла дужа сціпла, амаль непрытульна выглядаў такі ўрачыста-зіхоткі ўдзень луг. Далячынь густа спавілася туманам, і хоць хмар не было, змрочная туманістая смуга падмыла далёкія хрыбты гор, дашчэнту затапіла даліну. Мядзведжы хрыбет страціў усё сваё лясное падножжа і, яшчэ ярка ззяючы срэбрам вяршынь, нібы падталы, плаваў у дымчатым туманным моры. Гэта было апошняе развітальнае святло незвычайнага і нечаканага, як узнагарода, сённяшняга Іванавага дня. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка.
Ён зноў павярнуўся да Джуліі, — мусіць, трэба было паднімацца і ісці, але яна спала так соладка, так бездапаможна-знясілена, што ён проста не адважыўся парушыць гэты, такі патрэбны ёй, сон. Ён пачаў прагна глядзець на яе рухавы і ў сне твар, так, быццам упершыню бачыў яго. Цяпер, пасля ўсяго, што між імі сталася, кожная яе ўсмешыстая рыса, кожны рух набывалі свой паглыблены сэнс. Хацелася пазіраць так, бясконца, уважліва пазнаваць пачуццём зманлівую таямніцу чалавечай душы. Наперакор усяму ён адкрыў у ёй неспадзяванае — сціплае і радаснае — і, здаецца, ледзьве не захлынуўся быў у той сваёй першай хмельнасці. Цяпер, праўда, хмельнасць крыху апала, выраўнялася, але затое адчуванне шчаслівасці стала яшчэ большае, і ягоны недаверак-голас змоўк назаўжды. Наогул ён быў проста дурань, што так доўга сумняваўся ў гэтым чысцейшым і, мусіць, самым бескарыслівым у свеце стварэнні. Спасцігшы тое цяпер, ён, не кратаючыся, як на чароўную таямніцу прыроды, глядзеў і глядзеў на яе — маленькае чалавечае дзіва, гэтак позна і радасна адкрытае ім у жыцці, і не адчуваў у сабе ні пагарды да яе, ні чагось брыдкага; было толькі нешта ціхае, добрае, яно да краёў напаўняла яго пяшчотай.
А яна ўсё спала, прынікшы да шырокіх грудзей зямлі; варушыліся, трапяталіся яе тоненькія ноздры, і маленькая, чырвоная багоўка задуменна паўзла па яе рукаве. Яна выпаўзла са складкі, растапырыла крыльцы, але не паляцела, бы перадумала, папаўзла далей. Ён асцярожна скінуў багоўку, беражлівым дотыкам паправіў на дзяўчынінай шыі перакручаны на чорным шнурку крыжык. Яна ўсё не прачыналася, толькі трошкі перапыніла дыханне, тады ён паправіў на яе спіне загорнуты край курткі і ўсміхнуўся. Хто б мог падумаць, што яна за два дні стане для яго тым, чым не стала ніводная свая суайчынніца, запалоніць яго душу ў такі, здаецца, самы няздатны для таго час? Хіба мог ён прадбачыць, што ў сваіх чацвёртых уцёках, ратуючыся ад пагібелі, гэтак нечакана напаткае першае сваё каханне? Як усё зблытана, перакручана, перамешана на гэтым свеце! Невядома толькі,
I ўсё ж трэба было ісці далей. «Не час тут валяцца, вылежвацца, мусіць, трэба б пабудзіць яе», — падумаў ён і сам лёг побач — цесненька, да самага бока, і асцярожна, каб не патрывожыць яе сну. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, ён адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага пырхоткага матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. «Хай яшчэ трошкі… — думаў Іван, усё мосцячыся побач. — Яшчэ — і трэба ісці… Ісці ўніз, у даліну…»
Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. На крутых яго схілах усё вышэй узнімалася шэрае сутонне ночы і ўсё менела ружовага бляску на піках-вяршынях.
Неўзабаве яны і зусім пагаслі. Хрыбет адразу сцяўся і асеў, шэраю дымнасцю ахуталіся горы, і на пакуль што святлявым небе прарэзаліся першыя зоркі. Іван, аднак, ужо не ўбачыў іх — ён заснуў з апошняю сваёй думкай: трэба ўставаць.
Абудзіла яго ўжо Джулія. Мусіць, ад холаду яна заварушылася побач, цясней тулячыся да яго бока. Санлявы яшчэ, Іван адразу адчуў яе і прахапіўся. Яна ашчаперыла яго рукою і горача-горача зашаптала ў вуха поўныя пяшчоты словы — незнаёмыя, чужыя і дужа дарагія яму словы. Ён прыгарнуў яе і вуснамі сустрэў яе вусны…
Было ўжо зусім цёмна. Пахаладала. Чорнымі на паўнеба гарбамі высіліся бліжнія вяршыні, угары мігалі рэдкія зоры; вецер, мусіць, зусім сціх, бо не шалясцеў нават мак, толькі несціхана і роўна шумеў, булькатаў побач паток. Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу, ад яго водару лёгкая п’янасць пацякла ў крыві. Зямля, горы, неба з спакойнай упэўненасцю драмалі ўначы, а Іван, прыўзняўшыся, схіліўся да дзяўчыны і глядзеў-углядаўся ў яе твар, нейкі не такі, як удзень — супакоены, як гэтая ноч, прыціхлы, быццам трошкі спалоханы. У вялізных яе вачах варушыліся цьмяныя зрэнкі, і ў іх далёкай глыбіні бліскала па ледзьве прыкметнай зорачцы. Начныя цені невыразна блукалі па яе твары, а яе рукі і ўначы не трацілі сваёй трапяткой жвавасці — усё гладзілі, пеставалі ягоныя плечы, шыю, патыліцу.
— Джулія! — ціхенька пазваў ён, усё прыгортваючы яе да сябе.
Яна пакорліва азвалася — ціха, з пяшчотай і адданасцю:
— Іваніо?
— Ты не баішся мяне?
— Но, Іваніо.
— Што ашукаю, пакіну цябе?
— Но, аміка. Іван нон обман. Іван — руссо. Кароші, мілі руссо!
Таропка і пругка, з нечаканай для яе тоненькіх рук сілай яна прыціснула яго да сябе і радасна, ціхенька засмяялася.
— Іван — маріто. Нон сіньор Дзангаріні, нон Маріо. Руссо Іван — маріто.
Ён з задавальненнем, нават з патаемным гонарам у душы запытаў:
— А ты давольна? Не пашкадуеш, што Іван — марыта?
Яна шырока расплюшчыла зацененыя яго нахіленай галавой вочы — зоркі ў яе зрэнках здрыгануліся і заскакалі.
— Іван — кароші, кароші маріто. Мі будэт маленькі-маленькі філіё… Как ето по-рускі, скажі?..
— Дзіця?
— Нон дітя! Как ето маленькі руссо?
— А, сын, — трошкі здзіўлена падказаў ён.
— Так, сін! Ето карашо. Такой маленькі-маленькі, кароші сын. Он будэт Іван, да?