Альпійская балада
Шрифт:
Фашысты многага дасягнулі ў сваім энтмэншунгу — самай подлай з усіх чорных спраў на зямлі. I калі іх жывёльную жорсткасць да ворагаў яшчэ можна было зразумець, дык іх бязлітаснасць да сваіх, якія не дагадзілі ў чым-небудзь начальству, проста здзіўляла. Страх пакарання стаў іхнім галоўным вызначальнікам ва ўсім: усе жылі пад пагрозай спагнання, пакарання, разжалавання, адпраўкі на фронт, рэпрэсій да родзічаў. I таму, мабыць, так лютавалі, помсцілі за гэты свой страх слабейшым — каму гэта было дазволена — палонным, зняволеным у канцлагерах, яўрэям. Дзіўна было, як пры ўсім тым на фронце немцы ўсё ж ваявалі ўпарта. Можа, таму, што страх пакарання там набываў двайны сэнс і выбар быў невялікі: або ваенна-палявы
Зашчацінены, страшны ад пылу немец нешта крычаў, але ён не чуў, бо побач грымеў танк, ды і наогул ён, мусіць, аглух ад грымотаў бою і на кароценькую секунду страціў адчуванне. I тая секунда затым дорага каштавала яму, сляды ад яе ў душы і на целе застануцца, пэўна, навек.
Ён не быў у палку ні героем, ні нават прыкметна смелым — быў як і ўсе: па-пехацінску цягавіты і ў меру засяроджаны. За ранейшыя баі атрымаў тры падзякі Вярхоўнага ды два медалі «За адвагу» і думаў, што на большае і не здатны. I толькі вось тут, у палоне, дзе некаму было ні натхняць на салдацкія подзвігі, ні ўзнагароджваць, ні нават браць пад увагу геройскае, дзе за кожную маленькую правіннасць можна было заплаціць жыццём, — тут у ім хтось абудзіўся, непакорны, дзёрзкі і ўпарты. Тут ён убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне.
— Отдаль хляб? — раптам раздаўся над ім голас Джуліі.
Ён унутрана здрыгануўся ад неспадзеўкі, але тое, што яна падышла, пранізала яго радасцю, і хлопец хуценька павярнуўся на доле.
— Отдаль хляб? — з зацятай устрывожанасцю на твары пыталася Джулія. — Мі нон Тріесто? Аллес фініта? Да?
— Ну, што ты! — сказаў ён і ўсміхнуўся. — Толькі скарынку аддаў.
Яна нахмурыла лоб і пільна глядзела на яго. Тады ён дастаў з кішэні апошні кавалак.
— Во, толькі скарынку, разумееш?
Пераадольваючы штосьці ў сабе, Джулія прамаўчала. Лоб яе, аднак, паступова разгладжваўся.
— Мі ідет Тріесто? Правда? Но?
— Пойдзем, канечне. Адкуль ты ўзяла, што не пойдзем?
На яе твары ўсё яшчэ адбівалася нешта труднае. Дзяўчына, цярэбячы на грудзях куртку, відаць, нешта вырашала і раптам кінулася да яго на дол. Паставіўшы калені, яна абляглася на іх рукамі і схавала ў рукавы твар.
— Руссо! Ты карошы руссо, — загаманіла яна і адной сваёй рукой паціснула яго руку. — Нон Влясов. Буно руссо. Джулія плохо.
— Ну, нашто так? — з раптоўнай няёмкасцю ад тых слоў запярэчыў Іван. — Нашто? Не трэба…
— Очен, очен, — не слухаючы яго, казала яна. Відаць, штосьці ў яе, раптам выбухнуўшы, памалу адбалела за пакутную гадзіну іх ростані, нешта яна зразумела і цяпер папрасіла: — Іван нон бёзе Джулія… Нон бёзе?
— Нічога, усё добра.
Седзячы ў доле, ён ашчадна ўзяў у свае рукі яе маленькую мяккую далоньку. Дзяўчына не адабрала яе.
— Нон бёзе Іван, — сказала яна і зірнула ў ягоныя вочы. — Нон бёзе Джулія. Іван знат правда. Джулія нон знат правда.
— Ладна, ладна… Ты гэта во што…
— Джулія очен, очен уважат Іван, любіт Іван, — сказала яна.
Ягоныя рукі з яе далонькай у іх ледзьве прыкметна ўздрыгнулі.
— Ты… піць не хочаш? Вады, га?
— Вода? Аква?
— Ага, вады, — узрадаваўся
Ён хуценька ўскочыў, яна таксама ўзнялася, абхапіла яго руку вышэй локця і шчакой прыціснулася да яе. Ён другою пакратаў яе валасы, пагладзіў, яна неяк унутрана насцярожылася, і ён таропка апусціў руку. Так абое яны, зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу.
19
Ручай быў неглыбокі і гаманкі — шырокі паток ледзяной вады з гор шалёна імчаў па камянях, віруючы пенай і размашыста плёскаючы на нізкія заліўныя берагі. На адным лугавым завароце ён намыў на траве шырокую касу шэрага жвіру, перайшоўшы якую, Іван і Джулія ўволю напіліся з прыгаршчаў, і дзяўчына адышлася на бераг. Іван тым часам падкасаў разадраныя сабакам штаны і ўвайшоў у ваду глыбей. Ногі заламала ад сцюжы, імклівая плынь сілілася паваліць, але яму хацелася памыцца, бо пот раз’ядаў твар. Хлопец памацаў свае шархоткія, з ладнай ужо бародкай пашчэнкі, памкнуўся было зірнуць на іх у ваду, толькі дарма: у імклівай яе каламуці нічога, апроч камянёў ды пены, нельга было ўгледзець. «Мусіць, зарос, як бандзюга», — падумаў ён і азірнуўся на Джулію.
— Я страшны, няголены? — запытаў ён у дзяўчыны, але тая не азвалася — як села, так і сядзела ў задуменнасці і пазірала ў адно месца на беразе. — Кажу, я страшны? Як дзед, мусіць?
Яна страпянулася, услухалася, намагаючыся зразумець яго думку, — ён усё церабіў свае кучаравыя сківіцы, — і яна здагадалася.
— Карашо, Іван. Очен вундэршон.
Іван пачаў мыцца і думаў, што з ёй нешта сталася — дзяўчына, відаць, чымсь устрывожана, штось перажывае; гэткая засяроджаная яна не была нават у час уцёкаў, пад носам у немцаў. Зусім не ў яе характары была такая раздумнасць, гэта штосьці труднае ёй прычыніў ён, Іван. А Іван, наадварот, чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Яму было добра з ёй і хацелася развеяць яе клопат, убачыць яе ранейшай — вясёлай, рызыкоўнай, даверлівай. Мусіць, трэба было б улагодзіць яе, супакоіць, толькі Іван не мог пераступіць нейкую мяжу між імі, хоць і хацеў таго. Нешта няўрымсліва зваблівае ажывала ў ім да дзяўчыны і ў той жа час стрымлівалася, вагалася, пакутна марудзіла.
Памыўшыся, ён набраў у прыгаршчы вады і здалёк размашыста пырснуў на яе — Джулія зноў здрыганулася, няўцямна зірнула на яго і зараз жа заўсміхалася на жарт. Ён таксама ўсміхнуўся нязвыкла, на ўвесь свой шырокі, абкладзены кучаравай бародкай твар.
— Спалохалася?
— Нон.
— А чаго задумалася?
— Так.
— Што гэта — так?
— Так, — пакорліва сказала яна. — Іван так, Джулія так.
Нягледзячы на нешта нялёгкае ў сваёй душы, яна ахвотна паддавалася яго жартаўлівасці і, жмурачы вочы, усмешыста глядзела, як ён, пакідаючы на жвіры мокрыя сляды босых ног, валюхаста выходзіў да яе на траву.
— Хутка ты вучышся па-нашаму, — сказаў ён, прыпамінаючы нядаўнюю іх размову— Здольная, відаць, была ў школе.
— О, я біль вундэркінд, — жартоўна сказала яна і раптам схамянулася. На яе твары мільгануў спалох. — Ой, санта мадонна: ільсангвэ!
— Што?
— Ільсангвэ! Кров! Кров!
Ён нагнуўся, зірнуў, куды глядзела яна, — на мокрай ягонай галёнцы поўз ад калена вузенькі струменьчык крыві. Іван адразу здагадаўся — гэта адкрылася рана, тая, ад сабакі; нічога страшнага, дагэтуль ён нават не знайшоў калі паглядзець яе; цяпер сеў ля дзяўчыны і вышэй загарнуў штаніну. Сапраўды, над каленам нага была здорава раздрапана сабачым кіпцюром і, мусіць, у вадзе раскрывянілася. Джулія спалохана памкнулася да яго, нібы гэта была бог ведае якая рана, завохкала, замітусілася.