Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Аскепкі вялікага малюнку

Алесь Аркуш

Шрифт:

Горад загадзя рыхтавалi да сьвята. Нават пад дажджом уздоўж шляху да сьвятынi фарбавалi фасады дамоў. Усё гэта выглядала камiчна i трагiчна адначасова. Далiбог, камiчна глядзець на працэс фарбаваньня пад дажджом. Бедныя маляры, мокрыя i выпэцканыя ў фарбу дарэшты, бесьперапынна чулi спагадлiвыя кпiны i жарты мiнакоў. Падобны гумар узьнiкае самаадвольна. Як ад экранных блазнаваньняў Чарлi Чаплiна. На самой справе нiбыта i грэх сьмяяцца, калi б’юць некага палкай, цi — банальна — кулаком па твары. Але сьмяесься. У той самы час справа, якая робiцца марна, заўсёды трагiчная. Трагiзм яе ня столькi ў бязмэтнасьцi, колькi ў фатальнай наканаванасьцi. Як сьмерць. Усе разумеюць — i той, хто аддаў загад, i той, хто яго выконвае, што фарбаваць пад дажджом — тое самае, што кармiць некага намаляванымi на паперы стравамi. I ўсё адно фарбуюць. Наканаванасьць. Так трэба. Бо на сьвята мусiць прыехаць прэзыдэнт. «Э-э-э, — скажа ён бацькам гораду, калi пабачыць наўкол занядбанасьць i неруплiвасьць, — пэўна, вы нядбайныя кiраўнiкi, бо спраўны гаспадар заўжды прыбярэ ў хаце да госьця». Вядома, прыбраць трэба. Вось толькi з надвор’ем не пашанцавала.

Мы iдзем па вулiцы Эўфрасiньнi Полацкай. Яшчэ мяккi асфальт пакiдае на сваiм целе адбiткi

нашых падэшваў. Васiль Кроква — зацяты, аскетычны дзяцюк, якога ведаю зь дзяцiнства i даўно прызвычаiўся да ягонага хлапечага максымалiзму. Тамаш Гурба — разважлiвы i цярплiвы да чужой думкi. Ня любiць спрачацца. Часам непасьлядоўны ў сваiх перакананьнях. Аднак заўсёды мае рэальную мэту наперадзе. I вельмi часта яе дасягае. Мае сябры жывуць у iншых гарадох. Яны прыехалi на сьвята. Яшчэ ўчора ўвечары мы сабралiся разам за маiм круглым кухонным сталом. Гутарылi да змружаных павекаў. Кроква, як зазвычай, усё грамiў i пляжыў. «Гэта прафанацыя — рабiць дублiкат Крыжа Эўфрасiньнi. Па-першае, такiя рэчы ня робяцца партыямi, па-другое — не Фiларэту яго асьвячаць». Ён запаляўся i апантана трос вiдэлец з лусьцiкам каўбасы перад маiм носам. «Немагчыма другi раз намаляваць Джаконду. А тут табе не Джаконда — гэты Крыж — наш лёс i сымбаль, мiльёны i мiльёны нашых продкаў намольвалi яго, гэта крынiца духовай сiлы, яго немажлiва прадубляваць». Кроква нiбыта «разносiў» мяне за тое, што я даў дазвол на выраб копii сьвятынi. «Чаго ты сюды прыехаў?» — не стрываў Тамаш. Дзiўна, але Гурба ўлез у спрэчку. Хлопец, напэўна, хацеў спаць — нясьцерпнае жаданьне прытупiла ягоную пiльнасьць. «А каб быць сьведкам прафанацыi веку. Аднойчы езуiты вырабiлi копiю. Вядома, зь якой мэтай. Копiя — заўжды падман». Кроква мяне таксама стамiў. «Нiхто не зьбiраецца гэты крыж уважаць за сапраўдны, — Васiль умеў запаляць суразмоўцу, таму я адказваў яму з адпаведным запалам i тэмпэрамэнтам. — Аднак, дзядзька, уявi, што большасьць нашых людзей, гэтак званых беларусаў, нiколi ня чулi, што быў такi Крыж, якi на загад Эўфрасiньнi Полацкай зрабiў Лазар Богша i якi лiчыцца нацыянальнай сьвятыняй. Яны ня чулi пра ягоны лёс, што Крыж зьнiк падчас Другой сусьветнай вайны i што яго марна шукаюць па сёньняшнi дзень. Уявiў? Цяпер уявi, што вырабляючы дублiкат, безьлiч людзей былi задзейнiчаныя ў справу, у тым лiку вышэйшых герархаў зь Ерусалiму, да якiх мiтрапалiт зьвяртаўся па дапамогу. Сама па сабе гэта была гучная культурнiцкая акцыя. Была нагода пiсаць пра Крыж скрозь i шматкроць. Выйшлi кнiгi пра сьвятыню. Гэта была нацыянальная iнфармацыйная кампанiя. Бо згадзiся, калi прынцэса Дыяна пачала змагацца за забарону проціпяхотных мiнаў, шмат у каго зьявiлася пачуцьцё кан’юнктуры i таннага тэатру. Трэба проста разумець, зь якой мэтай нешта робiцца i якiя вынiкi можна гэтым дасягнуць». Мае словы яшчэ больш распалiлi Крокву. Ён пачаў казаць пра падставовыя рэчы, празь якiя нельга пераступаць, маўляў, мусiць жа быць нешта сьвятое, што нельга выкарыстоўваць нi ў якiх кампанiях — нi ў гандлёвых, нi ў палiтычных, нi ў iнфармацыйных, нягледзячы на самыя высакародныя мэты i задачы.

Камусьцi звонку магло падацца, што назаўтра пасьля такой гутаркi ўчорашнiя сябры не павiтаюцца. Ён памылiўся б.

Яшчэ ўчора я ведаў, што нiякага прэзыдэнта на сьвяце ня будзе. Больш за тое, амаль увесь папярэднi сцэнар: вынас Крыжа з Сафiйскага сабору, урачыстае шэсьце ад Сафiйкi да Спаса-Эўфрасiньнеўскага манастыра — адмянiлi. Гэтыя навiны ўдала працавалi на млын Кроквы. Васiль кпiў са «спрыяльнага» надвор’я, са спрашчэньня сьвята, зь пераменлiвых рэлiгiйных пачуцьцяў прэзыдэнта, з эфэктыўнасьцi iнфармацыйнай кампанii i г.д. i г.д. Актуальнасьць сьвята для краiны мы пачалi ўсведамляць па дарозе. Лiчаныя людзi iшлi ў нашым кiрунку. Падыходзячы да брамы манастыра, я налiчыў усяго некалькi мiжгароднiх «Iкарусаў». Дождж з самай ранiцы не пераставаў церусiць. На манастырскiм пляцы пад парасонамi тоўпiлiся паломнiкi. Было iх, як зазвычай на Вялiкдзень, калi зьбiраюцца толькi палачане. На ганку дому, у якiм жывуць манашкi, пад бляшаным брыльком хавалiся ад дажджу журналiсты. Нiякай сьвяточнасьцi i прыўзьнятасьцi на тварах у людзей не было. Наадварот, ва ўсiм прачытвалася шчырая журба, нават больш — будзённасьць нейкага звыклага мерапрыемства. Урачыстае набажэнства, якое павiнна было адбыцца ў Крыжа-Ўзьвiжанскiм саборы, затрымлiвалася. Знаёмыя журналiсты паведамiлi, што ўладыка чакае гасьцей — прэм’ер-мiнiстра са сьвiтай, апошнiя спазьняюцца ўжо на гадзiну. Раптам над манастыром пачуўся голас «едуць, едуць!» (цi не са званiцы) i сам мiтрапалiт у коле япiскапаў рушыў да брамы сустракаць гасьцей. Манашкi, якiя сшыхтавалiся шнуром, па-савецку ўручылi старшынi ўраду хлеб-соль. Мiтрапалiт i прэм’ер абнялiся i пацалавалiся. Хаўрусным натоўпам госьцi i гаспадары зьнiклi за дзьвярыма храма. Усьлед павалiлi шараговыя вернiкi. Усчалася штурханiна. Гурба спрытна ўшрубаваўся ў чалавечую плынь. Нейкi час я бачыў ягоную каротка абстрыжаную патылiцу, якая ўдала прасунулася ў сярэдзiну царквы. Кроква адмовiўся штурхацца i застаўся на вулiцы, традыцыйна-зьедлiва пракамэнтаваўшы падзею — «як у краму, гэтак жа i ў храм боскi». Я вырашыў пачакаць —няхай большасьць зойдзе, пэўна ж мне, худому акулярнiку, усё ж застанецца якi пятачок. Актыўна шчамiцца было прыкра. Хвiлiн празь пятнаццаць я ўвайшоў у сабор. Спрабуючы не штурхацца, на дыбачках прасунуўся крокаў на дванаццаць ад уваходу. Праўда, нягледзячы на ўсе перасьцярогi, мяне некалькi разоў аблаялi, а адзiн раз дык па-мацернаму. Маўляў, шчамiцца трэба, калi шчэмяцца ўсе, а зараз куды прэсься. У царкве ўжо было задушна. Мокры натоўп пачаў выпарацца. Задуха i вiльгаць наганялi млосьць. Бабулi, якая стаяла крокаў за дзесяць наперадзе, стала кепска, яе падхапiлi пад рукi i пачалi выцягваць вонкi. Голас Фiларэта далятаў да майго кута невыразна, i я чуў, бадай, адно манатонны гуд, у якi зьлiвалiся словы набажэнства. Яшчэ хвiлiн праз дваццаць здаравенная цётка, як два мяне, з бульдозэрным iмпэтам пачала ламiцца да выхаду. (Адна мая знаёмая сказала б: як лось па кукурузе.) Людзi абуралiся, але яна голасна верашчала, што ў яе аўтобус на Докшыцы праз паўгадзiны, i з-за iх, абуральнiкаў, яна можа спазьнiцца. Я скiраваўся ў цётчын фарватар i апынуўся на сьвежым паветры. Побач з уваходам у царкву ляжала бабуля, якую на маiх вачах выцягнулi з сабору. «Хуткая» яшчэ

не прыехала. Я падышоў да Кроквы. Ён стаяў пасярод манастырнага пляца i тупа глядзеў на старую кабету, што ляжала на лаўцы. «Вось i першыя ахвяры падману», — адно, што сказаў сябар. Хвiлiн дзесяць мы маўчалi. «Дзе гэты Гурба? Трэба ўжо зьбiрацца», — вiдавочна нэрвуючыся, вымавiў я, нiбы сам сабе. Гурба быў усярэдзiне, i нават калi бы мы яму перадалi ўрадавую тэлеграму, каб выбiраўся, ён усё адно ня здолеў бы гэтага зрабiць. Прыйшлося чакаць канца набажэнства. «Хуткая» доўга не прыяжджала. Бабулi на сьвежым паветры стала лягчэй, але ўзьняцца ў яе не было сiлаў. Яна адзiнока ляжала на вузкай мулкай лаўцы i пакутнымi вачыма глядзела ў мокрае, шэрае неба. Неўзабаве прыйшла лекарка ў белым халаце. Яна штосьцi ўкалола кабеце i нетаропка пайшла да машыны, клiкаць санiтараў, каб тыя забралi хворую. Тыя, гэтак жа нетаропка, прыйшлi, уклалi небараку на насiлкi i панесьлi. Дождж скончыўся. Але ўсё адно было золка. Сьцюдзёны вецер дакранаўся да цела халоднымi рукамi.

Яшчэ хвiлiнаў дваццаць чакалi Гурбу ўжо пасьля сканчэньня набажэнства. Людзi па чарзе пачалi цалаваць Крыж i атрымоўваць на памяць паштоўку зь ягонай выяваю. Вядома, Гурба ня мог сысьцi без выкананьня поўнай праграмы.

Вярталiся моўчкi. Па дарозе сустрэлi дзьвюх бабуляў. Адна iшла ў манастыр, другая — з манастыра. «Ну тык цi ёсьць тамака Лукашэнка?» — спытала ў знаёмай тая, што iшла да манастыра. «Нямашака. Ня бачыла», — скрушна адказала бабця, якая вярталася дахаты. На добрай хуткасцi iх абмiнуў «Iкарус», поўны нейкiх чыноўнiкаў у гарнiтурах i гальштуках, аўтобус скiраваўся да манастыра. «Вунь, пэўна ж там паехаў... Лукашэнка», — выказала здагадку тая, што спазьнiлася. Абедзьве бабулькi старэчымi крокамi, трымаючы адна адну, пасунулi ўсьлед за аўтобусам.

1998

Дзе пахаваны наш першы сьвяты

Торвальд Вандроўнік быў першым хрысьціянскім місіянэрам у Беларусі. Магчыма, гэта ён адпяваў Рагнеду і Ізяслава. «Там ён пахаваны ў адной гары каля Полацку, і называюць палачане яго сьвятым», — пішуць сагі. Магіла сьвятога — у Полацку на Востраве?

Прачынаюся. Нават з заплюшчанымі вачыма адчуваецца, што раніца лагодная. Узыход ліпеньскага сонца ў такія хвіліны можна нават пачуць — асабліва ў зацішным кутку ў драўляным прыватным доме. Калясьніца Ярылы на крутым пад’ёме нябеснага шляху грукоча як мае быць. Прыслухаесься і выразна чуеш адмысловы гуд — гэтак жа дае аб сабе знаць далёкая аўтастрада.

Устаю з ложка і іду да акна. З другога паверху можна гадзінамі глядзець на прыдзьвінскі краявід. Паверхня магутнай ракі гладкая, і ты проста фізычна адчуваеш тую волатаўскую моц, зь якой яна коціць у Балтыку свае воды. У ёй адбіваецца глыбокі блакіт неба, цені кірляў, якія нястомна кружляюць у насычаным сонечнымі прамянямі паветры, і дрэвы закінутага парку на супрацьлеглым беразе. Адтуль у мой сад прылятаюць уначы совы.

На старажытных мапах Полацку супрацьлеглы бераг пазначаўся як Востраў. Тут у даўнія часы знаходзіўся манастыр Іаана Прадцечы (Хрысьціцеля). Водны рукаў, што агінаў Востраў з паўднёвага боку, колькі стагодзьдзяў таму занесла пяском. Абарончае значэньне прыроднай фартыфікацыйнай перашкоды зьнікла яшчэ ў сярэднявеччы, ніхто і не падтрымліваў яе ў спраўным стане. Вядомы археоляг Сяргей Тарасаў, аўтар кнігі «Полацак IX—XVII. Гісторыя і тапаграфія», сьцьвярджае, што Востраў па-ранейшаму застаецца самай маладасьледаваннай археолягамі тэрыторыяй гораду.

Раным-рана тысячу гадоў таму на супрацьлеглым беразе ракі прачынаўся легендарны Торвальд Вандроўнік. Ён любаваўся тымі ж краявідамі — хуткабежнымі водамі Дзьвіны, нястомнымі кірлямі над ракой, блакітам неба. Торвальд быў стары і мудры. Ён вырашыў застацца тут і адысьці ў лепшы сьвет менавіта тут, на Полаччыне. Ён палюбіў гэтых людзей, якім прынёс веды пра сьвет і хрысьціянскую веру, расповеды пра міласьцівага Госпада і таямніцы сьвету.

Ісьляндзкі місіянэр бачыў безьліч розных краявідаў — роднае ісьляндзкае акіянічнае ўзьбярэжжа, фіёрды Скандынаўскай паўвыспы, Ерусалім і Канстантынопаль, стэпы Падняпроўя. Але абраў Полацак.

Старажытная скандынаўская «Сага пра Хрост» апавядае: «Торвальд памёр у Русі непадалёка ад Палтэск’і (Полацку). Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысьціцеля, і называюць палачане яго сьвятым».

Торвальд — наш першы сьвяты? Супольны, да падзелу на праваслаўных і каталікоў.

Месца пахаваньня Торвальда Вандроўніка застаецца загадкай для гісторыкаў.

Некаторыя гісторыкі трымаюцца вэрсіі, што Торвальд жыў і быў пахаваны ля ракі Друя (Дроўны): так напісана ў скандынаўскай сазе. Але цяжка ўявіць, каб у тыя даўнія часы хрысьціянскі місіянэр мог пасяліцца, ды яшчэ збудаваць царкву, у такіх паганскіх нетрах. Торвальд мог весьці місіянэрскую дзейнасьць на Падзьвіньні толькі з дазволу полацкага князя Ізяслава і пад яго асабістай апекай. Магчыма, Ізяслаў з Рагнедай, каб распачаць хрысьціянізацыю Полацкага краю, зьвярнуліся да бізантыйскага імпэратара па дапамогу, а той і паслаў у Полацак Торвальда або некалькі місіянэраў на чале з Торвальдам, якія заснавалі ў крыўскай сталіцы манастыр.

Лепшага месца, чым Востраў, для пасяленьня Торвальда ў ваколіцах Полацку няма. Сяліць хрысьціянскага місіянэра нават на Гарадзішчы, побач з княжацкімі палатамі, было небясьпечна. Усё магло здарыцца — не дапільнуесься. А вось на Востраве, пры невялікай ахове, можна было больш-менш спакойна жыць і будаваць манастыр. Побач з манастыром, магчыма, і быў пахаваны адзін зь першых сьвятых нашай зямлі — Торвальд Вандроўнік. Калі нават ад яго магільнага кургану не засталося і знаку, дык усё адно парэшткі Торвальда ляжаць у зямлі Вострава. Там і трэба будаваць капліцу-пахавальню. Засталося толькі знайсьці месца, дзе стаяў манастыр Іаана Прадцечы. Кажуць, месца пахаваньня сьвятога часам можа зьзяць…

Пайшлі з жыцьця гэтыя некананізаваныя — пакуль — сьвятыя беларускай зямлі амаль адначасова: Рагнеда — у 1000 годзе, Ізяслаў — у 1001, Торвальд — у 1002. Напэўна, Торвальд адпяваў Рагнеду і Ізяслава. І ці не пахаваны Торвальд і Ізяслаў побач?

2005

Паўгоду ў скуры віленчука

Я некалькі разоў у сваім жыцьці быў не ў сваёй скуры. Аднойчы — нават у скуры дыктатара невялікай афрыканскай краіны. А здарылася гэта так.

Поделиться:
Популярные книги

#Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 11

Володин Григорий Григорьевич
11. История Телепата
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
#Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 11

Её (мой) ребенок

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
6.91
рейтинг книги
Её (мой) ребенок

Купи мне маму!

Ильина Настя
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Купи мне маму!

Измена. (Не)любимая жена олигарха

Лаванда Марго
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. (Не)любимая жена олигарха

Печать пожирателя 2

Соломенный Илья
2. Пожиратель
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Печать пожирателя 2

На границе империй. Том 10. Часть 2

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 2

На границе империй. Том 8

INDIGO
12. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 8

Полное собрание сочинений. Том 25

Толстой Лев Николаевич
Проза:
классическая проза
5.00
рейтинг книги
Полное собрание сочинений. Том 25

Товарищ "Чума" 2

lanpirot
2. Товарищ "Чума"
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Товарищ Чума 2

Я не Монте-Кристо

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.57
рейтинг книги
Я не Монте-Кристо

Хозяйка старой усадьбы

Скор Элен
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.07
рейтинг книги
Хозяйка старой усадьбы

Дочь опальной герцогини

Лин Айлин
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Дочь опальной герцогини

Невеста снежного демона

Ардова Алиса
Зимний бал в академии
Фантастика:
фэнтези
6.80
рейтинг книги
Невеста снежного демона

Идеальный мир для Лекаря 10

Сапфир Олег
10. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 10