Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Лёднік застыў на месцы, потым коратка кінуў цераз плячо:
— Дзякую, ваша мосць…
Карчма «Венецыя» плыла па водах беларускага дажджу, і цьмяныя ветразі ейных шыбаў раздзімаліся ад храпу падарожных і мрояў недавучаных студыёзусаў. А дзесьці ў полацкай аптэцы драмаў знерваваны паўлін, і кожнае ягонае пёрка захоўвала вока антычнага бога Аргуса.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ І ЦМОК
Нармальны беларускі цмок харчуецца яешняй.
Калі, вядома, яго выгадаваў разумны гаспадар з падобнага да чорнай ракавінкі яйка, знесенага чорным пеўнем, і калі той цмок жыве ў клеці і носіць гаспадару золата. Чаму ж не пачаставаць карысную жывёлінку?
Галоўнае, каб гаспадыня выпадкова яешню не пасаліла — а то цмок так пакрыўдзіцца, што
Пажар — не пажар, але за тое, што па віне студыёзуса падарожнікі засталіся без солі, атрымае ён вогненных слоўцаў на свой адрас… Ну трэба было, трэба шчыльней накрыўку на сальнічцы прыкруціць, але ж спяшаўся… А такімі дажджамі прасыпаная ў куфрах соль адразу ж знікае ў вільготнай скуры ды драўніне. Вядома, страта адновіцца ў бліжэйшай карчме… Але яны ўжо два дні не могуць дабрацца да карчмы, бо дарогі паразмывала, а прыдарожная станцыя, на якую дужа разлічвалі, падобна, зусім нядаўна згарэла — і дождж не ўратаваў. Што значыць, на бяду і вада гарыць. Пан Агалінскі толькі выскаляецца ды жартуе над спешчанымі цывільнымі, якія ў вайсковых паходах не бывалі. Асабліва пацвельвае юнага прыгажунчыка Палонія Бжастоўскага. Але ж і апякуецца ім — бо пан Бжастоўскі адразу скарыў сэрца ваякі шчырым захапленнем мужнасцю і вайсковым досведам Амерыканца, ну і тым, што не стамляўся слухаць амерыканскія ды тутэйшыя байкі. Пра царыцу Кінгі, чый палац праваліўся ў зямлю, і цяпер начамі царыца сядзіць на гары на камені, перасыпае золата ў куфры і чакае, калі якісь смелы падарожны прынясе ёй букецік кветак… Пра дарожнага духа Клікуна, які лётае на крылатым змеі з пугай у адной руцэ і залатым рогам у другой, і каб было лета, можна было б яго пабачыць у пыльных віхурах на дарозе. Пра чуму, якая ператвараецца ў саву і ляціць за чалавекам, аклікаючы яго па імені, і галоўнае тады — не азірацца… Зразумела, пан Агалінскі з усімі персанажамі сваіх аповедаў быў знаёмы асабіста, у што пан Бжастоўскі, вядома ж, верыў. Пранціш ажно заходзіўся часам ад злосці — як хітручая Багінская ўмела кіруе настроем і думкамі прасцяка пана Гервасія, падтакваючы ды пахвальваючы, прычым усім заўважна, што яна тонка здзекуецца, а пан Гервасій ажно раздзімаецца ад гонару і працягвае павучаць высакароднага міленькага хлапчыску.
Затое ніякіх капрызаў ад Паланэі з-за нягодаў дарожных, да здзіўлення Вырвіча, не было. Панна нават не чхнула пасля начлегу ў руінах спаленай станцыі, калі ад дажджу ды ветру ратавала толькі нацягнутая на жэрдкі набрынялая коўдра. Толькі заўважыла, што ў варшаўскім палацы скразнякі ўзімку не меншыя, а бедным дамам даводзіцца суткамі фланіраваць у дэкальтэ, так што ў мароз так сінее скура, бялілы не ратуюць.
Пры згадках пра прыдворнае жыццё ў Агалінскага і Багінскай выяўлялася шмат агульных тэмаў… Абодва ведалі палацавыя плёткі, маглі доўга абмяркоўваць, ці пані Чартарыйская сапраўды каханка князя Рапніна, хто скраў знакаміты срэбны кубак на два гарнцы ваяводы Валіцкага, які гаспадар прапаноўваў асушыць нагбом за 50 дукатаў, а хто не зладзіць — таму пяцьдзесят батагоў, і ці сумленна падкаморы Казімір Панятоўскі забіў на двубоі ўлюбёнца Варшавы пана Тарло… Лёдніка гэткія матэрыі не краналі, а Пранціш проста нічога пра іх не ведаў.
Затое ў поглядах на будучыню Рэчы Паспалітае ніякай еднасці не адчувалася.
Для Паланэі Багінскай было ўсё адно, стане ейны брат каралём з дапамогай расійскай імператрыцы, прускага імператара, шведскага караля альбо ўвогуле турэцкага султана. Балі для ўладных асоб будуць ладзіцца заўсёды. І гэтак жа ўсё адно, дзе на іх таньчыць — у Варшаве, Вене, Парыжы ці Вільні, абы весела і можна было дазволіць сабе трохі прыемнай амурнай рызыкі. Пан Гервасій Агалінскі шанаваў сармацкія ідэалы, а ўвасабленнем іх лічыў свайго гаспадара Караля Радзівіла. Што той выракуе — тое пан Агалінскі і стане выконваць, з дапамогай здабытага вогненнага мяча. Шляхта павінна быць сама сабе законам! Галоўнае, пан Караль не дапусціць, как усялякая шваль, мяшчукі, сыны гарбароў, раўняліся з праўдзівай шляхтай і мяшалі сваю беспародную кроў з высакароднай. Лёднік, вядома, з гэтым не пагадзіўся б… І ўвогуле прафесар, падобна, марыў пра нешта кшталту рэспублікі ў беларускіх межах са свабодай веравызнання і панаваннем навукі ды філасофіі. Шчасце яшчэ, да палітычных спрэчак кшталту сеймавых справа не дайшла. Паланэя ўмела сыходзіла ад сур’ёзных
Таму Вырвіч асабліва не пярэчыў, калі Лёднік дарогай чытаў яму лекцыі. Усё лепей, чым калі перабрэшуцца між сабою.
Між тым дарога вынырнула з лесу, рэзка павярнула і прывяла на скрыжаванне з трыма таполямі, якія страцілі амаль усю лістоту, толькі на вершалінах жаўцелі лісты. Лёднік зверыўся па картах, праігнараваўшы дэманстратыўна вынутую Агалінскім з кішэні астралябію, і паведаміў, што трэба ехаць прама. Але тут на дарозе злева паказаўся воз. Варта было распытацца тубыльцаў пра мясцовыя корчмы, каб зноў не апынуцца на развалінах — польскай мовай валодалі ўсе. Коней трэба мяняць тэрмінова, той, што пад Лёднікам, вось-вось пачне кульгаць.
Сямейная пара на возе, гружаным ладнымі лазовымі кошыкамі, мужык і жонка ў вышываных кажушках, святочна прыбраныя, не надта былі схільныя да размоваў на скрыжаваннях з падазронымі незнаёмцамі. Кабета, абвязаная ваўнянай белай хусткай у чырвоныя ружы аж да самых броваў, толькі моўчкі незадаволена пазірала на прыхадняў. Мужчына ў смушковай шапцы ўсё-ткі няспешна дастаў з роту люльку і паведаміў, што бліжэйшая карчма ў тым напрамку, куды едзе шаноўнае панства, гадзінах у трох язды, але ці прымуць там падарожных, невядома, бо корчмы ўсе перапоўненыя тымі, хто едзе ў Дракошчын на восеньскі фэст.
Нібыта ў пацверджанне злева паказалася два вершнікі, а потым брычка… Пасля таго, як некалькі дзён акрамя дажджу ні з кім не сустракаліся, гэта быў нечаканы наплыў людства.
— А што за фэст? — адразу зацікавіўся пан Агалінскі. Мужык зноў узяў люльку ў рот, пыхнуў дымам у пшанічныя вусы.
— Пра фэсты ў Дракошчыне сорамна не ведаць, літасцівы пане! У месцы тым жыве сапраўдны цмок! Вось ужо васемнаццаць гадоў, як жыве. У пячоры каля ратушы. Уй, злюшчы! Дзяўчатаў прыгожых жарэ, ахвяры патрабуе… Рыкае так, што брук трасецца! Файны дракон! Можна проста з’ездзіць, паслухаць, паглядзець… А найлепей на фэст, вось як мы — там і спаборніцтвы лучнікаў, і карусель рыцарская, і прадстаўленне будзе, як святы Міхаіл забівае цмока… Зноў жа, прадаць нешта, купіць… Мы вось усёй сям’ёй цалюткі год кошыкі пляцем, каб там збыць. Што на кірмашы ў Дракошчыне куплёнае — цмокаву моц набывае!
Лёднік і Пранціш, акадэмічнай навукай ускормленыя, аднолькава скептычна хмыкнулі.
— Аднойчы ў кракаўскі палац адзінарога прывозілі, — іранічна прагаварыла Паланэя. — Дамы нашыя ўсе пабеглі глядзець, рог свяшчэннай жывёлы пакратаць, каб пасля хваліцца, што пацвердзілі тым свае цноты. А адзін дасціпны пан залез у вальер і абвесціў, што рог няшчаснай жывёлінцы да носу прымацавалі з дапамогай клея.
— Ты сам цмока бачыў? — сурова спытаўся Лёднік у мінака. Але той, узлаваўшыся, што паны сумняюцца, толькі пыхнуў люлькай і тузануў лейцы.
Сіня-шэрыя хмары рассунуліся, нібыта іх расштурхаў нехта цікаўны, каб паглядзець, што робіцца на зямлі. Цяжкое восеньскае сонца падсвяціла сцэну людскіх камедый, трагедый і фарсаў, якую паліваюць крывёй і мыюць слязьмі.
— Як сабе хочаце, вашыя мосці, але я надалей нікуды не рушу, пакуль не пагляджу сапраўднага цмока! — заявіў пан Гервасій, аж ноздры раздзімаліся ад азарту. — Няхай хоць увесь свет ляснецца — а пабачу!
І было зразумела, што пана не пераканаеш. Нават Лёднік толькі сціснуў зубы і прасычэў нешта няўхвальнае. А Пранціш зірнуў на насмешны тварык Паланэі, яна ж — пан Палоній Бжастоўскі, і са страшэннай моцай зажадалася, замроілася: а вось перамагчы б таго паганага цмока, кінуць ягоную адсечаную галаву пад ногі гордай паненцы Багінскай — і каб у ейных халодна-іранічных вачох запалаў агеньчык захаплення, з якога няцяжка раздзьмуць вогнішча праўдзівага кахання…
Ну і пабыць на гарадскім фэсце, паспаць на ложку пасля начлегаў у чыстым полі — прынада добрая!
Лёднік зверыўся па картах і запэўніў, што ніякага Дракошчына на іх не пазначана, а ёсць у пару вёрстах адсюль маленькае мястэчка со сціплым назовам Зембліца. Няйначай, цяпер пераназванае ў гонар цуда-юда. Зразумела, усю дарогу пан Гервасій бубнеў расповеды пра цмокаў, вадзяных, паветраных ды падземных, а таксама пра амерыканскага змея Цукана, які ўвесь аброс пер’ямі, а на галаве яго грыва, як у каня.