Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

Дракошчын, былы Зембліца, быў падобны да цацачнага гарадка, якія малююць на талерках. Вострыя шпілі храмаў, каваныя балкончыкі дамоў, таўсценныя муры з пад’ёмным мастом… А чысценька як! Пранціш такіх мястэчак у жыцці не бачыў. Мяцельшчыкі ды ліхтаршчыкі тут пэўна ж не галадалі і ўтваралі магутныя цэхі. Горад быў упрыгожаны, як вялізная зала для баляў. Рознакаляровыя сцяжкі, гірлянды штучных кветак… І паўсюль — выявы цмока. На сцяжках, на аркушах, на кашулях і капелюшах (адзін такі, зялёны, з імітаванай лускою, Амерыканец адразу ж сабе выкупіў)… Брошкі і завушніцы ў выглядзе цмокаў (на гэтае дабро тужліва паглядала Паланэя, якая мусіла

паводзіцца па-мужчынску, а значыць, не скупляць жаночых бразготак), папяровыя цмокі, якіх можна запускаць у паветра на вяровачках, свечкі, адлітыя ў выглядзе цмокаў, цмокі парцалянавыя, цмокі цукровыя, цмокі з цеста… Калі Вырвіч прыгледзеўся, заўважыў, што на ўсіх выявах крылаты звер быў прабіты мечам.

— Таму што грэх іначай! — паважна заявіў гандляр паветранымі пачварамі, на спіне кожнай таксама быў прымаляваны меч з дзяржальнам у выглядзе геральдычнай лілеі. — Біскуп тлумачыць: мы не цмока шануем, а непазбежную перамогу над ім! — і перайшоў на ўрачысты гучны расповед, адрасаваны ўсім патэнцыйным пакупнікам. — Памятаце ўсе, наш няшчасны горад пакутуе пад уладай лютай пачвары, пасланай нам за нашыя грахі, і мы мусім цярпліва чакаць збавення, калі абранец па літасці Божай заб’е стварэнне цемры! А каб гэта хутчэй адбылося, і на памяць пра слаўны Дракошчын купіце, шаноўныя, паветранага змія! Усяго дзесяць грошай!

Брукаванка блішчэла, як вымытая мылам. На кожным куце лютністы ды катрыншчыкі распявалі гераічныя песні пра бітвы з удзелам цмока, у якіх фігураваў непераможны рыцар з месяцам на ілбе, а таксама страшныя балады пра цмокавы злачынствы. Гэтыя ж жахалкі можна было пачытаць на вялікіх каляровых плакатах, развешаных па сценах: пачвара патрабуе ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну мястэчка, падграбае пад сябе кучы золата і ўпрыгожванняў, перакусвае зубамі мост, глынае карэту разам з людзямі, якія бездапаможна высоўваюцца ў вокны і благаюць аб дапамозе… У адным месцы, каля пякарні, пад шыльдай у выглядзе вялізнага крэндзеля, пачуліся знаёмыя словы: беларускі лірнік, як мае быць, сляпы, у кажусе, з доўгімі сівымі валасамі ды барадой, выводзіў тонкім моцным голасам:

— Даўным-даўно тое было: Кругом зямлі мора лягло. А ў моры тым тай жыў люты Цмок, Штодня збіраў з людзей аброк.

Пан Агалінскі сыпануў лірніку-земляку ў шапку, што ляжала на бруку, грошай… І спявак неяк занадта спрытна для сляпога падцягнуў да сябе шапку нагой, не перарываючы спевы.

Вырвіч заўважыў, што побач з выявамі цмока ўвесь час сустракаецца выява прыгожага юнака з залатымі валасамі, які ганарыста ўздымае меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі, а на лобе ваяра намаляваны чамусьці перакулены маладзік, рогамі ўгору, як човен. Пранціш вырашыў, што гэта мясцовая трактоўка святога Міхаіла альбо іншага драконаборцы, святога Юрыя.

Між тым стракаты натоўп па запружаных вулках рушыў у цэнтр горада, туды, дзе ўзвышаўся шпіль самага высокага храма.

— Зараз голас падасць! Кармёжка ў яго! — крычалі людзі, штурхаючыся, лезучы ледзь не пад капыты коней. Вырвіч і ягоныя спадарожнікі ўсё-ткі выехалі на пляц з велізарным гатычным касцёлам з чырвонай цэглы і белакаменнай ратушай.

— Ці-ха! — загарлаў нехта, і натоўп замоўк, як поле перад навальніцай. Пранціш стаіўся, чакаючы нейкага шалберства, але ў глыбіні душы

так хацелася сапраўднага цуда! І раптам…

Не, гэта было не шалберства. Аднекуль з-пад зямлі пачуўся рык жывой істоты, голас пракаветнай жуды, нечалавечай самоты і прагі… Завішчэла кабета, заплакаў дзіцёнак, зафыркалі коні… Вочы людзей загарэліся самай прыемнай сумессю страху і цікаўнасці.

— Я павінен паглядзець на гэтае страшыдла! — аж стагнаў Амерыканец. Роспыты абнадзеілі: хаця паглядзець на цмока каштуе немалых грошай, але гэта магчыма. Толькі трэба заняць чаргу ў магістраце… І праз пару дзён… Праўда, цмока паказваюць толькі праз спецыяльныя вакенцы ў дзвярах сутарэння, але гісторый пра яго вартаўнікі распавядуць!

Затое ніякія грошы не дапамагалі зняць прыстойныя пакоі хоць у якім гасцявым доме. Толькі неверагодная сума ў дваццаць талераў і напорыстасць пана Агалінскага забяспечылі вандроўнікам адзін пакойчык на ўсіх пад самым дахам гатэлю «Пад залатой курыцай». Вядома, дзеля гэтага з пакою ў нейкі катух адсялілі менш грашавітых гасцей.

Гатэль быў ажно ў чатыры паверхі, прычым заўважалася, што два верхнія дабудаваныя зусім нядаўна, спехам, ясна, з-за наплыву цікаўнікаў. Увогуле, па ўсім горадзе ішло будаўніцтва, то там, то тут бачыліся рыштаванні, дамы ззялі навюткімі фарбамі.

Ці трэба ўдакладняць, што выявы цмока, мяча з дзяржальнам у выглядзе лілеі і юнака з месяцам у лобе прыкрашалі ўсе пакоі гатэля «Пад залатой курыцай», і нават начныя вазы…

Са страўні на першым паверсе папаўзлі спакусныя пахі. Пан Агалінскі расштурхаў стракатую публіку, працярэбліваючыся да стала, які вызваліў таксама вельмі проста, выкінуўшы з-за яго двух дробных мяшчукоў, па вопратцы — ці пісцоў, ці судовых канцылярыстаў.

— Верашчакі і піва!

Верашчака — гэта была самая модная страва, прыдуманая кухарам Аўгуста Саса па прозвішчы Верашчака. Тут яе ўмелі гатаваць, падобна, някепска, мяркуючы па замовах наведнікаў.

Музыкі — лютніст, скрыпач ды ўладальнік басэтлі — выводзілі мелодыю балады, адгадайце, пра каго? — пра цмока і святога Міхаіла… Дым і гуд стаялі у карчомцы не менш, чым у прыдарожнай беларускай, хіба што пілі не гарэліцу, а медавуху, і на месцічах красаваліся не шапкі-магеркі, а капелюшы з пёркамі, і гаварылі не па-беларуску, а на польскай, нямецкай, зрэдзь — галандскай і французскай.

Не паспела таўсманная шынкарка ў белым каптуры памерам з невялікі стог прынесці замоўленыя збаны з півам ды верашчаку ў гліняных місах, наведнікі зараўлі, паўздымаліся з месцаў, выглядаючы кагосьці. Пранціш закруціў галавой і таксама прыўзняўся…

І пабачыў хлапца з паўмесяцам у лобе.

Дакладна такога, як на малюнках. Гожы, бы каралевіч, залатыя валасы да плеч акуратна падвітыя, пунсовы камзол з золатам, дылея з гарнастаевай аздобай… За юнаком рушыла світа, таксама прыгожа прыбраныя шляхціцы, а ўжо як дзяўчаты пазіралі на гэтага ганарыстага прыгажунчыка! А той стаў пасярэдзіне карчмы, падняў уладна руку — белыя карункі манжэта ажно сляпілі, і прамовіў у раптоўнай паважлівай цішыні:

— Вельмішаноўнае панства, землякі мае ды госці нашага слаўнага горада! Заўтра апоўдні запрашаю ўсіх у ратушу, на чарговае выпрабаванне лілейнага мяча! Мы вызначым, ці настаў час мае смяротнай бойкі з паганай пачварай, якая захапіла наш няшчасны горад. Прыходзьце, каб малітвамі шчырымі святому арханёлу Міхаілу, драконаборцу, падтрымаць мяне ў памкненні вызваліць родны горад!

Поделиться:
Популярные книги

Мама из другого мира. Делу - время, забавам - час

Рыжая Ехидна
2. Королевский приют имени графа Тадеуса Оберона
Фантастика:
фэнтези
8.83
рейтинг книги
Мама из другого мира. Делу - время, забавам - час

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

Отмороженный

Гарцевич Евгений Александрович
1. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный

Кротовский, не начинайте

Парсиев Дмитрий
2. РОС: Изнанка Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Кротовский, не начинайте

Кодекс Охотника. Книга XXI

Винокуров Юрий
21. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXI

Хозяин Теней

Петров Максим Николаевич
1. Безбожник
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хозяин Теней

Темный Лекарь 6

Токсик Саша
6. Темный Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 6

Чапаев и пустота

Пелевин Виктор Олегович
Проза:
современная проза
8.39
рейтинг книги
Чапаев и пустота

Кодекс Охотника. Книга VI

Винокуров Юрий
6. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга VI

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки

Ардова Алиса
1. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.49
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Ардова Алиса
2. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.88
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки 2

Младший сын князя

Ткачев Андрей Сергеевич
1. Аналитик
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Младший сын князя

Красноармеец

Поселягин Владимир Геннадьевич
1. Красноармеец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
4.60
рейтинг книги
Красноармеец

Истинная со скидкой для дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Истинная со скидкой для дракона