Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
Пасьля мы пайшлі да Тумаша на абед. Тумаш, ягоны заступнік Вітушка й начальнік тады паліцыі Касмовіч жылі ў адным вельмі цікавым доме быўшага генэрала Паўлава, камандуючага Беларускай ваеннай акругі, якога потым бальшавікі расстралялі за нядбаласьць: ён не дагледзеў напад немцаў на Савецкі Саюз. Быў расстраляны ён і ягоныя заступнікі, па-мойму, цэлы штаб.
Жылі яны ў гэтым доме, які вельмі добра ахоўваўся. Гэтая вуліца паралельная да галоўнай, ці цяперашняга прасьпекту Скарыны. Па-мойму, Кірава яна была. Гэты дом яны занялі таму, што ён вельмі добра ахоўваўся. Яны жылі на першым паверсе. Ды й сам дом, здаецца, быў аднапавярховы мураваны з моцнымі
Вось пры абедзе я там найбліжэй пазнаў Савёнка. Пры абедзе нас было чалавек таксама, можа, дваццаць. Стаяў доўгі стол, і там Савёнак дэманстраваў гэтую кнігу, вынесеную з КГБ, тады НКВД, кнігу абвінавачваньняў, ці прысудаў Беларускаму Нацыянальнаму Цэнтру. Зьвярніце ўвагу, вельмі многа ёсьць памылак, што да гэтай кнігі, яе інакш называюць і розна гавораць, дзе яна падзелася. Артыкул Савёнка — найлепшы артыкул пра Беларускі Нацыянальны Цэнтар. І пра гэтую кнігу ён там успамінае. У кнізе гэтай сьпіс усіх, ці, можа, калі ня ўсіх, то бальшыні пакараных тады ў Менску дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
У асноўным гэта былі дзеячы Заходняй Беларусі: Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валынец, Дварчанін, Кахановіч і іншыя. Пасьля былі далучаныя й усходнебеларускія дзеячы. Дарэчы, Савёнак быў у ліку тых дзеячаў (іх было нямнога, некалькі чалавек, па-мойму, магчыма на пальцах адной рукі палічыць), што ня прызналіся да віны. А там усе прызналіся, хаця такога Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ня было. Была гэта выдумка Масквы. Чарговая, як і той у часы нацдэмаўшчыны, у 1930 годзе, Саюз Вызваленьня Беларусі.
На абедзе гаворкі былі, у асноўным, пра палітыку. І Савёнак найбольш актыўны тады быў, расказваў пра гэты Беларускі Нацыянальны Цэнтр, пра гэтую кнігу, дэманстраваў яе. Гэта быў такі машынапіс, прыблізна фармату канцылярыйнай паперы й добра зложаны й добра апраўлены. КГБ, ці НКВД, стараліся трымаць архівы ў парадку.
Гаворак пра літаратуру было многа. Савёнак заўсёды вясёла расказваў свае фэльетоны. Ён быў адным з тых вязьняў, што цяжка сядзеў, таму што з гэтых сасланцаў усякія былі людзі, якіх пасьля турмы ссылалі на пасяленьне. Вось так, як Адамовіч, напрыклад. Праўда, ён ня з гэтага працэсу, а з 1930 году — працэсу Саюзу Вызваленьня Беларусі. Але ён быў сасланы й там, недалёка Вяткі, здаецца, у Мардовіі ці Ўдмурдзіі сядзеў сабе — быў настаўнікам. І Кіпелі там недалёка былі, і Ул. Жылка.
А Савёнак — Савёнак быў у лягерох! Спачатку ён, здаецца, быў у Комі на лясных работах, яго перавезьлі, ня знаю куды. У кожным разе, яго перавезьлі ў такое месца, дзе ім было значна лепей. Ён казаў, што там ім давалі зацірку, жытнюю зацірку, і яны ад той заціркі пасьля такога голаду, які раней мелі, паразьядаліся, казаў, о-о-о!
У «Менскай газэце» Савёнак быў адным з супрацоўнікаў. Калі хто хоча ведаць яшчэ аб тых часох, газэце, то там фактычна гэтая група — Адамовіч, Савёнак, у меншай меры Арсеньнева — вызначала палітычны кірунак газэты. Вось калі трэба было пра нешта даведацца, ішлі ў газэту.
Набліжаліся Дзяды. Я за час, што жыў у Менску, аблазіў усе могілкі. Знайшоў і магілу Сьцяпана Булата. Потым гэтыя могілкі разбурылі. А цэркаўка там і цяпер стаіць. Маленькая.
На Вайсковых могілках пахаваны Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. І яшчэ адна магіла была — ці не Чарвякова? На гэтых магілах ня было ніякіх знакаў. У мяне ўзьнікла думка паставіць крыжы на гэтыя магілы. Але-ж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа:
— Няважна, што камуністы. Па-першае,
І я паставіў крыжы.
Там, у Менску, мы некаторы час жылі з Савёнкам у адным раёне. І таму я зь ім часта ішоў дахаты, часта сустракаўся. Гэты раён недалёка ад Акадэміі навук. Там Дом друку. І ад Дому друку, калі ісьці ў маскоўскім кірунку, то былі такія домікі для працаўнікоў друку. У адным з такіх домікаў я жыў з Алесем Матусэвічам, а ў другім такім-жа, толькі на іншай вуліцы, жылі Савёнкі. Так што я вельмі часта з Савёнкам сустракаўся, такія блізкія дачыненьні зь ім былі.
На эміграцыю мы ехалі разам, ці не ў адным вагоне. У Нямеччыну мы таксама паехалі разам, разам трапілі ў Бэрлін, там большая частка беларусаў засталася, а мы з Савёнкам паехалі ў Сілезію. А там уладкоўваліся па-рознаму. Жылі ў лягеры працаўнікоў, якія былі занятыя на розных фабрыках. Там мы зноў разлучыліся. Не знаю, як яны паехалі, а я паехаў праз Бэрлін зь Янкам Ліманоўскім.
Савёнак — вельмі сьціплы чалавек. Гэта адно. Па-другое, чалавек просталінейны. Ня любіў улазіць у такія сытуацыі, дзе мог скампрамэнтаваць сябе. Таму аб ім так мала засталося зьвестак, нягледзячы на тое, што гэта такі моцны духовы чалавек, вельмі моцны. У яго няма такой багатай перапіскі, як, напрыклад, у Віцьбіча. Потым у Нью-Ёрку ён ня так доўга й быў. У хуткім часе яны выехалі зь Нью-Ёрку, купілі такую малую фармачку, курыную, і там ён ужо заставаўся. Аж да сьмерці. Зь людзьмі ён сустракаўся толькі ў сьвяты. Ці калі мы прыяжджалі да яго ў госьці. Раз на год я заўсёды езьдзіў да іх летам.
Як фэльетаніста Савёнка вельмі высока цанілі. Ягоны «Дзёньнік», што ішоў у падвалах «Беларускай газэты», цанілі вельмі высока. А на эміграцыі ён напісаў пару фэльетонаў, можа, пару артыкулаў у газэту. Дарэчы, і там, у Менску, ён ня толькі фэльетоны пісаў. І артыкулы таксама. Вельмі добрыя артыкулы ягоныя на эканамічныя тэмы. Ясна, пад рознымі псэўданімамі ўсе. Пра ягоную даваенную кнігу, думаю, ня было шырока ведама. Ён увогуле не належаў ні да «Маладняка», ні да «Ўзвышша». Ну а ў пісьменьніцкім гурце ён быў. Гэта група, у якой быў Чарот, ягоны зямляк, дарэчы. Яны разам вучыліся й былі ў вельмі блізкіх дачыненьнях. Савёнак часта расказваў пра Чарота.
На эміграцыі быў ня толькі «сум па радзіме». Я ня думаю, што так многа месца прысьвячалі суму, як пра эміграцыю пішуць. Была праца, я сказаў-бы, у заступніцтве незалежнай думкі й незалежнай ідэі, праца для незалежнасьці Беларусі. А вось суму там спэцыяльна я не заўважыў.
Мне цяжка сказаць, чаму Савёнак не надрукаваў тут кнігі, хаця так многа напісаў. Думаю, проста праз сваю сьціпласьць. Ён як журналіст вельмі моцны. Вось мне ведамы такі факт цікавы. Кабыш (Кандыбовіч) быў загадчыкам СТО, галоўнай гандлёвай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адзін раз яму трэба быў такі моцны артыкул у газэце. Ён кажа: «Знаеце што, хлопцы, свіньню вам цэлую дам за добры артыкул» (гэта перад Калядамі было ці што?). Тады сабралася рэдакцыя: свіньня — гэта-ж вялікая справа ў час нямецкай акупацыі, і сталі рашаць, хто напіша артыкул. І даручылі Савёнку. У яго ёсьць такія на эканамічныя тэмы артыкулы на першай старонцы газэты. Думаю, што гэта, магчыма, было ў 1942 годзе. Так што Савёнак, як журналіст, у час нямецкай акупацыі ў гэтай беларускай газэце быў самы моцны. Ня толькі фэльетаніст. Фэльетоны — гэта між іншым, але калі гавораць пра Савёнка, то нібы гэта асноўны ягоны жанр. Але ён ня вельмі хацеў пісаць.