Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
Савёнак, дарэчы, выратаваў Адамовіча ў час вайны. Там, у рэдакцыі, быў такі звычай: а 12-й недзе гадзіне ўсе ішлі на абед у сталоўку Самапомачы. Яна была на вуліцы, якая ў савецкія часы называлася Камсамольская (і цяпер, відаць, так), а ў часе вайны яе былі назвалі вуліцай Алеся Гаруна. Абед звычайна быў просты: зацірка, крупнік, яшчэ там нешта.
Я часта заходзіў туды да іх. Вярталіся ў рэдакцыю. Савёнак падышоў да Адамовічавага стала папрасіць пяро. Яму на нешта патрэбна было. Адамовіч адчыніў столік, глядзіць — там ляжыць бомба, міна. І па-расейску напісана: «Не трогать!». Адамовіч, як пабачыў, крыкнуў на ўсіх: «Уцякайце!». Мы ўсе павыходзілі, пазванілі ў паліцыю. Прыйшоў паліцыянт з нашай, мясцовай, паліцыі. Ён узяў гэтую міну выносіць, вынес яе з будынку, і перад будынкам яна разарвалася. У руках. І паліцыянта разарвала. Паліцыянт той быў фолькс-дойч, менскі немец. Пасьля гэтага немцы сказалі Адамовічу, каб ён неадкладна выехаў у Бэрлін.
Напрыканцы сакавіка 1944 г. кіраўніком рэпэртуарнай сэкцыі Беларускага Культурнага Згуртаваньня Янкам Ліманоўскім было прынята рашэньне ажыцьцявіць пастаноўку камічнай опэры «Тарас на Парнасе», і ён запрасіў Л. Савёнка напісаць лібрэта. Той ужо пачаў накідваць тэкст, характарыстыку сцэнічных вобразаў, але не хапіла часу. Апошні запіс у сшытку напрацовак — горкі: «Калі на «Ўзвышша» ўсходзілі 5 месяцаў, дык на Парнас пры такіх тэмпах можна залезьці за тры гады». Сапраўды, часапіс «Узвышша», які меліся аднавіць, быў цалкам гатовы да друку, але сьвету не пабачыў, адбіты быў толькі няпоўны сыгнальны экзэмпляр. Ня ўбачыла сьвету і опэра «Тарас на Парнасе».
Герой самага вялікага твора Савёнка, Іван Іванавіч Чужанінаў, піша дзёньнік на працягу году, а вось сам аўтар, нажаль, ніякіх запісаў ня вёў — так, зрэдзьчасу пакідаў радок-другі ў сшытку, да якога потым ніколі не вяртаўся. І ўсё-ж:
«28.06. Ноч у БЦР. На Паўночным вакзале. Ноч на таварнай.
29.06. Бамбардавалі. Правадыры ў кусты. «Герой», які напачатку хадзіў з аўтаматам, паваліўся зь перапугу ў яму з глінай. Выйшаў пад раніцу, як зэбра.
— Навесілі!
— На нас?
— На нас.
30.06. Стоўбцы. Трывога. Паэта (або пісьменьнік)ліе горкія сьлёзы (ладна выпіўшы) — толькі паэта можа зразумець гэта. Можа глядзімо на гэта апошні раз».
Разьвітаньне сапраўды было назаўсёды. Пачалася эміграцыя, а зь ёй — чарговы, «новы этап беларусізацыі», які, што праўда, у нашай гісторыі яшчэ не атрымаў свайго «парадкавага нумару».
У Нямеччыне Савёнак апынуўся спачатку ў беларускім лягеры ДП Міхельсдорфе, а потым у ДП Остэргофэн, заснаваным зімой 1947 г. Прытулак у ім знайшлі больш за 400 беларусаў. Дзякуючы Станіславу Станкевічу, Антону Адамовічу, Міколу Равенскаму ды Апалёніі й Лявону Савёнкам гэты лягер стаўся адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Тут пачала выдавацца газэта «Бацькаўшчына» (першы нумар выйшаў 31 кастрычніка 1947 г.), якая адыграла выключную ролю на эміграцыіь тут працавала драматычная студыя пад кіраўніцтвам Аўгена Кавалеўскагаь тут выдаваўся часапіс «Рух», была сядзіба Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (БНЦ).
У Статуце БНЦ мэты й заданьні былі акрэсьлены наступным чынам: «Беларускі Нацыянальны Цэнтар стаіць на грунце дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і вядзе сваю працу ў мэтах зрэалізаваньня дзяржаўна-незалежніцкіх ідэалаў, выражаных у акце 25 сакавіка 1918 г. У сваёй палітычнай дзейнасьці БНЦ будзе кіравацца прынцыпамі заходняй цывілізацыі й дэмакратызму, выступаючы супраць усялякіх відаў таталітарызму. БНЦ будзе імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва зь іншымі народамі, першым чынам із суседнімі беларускаму, якія знаходзяцца сяньня ў падобным да яго палажэньні й змагацца за тыя самыя мэты. Гэтае супрацоўніцтва павінна апірацца на прызнаньне й пашану поўных сувэрэнных правоў кажнага народу й ні ў чым не павінна парушаць інтарэсаў беларускага народу й ягонай нацыянальнай годнасьці. БНЦ зьяўляецца арганізацыяй міжпартыйнай і згуртоўвае ў сабе на дэмакратычных асновах усе палітычна-грамадзкія кірункі беларускае эміграцыі й каардынуе іх дзейнасьць. БНЦ вядзе працу як палітычную, так і сацыяльна-харытатыўную, культурна-асьветную ды ўсялякую іншую, якая можа быць патрэбнай у абставінах эміграцыі». Сябрамі БНЦ былі, акрамя Л. Савёнка, такія ведамыя дзеячы, як Ант. Адамовіч, А. Вініцкі, А. Каханоўскі, Б. Рагуля, Ф. Кушаль, В. Тумаш, Ст. Станкевіч, Я. Сурвілла ды іншыя.
У 1947 годзе ў лягеры быў выдадзены першы нумар часапісу «Сакавік», не ў апошнюю чаргу дзякуючы Л. Савёнку. Менавіта ў яго захоўваўся поўны варыянт (у адрозьненьне ад выдрукаванага Язэпам Лёсікам у 1920 г. у газэце «Беларусь») гістарычнай драмы Каруся Каганца «Сын Даніла». Зараз складана сказаць, якім чынам трапіў да яго гэты твор. Магчыма, ад Янкі Ліманоўскага, у якога на эміграцыі перахоўваліся некаторыя матаржялы беларускіх пісьменьнікаў (нажаль, сёньня лёс гэтых дакумантаў невядомы). Антон Адамовіч, даведаўшыся, што ў Савёнка ёсьць драма Каруся Каганца, загарэўся жаданьнем яе выдрукаваць. Так паўстала ідэя новага часапісу. У ім, акрамя навэлы В. Бірыча (Ант. Адамовіча) «Афрадыта-Ост», вершаў Рыгора Крушыны, Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, быў зьмешчаны й пачатак «Дзёньніку
У лягеры Остэргофэн Лявон Савёнак працаваў дырэктарам Беларускае Гімназыі, якая адчынілася 24 лютага 1947 г. Разам зь ім, выкладчыкам матэматыкі, настаўнічалі Антон Адамовіч (гісторыя), Мікола Кунцэвіч (лацінская й замежная мовы), Пётра Манькоўскі (ангельская мова), Мікола Равенскі (сьпевы), Апалёнія Савёнак (родная мова й літаратура), Зінаіда Станкевіч (прыродаведа й фізыка) ды іншыя. Лявон Савёнак выкладаў таксама на адукацыйных курсах для дарослых.
Зь лягеру Остэргофэн Савёнкі пераехалі ў Розэнгайм, куды перавезьлі беларускі лягер, дзе і ён і ягоная жонка Апалёнія прадаўжалі выкладаць у гімназіі. Савёнак часта езьдзіў у Мюнхен, дзе інтэнсыфікавалася палітычнае жыцьцё антыкамуністычнае эміграцыі з СССР. Навязаў Савёнак цеснае супрацоўніцтва з украінскай газэтай «Украіньскі Вісті» й рэдактарам Іванам Баграным.
4-5 чэрвеня 1948 г. у горадзе Канстанцы (Француская зона) адбыўся зьезд праваслаўных беларусаў, да правядзеньня якога прыклаў немалыя намаганьні й Л. Савёнак, і сам быў сярод ягоных удзельнікаў. Гэты зьезд стаўся вырашальным у адраджэньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Тады была прынятая наступная пастанова: «Асноўваючыся на ідэі Грыгора Цамблака, незалежнасьці Беларускай (Вялікага Княства Літоўскага) Царквы ды змаганьні за яе зьдзяйсьненьне пазьнейшых беларускіх праваслаўных іярархаў, духоўнікаў і вернікаў, закончаным мітрапалітам Менскім Мельхісэдэкам у 1922 годзе, устанавіўшага Беларускую Аўтакефальную Царкву, Зьезд сьцвярджае, што тры епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Віленская, Горадзенская й Пінская) атрымалі дазвол на аддзяленьне ў Беларускую Аўтакефальную Царкву, багаслаўленьне й прызнанье ад Мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы, Блажэньнейшага Дыянісія — галавы Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дадзеныя ім на рукі Мітрапаліта Аляксандра Пінскага. Дзеля таго, што перад Менскім Усебеларускім Праваслаўным Саборам існавалі толькі тры епархіі, стварыўшыя наступныя епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Зьезд сьцьвярджае кананічнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы».
У ЗША Л. Савёнак пераехаў у 1950 г. Гэта быў час, калі ў Радзе БНР, сябрам якое ён быў ад 1947 году, адбыўся раскол (1952-54 гг.). Прычынай расколу было стаўленьне да палітыкі «Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня ад бальшавізму» (першапачатковая назва — «Камітэт Вызваленьня Народаў Расеі»). Справа ў тым, што з пачаткам «халоднае вайны» ў Вашынгтоне паўсталі як-бы дзьве плыні — два пагляды на дачыненьні з СССР. Пэнтагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчваньне ўзбраеньня. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што прапаганда, вывучэньне СССР маюць ня меншае значэньне. У выніку іхнай актыўнай дзейнасьці паўстаў Інстытут вывучэньня СССР, Радыё «Вызваленьне» (пазьнейшая «Свабода»). Афіцыйна амэрыканскі ўрад заявіў: ён змагаецца з камунізмам у СССР і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы — беларусаў, летувісаў, украінцаў. Але ён не вырашае далейшы лёс земляў, што знаходзяцца зараз пад расейскай акупацыяй. На бок гэтай афіцыйнай палітыкі, палітыкі так званага «непрадрашэнства», стала частка сяброў Рады БНР разам з прэзыдэнтам М. Абрамчыкам. Яны прытрымліваліся думкі, што сёньня неабходна максымальна атрымаць дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а ўжо потым уздымаць пытаньне пра незалежнасьць Беларусі. Другая, даволі значная частка сяброў Рады БНР, не пагадзілася з гэтым і стварыла фракцыю «Асьцярожнага Супрацоўніцтва з Амэрыканскім Камітэтам», у якую ўваходзіў і Л. Савёнак. Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасьць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе й на пазыцыях непрадрашэнства Рада БНР з «Амэрыканскім Камітэтам Вызваленьня ад бальшавізму» супрацоўнічаць ня можа. Быў створаны мэханізм для перавыбараў Прэзыдыюму й прэзыдэнта. Старшынём камісіі па падрыхтоўцы рэфэрэндуму быў абраны Л. Савёнак.
У выніку перамагла група М. Абрамчыка. Тыя сябры Рады, што не пагадзіліся з палітыкай «непрадрашэнства», паступова адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці ў Прэзыдыюме, а А. Каханоўскі нават выйшаў з Рады.
Разам з тым, неабходна зазначыць, што палітыка «непрадрашэнства» засталася такой пераважна на афіцыйных паперах, бо і ў друку, і на радыё нацыянальная прапаганда вялася з адназначна дзяржаўніцкага пункту гледжаньня.
Палітычная й грамадзка-культурніцкая дзейнасьць Лявона Савёнка на эміграцыі — тэма асобнай, грунтоўнай размовы: адзін з ініцыятараў стварэньня Камітэту Незалежнай Беларусі (разам з Л. Галяком, Ю. Сабалеўскім, А. Плескачэўскім), сябра Цэнтральнага Камітэту Абжяднаньня Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў (старшыня А. Каханоўскі), рэдагаваў газэту «Беларус», уваходзіў у дарадную камісію па перакладу Бібліі, які ажыцьцяўлялі Янка Станкевіч ды пастар Масей Гітлін. Як журналіст, што добра ведаў савецкую прэсу, апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР (нажаль, яна не захавалася), а таксама даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derri`ere le Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950).