Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Больш за ўсё нас тут цікавяць не канкрэтныя прапанаваныя Бэрнсам рэформы, а той настрой, які іх натхніў. Згодна з Бэрнсам, спалучэння мажарытарнага прынцыпу з сістэмай агульнанацыянальнага партыйнага спаборніцтва недастаткова, каб ва ўмовах больш дэмакратычнай Амерыкі большасць мела ў сваім арсенале ўрадавую ўладу з правам на рашучыя дзеянні. Дзеля гэтага, на яго думку, патрэбна жорсткае цэнтральнае кіраўніцтва, якое мусіць ажыццяўляць прэзідэнт. Ім «павінны цалкам кантралявацца функцыі і дзейнасць усёй урадавай сістэмы ў галоўных накірунках». Калі прэзідэнцкая ўлада «ажыццяўляецца з поўнай адказнасцю, яна не абмяжоўваецца простым падрамантаваннем стану спраў у дзяржаве»9. Чалавек, які займае гэтую пасаду, павінен мець жаданне і здольнасць у інтарэсах справы прарывацца скрозь механізм падзелу ўладаў. Напрыклад, ён павінен «ігнараваць абсурднае правіла... аб неўмяшанні Прэзідэнта ў заканадаўчую галіну. Умешвацца ён павінен, і ўмешвацца адкрыта». Станоўча ацэньваючы вядучую ролю Джэферсана ў пашырэнні базы выканаўчай улады за кошт павелічэння правоў агульнанацыянальнай большасці, Бэрнс пісаў: «Трыумфам мажарытарызму Джэферсана... стала Луізіянская купля. Калі былі дасягнутыя дамоўленасці і вялікае рашэнне павінна было прымацца і хутка прасоўвацца, Джэферсан парушыў правы
Пакідаючы ўбаку трактоўку Бэрнсам дзеянняў Джэферсана, мы бачым, што Бэрнс лічыць неабходным такое выканаўчае кіраўніцтва, якое гатовае пайсці на частковае ці поўнае парушэнне правілаў дзеля дасягнення пэўных мэтаў, нібыта ў інтарэсах большасці. «Вялікі палітычны дзеяч не абмяжоўвае свае мэты тымі маштабамі, у якіх, на яго погляд, яны могуць быць дасягнутыя праз існуючую палітычную структуру. Ен імкнецца пашырыць і ажывіць гэтую структуру, каб мэты маглі быць рэалізаваныя як мага паўней. Ен ведае, што выйсце з устарэлых урадавых працэдур часам магчымае толькі... праз ужыванне грубай вонкавай сілы»11.
Незадавальненне, якое выклікаюць у Бэркса канстытуцыйныя перашкоды на шляху імгненных і маштабных змен, яшчэ не азначае адмаўлення ім ідэі канстытуцыяналізму. 3 тактычных ці іншых прычын Бэрнс устрымліваецца ад адкрытых нападак на канстытуцыйны лад, але падрывае яго, прапануючы выкарыстанне такіх метадаў, якія не надта ўлічваюць дух і змест канстытуцыйных палажэнняў. Калі ён і бачыць пагрозу з боку палітычнай адвольнасці, яна хвалюе яго ў значна меншай ступені, чым тая магчымасць, што народная большасць можа не здзейсніць свае намеры.
Некаторыя крытыкі Бэрнса сцвярджалі, што непрызнанне абмежавальнай ролі Канстытуцыі ЗША вынікала ў яго з разгубленасці перад тым фактам, што ў перыяд амерыканскай гісторыі, аб якім ідзе гаворка, гэтыя абмежаванні перашкаджалі ажыццяўленню грамадскасцю пэўнай абавязковай, на яго думку, палітыкі12. Аднак калі яго аргументацыю на карысць надання вялікіх паўнамоцтваў колькаснай большасці ў грамадстве ўспрымаць не як інтэлектуальны апартунізм, то трэба, відавочна, разумець яе так, што нічым не ўтаймаваная воля масы народу ўтрымлівае нешта такое, што вызначае яе перавагу над урадавай палітыкай. Калі і за філасофіяй Бэрнса імкнуцца захаваць ідэю сувязі паміж дэмакратыяй і этыкай, то варта рабіць з яго меркаванняў такую выснову, што прапанаваны ім тып народнай волі з маральнага пункту погляду вышэйшы за астатнія. Такім чынам, Бэрнс набліжаецца да веры Русо ў маральнасць спантанных імкненняў людзей як членаў аднароднай масы, а не асобных сацыяльных груп. I хоць Русо не прасоўвае ідэю моцнага выканаўчага кіраўніцтва адной асобай у звычайнай сітуацыі, цяжка не ўбачыць блізкасці паміж яго усёпранікальнай варожасцю да ўнутраных і вонкавых абмежаванняў і бэрнсавым перакананнем, што «прэзідэнцтва ў найлепшай сваёй форме накіравана на вызваленне амерыканскага грамадства ад усяго, што яго скоўвае»°. Падаплёка тут, мусіць, у тым, што сапраўдная дэмакратыя можа быць рэалізавана толькі ў тым выпадку, калі народ свабодны скінуць любыя інстытуцыйныя абмежаванні.
Прэтэнзіі на дэмакратычнасць бэрнсавага плебісцытарызму даволі сумніўныя ў сувязі з тым, што ён узмацняе пагрозу ўзнікнення дэспатызму пры падтрымцы народу ці, па словах Джэймса Бэрнхэма, «цэзарызму»14. Канстытуцыя Злучаных Штатаў Амерыкі ў сённяшнім выглядзе мае на ўвазе вялікую колькасць фракцыйных і мясцовых аб'яднанняў і сувязяў паміж людзьмі. Можна сказаць, што галоўным зместам слова «народ» у канстытуцыі з'яўляюцца грамадзяне, арганізаваныя ў разнастайныя групоўкі. У адрозненне ад ідэалу Русо Канстытуцыя ЗША не патрабуе, каб грамадзяне пры вырашэнні грамадскіх пытанняў забываліся на сваю прыналежнасць да розных аб'яднанняў. Прыхільнасці людзей улічваюцца ў першую чаргу ў сувязі з іх канкрэтнай сацыяльнай прыродай, а не колькаснай перавагай. Добра было б, калі б клопат аб справе арганізацыі, да якой належыць чалавек, суправаджаўся ці хоць бы браў пад увагу клопат аб усім народзе. Канстытуцыя, якая абараняе і спрыяе стварэнню розных грамадскіх асацыяцый і агульнай дэцэнтралізацыі і разгрупаванню ўлады, робіцца адной з перашкод на шляху аб'яднання народа пад кіраўніцтвам ваяўнічага вершніка. Апроч таго, што існуюць юрыдычна замацаваныя перашкоды, людзі, якія маюць цесныя сувязі з пэўнымі сацыяльнымі групоўкамі, наўрад ці будуць цалкам прыхільныя да адзінага палітычнага лідэра ці арганізацыі. Прапанаваныя Бэрнсам рэформы ў першую чаргу, здаецца, маюць на мэце спрыяць ператварэнню амерыканцаў з «іх індывідуальным, федэральным ці мясцовым статусам» у недыферэнцыяваную людскую масу, якую хацеў бачыць Русо. Бэрнс хоча, каб воля народа вызначалася воляй колькаснай нацыянальнай большасці, чаму спрыяе адарванасць ад інстытутаў і растварэнне асобных інтарэсаў індывідуумаў і груповак. Тут адразу паўстае пытанне, ці не палягчае такое становішча задачу тыранічна настроенай большасці або дэспатычнага лідэра, якія ад імя народа захочуць устанавіць поўны палітычны кантроль. Варта адзначыць, што прыхільнае стаўленне да неабмежаванай улады народнага волевыяўлення часта стаіць побач з асаблівай прыхільнасцю да жорсткай цэнтралізаванасці і нават таталітарнай формы кіравання.
He надта добра акрэсленая тэорыя дэмакратыі Бэрнса з'яўляецца праявай больш агульнай тэндэнцыі, карані этычнага і палітычнага зместу якой трэба шукаць у філасофіі Жан-Жака Русо. Бэрнс і іншыя тэарэтыкі дэмакратыі плебісцытнага плану не прызнаюць сябе вучнямі Русо і, натуральна, шмат у якіх дэталях адрозніваюцца ад яго. Аб'ядноўвае іх незадавальненне канстытуцыйнымі абмежаваннямі і павага да спантаннай народнай волі. Завяршыць аналіз дэмакратычнай тэорыі такога тыпу трэба, разгледзеўшы яе з пункту погляду маралі. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі могуць цалкам не ўсведамляць усю падаплёку сваіх плебісцытных схільнасцяў, але лагічна-этычнае абгрунтаванне гэтых схільнасцяў яны запазычваюць у Русо. I калі мой аналіз філасофіі Русо як прататыпу ўсяго плебісцытарызму слушны, то і яго паслядоўнікі не вытрымліваюць крытыкі. Такім чынам, мы маем рацыю, калі падыходзім да арганізацыйных рэцэптаў гэтых тэарэтыкаў са значным скептыцызмам. Тэорыя дэмакратыі, якая не прызнае патрэбы ў канстытуцыяналізме, унікае рэалій маральнай прыроды чалавека. Спроба ажыццявіць плебісцытны ідэал будзе, па меншай меры ў доўгатэрміновым плане, пагражаць этычнаму зместу супольнасці і, такім чынам, самому прынцыпу народнага кіравання.
Аднак крытычнае стаўленне да поглядаў Бэрнса і іншых не значыць, што кожная прапанова аб змяненні амерыканскай палітычнай сістзмы непазбежна падрывае маральную мэту палітыкі. Якія менавіта канстытуцыйныя прынцыпы забяспечаць адпаведнасць дэмакратычнага ладу патрэбам этычнага жыцця ў канкрэтных гістарычных умовах — залежыць не толькі ад матыву, але і палітычнай празорлівасці і ўяўлення. Канстытуцыйныя абмежаванні самі ў сабе не з'яўляюцца канчатковай мэтай — яны патрэбныя як сродак рэалізацыі больш высокае мэты. Існуе шмат прычын, па якіх нават найбольш высакародная і дасканалая канстытуцыя можа працаваць на парушэнне свайго пачатковага прызначэння. Глыбокія сацыяльныя і палітычныя змены абумоўліваюць патрэбу ў дадатках да канстытуцыі і нават больш-менш поўную яе перапрацоўку. Разумная канстытуцыя адлюстроўвае ўсведамленне гэтага факту і забяспечвае сродкі свайго ж перагляду. У адносінах да рэкамендацый Бэрнса трэба адзначыць, што ўсё, што ў іх ёсць станоўчага, яны ўтрымліваюць не дзякуючы, а насуперак яго плебісцытнаму ўхілу.
Сутнасць канфлікту паміж дзвюма канцэпцыямі народнага кіравання можна апісаць падборам адпаведных тыпаў дэмакратыі для двух тыпаў грамадзян. Індывідууму Русо, учынкі якога заўсёды маюць спантанны характар, адпавядае такая форма дэмакратыі, ва ўмовах якой спантаннае народнае волевыяўленне карыстаецца поўнай свабодай. Плебісцытная дэмакратыя такога тыпу — утопія, у рэчаіснасці яна не існуе. Гэтай схеме супрацьстаіць іншая, пры якой усе свае дзеянні чалавек самастойна змяшчае ў маральныя рамкі, а адпаведная форма народнага кіравання вызначаецца канстытуцыйна створанымі перашкодамі і мае на мэце спрыяць рэалізацыі народнай волі пэўнай якасці. Толькі ва ўмовах дэмакратыі такога тыпу мае быць дакладнае разуменне маральнай катэгорыі чалавека і з'яўляецца магчымасць падпарадкаваць імкненне да палітычнай самарэалізацыі нормам усеагульнага дабра. Такі грамадскі парадак адпавядае і падтрымліваецца пачуццём высокага прызначэння ў чалавека. Мы можам зрабіць выснову, што канстытуцыйная дэмакратыя ў лепшым сваім выглядзе ёсць такая форма народнага самакіравання, якая ў найбольшай ступені спрыяе ажыццяўленню прынцыпаў супольнасці. Маральная аснова дэмакратыі тым больш трывалая, чым яна бліжэйшая да гэтых прынцыпаў. Калі выйсці крыху за рамкі прадмета абмеркавання, то можна нават сказаць, што такая тэорыя дэмакратыі ўвасабляе найбольш высакародную канцэпцыю палітыкі.
Той факт, што я імкнуся звязаць этычнае сумленне з урадавай структурай і выкарыстоўваю ў якасці прыкладу амерыканскую канстытуцыю, не азначае, што я лічу, быццам такое вялікае грамадства, як Злучаныя Штаты, мае найбольшы патэнцыял, каб стаць сапраўднай супольнасцю. Я не меў гэтага на ўвазе. Трэба разумець, што мая тэорыя спалучэння народнага кіравання з этычным жыццём не абмежаваная нейкай канкрэтнай структурай пабудовы ўрада. Сапраўды, дух канстытуцыяналізму ёсць толькі палітычны аспект прынцыпу, які мае дачыненне да ўсіх форм супольнай дзейнасці. Сэнс не ў тым, што існаванне супольнасці ў «агульнанацыянальным» маштабе — рэч магчымая. Я імкнуся давесці, што любая форма кіравання спрыяе станаўленню супольнасці толькі ў той ступені, у якой яна кіруецца духам канстытуцыйнага ладу.
Шмат хто з тэарэтыкаў вельмі пераканальна сцвярджаў, што канфліктнасць у жыцці грамадства расце ў залежнасці ад узроўню чалавечых адносін: мясцовага, нацыянальнага і міжнароднага15. Мая тэорыя дэмакратыі не супярэчыць гэтаму погляду, калі да такіх паняццяў, як мясцовы, нацыянальны і міжнародны, ставіцца як да проста карыснай з прагматычнага пункту погляду класіфікацыі, а не жорстка акрэсленых філасофскіх катэгорый. Чакаць поўнага замірэння ў грамадстве няварта. Імкненню да супольнасці заўсёды пагражаюць вузкапартыйныя інтарэсы. У параўнанні з мясцовай палітыкай нацыянальная палітыка ўтрымлівае нават меншы стымул да маральнасці. Аднак форма народнага кіравання тым бліжэйшая да супольнасці, чым больш людзі здольныя пераадолець уласныя інтарэсы. 3 маёй аргументацыі вынікае таксама, што для недыферэнцыяванай масы людзей супольнасць недасягальная. Супольнасць ёсць асаблівы тып сумеснай дзейнасці. I хоць мая аргументацыя прызначалася не дзеля таго, каб даказаць, што каштоўнасці сапраўднага супольнага жыцця будуць рэалізаваны хутчэй пры наяўнасці ў грамадстве розных груповак, але яна мела і такі сэнс таксама. Гэтую тэму вельмі падрабязна і тонка развівае Роберт Нізбет16. Ен вельмі пераканаўча сцвярджае, што пачуццё ўласнай значнасці і годнасці ў большасці людзей узнікае ў «аўтаномных групах» грамадства — такіх, як сям'я, мясцовы царкоўны прыход, школа і клубы. Пачуццё супольнасці непараўнальна лепш развіваецца ў невялікіх грамадскіх аб'яднаннях. У маёй аргументацыі ўзнімаецца вельмі важнае пытанне, якое цесна звязана з прадметам майго даследавання: ці не павінна дэмакратыя дзеля таго, каб сапраўды спрыяць маральным каштоўнасцям, змяшчаць сродкі кантролю грамадскіх рашэнняў як мага бліжэй да тых, чые інтарэсы яны закранаюць? Тут я магу шмат у чым нагадаць сучасных палітычных тэарэтыкаў, чые філасофскія погляды значна адрозніваюцца ад маіх. У якасці аднаго са сродкаў барацьбы з бездапаможнасцю, якую выклікае моцная ўрадавая структура (і вялікія арганізацыі ўвогуле), і адэінага «прагматычнага прынцыпу», Роберт Даль прапануе наступнае: «Калі тое ці іншае пытанне лепшым чынам вырашаецца пэўным дэмакратычным аб'яднаннем, то трэба заўсёды імкнуцца да таго, каб памеры гэтага аб'яднання былі як мага меншыя пры ўмове, вядома ж, што гэтае пытанне будзе вырашанае пры гэтым належным чынам»17.