Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Існуючыя асаблівасці чалавечага грамадства можна было б не браць пад увагу, калі б сапраўды існавалі ідэальны крытэрый агульнага дабра, разумная мадэль справядлівасці і бясспрэчны набор правоў чалавека. Маральным абавязкам тых людзей, якія ўсведамляюць наяўнасць такога ідэалу, былі б яго прытрымліванне і яго заканадаўчае забеспячэнне дзеля скіравання асобных воляў у дабрадзейным напрамку. Свабода чалавека і індывідуальная унікальнасць ужо ніяк не адбіваліся б на станаўленні добрага грамадства, бо асноўнай патрэбай у такіх умовах робіцца адпаведнасць норме. Сапраўды, з агістарычнага пункту погляду на канцэпцыю агульнай карысці свабода, індывідуальнасць і разнастайнасць утрымліваюць відавочную пагрозу, бо ўскладняюць сітуацыю магчымым адхіленнем ад ідэалу.
Мая аргументацыя ў абарону асаблівасцяў, у тым ліку інтарэсаў індывідуумаў і груповак, не падрывае, а наадварот, сцвярджае сапраўднае этычнае вяршэнства. Яны сыходзяць з той асноватворнай ісціны, што трансцэдэнтная вартасць этычнага дабра павінна рэалізоўвацца канкрэтнымі людьзмі
Ідэя універсальных нормаў, бачных чалавечаму розуму, якія таксама стаяць вышэй і асобна ад гістарычнай канкрэтнасці, мае на ўвазе здольнасць прадбачання сутнасці любых абставінаў. Калі такія разумовыя нормы маюць універсальны і заўсёды справядлівы характар, то жыццё не можа змяшчаць ніякіх сюрпрызаў і павінна з'яўляцца, такім чынам, статычным. Іншымі словамі, розум — па меншай меры, розум найбольш адукаваных індывідуальнасцяў — павінен быць ледзь не ўсяведным у галіне маральнага выбару. Этычны рацыяналізм, як правіла, усведамляе ўсю складанасць і незвычайнасць канкрэтных абставін, але лічыцца, што здольнасцяў розуму яны не абмяжоўваюць: заўсёды знаходзіцца нейкі казуістычны шлях падпарадкавання канкрэтных выпадкаў універсальным правілам. Такі інтэлектуалісцкі погляд на этычную ўсёабдымнасць з'яўляецца перабольшваннем нашай здольнасці загадзя ўзважыць канкрэтныя маральныя патрабаванні ва ўсіх без выключэння сітуацыях. Больш за тае, гэты падыход ігнаруе менавіта тое, што адыгрывае сапраўды вызначальную ролю, і не ўлічвае ўласцівы чалавечаму існаванню дынамізм. Зменлівасць і пастаяннасць жыцця непарыўна звязаныя паміж сабой. Каб маральны выбар на практыцы не мог адбывацца без усведамлення вяршэнства этычных прынцыпаў, яны павінны не проста ўжывацца ў дачыненні да канкрэтных выпадкаў, а рабіцца іх часткай. Агульнае павінна стаць канкрэтным, а трансцэдэнтнае — іманентным. Унікальнасць, якая непазбежна характарызуе любыя абставіны, патрабуе творчага падыходу ў тых, хто ў гэтыя абставіны трапляе.
У грамадстве бесперапынку ўзнікаюць шматлікія сітуацыі, у якіх неабходна рабіць выбар, і ў кожнай з іх заўсёды ёсць пэўная доля навізны. Спрыянне агульнаму дабру ў палітыцы патрабуе, апроч усяго іншага, імправізацыі ў выпадку нечаканага здарэння. Як правіла, найлепшыя рашэнні прымаюцца тымі, хто ў большай ступені ўцягнуты ў сітуацыю і лепш яе разумее. Дзяржаўныя лідэры, якія нясуць этычную адказнасць, але стаяць далёка ад канкрэтнай праблемы, могуць дапамагчы сваімі каардынацыйнымі намаганнямі і стварэннем у грамадстве асаблівай атмасферы, аднак асэнсаванне этычных магчымасцяў, якія ўзнікаюць у канкрэтных сітуацыях, вельмі нязначна залежыць ад цэнтральнай палітычнай ці інтэлектуальнай улады. Неабходная маральная праніклівасць павінна ўзгадоўвацца і ўжывацца самімі індывідуумамі ў кантэксце ўласнага жыцця, нават калі іх адпаведнымі намаганнямі кіруе чый-небудзь аўтарытэт ці прыклад.
Паколькі прынцыпы этычнага дабра рэалізуюцца індывідуумамі ў канкрэтных сітуацыях, у якіх іх волевыяўленне адбываецца ў добра знаёмых і зразумелых ім абставінах, мэту універсальнасці этыкі складаюць самыя разнастайныя канкрэтныя дзеянні і задачы. Паняцце агульнай карысці ў палітыцы складаецца з сукупнасці шматлікіх інтарэсаў, тых канкрэтных інтарэсаў, якія разам спрыяюць ажыццяўленню прынцыпаў этычнага жыцця грамадства. Нават найбольш дасведчаныя асобы не ў стане падмяніць уласнымі інтэлектуальнымі арыенцірамі гэты працэс станаўлення чалавечых імкненняў у хадзе гісторыі. Ніводзін чалавек не валодае аналітычнасцю, прадбачлівасцю і разуменнем усёй той велізарнай колькасці канкрэтных маральных патрабаванняў, якія павінны выконвацца людзьмі на ўсіх ступенях грамадства.
Нават калі б і было магчымым ачысціць палітыку ад уласных інтарэсаў асоб і груповак, дык і тады ад гэтага трэба было б устрымацца. Шырокі спектр уласных інтарэсаў у грамадстве уключае ў сябе і больш ці менш асэнсаваныя намаганні, якія з'яўляюцца праявамі этычнай волі. 3 этычнага пункту погляду найбольш пажадана існаванне такога грамадскага і дзяржаўнага ладу, калі перавага аддаецца інтарэсам тых колаў, якія імкнуцца здзейсніць прынцыпы маральнай супольнасці. Этычнай мэтай канстытуцыяналізму з'яўляецца, з аднаго боку, схіленне індывідуумаў і груповак,
Прычына таго, чаму ў грамадстве пажадана мець шмат розных інтарэсаў і свабоду канкурэнцыі і нават узгадоўваць іх, заключаецца ў тым, што яны вельмі карысныя для грамадства ў цэлым. Новыя людскія планы і імкненні, якія з'явіліся ў адказ на новыя абставіны, трэба толькі вітаць і даваць ім магчымасць давесці, што яны — на агульную карысць. У пэўнай ступені з прычыны таго, што немагчыма прадбачыць, якія канкрэтныя інтарэсы будуць на агульную карысць у канкрэтных гістарычных абставінах, канстытуцыйны лад і адпаведныя сацыяльныя структуры павінны ўстрымлівацца ад навязвання занадта жорстка акрэсленых прынцыпаў. Без даволі значнай гнуткасці і здольнасці да прыстасавання грамадству будзе неставаць той свежасці і творчасці ў намаганнях, якія накіраваны на агульную карысць. Справа ў тым, што могуць з'яўляцца ўсё новыя і новыя ідэі адносна таго, якім чынам зрабіць жыццё больш плённым і ўвогуле яго палепшыць. Асобныя групоўкі і індывідуумы могуць цудоўным чынам выкарыстоўваць тыя магчымасці, што з'яўляюцца ў працэсе грамадскага развіцця. Нярэдка нечаканыя ініцыятывы, якія могуць значна ўзбагаціць і паглыбіць досвед цывілізацыі, настолькі супярэчаць звычайным працэдурам, што імкнуцца іх здзейсніць могуць толькі найбольш мужныя і настойлівыя асобы ці аб'яднанні. Роля гнуткасці і памяркоўнасці найбольш відавочная ў мастацка-інтэлектуальнай сферы, хоць у этычным жыцці гэтыя якасці маюць не меншае значэнне.
Але галоўнай прычынай захавання свабоды і разнастайнасці з'яўляецца тое, што агульныя каштоўнасці павінны нанова адкрывацца кожным новым пакаленнем і кожным чалавекам. Гэтыя каштоўнасці павінны быць увасоблены ў здаровай традыцыі, каб засвоеныя звычаі натхнялі людзей да дабра. Аднак такое засвойванне не павінна вылівацца ў аўтаматычнае імітаванне ці паўтарэнне мінулага. Універсальнасць этычных патрабаванняў павінна ўлічваць умовы жыцця новых пакаленняў і іх асобных прадстаўнікоў. Яна павінна зрабіцца натхняльнай сілай сучаснасці, а гэта значыць, што сапраўдную універсальнасць нельга аддзяліць ад творчасці людзей. Разумным традыцыям у філасофіі, мастацтве, этыцы заўсёды пагражаюць закаснелы фармалізм, атупляльная руціна і энтрапія. Трэба таксама падкрэсліць, што нават самыя высакародныя і жыццяздольныя правілы не вычэрпваюць усіх магчымых шляхоў рэалізацыі універсальных каштоўнасцяў.
Універсальныя каштоўнасці немагчыма абагульніць у выглядзе канкрэтнага збору правілаў ці мадэлі ўдасканалення. У рэшце рэшт, ім цесныя рамкі любой дактрыны. Складанасць і разнастайнасць жыцця адмаўляюць інтэлектуальныя рэцэпты дабрадзейных паводзін для ўсіх выпадкаў. Імкненне да атаясамлівання этычнага дабра з нейкімі «прынцыпамі» і старанным прытрымліваннем да іх ігнаруе пастаянную патрэбу творчага прыстасавання да абставін.
Я не маю на ўвазе прынізіць ролю розуму ў жыцці. Я толькі імкнуся даказаць, што розум — гэта не вярхоўная нарматыўная ўлада. Чалавек, які з'яўляецца істотай маральнай, у рэшце рэшт прыходзіць да асэнсавання ўлады высокай волі. Нягледзячы на тое, што розум не валодае нарматыўнай этычнай уладай, ён пастаянна імкнецца да афармлення этычнага досведу чалавека. Інтэлектуальнае, канцэптуальнае і дэфініцыйнае вызначэнне тым каштоўнасцям, якія спасцігаюцца чалавекам з уласнага досведу, дае філасофія. У гэтым сэнсе філасофія гістарычная, бо падыходзіць да агульнага з меркай канкрэтнага. Задачай этычнай філасофіі з'яўляецца сістэматычнае адсочванне мэтанакіраванасці высокай волі чалавека і яе сувязі з іншымі аспектамі чалавечага досведу. Узважаная філасофская тэорыя рыхтуе асобу да маральных дзеянняў праз тэарэтычнае тлумачэнне зместу тых учынкаў, якія ўжо адбыліся. 3 канцэпцыяй этычнага жыцця непарушна звязаная і яшчэ адна лінія аргументацыі, больш прагматычная, чым філасофская: гэта тая рацыянальнасць, на якой грунтуецца распрацоўка прынцыпаў і норм паводзін. Яна непазбежна вядзе да спрошчвання і арэчаўлення рэальнага стану маралі, але, тым не менш, з'яўляецца аб'ектыўнай патрэбай. Універсальны характар этыкі сапраўды вымагае існавання канкрэтных прынцыпаў, прытрымліваючыся якіх, людзі маглі б лягчэй арыентавацца ў пытаннях маралі, але ў момант маральнага выбару вышэй за вызначаныя нормы стаіць этычны імператыў. Унікальнасць сітуацыі заклікае да творчага сінтэзу універсальных каштоўнасцяў і канкрэтных асаблівасцяў. Чым больш этычнай з'яўляецца філасофія чалавека і ў чым большай ступені яна адбіваецца на ягоных прынцыпах паводзін, тым верагодней, што выхад з сітуацыі адбудзецца ў адпаведнасці з маральнымі нормамі. Але нават найбольш спрыяльнае «інтэлектуальнае асяроддзе» не гарантуе маральнасці ўчынкаў. Крытэрыі дабрадзейнасці заўсёды маюць у той ці іншай ступені часовы і неканчатковы характар і з гэтай прычыны патрабуюць свайго пастаяннага прыстасавання да новага зместу маральнага досведу4.