Дом без гаспадара
Шрифт:
Машыны Альберта ўсё яшчэ не было, чаканне рабілася невыносным, і вінаваты ва ўсім быў Альберт.
Паказалася група нетаропкіх прагульшчыц, на вежы прабіла чвэрць другой, і нармальны рытм жыцця быў адноўлены. Дарма ён бег, дарма спяшаўся, з гэтай хвіліны ўсё пайшло, як у звычайныя дні.
Прагульшчыцы смяяліся, балбаталі, а ён з зайдрасцю глядзеў на іх — яны належалі да ліку адчайных, і сам ён вельмі хацеў бы быць на іх месцы. Адчайнымі лічыліся тыя, якім было на ўсё напляваць. Само па сабе паняцце адчайны заставалася загадкавым, сярод іх сустракаліся такія, чые бацькі мелі грошы, і тыя, у каго грошай не было. На Брылаха гэта часам находзіла, і ў яго да адчайнасці прымешвалася пэўная доля ганарыстасці, на твары Брылаха можна было прачытаць: «Ну што вам ад мяне патрэбна?» Адчайнымі лічыліся тыя, пра якіх дырэктар гаварыў, што іх трэба пераламаць, —
Альберт пасля яму гэта растлумачыў, але ўсё роўна справа заставалася вельмі загадкавай, а бамбасховішча, у якім жылі некалі Хэвель і Борн, так і засталося сярод нейкіх агародаў — загадкавая бетонная аграмадзіна без вокнаў. Іх пераламалі, і пасля гэтага яны бясследна зніклі,— трапілі ў калонію, як гаворыць Альберт.
А Альберта ўсё няма, і больш ён ніколі не прыедзе. Напаўзакрыўшы вочы, Марцін глядзеў на набліжаючыяся з боку горада машыны, толькі Альбертавага «мерсэдэса» — старэнькага, нехлямяжага, мышынага колеру — сярод іх не было, — Марцін не зблытаў бы яго ні з якой іншай машынай.
I падацца некуды: ісці да Генрыха не хочацца. Там зараз дзядзька Лea, і на працу ён пойдзе толькі ў тры. Больда прыбірае ў царкве. Можна, зразумела, пайсці да яе, з’есці, забіўшыся ў рызніцу, адзін з яе бутэрбродаў і запіць яго гарачым булёнам з тэрмаса.
Ён зірнуў на безнадзейную прагульшчыцу, якая зараз толькі паказалася ў канцы алеі і зусім не спяшалася. Ён добра ведаў гэты стан — ці не ўсё роўна спазніцца на дваццаць хвілін або на дваццаць пяць. Дзяўчынка з вялікай цікаўнасцю разглядвала першыя апалыя лісты, набрала цэлы букет вялікіх, амаль зялёных, толькі крыху кранутых жаўцізной. З букетам лісця ў руках яна спакойна перасякала вуліцу.
Дзяўчынка была незнаёмая. У яе былі цёмныя раскудлачаныя валасы, і яго зачараваў спакой, з якім яна спынілася каля кінатэатра «Атрыум», каб паглядзець афішы. Ён нават пасунуўся бліжэй да «Атрыума»; бензакалонка стаяла якраз каля кінатэатра. Афішы яны разам з Генрыхам ужо разглядвалі і вырашылі ў панядзелак пайсці ў кіно.
Паміж дзвюма зялёнымі таполямі на афішы віднелася бронзавая брама парка, яна была прачынена, у прасвеце стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым высокім каўняром. Шырока раскрытыя вочы жанчыны ўтаропліваліся на таго, хто ў той момант стаяў перад плакатам, а наўкось праз яе ліловы жывот цягнуўся белы надпіс: «Сеанс для дзяцей». На заднім плане быў замак, а на самым верее, на светла-блакітным небе назва фільма: «У палоне ў сэрца». Марцін не любіў фільмы, пра якія паведамлялі афішы з жанчынамі ў закрытых сукенках і з белым надпісам: «Сеанс для дзяцей», гэтыя фільмы абяцалі бясконцую нуду, а фільмы з жанчынамі ў адкрытых сукенках і з чырвоным надпісам: «Дзецям да 16 гадоў…» — прадвяшчалі распуснае. Але ні распуснае, ні нуда не захаплялі яго, лепшымі за ўсё былі фільмы пра каўбояў і мультыплікацыі.
На гэтым тыдні пойдзе распусны фільм. Афіша вісіць каля афішы дзідячага фільма, на ёй жанчына з адкрытымі грудзямі, яе адбымае мужчына, у якога галыптук з’ехаў набок. Гальштук здорава з’ехаў набок, выгляд у мужчыны ўскудлачаны, і ўсё гэта вельмі нагадвае тое слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, калі яны разам з Генрыхам і Вільмай хадзілі сустракаць яе пасля працы.
У падвале стаяў салодкі, цёплы дух. Паўсюль на драўляных паліцах ляжалі горы свежаспечанага, яшчэ цёплага хлеба; яму падабалася чвяканне машыны, якая мясіла цеста, падабаўся шпрыц для крэму, якім кандытар выпісваў на тартах: «З днём нараджэння». Кандытар пісаў шпарка, акуратна і правільна, хутчэй, чым хто ніша аўтаручкай, а маці Брылаха лёгка і спрытна наносіла шпрыцам кветкі і хаткі, дым з каміноў і ўсялякія прыгажосці. Калі яны прыходзілі разам з Брылахам, яны спыняліся перад няшчыльна прычыненымі, абітымі бляхай дзвярыма, да якіх звычайна пад'язджалі грузавікі з мукой, і, заплюшчыўшы вочы, удыхалі цёплае салодкае паветра. Затым ціха адчынялі дзверы, урываліся туды і крычалі: «Бэ-э-э!» — гэтая гульня вельмі падабалася маленькай Вільме. Яна вішчала ад захаплення, а разам з ёй радаваліся кандытар
Недзе ты дзень назад яны неяк стаялі, стаіўшыся за дзвярмі, ужо збіраючыся адчыніць іх, і раптам у панаваўшай тут цішыні пачулі, як маці Брылаха сказала кандытару:
— Не табе мяне… — і тое слова. Марцін увесь успыхнуў, успомніўшы гэтае слова, і нават цяпер яму боязна было добра ўдумацца ў яго сэнс. А кандытар адказаў спакойна і сумна:
— Ты не павінна так гаварыць, не трэба…
Вільма пачала падштурхоўваць іх у цемнаце, ёй хацелася пачаць гульню і закрычаць: «Бэ-э-э», але яны абодва стаялі, быццам удараныя маланкай, быццам акамянелыя, а кандытар у пякарні мармытаў нешта зусім незразумелае, нейкую загадкавую лухту, неспакойны, страсны і ў той жа час пакорны; словы яго перамяжаліся са звонкім смехам маці Брылаха, а Марцін думаў пра тое, як дзядзька Альберт гаварыў пра туту мужчын, пра іх жаданне жыць з жанчынамі. Кандытар, мяркуючы па ўсім, проста дурнеў ад жадання з’яднацца з маці Брылаха, ён амаль што не спяваў, ён мармытаў нешта незразумелае. Марцін нават дзверы прачыніў, каб паглядзець, ці не злучаюцца яны там на самай справе, але Генрых шалёна рвануў яго назад, затым узяў Вільму на рукі, і яны пайшлі дадому, так і не паказваючыся на вочы маці.
Пасля гэтага Брылах цэлы тыдзень не хадзіў у пякарню, і Марцін спрабаваў уявіць сабе пакуты Брылаха, ставячы сябе на яго месца, — як ён сам цяжка перажываў бы, калі б гэтае слова сказала ягоная мама. Ён выпрабоўваў гэтае слова, у думках укладваюы яго ў вусны ўсіх сваіх знаёмых, але з вуснаў дзядзькі Альберта проста немагчыма пачуць такое слова, а вось у вуснах ягонай уласнай маці,— тут сэрца Марціна пачынала біцца мацней, і ён разумеў, як пакутуе Брылах, — у вуснах ягонай уласнай маці гэтае слова здавалася магчымым. Ніколі б не прамовілі гэта слова Віль, Больда, Глум, маці Альберта і бабуля таксама; гэта слова ніяк да іх не падыходзіла, а вось калі б яго мама вымавіла гэтае слова, яно прагучала б, мабыць, зусім натуральна.
На ўсіх — на настаўніку, на капелане, на бармэне — на ўсіх выпрабаваў ён гэтае слова, але быў адзін рот, для якога гэтае слова проста было створана, як корак для бутэлькі з чарнілам, — гэта быў рот дзядзькі Леа. Леа прамаўляў яго значна выразней, чым гэта зрабіла маці Брылаха.
Маленькая прагульшчыца зусім знікла з вачэй, было ўжо без чвэрці дзве, ён спрабаваў уявіць сабе, як яна заходзіць у клас; яна ўсміхнецца і нешта нахлусіць, пасля яе будуць ушчуваць, а яна ўсё будзе ўсміхацца. Гэтая ўжо зусім адчайная. Затым яе, пэўна ж, пераломяць, — і хоць ён ужо даўным-даўно ведаў ад Альберта, што ніхто не забівае дзяцей дзеля яды, але ўсё роўна спрабаваў уявіць сабе, як дзяўчынка, наламаная на кавалкі, трапляе на кухню ў скляпку Фавінкеля. Ён знарок даваў волю сваёй фантазіі, таму што злаваў на Альберта і хацеў яму дапячы. Таму што не ведаў, куды падзецца, — бо ў Брылаха яшчэ не сышоў дзядзька Леа, а яму не хацелася бачыць рота, з якім так стасуецца гэтае слова; пустая, бязлюдная царква, дзе зараз прыбірае Больда, палохала яго не менш, чым перспектыва папасці ў шынок Фавінкеля, дзе наведвальнікі паглынаюць наламаных дзяцей, дзе яго абавязкова званітуе ў паскудным туалеце сярод мярзотных скуралупаў.
Ён яшчэ бліжэй падышоў да «Атрыума» і раптам адчуў, што прагаладаўся. Заставалася адно: пайсці дадому, ціхенька пракрасціся на кухню і падагрэць абед. Ён на памяць ужо ведаў інструкцыю па падаграванні ежы, інструкцыя была напісана на ададраным ад газеты кавалку паперы: «Не адкрывай газавы кран да адказу — не адыходзь ад пліты» (тры разы падкрэслена). Але выгляд халоднай ежы заўсёды псаваў яму апетыт — пра гэта як быццам ніхто яшчэ не здагадваўся, — застылы тлушч падліўкі, засохлая бульба, густы, увесь у камяках суп, — і да ўсяго небяспека, што ў любы момант можа з’явіцца бабуля. Паўсотні рыбных страў у рэстаране Фавінкеля — чырванаватыя, сіняватыя, зеленаватыя кавалкі рыбы, агідныя пухіры тлушчу скочваюцца па скурцы вугра, празрыстыя зеленаватыя, чырванаватыя, сіняватыя соусы, зморшчаная скурка адваранай пікшы, падобная на кучку крошак, якія пакідае алоўкавая гумка.
Альберт усё яшчэ не ідзе, і не прыйдзе, І, каб адпомсціць Альберту, ён пачаў паўтараць гэтае брыдкае слова і паўтараў яго да той пары, пакуль яно, нарэшце, не загучала з вуснаў Альберта.
Думаць пра бацьку было вельмі самотна: забіты недзе на чужыне, малады, занадта малады чалавек, усмешлівы, з люлькай у роце, ён нізавошта не змог бы вымавіць гэтае слова.
Капелан уздрыгнуў, калі Марцін сказаў яму гэта слова на споведзі. Сказаў нерашуча, увесь пачырванеў, каб неяк вызваліцца ад гэтага слова, якое яны з Брылахам не асмельваліся паўтарыць нават адзін на адзін. Бледны твар маладога святара перасмыкнуўся, капелан скурчыўся, быццам пераломаны. З невыразнай тугой пахітаў ён галавой — не так, як чалавек, што хоча сказаць «не трэба», не так, як чалавек, які здзівіўся, а проста як чалавек, які ледзь трымаецца на нагах і вось-вось упадзе.