Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
А Таня нічога не помніла. Яна глянула на свае босыя ногі, смуглявыя па калені, з гладкай скурай, лёгкімі ступнямі. На іх так добра стаяць! Яна разглядвала свае рукі, тонкія ў кісцях, але з моцнымі пальцамі, дужай далоняй. Але хто, акрамя маці, радаваўся іх росту і сіле? Бо нават пасеяўшы гарох пры дарозе, чалавек прыходзіць наведаць яго і радуецца штораніцы, заўважыўшы ўсходы.
Таня горка заплакала.
А паплакаўшы, адчула заспакоеную радасць, якая прыйшла да яе, як прыходзяць голад і смага.
Гэта ж прыязджае яе бацька!
Таня
— А ўсё ж я ненавіджу іх, — сказала яна.
І старая крыўда то авалодвала яе сэрцам, то зноў праходзіла.
Таня ўскочыла на калені і з сілай грукнула кулаком па раме.
Акно расчынілася ад яе ўдару, і Таня зноў убачыла Фільку — трэці раз на дзень.
Відаць, у сэрцы яго не было ні туману, ні крыўды, якую адчувала Таня.
Ён сядзеў на прызбе пад акном і трымаў на каленях атлас.
— Няма такой краіны Марасейкі, — сказаў ён. — Ёсць далёкая краіна Марока, ёсць востраў Маёрка. А Марасейка — гэта не востраў, не паўвостраў, не мацярык. Навошта ты падманваеш мяне?
Таня глядзела на Фільку і не бачыла яго, нібыта глядзела праз яго на пясок.
— Маўчы, маўчы, Філька, — прамовіла яна. — Усё адно не люблю.
— Хіба я цябе чым пакрыўдзіў? — спытаў Філька.
Ён апусціў рукі, як толькі заўважыў на Таніных вейках слёзы. Яго душу агарнула слабасць. Але зманіць Філька мог лёгка, як і сказаць праўду, і ён ляпнуў далоняй па атласе, усклікнуўшы:
— Ёсць такая краіна Марасейка! Ёсць! Гэта дрэнны атлас. Я цяпер успомніў, як настаўнік расказваў нам пра яе.
Таня толькі цяпер пачула Фільку. І яго прастадушная мана вярнула ёй спакой.
«Вось хто будзе сапраўдным маім сябрам, — вырашыла яна. — Ні на каго яго не прамяняю. Ці ж не дзеліцца ён са мной усім, што ў яго ёсць, нават самай дробяззю?»
— Філька, — сказала яна, — я не пра цябе гаварыла. Я ўспомніла зусім іншага хлопчыка, якога завуць Коля. Не крыўдуй на мяне.
А Філька даўно забыў крыўду, як толькі з вуснаў яе зляцела першае ласкавае слова.
— Калі пра другога, — сказаў ён, — ты можаш яго і не любіць. Мне ўсё роўна. Але скажы, за што ты яго не любіш?
Таня адказала не адразу і, памаўчаўшы крыху, запытала:
— Як ты думаеш, Філька, чалавек павінен быць гордым ці не?
— Павінен, — адказаў Філька цвёрда. — Але калі ганарышся не ты, а Коля — гэта іншая справа. Тады ўспомні пра мяне, калі табе будзе трэба моцная рука, альбо аркан, якім ловяць аленяў, альбо кій — я навучыўся добра валодаць ім, палюючы ў тайзе за дзікушамі.
— Але ж ты зусім не ведаеш таго хлопчыка, за што ты збіраешся яго набіць?
— Я ведаю цябе, — запярэчыў Філька.
І думка плаціць за крыўду не слязьмі, а помстай здалася ёй у нейкі момант зусім яснай, без усялякай цьмянасці, якую
Але праз хвіліну ёй падумалася: «Здаецца, я раблюся злою».
А Філька раптам адышоўся ад акна ўлева, сумеўшыся, паглядзеў паверх Таніных плячэй і, прыціснуўшы свой атлас локцем, нечакана кінуўся бегчы з двара.
За Танінымі плячыма блізка стаяла маці. Яна ўвайшла нячутна. У дажджавым плашчы, у белым доктарскім халаце, яна здалася Тані зусім інакшай, чым месяц назад. Так прадмет, паднесены блізка да вачэй, траціць раптам сваю знаёмую форму. І Таня, не паспеўшы апамятацца, секунду, дзве глядзела не маргнуўшы на маці. Яна ўбачыла ледзь прыкметныя маршчынкі, якія разбегліся ад куточкаў носа, і худыя ногі ў туфлях, занадта свабодных для яе — маці ніколі не ўмела глядзець за сабой, — і худыя, слабыя рукі, што так добра лячылі хворых. Толькі позірк яе застаўся нязменным. Такі заўжды ён быў у памяці Тані. Маці глядзела на яе вялікімі шэрымі вачыма. І ў гэтых вачах, як дробка солі ў моры, імгненна растала Таніна крыўда. Яна пацалавала маці асцярожна, стараючыся не крануцца вачэй, нібы баялася лішнім рухам патушыць іх погляд.
— Мама! — сказала Таня.
Маці абняла яе.
— Я спяшалася дадому, — сказала яна, — як я сумавала па табе, дачушка.
Яна агледзела дачку доўгім і ўважлівым позіркам. Спачатку зірнула на валасы — яны выгаралі і сталі падобныя на сталь, потым паглядзела ў твар — ён быў гарачы і скура пацямнела ад загару.
«Відаць, ёй было добра ў лагеры», — падумала маці.
Затым маці зірнула на ногі і здзівілася, што Таня сядзіць босая. Толькі цяпер заўважыла маці непарадак: падушкі валяліся на падлозе, ложак быў памяты і на ложку ліст і капэрта.
І позірк яе вачэй, які Таня так баялася патрывожыць сваёй ласкай, патух сам сабой, нібыта вецер, наляцеўшы раптоўна, замуціў яго яснасць. У ім з'явіліся неспакой, няўпэўненасць, трывога. Нават прытворства знайшла ў ім Таня. Інакш навошта маці так павольна збірае з падлогі падушкі і наводзіць парадак на ложку?
— Ты прачытала гэта без мяне, Таня? — ціха спытала маці.
Таня моўчкі апусціла галаву.
— Ты павінна радавацца, Таня.
Але і гэтым разам Таня прамаўчала.
А маці цярпліва чакала.
— Мама, гэты хлопчык мой брат? — запытала Таня.
— Не, — адказала маці. — Ён чужы. Гэта пляменнік Надзеі Пятроўны. Але ён гадаваўся ў іх, і тата яго любіць і шкадуе, бо ў хлопчыка няма ні бацькі, ні маці. Тата — добры чалавек. Я заўсёды казала табе пра гэта.
— Дык ён мне чужы, ён нават мне не брат, — сказала Таня, яшчэ ніжэй нахіліўшы галаву.
Маці ласкавым рухам падняла яе галаву і пацалавала два разы ў твар.
— Дачушка, любая, мы з табой яшчэ пагаворым. Мы пра ўсё пагаворым. Ты сустрэнеш іх, Таня, і ўбачыш сама. Бацька будзе рады. Ты ж пойдзеш на прыстань, праўда?