Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:

На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане.

Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка.

Напружыўшы апошнія сілы, я скаціўся з горкі, перасек шырокую сцежку, скокнуў у канаву і пабег па дне, па вадзе. Канава набліжалася да агароджы. Я

выскачыў з яе і адным скачком перанёсся да агароджы. Яны былі ў якіх-небудзь дваццаці сажнях ад мяне, але трохі замарудзіліся, і гэта дало магчымасць праскочыць у ледзь прыкметную дзірку і захавацца ў бэзе. На сцежцы было зусім цёмна ад дрэў, і таму, калі яны амаль бязгучна прамчалі паўз мяне, я не змог разгледзець іх. Але я добра чуў, як галаўны прастагнаў: «Да прорвы».

Дзікае паляванне памчала далей, а я сеў на зямлю. Сэрца маё калацілася, як хвост авечкі. Але я хутка ўстаў. Сядзець пасля бегу нельга. Я добра разумеў, што толькі атрымаў адтэрміноўку. Яны могуць хутчэй дамчаць навакольным шляхам да дома, чым я дайду да яго нацянькі. І зноў пабег. Ногі мае былі збітыя да крыві, двойчы я ўпаў, запнуўшыся аб карэнні, лапы ялін сцябалі мой твар. Гмах палаца вырас перада мною зусім нечакана, і адначасова я пачуў пошчак капытоў недзе наперадзе. Яны зноў гучалі, яны грымелі так часта, што я скурай адчуваў: яны імчаць неверагодна хуткім намётам.

Я пайшоў ва-банк. Я мог схавацца, але ў палацы была дзяўчына, якая зараз, пэўна, вельмі спалохалася. Я павінен быў быць там, там была мая зброя. У некалькі скачкоў я спынуўся на ганку і затарабаніў у дзверы:

— Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Адчыніце!

Крычаць было нельга. Яна магла абамлець ад жаху. А ляск капытоў быў ужо тут, на гэтае палове палаца. Я грукацеў.

Дзверы адчыніліся раптоўна. Я ўскочыў у залу, моцна прыпёр дзверы і хацеў быў кінуцца за зброяй, але праз ваўчок пабачыў, што туманныя коні прамчаліся далей і зніклі за павароткай алеі.

Я глянуў на Яноўскую, якая стаяла, уражаная маім выглядам, глянуў у люстру і жахнуўся: увесь падзёрты, пашарпаны, з крывёю на руках, са скалмачанымі валасамі стаяў і дзіка глядзеў на мяне мой двайнік. Я зноў глянуў на Яноўскую: бледная, з мёртвым тварам, яна закрыла вочы і спытала:

— Верыце вы зараз у дзікае паляванне караля Стаха?

— Зараз веру, — змрочна сказаў я. — І вы не пабаяліся адчыніць мне дзверы ў такі момант?!… Маленькае мужнае сэрца.

У адказ яна разрыдалася:

— Пане Беларэцкі… пан Андрэй… Андрэй. Я так баялася, так баялася за вас. Божа… Божа… Божа! Хоць бы ўзяў ты толькі мяне адну!

Рукі мае сціснуліся ў кулакі.

— Пані Надзея. Я не ведаю, здані гэта ці не. Здані не маглі быць такімі рэальнымі, людзі не маглі быць такімі прывіднымі, палаць гэткай нячыстай злобай. Але я клянуся, клянуся вам. За гэты ваш жах, за гэтыя вашы слёзы яны заплоцяць мне, заплоцяць дарагой цаной. Клянуся вам.

Недзе далёка заміраў часты пошчак конскіх капытоў.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Калі да гэтага тэмп майго апавядання быў трохі запаволены, то зараз ён будзе, наадварот, ці не занадта хуткім. Але што зробіш, надзеі з той жахлівай ночы так імчаліся, што ў мяне кружылася галава.

Ранкам наступнага дня мы хадзілі з Яноўскай да вёскі, дзе я запісваў легенды. Усю дарогу я пераконваў яе, што не трэба так баяцца дзікага палявання, расказаў, як я ўчора ашукаў яго, а ў галаве круцілася: «Што ж гэта было? Што?»

Гаспадыня трошкі павесялела, але ўсё ж была прыгнечанай:

такой яе я яшчэ не бачыў. А калі я вяртаўся да палаца (Яноўская затрымалася ля флігеля з вартаўніком), я заўважыў брудны аркуш паперы, прышпілены калючкай да стаўбура яліны на відным месцы. Я садраў яго:

«Тое, чаму трэба, загіне. Ты лёзны чалавек, чужынец нейкі. Сыходзь з дарогі. Ты чужы тут, якая справа табе да праклятых радоў. Паляванне караля Стаха прыходзіць апоўначы. Чакай».

Я толькі плячыма знізаў. Пасля таго апакаліптычнага жаху, які я перажыў учора, гэта пагроза здалася мне дрэннай меладрамай, непрадуманым ходам і, між іншым, пераканала мяне ў зямным паходжанні гэтай чартаўшчыны (як вы пабачыце далей, дарэмна).

Я схаваў ліст. А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і… пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу — пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з'ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з'явілася — не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале. Блакітная Жанчына!

Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку — не, я не спаў.

Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.

Пасля пайшла па сходах па першы паверх.

І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д'ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:

— Надзея Раманаўна, вы спіце?

У адказ я пачуў соннае мармытанне.

Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.

Поделиться:
Популярные книги

Титан империи

Артемов Александр Александрович
1. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи

Гоголь. Соловьев. Достоевский

Мочульский Константин Васильевич
Научно-образовательная:
философия
литературоведение
5.00
рейтинг книги
Гоголь. Соловьев. Достоевский

Измена дракона. Развод неизбежен

Гераскина Екатерина
Фантастика:
городское фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Измена дракона. Развод неизбежен

Измена. Право на счастье

Вирго Софи
1. Чем закончится измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Право на счастье

Экономка тайного советника

Семина Дия
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Экономка тайного советника

Мы живем дальше

Енна
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Мы живем дальше

Шесть тайных свиданий мисс Недотроги

Суббота Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
7.75
рейтинг книги
Шесть тайных свиданий мисс Недотроги

Сердце Дракона. Том 12

Клеванский Кирилл Сергеевич
12. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.29
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 12

Единственная для невольника

Новикова Татьяна О.
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.67
рейтинг книги
Единственная для невольника

Одержимый

Поселягин Владимир Геннадьевич
4. Красноармеец
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Одержимый

70 Рублей - 2. Здравствуй S-T-I-K-S

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
70 Рублей - 2. Здравствуй S-T-I-K-S

Нечто чудесное

Макнот Джудит
2. Романтическая серия
Любовные романы:
исторические любовные романы
9.43
рейтинг книги
Нечто чудесное

Гарри Поттер (сборник 7 книг) (ЛП)

Роулинг Джоан Кэтлин
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Гарри Поттер (сборник 7 книг) (ЛП)

Под Одним Солнцем

Крапивин Владислав Петрович
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Под Одним Солнцем